Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насамрэч у Менску няма беларускамоўных садкоў. Ці зьявяцца?


Паводле архітэктаркі Аляксандры Баярынай, якая праводзіла маніторынг дашкольных установаў, у Менску няма ніводнай групы ў садку, дзе дзеці маглі бы гаварыць па-беларуску.

Чаму так сталася і што рабіць, абмяркоўваем з трыма маці беларускамоўных дзяцей — архітэктаркай Аляксандрай Баярынай, стваральніцай часопісу ALOVAK Кацярынай Буто і грамадзкай актывісткай Марынай Курышкай.

Баярына: Як у беларускамоўнай групе, так і расейскамоўнай беларуская мова займае 2 гадзіны на тыдзень

Ганна Соўсь: Аляксандра, пасьля Дня роднай мовы вы зьвярнуліся фактычна з адкрытым зваротам праз Фэйсбук да журналістаў, блогераў, вядомых у Беларусі людзей, у якім папракнулі журналістаў, што ў навінах ёсьць нейкія лічбы, адсоткі, але «не маленькі чалавек, якому два гады і якога заўтра могуць адвесьці ў садок, дзе ўсе дзеці побач будуць размаўляць на мове, якой ён не разумее». Мы даём вам магчымасьць у перадачы «Толькі жанчыны» зьвярнуць увагу на гэтую праблему менавіта праз такі ракурс. Я так разумею, што гэта і ваш асабісты досьвед, і вынік маніторынгу і ліставаньня з чыноўнікамі. Распавядзіце, калі ласка, якая сытуацыя цяпер б беларускамоўнай дашкольнай адукацыяй у Менску, наколькі яна катастрафічная.​

Аляксандра Баярына
Аляксандра Баярына

Аляксандра Баярына: Я б сказала, што яна проста катастрафічная, літаральна катастрафічная. Менск — горад на 2 мільёны жыхароў, і няма ніводнай групы, дзе дзеткі маглі б камунікаваць па-беларуску. Дзеткі трапляюць у садок праз агульную чаргу, і ў кожнай групе, як у расейскамоўнай, так і беларускамоўнай, атрымліваецца 90% дзяцей расейскамоўных. Тыя адно, два, тры дзіцяці, якія размаўляюць па-беларуску, трапляюць у гэтую групу, і першыя гады спрабуюць неяк цягнуцца да сваіх новых сяброў, зь якімі павінныя цэлы дзень праводзіць. Ці ўвогуле бацькі забіраюць іх з садкоў і больш ня водзяць туды.

Гэтая сытуацыя, па-першае, прыкрая. Я увесь час прыкладаю намаганьні, каб прыцягнуць найбольш увагі да гэтай праблемы. І на мінулым тыдні сваім пастом, дзе адзначыла ўсіх самых папулярных блогераў паводле вэрсіі Радыё Свабода 2017 году, я паспрабавала дагрукацца да кожнага. І нават гэтая спроба была ня вельмі ўдалая.

Я паглядзела на пераходы з гэтага посту на маніторынг садкоў. У пятніцу, калі я зьвярнулася да блогераў, пераходаў было 8, і ў суботу 10, у тым ліку некаторыя былі не з Фэйсбуку. То бок вы бачыце, якая зацікаўленасьць праблемай нашымі папулярнымі асобамі ў сеціве. Таму я буду працягваць спробы дагрукацца да ўсім папулярных і людзей, якія ўяўляюць сабой лідэраў меркаваньняў.

Ганна Соўсь: У Дзень роднай мовы Валянцін Жданко напісаў пра беларускамоўныя школы практычна тое, што і вы кажаце, што нягледзячы на тое, што ён вучыўся сам у беларускамоўнай школе, у рэальнасьці цалкам беларускамоўных школ у Беларусі не існуе. На перапынках гавораць па-расейску, ды і частка прадметаў усё адно выкладаецца па-расейску. Тое самае з садкамі — фармальна яны ёсьць, але насамрэч іх няма. Ці так?

Аляксандра Баярына: Так. Фармальна яны названыя «групы зь беларускай мовай навучаньня». Ёсьць яшчэ групы з расейскай мовай навучаньня. Мы правялі гэты маніторынг групай бацькоў, патэлефанавалі ў кожны садок, дзе ёсьць такія групы з беларускай мовай навучаньня. І мы даведаліся цалкам пра ўсе дэталі гэтага навучаньня. І атрымліваецца, што як у беларускамоўнай групе, так і расейскамоўнай, беларуская мова займае 2 гадзіны на тыдзень. То бок яны, гэтыя групы, нічым не адрозьніваюцца.

Буто: На Новы Год не было ніводнага вершыка ці песьні на беларускай мове, і гэта ў беларускамоўнай групе

Ганна Соўсь: Марына, Кацярына, калі ласка, падзяліцеся досьведам вашай сям’і ў пошуку беларускамоўных садкоў для вашых дзяцей.

Кацярына Буто. Фота -- Вадзім Буто
Кацярына Буто. Фота -- Вадзім Буто

Кацярына Буто: Майму старэйшаму сыну Францішку 4.5 гады, ён пайшоў у садок упершыню ў мінулым годзе. Атрымліваецца, гэта наш другі год, і мы наведваем ужо другую беларускамоўную групу. Гэта быў наш сьвядомы выбар — і гадаваць дзяцей на беларускай мове, і аддаць у беларускамоўную групу. І вось у мінулым годзе група наша цалкам адпавядала апісаньню Аляксандры. Яна была фармальна беларускамоўнай на паперы, на ёй размаўлялі толькі з нашымі дзецьмі, беларускамоўных было толькі трое, зь якіх больш-менш хадзілі стала 2 чалавекі, ну і ўсё. Тлумачылі нам гэта тым, што дзеці іншыя з расейскамоўных сем’яў не зразумеюць беларускую мову, таму толькі на занятках маўленьне, а заняткі — дзьве гадзіны на тыдзень.

Тлумачылі нам гэта тым, што дзеці іншыя з расейскамоўных сем’яў не зразумеюць беларускую мову.

Даходзіла да таго, што на бацькоўскім сходзе загадчыца і настаўніцы проста апраўдваліся, ну вы ж разумееце, мы павінныя ведаць беларускую мову, таму гэта група беларускамоўная, але вы не хвалюйцеся, гэта не значыць, што на ёй будуць размаўляць цэлы дзень з дзецьмі. Нас, канешне, гэта абурала. Пасьля маніторынгу, які мы правялі, я сама тэлефанавала ў садкі і размаўляла з выкладчыцамі, і чула іх рэакцыю, як гэта насамрэч адбываецца.

Сёлета ў нас іншая сытуацыя, але толькі з прычыны выхавацелькі — яна размаўляе зь дзеткамі на беларускай мове цэлы дзень, яна кажа, што яе ўсе разумеюць, так насамрэч і ёсьць, я сама бачыла, калі прысутнічала. І вось, на жаль, яна ўжо пэнсійнага ўзросту, я разумею, што калі яна пойдзе на пэнсію, гэтай беларускамоўнасьці ня будзе зусім. Таму што нават сьвяты, якія не яна ладзіць, праводзяцца на расейскай мове. На Новы Год не было ніводнага вершыка і песьні на беларускай мове, і гэта ў беларускамоўнай групе.

Ганна Соўсь: Кацярына, я так разумею, тут збольшага праблемаў у выхавацелях, а ня ў дзетках. Бо дзеткі ў гэтым узросьце вельмі хутка засвойваюць любую мову, я ведаю, што нават дзеці, якія пачынаюць глядзець мульцікі на нямецкай мове, засвойваюць яе вельмі хутка, яшчэ не ўмеючы пісаць і чытаць...

Кацярына Буто: Праблема ў выхавацелях, адміністрацыі садкоў, ну і чыноўніках. Кажуць жа, што рыба гніе з галавы, і наадварот: калі будуць захады зьверху, спробы па захаваньні роднай мовы, яны і на месцы пяройдуць.

Курышка: Наяўнасьць беларускамоўных груп — гэта як лятарэя

Марына Курышка. Фота -- Ганна Чайка.
Марына Курышка. Фота -- Ганна Чайка.

Марына Курышка: Па-першае, хачу адзначыць, што мова нашай сям’і — беларуская, у нас не паўстала ніякага пытаньня, на якой мове будзе размаўляць наша дзіця. Ужо некалькі месяцаў запар я ў пошуках садку, але ўсё марна, бо статыстыка паказвае, што ў маім раёне беларускамоўных ясьляў проста няма. Пры размове з упраўленьнем адукацыі майго раёну мне казалі, што для адной маёй дачкі групу ствараць ня будуць — маўляў, няма кадраў. Заадно запрасілі мяне працаваць выхавацельніцай. А на пытаньне, якім чынам тады будуць створаныя ўсе неабходныя ўмовы для навучаньня і выхаваньня на беларускай мове, пачалася зацяглая і неканструктыўная размова пра дзьвюхмоўе, пра тое, чаму я супраць, што з маёй дачкой будуць працаваць на расейскай.

Увогуле наяўнасьць беларускамоўных груп — гэта як лятарэя: ніколі загадзя не ведаеш, дзе ў якім садку будзе ўдача і зьявіцца гэтая група. Мая ж мэта — гэта дасягнуць рэалізацыі права маёй дачкі на выбар навучаньня і выхаваньня на роднай мове. Я не хачу акупаваць два вядомых беларускамоўных садка, я хачу, каб былі створаныя ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб мая дачка наведвала садок у маім раёне. І я ўсё раблю для гэтага. А расейскамоўныя дзеці маюць гэтае права па змаўчаньні, і не даводзіцца іх бацькам змагацца за гэта.

Баярына: Нам абяцалі, што графа «мова навучаньня» будзе дададзеная і праз год афіцыйна зафіксаваная заканадаўча

Ганна Соўсь: Якія высновы вы зрабілі з кантактаў з чыноўнікамі Мінадукацыі? Ці адчулі вы, што вас пачулі, што ёсьць адваротная сувязь, што можна на нешта спадзявацца, пра нешта дамовіцца?

У Мінадукацыі паабяцалі па адной беларускамоўнай групе ў садку кожнага раёну Менска

Аляксандра Баярына: Перамовы мы вядзем з восені, і ўсе нашы спробы з таго боку сустракалі рэальна адмоўную рэакцыю. Гэта былі такія адпіскі, даволі грубыя. Калі мы задаём, напрыклад, пяць канкрэтных пытаньняў, то атрымліваем некалькі кароткіх абзацаў кшталту: вось правілы прыёму, ля-ля-ля — да пабачэньня. Добра, што не па-расейску.

Ганна Соўсь: То бок вам па-беларуску адказваюць?

Удзельнікі сустрэчы ў Мінадукацыі.
Удзельнікі сустрэчы ў Мінадукацыі.

Аляксандра Баярына: Безумоўна. Па-беларуску рабілі афіцыйны запыт, і атрымлівалі афіцыйны адказ. Найстаноўчы крок — гэта наш візыт у Міністэрства адукацыі да намесьніцы міністра Раісы Сідарэнкі. Мы прыйшлі групай бацькоў і яшчэ раз паставілі свае пытаньні. Мы паказалі, што мы не адступім, што мы хочам, каб Міністэрства адукацыі пабачыла нас і зрабіла тое, што яны павінныя зрабіць. Гэта значыць зрабіць нам умовы, каб мы аддалі сваіх дзяцей не ў фіктыўныя, а ў самыя сапраўдныя групы з беларускай мовай навучаньня. І нам падалося, што нас пачулі. Нам абяцалі на працягу месяца паказаць гэтыя станоўчыя крокі, нам сказалі, што нам адкрыюць гэтыя ўзроставыя групы ў кожным раёне, што пойдуць далей, дадуць туды гэтую графу «мова навучаньня» — беларуская ці расейская ў форму пастаноўкі на ўлік дзяцей і ў паслузе «адно акно».

Нам абяцалі на працягу месяца паказаць гэтыя станоўчыя крокі.

Першы крок, які адбываецца на шляху бацькоў да дзіцячага садку — гэта вось гэтая паслуга «адно акно» ў раённай адміністрацыі, дзе трэба запісаць дзіця. Дык вось яны абяцалі нам, што гэтая графа «мова навучаньня» будзе дададзеная туды і праз год яна будзе афіцыйна зафіксаваная заканадаўча. І мы чакаем. Мы запісаліся на прыём наступнай групай бацькоў і пойдзем праз месяц да намесьніцы міністра, каб ужо даведацца аб станоўчых выніках гэтых дзеяньняў. Мы не зьбіраемся чакаць, як гэта будзе, мы будзем удзельнічаць у гэтым працэсе і будзем дабівацца гэтых станоўчых вынікаў.

Ганна Соўсь: А наколькі вялікая гэтая група бацькоў? Колькі прыйшлі і колькі зьбіраецеся ісьці ў наступны месяц? Наколькі пераканаўча вы выглядаеце ў іх вачах?

Аляксандра Баярына: Мне складана сказаць, бо калі прыходзяць на прыём, напрыклад, шэсьць бацькоў, ці на наступны раз я запісала 10 чалавек, складана ацаніць, як гэта выглядае. Мы ж простыя бацькі, мы ж не прадстаўляем нейкае таварыства ці арганізацыю. Проста людзі, якія жадаюць атрымаць сваё права на адукацыю. Я думаю, праз месяц мы рэальна ўбачым, як пераканаўча мы выглядалі на першай сустрэчы.

Ганна Соўсь: Вы ў звароце ў Фэйсбуку шмат вядомых людзей пазначылі. Калі б хтосьці з вамі пагадзіўся пайсьці ці прапанаваў схадзіць, можа, гэта мела б большы вынік? Ці кожны рабіў бы справу на сваёй дзялянцы? Ці варта да вашай справы далучаць ня толькі бацькоў?

Аляксандра Баярына: Я лічу, што ўвогуле любы чалавек, які мае ўплыў і аўдыторыю для свайго ўплыву, павінен данесьці інфармацыю да сваёй аўдыторыі, і гэта яго абавязак — уключыцца ў гэтую праблему і як мага больш людзей праінфармаваць пра праблему, пра шляхі вырашэньня і далучыць па ўсіх напрамках, якіх толькі магчыма, каб гэтая праблема была вырашаная ў гэтым годзе. А лепш за ўсё на працягу бліжэйшых месяцаў, бо зараз Міністэрства адукацыі, Камітэт па адукацыі пры Менгарвыканкаме пачынаюць фармаваць гэтыя групы, якія запрацуюць зь верасьня наступнага навучальнага году. З сакавіка да верасьня яны іх фармуюць. І гэта наш шанец менавіта зараз паўплываць на працэс, каб з сакавіка яны пачалі фармаваць іх па новым прынцыпе.

Буто: Чаму сьвята будзе на расейскай мове?

Ганна Соўсь: Цяпер у садках рыхтуюцца да ранішнікаў з нагоды 8 сакавіка, якія практычна ўсе праходзяць на расейскай мове. Ці ёсьць хаця б якая альтэрнатыва для беларускамоўных дзетак?

Кацярына Буто: Я ўпэўненая, што ёсьць. Вы пыталіся, колькі чалавек беларускамоўных бацькоў. Нас шмат, у нас ёсьць розныя каналы сувязі, мы ў сацыяльных сетках знаходзім адзін аднаго, і ў вайбэры ёсьць чат «дзеткі-кветкі». Там спасылкі кідалі дзяўчаты на адмысловыя сайты, дзе сабраныя сцэнары да 8-га сакавіка, напрыклад. І я ўпэўненая, што калі пашукаць, яны павінныя быць.

Нават у нашай пазытыўнай беларускамоўнай групе далі вершык вучыць на 8-га сакавіка на расейскай.

Але, на жаль, нават у нашай пазытыўнай беларускамоўнай групе далі вершык вучыць на 8-га сакавіка на расейскай. На гэтым я пайду да музычнага кіраўніка і буду высьвятляць, чаму нам далі вершык на расейскай мове. Мы хадзілі да загадчыцы на пазамінулым тыдні і казалі пра гэтую праблему, чаму сьвята будзе на расейскай мове. Яна казала, што прыслухалася да нас і што будзе нешта рабіць. Але вось на жаль нічога не зроблена. Ну, будзем зьвяртацца, праблему гэтую вырашаць. Тым больш у нас ёсьць ужо афіцыйныя адказы Мінадукацыі пра тое, што ў беларускамоўнай групе павінна быць усё па-беларуску. І заняткі, і па-за заняткамі, і сьвяты. Так што гэта ўжо такія на месцах ініцыятывы. Чыноўнікі зьверху ня лічаць, што павінна быць на расейскай.

Курышка: Стварэньне прыватнага садку — гэта як зьехаць з нашай краіны, мы галоўную праблемы гэтым ня вырашым

Ганна Соўсь: Марына, вы казалі, што хочаце дамагчыся, каб і ў вашым раёне побач з вашым домам была беларускамоўная група, а не некалькі садкоў, куды возяць дзяцей з усяго гораду. Можа, ня варта спадзявацца на дзяржаву, а хутчэй на самаарганізацыю беларускамоўных бацькоў, стварэньне прыватных беларускамоўных садкоў? Наколькі гэта рэальна? І ці слушна?

Марына Курышка: Вы ж бачыце, што і так ужо даведзена да такой кропкі, што нічога не застаецца нам, як шукаць разам выйсьця з гэтай сытуацыі. На сёньняшні дзень беларускамоўныя бацькі знаходзяць адзін аднаго, асяродзьдзе для нашых дзяцей, шукаем разам беларускамоўныя кнігі, зьбіраем грошы на агучку мульцікаў. Сьвяткуем сьвяты, ствараем беларускамоўныя курсы. Дзяржава настолькі абыякава ставіцца да нас, што мы вымушаныя гэта рабіць сваімі сіламі.

Сьвяткаваньне Дня роднай мовы у кавярні "Грай", арганізаванае інтэрнэт-суполкай «Дзеткі-кветкі».
Сьвяткаваньне Дня роднай мовы у кавярні "Грай", арганізаванае інтэрнэт-суполкай «Дзеткі-кветкі».

Узгадаем расейскамоўных бацькоў — усё знаходзіцца ў крокавай дасягальнасьці: садкі, школы, курсы, кнігі, гульні, цацкі, мульцікі. Хіба гэта не дыскрымінацыя майго дзіцяці? Дзяржаве зручна, што мы выбітыя з гэтай каляіны, і яны здымаюць з сябе велізарны пласт працы. Гэта ўжо, я лічу, занадта, калі на нашыя плечы яшчэ ляжа стварэньне прыватнага садку. Тым больш стварэньне прыватнага садку — гэта як зьехаць з нашай краіны, мы галоўную праблемы гэтым ня вырашым.

Буто: Францішак пытаецца ў бабулі расейскамоўнай, чаму ты не размаўляеш на беларускай, хіба не вучыла ў дзяцінстве?

Ганна Соўсь: А як вы тлумачыце сваім дзеткам, чаму вакол іх мала ці зусім няма дзетак ці дарослых, якія гавораць па-беларуску? Ці гэта для дзетак пэўны выклік — быць адрознымі, не такімі як усе? Якія псыхалягічныя наступствы, як станоўчыя, так і адмоўныя гэта мае?

Аляксандра Баярына: Я тут, мабыць, ня буду экспэртам у гэтым пытаньні, бо ў мяне двое дзетак — Янечцы маёй хутка будзе тры, і я яшчэ пакуль дыскрымінацыю зазнала ў выглядзе таго, што не магу трапіць у садок, а да наступных крокаў я яшчэ не дайшла. Няма такіх яшчэ для дачкі сытуацый, калі б мне прыходзілася ёй тлумачыць, чаму дзеткі вакол размаўляюць па-расейску. Так што я перанакірую гэтае пытаньне да Кацярыны.

Кацярына Буто: Так, пытаньне складанае, і я сама рыхтуюся толькі да яго, таму што Франак у такім узросьце яшчэ, што ён гэта асабліва не ўсьведамляе. Ён адчувае розьніцу паміж мовамі, ён ведае, што ёсьць расейская, ёсьць беларуская мовы. Але такіх пытаньняў ён асабліва не задае. Для яго гэта не зьяўляецца пакуль праблемай. І мы таму яго і настройваем, стараемся папярэдзіць гэтую магчымасьць праблемы, і мы яго настройваем не на «не быць як усе», размаўляць на беларускай мове, а на думку, што кожны разумны адукаваны чалавек мусіць ведаць родную мову. Бывалі такія сьмешныя выпадкі, калі паслухаўшы нас, Францішак нешта ў сваёй галоўцы сабе разумее, і пытаецца, бывае, у сваёй бабулі расейскамоўнай, чаму ты не размаўляеш на беларускай мове, хіба ты не вучыла яе ў дзяцінстве? Ну і можна ўявіць сабе рэакцыю нашай бабулі. Ну, стараецца пасьля такіх размоў гаварыць па-беларуску з унукам.

Баярына: Мы заплацілі за сваю адукацыю нашымі падаткамі. І мы жадаем гэта атрымаць

Ганна Соўсь: Аляксандра, і да вас пытаньне наконт балянсу паміж самаарганізацыяй беларускамоўных бацькоў і патрабаваньнямі да дзяржавы — у якой ступені павінна быць і тое, і гэта?

Аляксандра Баярына: Я лічу, што трэба дамагчыся гэтага балянсу, каб кожны чалавек, калі ён мае права на адукацыю, мог атрымаць гэтую адукацыю. Я сёньня хачу атрымаць адукацыю на беларускай мове, заўтра на расейскай, і гэта павінна быць выканана — для кожнага чалавека ў краіне. Колькі б іх не было: адзін, два, тры, чатыры ці пяць. Вось гэтыя ўсе аргумэнты наконт таго, што большасьць мае права, большасьць ня хоча, у вас няма столькі жадаючых, давайце паглядзім, а ці набярыце вы дзяцей на групу — гэта абсалютна маніпулятыўныя аргумэнты, якія толькі сьведчаць пра тое, што адбываецца дыскрымінацыя. Кожны чалавек мае права на адукацыю, і кожны чалавек павінен гэтае права атрымаць. І хачу падкрэсьліць, што мы ўжо заплацілі за гэта. Мы заплацілі за сваю адукацыю, за садкі, за школы, за ўсе сацыяльныя паслугі — за ўсё-ўсё гэта заплачана нашымі падаткамі. І мы жадаем гэта атрымаць.

Курышка: Нам ня трэба сядзець на месцы і ісьці за гэтай большасьцю расейскамоўных

Ганна Соўсь: Марына, ці ўсьведамляеце вы, што гэта толькі самы пачатак доўгага шляху? Будзем спадзявацца, што да таго моманту, пакуль вашы дзеткі пойдуць вучыцца ў ВНУ, зьявяцца ВНУ з навучаньнем па-беларуску. Але спачатку гэта змаганьне за садкі, потым за беларускамоўныя клясы ў малодшай, сярэдняй, старэйшай школе і далей, і змаганьне за вышэйшую адукацыю. Гэта такі доўгі шлях. Ці вы гатовыя да яго?

Марына Курышка: Вядома, я гатовая да гэтага. Я ўжо думала шмат разоў пра тое, што прыйдзецца нам змагацца за садкі, потым за школу, а потым ужо за ўнівэрсытэт. Таму так, я гатовая да гэтага. Гэта наша мова, і ўсё ж такі нам ня трэба сядзець на месцы і ісьці за гэтай большасьцю расейскамоўных. Трэба дамагацца і ствараць усе ўмовы, каб маё дзіця навучалася на беларускай мове.

Буто: Мы ня першыя бацькі, якія змагаюцца за беларускую мову навучаньня сваіх дзяцей

Ілюстрацыйнае фота. Заняткі гуртку "Мова дзяцей" у Магілёве, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Заняткі гуртку "Мова дзяцей" у Магілёве, 2017 год

Ганна Соўсь: Кацярына, ці ёсьць рэальныя рычагі ўплыву ў грамадзтва ў справе беларускамоўнай дашкольнай адукацыі, акрамя такіх ініцыятываў як вашая?

Кацярына Буто: Я хачу падкрэсьліць, мы ня першыя бацькі, якія змагаюцца за беларускую мову навучаньня сваіх дзяцей. Так склалася, што адзін раз атрымаўшы магчымасьць вучыцца ў садку, бацькі задаволіліся гэтым і не ішлі далей. Яны на грамадзкае абмеркаваньне гэтую праблему не падымалі. Мы ж хочам менавіта ня толькі для сваіх дзяцей атрымаць, таму што ў мяне, напрыклад, зараз сытуацыя больш-менш здавальняючая, але мы хочам, каб і для нашых, і для наступных пакаленьняў дзетак была магчымасьць на беларускай мове навучацца.

Адзін раз атрымаўшы магчымасьць вучыцца ў садку, бацькі задаволіліся гэтым і не ішлі далей.

Што тычыцца рычагоў уплыву, вось калі мы ня будзем гуртавацца, на жаль, атрымлівацца нічога не будзе. Таму, па-першае, Саша правільна сказала, што і лідэры меркаваньняў павінныя быць не ў баку, яны павінныя выказвацца, нават калі ў іх зараз няма дзяцей. Гэта катастрафічная сытуацыя, бо мова пачынаецца з садкоў, школ, і калі мы вось гэты згубім шанец, то і мова зьнікне. А якія канкрэтна крокі трэба зрабіць і чаго мы дамагаемся — гэта зьмяніць пастанову Міністэрства адукацыі № 234, якая тармазіць рэалізацыю права на беларускамоўную дашкольную адукацыю, увесьці графу моваў пры пастаноўцы на ўлік, ну і зрабіць, каб гэтыя групы былі не фармальныя, а рэальныя беларускамоўныя.

Курышка: Трэба тэлефанаваць, пісаць звароты, заклікаць людзей дзейнічаць і абараняць свае правы і правы сваіх дзяцей

Ганна Соўсь: Аляксандра, вы, канешне, усьведамляеце, што гэта сыстэмная праблема, яна залежыць ня толькі ад кіраўнікоў Міністэрства адукацыі. Калі сыстэмна і глябальна паглядзець, то ад каго яна залежыць найперш?

Аляксандра Баярына: Я мяркую, што сыстэма павінна працаваць на чалавека. Яна створаная для гэтага. Калі ёсьць запыт грамадзтва, а мы яго аформілі, мы паказалі, што запыт існуе, сапраўды мы падрыхтаваліся, мы ўсё гэта можам паказаць на дакумэнтах, не на словах. Я лічу, што Міністэрства адукацыі павінна зрабіць гэты крок насустрач і ўсяго толькі памяняць гэтую адну паперу — пастанову № 234: проста прыняць яе ў новым выглядзе, дадаць адзін слупок, які дапаможа працаваць гэтай сыстэме крыху па-іншаму. І калі сыстэме прыйдзецца, напрыклад, зрабіць яшчэ нейкія крокі арганізацыйныя, то я бачу ў гэтым толькі плюс.

Трэба працягваць дыскусіі з кіраўніцтвам, трэба ўставаць і ісьці да адміністрацыі.

Марына Курышка: Гледзячы, хто як мяркуе. Напрыклад, Міністэрства і камітэт па адукацыі заўсёды сьцьвярджаюць, што ўсё ж такі бацькі вырашаюць, на якой мове будуць вучыцца іх дзеці, але насамрэч усё залежыць ад іхняй волі і жаданьня. І ад гатоўнасьці дзяржавы. Пакуль вярхі самі ня створаць раўнапраўныя ўмовы для навучаньня на дзьвюх мовах, то колькі б мы ні грукаліся ў гэтыя дзьверы, нічога не дасягнем. Таму я мяркую, што трэба працягваць дыскусіі з кіраўніцтвам, трэба ўставаць і ісьці да адміністрацыі, казаць, паказваць, што існуюць беларускамоўныя сем’і, трэба тэлефанаваць, пісаць звароты, заклікаць людзей дзейнічаць і абараняць свае правы і правы сваіх дзяцей.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG