Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш кавалачак зямлі нікуды не дрэйфуе», — амбасадар Беларусі ў Расеі пра выбар між Захадам і «русским миром»


Ігар Петрышэнка, архіўнае фота

Амбасадара Беларусі ў Расеі Ігара Петрышэнку спыталі, ці адрынае Беларусь «русский мир». Ён перапытаў, як можна «падзяліць нашага чалавека на расейца і беларуса».

Ігар Петрышэнка даў вялікае інтэрвію «Российской газете», выданьню ўраду Расейскай Фэдэрацыі.

Ён казаў, што «ні беларусаў, ні расейцаў ня трэба пераконваць у неабходнасьці разьвіваць саюзную інтэграцыю — маўляў, гэта не пытаньне, «ці сябраваць з братам». Ён спасылаўся на рэфэрэндум 1995 году, паводле афіцыйных вынікаў якога былі прынятыя рашэньні аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай у Беларусі (той рэфэрэндум прызначаўся і праводзіўся са шматлікімі парушэньнямі, Захад не прызнаў яго дэмакратычным).

«Калі яны вырашылі нас нахіляць, будзем шукаць іншыя рынкі», — Лукашэнка пагражае Расеі

Паводле Петрышэнкі, «Саюзная дзяржава» Беларусі і Расеі не разьвіваецца асобна ад Эўразійскага эканамічнага саюзу — гэта «ўзаемадапаўняльныя праекты». І без «Саюзнай дзяржавы», кажа ён, не было б роўнага права беларусаў і расейцаў на перасоўваньне, працу, мэдыцынскае абслугоўваньне, адукацыю і сацыяльную абарону на тэрыторыі Беларусі і Расеі.

Карэспандэнт «Российской газеты» спытаў амбасадара: ці праўду пішуць «нам і вам вядомыя СМІ», што Беларусь «дрэйфуе на Захад і адрынае „русский мир“»?

«Наш цудоўны кавалачак роднай зямлі стаіць на месцы, ён нікуды не дрэйфуе, — адказаў Петрышэнка. — Так, у нас ёсьць суседзі з Захаду, з Усходу, з поўначы, з поўдня, і зь імі з усімі трэба сябраваць. І сябраваць ня супраць кагосьці, таму што гэта шлях у нікуды.

Як расейскія мэдыя асьвятлялі Дзень Волі ў Беларусі

Дарэчы, дакладна гэтаксама Расейская Фэдэрацыя праводзіць уласную шматвэктарную замежную палітыку. І мы толькі радуемся, калі разьвіваецца яе супраца з рознымі краінамі.

Часам штучна ствараецца непатрэбны ажыятаж, быццам мы кудысьці дрэйфуем, але гэта зусім няправільна, што неаднаразова падкрэсьлівалася ня толькі ў СМІ, але і на самым высокім узроўні.

Прынамсі, у расейскага кіраўніцтва няма да нас такіх пытаньняў. Вы ж ведаеце, што наш кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсьліваў, калі перад намі ставілі выбар — з Захадам мы або з Усходам, то адказ быў, што мы супраць Расеі ні з кім сябраваць не зьбіраемся».

Ён дадаў, што Беларусь, «як і Расейская Фэдэрацыя», зацікаўленая ў актыўным дыялёгу з Эўразьвязам ды іншымі краінамі.

«Што ж тычыцца адмаўленьня „русского мира“, як можна падзяліць нашага чалавека на расейца і беларуса? — дадаў Петрышэнка. — Мы беларусы, мы сапраўды адбыліся як нацыя. Сапраўды гэтак жа, як расейскі чалавек. Што тут ня так, што дзяліць?

У нас у краіне дзьве дзяржаўныя мовы. Так, мы стараемся больш актыўна разьвіваць беларускую мову, але што кепскага ў тым, што гаворым на роднай мове? Я лічу, што нельга ісьці на повадзе ў тых, хто спрабуе такім чынам нас пасварыць, убіць клін у нашы братнія стасункі».

Насамрэч у Менску няма беларускамоўных дзіцячых садкоў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG