Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў дзіцячых садках няма беларускамоўных ясельных групаў


Прынамсі, ва ўпраўленьне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёну Менску раней заяваў ад бацькоў уладкаваць дзетак да трох гадоў у ясельную беларускамоўную групу не паступала. Але калі дзіцяці спаўняецца тры гады, упраўленьні і ўстановы адукацыі абавязаныя пры жаданьні бацькоў уладкаваць дзіця ў беларускамоўную групу, патлумачылі Свабодзе чыноўнікі.

Архітэктарка і дызайнэрка Аляксандра Баярына спрабуе афіцыйна дамагчыся, каб ейную двухгадовую дачку накіравалі ў садок, дзе ёсьць беларускамоўныя групы. Але ў Ленінскім раёне Менску, дзе жыве Аляксандра, беларускамоўных ясельных групаў няма — пра гэта сьведчаць два афіцыйныя адказы, якія яна атрымала. Служба «Адно акно» Ленінскай раённай адміністрацыі спыніла зь ёй перапіску — маўляў, «мы ўсё растлумачылі».

Свабода спрабавала разабрацца, ці сапраўды ў Ленінскім раёне сталіцы няма беларускамоўных садкоў.

Галоўны спэцыяліст у дашкольнай адукацыі ўпраўленьня адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёну Антаніна Цімашэнка сказала Свабодзе, што ясельных групаў з двух да трох гадоў у дзіцячых садках не было ніколі, бо не было попыту:

«Я працую даўно, і раней бацькі не прасілі ўладкаваць дзіця ў ясельную групу, бо бальшыня дзетак наагул да трох гадоў яшчэ толькі пачынае гаварыць.

Што да садкоў, то ў Ленінскім раёне працуе 20 беларускамоўных групаў, у кожным мікрараёне ёсьць такія — там выхоўваюцца дзеткі з трох гадоў», — кажа Антаніна Цімашэнка.

Як уладкаваць дзіця ў беларускамоўную групу

Як можна пракамэнтаваць сытуацыю з Аляксандрай Баярынай, якой адмовілі ў прыёме дзіцяці ў ясельную групу? Чыноўніца ўпраўленьня адукацыі Ленінскага раёну Антаніна Цімашэнка тлумачыць так:

«Мэханізм такі: калі дзіця паступае ў дашкольную дзіцячую ўстанову — у любым узросьце, нават з двух да трох гадоў, — бацькі пішуць на імя загадчыцы садка заяву: „Прашу навучаць маё дзіця на беларускай мове“. І нават калі такое беларускамоўнае дзіця ў групе будзе адно, то зь ім будуць размаўляць, вучыць і выхоўваць яго па-беларуску. Мы гэта тлумачым бацькам. З трох гадоў адназначна няма праблем, бацькі пішуць заявы, дзетак абʼядноўваюць у адну ўзроставую беларускамоўную групу. І з трох да шасьці гадоў дзеці знаходзяцца ў адной групе. Такая група можа быць адна ў садку.

Мы тлумачым усім бацькам, што трэба зьвяртацца да загадчыц садкоў, калі яны хочуць, каб дзеткі былі ў беларускамоўнай групе. І канкрэтна Аляксандры Баярынай тлумачылі, што да трох гадоў, так званай першай малодшай, ясельнай групы ў раёне няма. Яе дачцэ няма яшчэ трох. Налета, з трох гадоў — калі ласка, пры жаданьні бацькоў дзіця будзе выхоўвацца ў паўнавартаснай беларускамоўнай групе».

Свабодзе не ўдалося даведацца, колькі ў сталіцы беларускамоўных садкоў альбо групаў, ці дастаткова іх у кожным раёне. Начальнік аддзелу дашкольнай адукацыі камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Марына Юркевіч адмовілася назваць канкрэтныя лічбы і параіла зьвярнуцца пісьмова з афіцыйным запытам.

Алег Трусаў: «Трэба дзейнічаць наступальна»

Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што бацькам трэба больш настойліва дамагацца адкрыцьця беларускамоўных групаў у садках — і спасылацца трэба ў першую чаргу на Канстытуцыю:

«У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, таму ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй бацькі павінны не прасіць, а патрабаваць забясьпечыць навучаньне ці выхаваньне дзіцяці па-беларуску.

Калі раённыя ўлады не вырашаюць праблемы, зьвяртацца раю непасрэдна да мэра Менску спадара Шорца. Няхай чалавек піша, куды канкрэтна ён зьвяртаўся, каб уладкаваць дзіця, і калі адмовілі — што, маўляў, „улады пэўнага раёну парушаюць Канстытуцыю і не адпавядаюць сваёй пасадзе. Стаўлю пытаньне аб іх адстаўцы і патрабую забясьпечыць майму дзіцяці выхаваньне ў дашкольнай навучальнай установе па-беларуску“. Трэба дзейнічаць наступальна, нават патрабаваць адстаўкі гэтых чыноўнікаў, бо яны ня хочуць выконваць Канстытуцыю».

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім лічыць, што ў садках павінны быць і ясельныя беларускамоўныя групы, а ня толькі з трох гадоў:

«Дзіцячыя ўстановы абавязаныя даць магчымасьць навучацца і выхоўваць дзяцей па-беларуску. Я сама абавязкова падключуся да вырашэньня гэтай справы».

Старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаў думку, што насьпеў час ствараць беларусам прыватныя беларускамоўныя садкі, прыватныя гімназіі:

«Калі ўлада ня хоча ствараць дзяржаўныя ўстановы, трэба ствараць прыватныя».

Алег Трусаў кажа, што стварае беларускамоўны ўнівэрсытэт і ўжо зарэгістраваў ягоны офіс. Унівэрсытэт будзе называцца «Альбарутэнія», офіс зарэгістраваны ў Партызанскім раёне сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32. Днямі туды будуць завозіць мэблю і павесяць шыльду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG