Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейскія мэдыя асьвятлялі Дзень Волі ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

Дзяржаўныя мэдыя Беларусі амаль цалкам праігнаравалі падзеі да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — мітынг-канцэрт 25 сакавіка ў Менску і падзеі ў рэгіёнах, а таксама затрыманьні патэнцыйных удзельнікаў несанкцыянаванага шэсьця. А вось расейскія выданьні прысьвяцілі беларускай тэме даволі шмат увагі.

Тэлеканал «Россия 24»

«У Менску затрымалі некалькі дзясяткаў апазыцыйных актывістаў. 25 сакавіка яны адзначаюць так званы Дзень Волі, прымеркаваны да гадавіны заснаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі. І нават узгаднілі з уладамі мітынг-канцэрт.

Аказалася, затрымалі тых, каму ўзгодненага канцэрту аказалася мала, і яны вырашылі яшчэ правесьці шэсьце па менскіх вуліцах. Усе, хто прыйшоў на адну з цэнтральных плошчаў Менску, імя Якуба Коласа, з транспарантамі і сьцягамі БНР, былі затрыманыя і зьмешчаныя ў аўтазакі...»

Тэлеканал Ren-TV

«У сталіцы Беларусі Менску паліцыя затрымала некалькі дзясяткаў апазыцыянэраў, якія плянавалі правесьці несанкцыянаванае шэсьце, прымеркаванае да 100-годзьдзя з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мітынгоўцы зьбіраліся прайсьці ад плошчы Якуба Коласа да будынка Опэрнага тэатру, дзе быў арганізаваны сьвяточны канцэрт і мітынг. Сярод апазыцыянэраў затрымалі і дваіх карэспандэнтаў польскага тэлеканалу «Белсат».

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

Тэлеканал Russia Today

«100-гадовы юбілей першага беларускага дзяржаўнага ўтварэньня — Беларускай Народнай Рэспублікі — у Менску ўпершыню адзначылі амаль на дзяржаўным узроўні.

Галоўнае сьвята радыкальнай апазыцыі ўлада вырашыла гэтым разам выкарыстаць у сваіх інтарэсах — для кансалідацыі разрозьненай грамадзянскай супольнасьці. Адзначыць круглую дату да Опэрнага тэатру выйшлі больш за 40 тысяч чалавек. Апошні раз столькі людзей апазыцыі ўдалося вывесьці на вуліцы Менска ў сьнежні 2010-га на знак пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Але калі тады ўсё скончылася масавымі беспарадкамі, то цяпер дазволеная акцыя прайшла мірна».

Радыёстанцыя «Эхо Москвы»

«Беларуская апазыцыя правяла акцыі з нагоды стагодзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Улады ўпершыню дазволілі такія мерапрыемствы на цэнтральных вуліцах і плошчах Менску, Горадні, Берасьця ды іншых буйных гарадоў.

У Менску акцыю наведалі каля 25 тысяч чалавек. У той жа час на плошчы Якуба Коласа праваахоўныя органы затрымлівалі ўдзельнікаў несанкцыянаванага сходу. Арганізатары маршу, у тым ліку апазыцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, паэт Уладзімер Някляеў і іншыя, былі затрыманыя яшчэ напярэдадні Дня Волі і на розных падставах адпраўленыя пад адміністрацыйны арышт».

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

Інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости»

«Беларуская міліцыя затрымала ў Менску дзясяткі апазыцыянэраў, якія плянавалі правесьці несанкцыянаванае гарадзкімі ўладамі шэсьце да 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Праваабаронцы заяўлялі, што напярэдадні Дня Волі праводзіліся затрыманьні палітычных актывістаў. Сярод іх апазыцыянэры Ўладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Максім Вінярскі, па дарозе на шэсьце затрыманы Мікалай Статкевіч.

Сёлета ў Менскі гарвыканкам былі пададзеныя заяўкі на некалькі акцый з нагоды сотай гадавіны абвяшчэньня БНР. Улады дазволілі правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт, але адхілілі заяўкі на правядзеньне шэсьця».

Інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс»

«Апазыцыйны палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі кампаніі 2010 году Мікалай Статкевіч затрыманы ў нядзелю ў Менску. Акрамя таго, на плошчы Якуба Коласа затрыманыя каля 30 чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і кветкамі, якія плянавалі прыняць удзел у шэсьці Статкевіча. Сярод затрыманых — група назіральнікаў „Вясны“ і журналісты.

Беларуская апазыцыя 25 сакавіка ладзіць дазволеныя ўладамі мерапрыемствы з нагоды 100-годзьдзя БНР. Менгарвыканкам ухваліў заяўку на мітынг і канцэрт каля тэатру опэры і балету. Статкевіч плянаваў асобна правесьці шэсьце ў Дзень Волі, аднак атрымаў адмову. Беларуская апазыцыя штогод праводзіць акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка. Летась акцыя не была санкцыянаваная і скончылася затрыманьнямі».

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

Агенцтва EurAsia Daily

«У Менску прайшлі мерапрыемствы, прысьвечаныя 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі — самая маштабная акцыя беларускай апазыцыі за шмат гадоў. Адбыліся мітынг і канцэрт, арганізаваны збор подпісаў за тое, каб 25 сакавіка стала дзяржаўным сьвятам.

Апошнім часам у рамках палітыкі „беларусізацыі“ назіраецца працэс пераасэнсаваньня ролі БНР у працэсе фармаваньня сучаснай дзяржаўнасьці. На афіцыйным узроўні пачала падтрымлівацца ідэя пра тое, што БНР папярэднічала БССР і РБ. Улады ўпершыню дазволілі сьвяточныя імпрэзы ў Менску, Горадні, Берасьці ды іншых гарадах, дзе дазволілі выкарыстоўваць нацыяналістычную сымболіку, якая раней знаходзілася пад тайнай забаронай. Таксама дазволена ўстаноўка памятнай дошкі на доме, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР».

Газэта «Известия»

«Апазыцыянэры, якія плянавалі несанкцыянаваную ўладамі акцыю да 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), затрыманыя ў Менску.

БНР была абвешчана ў ноч на 25 сакавіка 1918 года ва ўмовах нямецкай акупацыі, урад краіны эміграваў пасьля ўсталяваньня савецкай улады ў 1919 годзе.

Затрыманьні міліцыя правяла ў цэнтры беларускай сталіцы. Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек, сярод іх — журналісты польскага тэлеканалу «Белсат», які ня мае акрэдытацыі ў Беларусі. У пачатку сакавіка беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўлада ў краіне «павінна быць у адным кулаку».

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

«Независимая газета»

«У Менску адзначалася 100-годзьдзе БНР. Урачыстасьці азмрочыліся затрыманьнямі апазыцыянэраў і шараговых грамадзянаў — хто не захацеў сьвяткаваць паводле сцэнару ўладаў, апынуліся ў аддзяленьнях міліцыі і Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

У дазволеным месцы ўпершыню за ўсе гады кіраваньня Лукашэнкі быў разгул беларускасьці. З канцэртам на беларускай мове выступалі гурты, у шапіках прадавалася нацыянальная сымболіка, за выкарыстаньне якой яшчэ нядаўна затрымлівалі, луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Праўда, за межамі гэтай "выспачкі"ў тая ж краіна: на прылеглых вуліцах аўтазакі і аўтобусы з амапаўцамі, а мясцовыя анлайн-СМІ не змаглі весьці трансьляцыі, бо інтэрнэт у раёне Опэрнага тэатру не працаваў».

Інтэрнэт-выданьне Lenta.ru

«У Менску 25 сакавіка прайшла масавая акцыя, прымеркаваная да стагодзьдзя ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнікі сабраліся на плошчы ля будынка Вялікага тэатра опэры і балету, трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі і гербы «Пагоня», якія ў 1918 годзе былі дзяржаўнымі атрыбутамі БНР. На сцэне перад мітынгоўцамі выступаюць музыкі.

Арганізатары, якія атрымалі ад гарадзкіх уладаў дазвол на правядзеньне мітынгу і канцэрту, плянавалі, што ў мерапрыемствах возьмуць удзел да 25 тысяч чалавек. Як адзначае беларускае «Радыё Свабода», рэальных удзельнікаў было амаль удвая больш: валянтэры раздалі на прапускных пунктах каля 40-50 тысяч праграмак «Сьвята незалежнасьці».

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

Санкцыянаванае ўладамі «Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

БТ прысьвяціла Дню Волі 28 сэкунд. Астатнія дзяржаўныя мэдыя прамаўчалі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG