Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінадукацыі паабяцалі па адной беларускамоўнай групе ў садку кожнага раёну Менска


Удзельнікі сустрэчы
Удзельнікі сустрэчы

У Міжнародны дзень роднай мовы бацькі дзяцей, якія выхоўваюцца ў беларускамоўным асяродку, сустрэліся з намесьніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнкай.

Абмяркоўвалася праблема адсутнасьці ясьляў, садкоў ці групаў, дзе выхаваўчы працэс адбываўся б цалкам па-беларуску.

На прыём да чыноўніцы месяц таму запісаліся архітэктары Аляксандра Баярына і Вадзім Пракопчык. У ведамства яны прыйшлі зь дзецьмі: Яніне Марыі ў красавіку споўніцца 3 гады, Яну Каралю ўсяго паўгода. Па словах бацькоў, малых няма куды падзець, бо дзяржава ня можа забясьпечыць грамадзян дашкольнымі ўстановамі зь беларускай мовай зносінаў.

Кіраўніцтва Мінадукацыі ў Дзень роднай мовы: родная — расейская

Прыём быў прызначаны на 21 лютага, калі ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Праўда, Міністэрства адукацыі ў гэтым шэрагу стала выключэньнем: Раіса Сідарэнка звыкла спаслалася на «дзяржаўнае дзьвюхмоўе» і сказала, што яе родная мова — расейская.

Раіса Сідарэнка
Раіса Сідарэнка

Яна нарадзілася ў Карэльскай АССР Расеі, дыплямаваная выкладчыца расейскай мовы. Нядаўна прызначаны міністрам адукацыі Ігар Карпенка — таксама ўраджэнец Расеі зь Кемераўскай вобласьці.

Да заяўнікаў далучыліся і іншыя бацькі, якіх не задавальняе стан паслуг, што прапануюць дашкольныя ўстановы, падначаленыя Мінадукацыі — Марына Курышка, Вольга Кавальчук, Павал Колас.

На пачатку сустрэчы Вадзім Пракопчык зазначыў, што за два дзясяткі гадоў у краіне ня толькі ня створаныя ўмовы для камфортнага існаваньня тытульнай нацыі, а зьніклі апошнія шанцы пачуць у дзяржаўных установах беларускае слова.

«Мы прадстаўляем інтарэсы ня толькі сваіх сем’яў, — сказаў ён. — Цяпер, калі абменьвацца інфармацыяй стала так проста, мы бачым, што не адны такія. Існуе мноства людзей, якіх хвалюе магчымасьць атрыманьня іх дзеткамі адукацыі на роднай для іх мове. Мы прыйшлі з рэальнымі праблемамі і спадзяёмся пачуць на іх адказы».

З уласнага досьведу Аляксандра Баярына расказала, што некалькі гадоў яны лістуюцца зь Ленінскім раённым аддзелам адукацыі, каб была як мінімум адна беларускамоўная група ў ясьлях. Дзеці растуць, але дагэтуль нічога ня зроблена. Пагаджацца на варыянт, які толькі на словах лічыцца зь «беларускай мовай навучаньня», — не паважаць сябе.

Паводле намесьніцы міністра адукацыі Раісы Сідарэнкі, ствараць у Менску цалкам беларускамоўныя групы немэтазгодна. З улікам таго, што большая частка бацькоў выбірае расейскую, гэта справакуе канфлікт інтарэсаў. Згодна са статыстыкай ведамства, у сталіцы паўтары сотні групаў, дзе фармальна існуе дзьвюхмоўе. Пры гэтым па-сапраўднаму беларускамоўныя садкі толькі два — у Фрунзэнскім і Цэнтральным раёнах.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У адказ прысутныя заявілі, што карціна ахопу нібыта ўсіх «моўных пластоў» — ня што іншае, як прафанацыя. Наяўнасьць некалькіх беларускамоўных дзяцей сярод двух дзясяткаў азначае поўнае ўдушэньне моўных правоў меншыні.

Як сказала маладая маці Марына, у Заводзкім раёне Менску няма ніводнай ясельнай групы зь беларускай мовай, яе запыт так і застаўся няўлічаным. У 362-м садку Менску, са слоў яе пляменьніка, ніхто ў беларускай групе ня чуў ад выхавальніц беларускай мовы. Перад 8 сакавіка дзецям раздаюць вершыкі, і беларускамоўныя выхаванцы атрымалі свае ролі па-расейску.

Іншыя бацькі канстатуюць, што ў групах зь беларускай мовай зь дзеткамі размаўляюць па-расейску; няма настаўнікаў музыкі, фізкультуры, лягапэдаў зь веданьнем беларускай. Беларуская камунікацыя ў лепшым выпадку абмяжоўваецца чытаньнем кніжак.

А cпадарыня Вольга наракае, што ня можа трапіць у групу зь беларускай мовай навучаньня, бо туды ва ўмовах дэфіцыту месцаў набіраюць і расейскамоўных, якія ў выніку аказваюцца ў бальшыні. А яе дачка не разумее па-расейску і адчувае сябе дыскамфортна.

Выйсьце праз права выбару: асобная чарга для беларускамоўных

Вадзім Пракопчык лічыць, што ў падобнай сытуацыі існуе толькі адной выйсьце — асобная чарга для беларускамоўных падчас пастаноўкі на ўлік.

Аляксандра Баярына і Вадзім Пракопчык зь дзецьмі
Аляксандра Баярына і Вадзім Пракопчык зь дзецьмі

Ідэя не знайшла відавочнай падтрымкі, намесьніца міністра сказала, што пытаньне трэба дасканала вывучыць. На яе думку, у такім выпадку беларускамоўныя атрымаюць прывілей: маўляў, іх меней, таму чарга будзе прасоўвацца хутчэй.

Пры гэтым Раіса Сідарэнка кажа, што нарматыўная база дазваляе ствараць беларускамоўныя групы ў кожным адміністрацыйным раёне. Чаму гэта не рэалізуецца на практыцы, а выкладчыкі і выхавальнікі не валодаюць дзьвюма дзяржаўнымі мовам, паабяцала разабрацца ўжо падчас наступнай калегіі Камітэту адукацыі Менгарвыканкаму.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што апошнім часам грамадзкасьць выканала вялізны аб’ём працы, якім мусіць займацца Міністэрства адукацыі — сабрала дзясяткі фактаў непаважлівага стаўленьня да беларускай мовы і яе носьбітаў у дашкольных установах.

У пэтыцыі, якая зьявілася на плятформе і якую падпісалі ўжо больш за 2 тысячы чалавек, сярод іншага патрабуецца ўвядзеньне графы «мова» падчас пастаноўкі на ўлік у дашкольную ўстанову. У іншым выпадку вырашэньня праблемы не прадбачыцца.

Як адзначыла на прыёме ў намесьніцы міністра спадарыня Вольга, у аддзелах адукацыі да апошняга ня ведаюць, дзе канкрэтна будзе сфармаваная беларускамоўная група — маўляў, усё залежаць ад набору. Актыўным бацькам самім даводзіцца хадзіць, агітаваць, зьбіраць подпісы.

Раіса Сідарэнка пагадзілася, што насамрэч гэта абавязак аддзелаў адукацыі, а не бацькоў. Аднак і прымушаць запісвацца ў беларускамоўныя групы дзеля таго, каб яны павальна адкрываліся, чыноўнікі таксама ня могуць.

Ілюстрацыйнае фота. Заняткі гуртку "Мова дзяцей" у Магілёве, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Заняткі гуртку "Мова дзяцей" у Магілёве, 2017 год

​«З улікам аб’ектыўных абставінаў трэба быць гатовымі да таго, што пакрокавай даступнасьці беларускамоўных дашкольных установаў ня будзе, — сказала Раіса Сідарэнка. — Выбар мовы, фармаваньне групаў магчымыя толькі пры наяўнасьці адпаведных умоваў. Але хоць бы адна такая ўстанова ў раёне быць павінна».

Намесьніца міністра адукацыі ацаніла сустрэчу як «канструктыўную» і выказала гатовасьць сустракацца хоць кожны месяц. Пры гэтым адзначыла, што за гадзіну кантактаваньня зьмянілася танальнасьць і ўдзельнікаў імправізаванага круглага стала — недавер у вачах зьмяніўся на разуменьне таго, што праблемы можна і трэба вырашаць супольна.

Патрабаваньні беларускамоўных: улады павінны ўбачыць рэальныя сем'і

Неабыякавыя бацькі патрабуюць ад Міністэрства адукацыі неадкладнага выкананьня наступных патрабаваньняў.

  • Зьмяніць сыстэму запісу дзяцей у садкі. Дадаць графу «Пажаданая мова навучаньня» ў блянк пры пастаноўцы на ўлік у службе «Адно акно». Весьці адкрытую статыстыку пажаданьняў бацькоў.
  • Сфармаваць асобную чаргу для бацькоў, якія хочуць аддаць сваіх дзяцей у групы зь беларускай мовай навучаньня. Разьмяркоўваць дзяцей з адной чаргі ў групы разам.
  • Увесьці ў службовыя патрабаваньні да пэдагагічных работнікаў пункт пра абавязковае валоданьне беларускай мовай на ўзроўні свабоднага выкананьня працоўных абавязкаў.
  • Нарматызаваць паняцьце «група зь беларускай мовай навучаньня» і выразна прапісаць у заканадаўстве мэханізм стварэньня і патрабаваньні да такіх групаў.
  • Укамплектаваць дзіцячыя садкі настаўнікамі музыкі, фізкультуры ды іншых прадметаў, якія валодаюць беларускай мовай.
  • Спыніць штогадовую ратацыю групаў зь беларускай мовай навучаньня па выпадковых садках.
  • Стварыць у кожным раёне Менску цалкам беларускамоўны садок. А ў раёнах з большай колькасьці жыхароў — некалькі такіх установаў.
  • Арганізаваць рознаўзроставыя групы зь беларускай мовай навучаньня.

Бацькі просяць Міністэрства адукацыі і Камітэт па адукацыі Менгарвыканкаму спыніць дзяжурныя адпіскі і нарэшце ўзяцца за справу — за бравурнымі справаздачамі нарэшце ўбачыць рэальныя сем’і зь іх патрэбамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG