Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ прысьвяціла Дню Волі 28 сэкундаў. Астатнія дзяржаўныя мэдыя прамаўчалі


25 сакавіка каля Опэрнага тэатру

28 сэкундаў у нядзельнай вечаровай праграме «Галоўны эфір» прысьвяціў тэлеканал «​Беларусь 1»​ сьвяткаваньню 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску ля Вялікага тэатру опэры і балету.

БТ: 28 сэкундаў пра «не абышлося без правакацыяў»

На другой гадзіне праграмы адзін зь вядоўцаў і заадно кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант паведаміў, што прайшло дазволенае Менгарвыканкамам мерапрыемства «да даты прыняцьця трэцяй Устаўной граматы, стагодзьдзя аб’яўленьня БНР».

У 25-сэкундавым сюжэце гаворыцца, што «не абышлося без правакацыяў асобаў, якія даўно і беспасьпяхова спрабуюць прэтэндаваць на званьне лідэраў апазыцыі».

Вядоўца таксама дадаў, што «дазволенага канцэрту ў цэнтры горада ім падалося мала, яны заклікалі людзей на забароненае шэсьце».

«Аднак такая спроба правалілася. Праваахоўнымі органамі парушэньне закону не дапушчана».

У відэашэрагу тэлеканал не паказаў агульных здымкаў, якія дэманстравалі б колькасьць удзельнікаў падзеі — адно гледачоў буйным плянам і выступ на сцэне гурту «Мутнае вока».

Прэс-сакратарка Белтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Смалонская-Краскоўская патлумачыла карэспандэнту Свабоды, што здымачная група БТ працавала на мітынгу-канцэрце.

«Калі мы кажам пра нейкія вялікія формы і вялікія праекты, то нашы тэхналягічная карта і тэхналягічны плян быў зацьверджаны раней, чым было зацьверджана гэта мерапрыемства. Але наша здымачная група ўчора працавала на акцыі і сюжэт быў», — сказала яна.

БелТА: неактуальныя здымкі опэрнага з дрону і нічога пра сьвята

А 10-й раніцы 25 сакавіка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА апублікавала фотагалерэю з чатырох здымкаў Вялікага тэатру опэры і балету і прылеглай тэрыторыі, зробленых з дрону. На іх не відаць ня толькі ніводнага чалавека, але і сцэны і іншага абсталяваньня да канцэрту, якое было на месцы ўжо 24 сакавіка. Гэта дае падставу меркаваць, што здымкі былі зробленыя яшчэ раней.

На пытаньне Свабоды, чаму на сайце інфармацыйнага агенцтва не зьявілася ніякай інфармацыі пра сьвяткаваньне 25 Сакавіка, першы намесьнік генэральнага дырэктара БелТА Аксана Кірыльчык адказваць ня стала. Яна спаслалася на занятасьць і кінула слухаўку.

Таксама ніякай інфармацыі пра дазволеную ўладамі акцыю ўшанаваньня стагодзьдзя БНР не паведаміла на сайце газэта прэзыдэнцкай адміністрацыі «СБ. Беларусь сегодня». Хаця сайт газэты паведаміў пра каўны фэстываль у Менску.

Чаму? Рэдактар аддзелу навінаў парталу SB.BY Паліна Радзевіч адказала на гэтае пытаньне коратка: «Без камэнтароў, добрага дня».

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

На пляцоўцы ля Опэрнага тэатру ўдзень 25 сакавіка адбыўся канцэрт «Сьвята Незалежнасьці». Паводле розных падлікаў, туды прыйшлі ад 20 да 50 тысяч чалавек.

Шасьцігадзінны канцэрт каля менскай Опэры стаў цэнтральнай падзеяй сьвяткаваньня стагодзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў дазволеныгарадзкімі ўладамі.

Як расейскія мэдыя асьвятлялі Дзень Волі ў Беларусі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG