Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто мне ніколі не казаў, каб я не вучыла ягонае дзіця беларускай мове». Як працуецца беларускамоўнаму лягапэду


«Беларускамоўныя лягапэды ёсьць, а праграмы і мэтадычкі — толькі расейскамоўныя», пісала Свабода 23 чэрвеня. Беларускамоўны лягапэд Натальля Козіч прызнае, што праблема існуе, а лягапэдам, якія працуюць зь беларускай мовай, даводзіцца самастойна вырашаць праблему адсутнасьці неабходных матэрыялаў.

«Дзеці ў асноўным размаўляюць па-расейску. Але родную беларускую таксама трэба ведаць»

«Лягапэдам працаваць па-беларуску вельмі цяжка. У мяне нават няма такіх падручнікаў, якімі можна карыстацца, — прызнае Натальля. — Няма матэрыялаў, паводле якіх можна рыхтаваць свае заняткі. Таму я прыдумала свае крокі, зрабіла мнэматабліцы і мнэмадарожкі на беларускай мове (адмысловыя навучальныя матэрыялы, якія дапамагаюць навучыцца правільна вымаўляць канкрэтныя гукі). Каб ім было лягчэй запомніць. Дзеці ж у асноўным размаўляюць на рускай мове. Але і сваю родную беларускую павінны ведаць. Як гэта, каб не ведаць?»

Натальля Козіч
Натальля Козіч

​Натальля Козіч працуе ў санаторным дзіцячым садку № 9 у Смаргоні, яна настаўнік-дэфэктоляг. У садку дзеці дашкольнага ўзросту ня толькі вучацца, а таксама праходзяць неабходныя ім працэдуры аздараўленьня. Яго наведваюць дзеці, якія часта хварэюць, маюць праблемы з сэрцам, асаблівасьці псыхафізычнага разьвіцьця. Да іх жа адносяцца і дзеці з асаблівасьцямі маўленьня, зь якімі працуе Натальля. Акрамя выхавальнікаў, у садку працуюць дактары і мэдсёстры, тут ёсьць басэйн, масажныя кабінэты. Памер групаў штогод вагаецца. Лягапэд пастаянна працуе з 20-24 дзецьмі. У садку № 9 Натальля адна. У звычайных садках такіх спэцыялістаў бывае 2-3 чалавекі.

«У нас у садку ўсе групавыя заняткі па-беларуску адбываюцца. Таму аўтаматызацыю гукаў падбірала па-беларуску. Не скажу, што гэта цэлая мэтодыка. Але трэба было самой падбіраць», — расказвае Натальля Козіч.

«Дарослым таксама трэба вучыцца правільна вымаўляць беларускія гукі»

Лягапэдам Натальля працуе ўжо каля 18 гадоў. Прызнаецца, што існую мэтодыку працы пад беларускую мову адаптоўвала паступова, нешта новае прыдумляе кожны год. То вершык новы знойдзецца, то гульня — усё шукае самастойна.

«Ставім дзецям розныя гукі. І беларускія, і рускія. Напрыклад, гук „р“ цьвёрды беларускі і „рь“ мяккі расейскі. У беларускай мове яго няма, але мы ставім і яго. Дзеці павінны ведаць і правільна вымаўляць», — гаворыць лягапэд.

Паводле Натальлі, найбольш распаўсюджанай памылкай у маўленьні сярод дзяцей зьяўляецца мяккае «ч». Як бы яны не стараліся, але на пачатку ўсё адно атрымліваецца мяккі расейскі гук. Дома з бацькамі дзеці ў асноўным гавораць па-расейску, таму першы час ім складана. Але з гэтым можна справіцца.

«Яно проста папраўдзе. Трэба, каб язык вэртыкальна ўпіраўся ў паднябеньне. І будзе наша „ч“, — тлумачыць лягапэд. — Дарослых таксама можна навучыць правільна вымаўляць беларускія гукі. Думаю, зь імі яшчэ і цікавей будзе папрацаваць. Калі нехта зацікаўлены, то калі ласка».

Натальля прызнаецца, што дарослых ахвотнікаў навучыцца правільна вымаўляць беларускія гукі ёй яшчэ не сустракалася. Хоць папрацаваць з такімі «пацыентамі» было б вельмі цікава. Тым больш што праблемы з правільным маўленьнем у беларусаў сустракаюцца даволі часта. Як у беларускамоўных, так і ў тых, хто размаўляе пераважна на расейскай мове.

«Беларусаў заўсёды можна адрозьніць, нават калі яны добра па-расейску гавораць. Асабліва гук „г“ добра сьведчыць, — кажа Натальля. — Стараюцца яго вымавіць звонка, але ўсё адно атрымліваецца ня так. Я магу заўсёды адрозьніць чалавека, які з Расеі прыехаў. У іх сваё вымаўленьне, з прыцісканьнем языка. Мяккасьць такая. Я чую. Яшчэ добра беларусаў зь вёскі чуваць, якія ў Менск пераехалі і расейскамоўнымі сталі».

«Дзяцей навучыць беларускай мове нескладана. А вось дарослыя іначай гэта ўспрымаюць»

Паводле лягапэда, у Беларусі насамрэч існуе праблема са спэцыялізаванымі падручнікамі і мэтодыкамі для працы зь беларускамоўнымі дзецьмі. Чаму так, Натальля ня ведае. Яе зацікаўленасьць у прасоўваньні беларускай мовы ў прафэсіі выклікае падтрымку.

«Падручнікаў у нашай прафэсіі, для лягапэдаў, на беларускай мове няма. Нічога няма, — прызнае Натальля Козіч. — Я вось зьбіраюся на вышэйшую катэгорыю здаваць, і мне ў інстытуце паведамілі, што калі яна напішу працу на беларускай мове, калі распрацую спосабы навучаньня дзяцей беларускай мове, правільнаму беларускамоўнаму маўленьню, то гэта будзе толькі плюс, гэта будзе мая фішка. Да гэтага прыхільна паставяцца ў інстытуце павышэньня кваліфікацыі».

Ці цяжка даецца дзецям беларуская мова? Магчыма, лепш не даваць ім дадатковай нагрузкі? Падрастуць — самі вырашаць, ці яна ім патрэбная. Лягапэд скептычна ставіцца да такіх аргумэнтаў.

«Дзецям беларуская мова даецца нескладана. Усё падаецца ў гульнявой форме, і ім падабаецца. Дзецям цікава, мы падбіраем розныя заданьні на беларускай мове, — расказвае Натальля Козіч. — Я ім стараюся тактычна тлумачыць, прашу выказваць свае думкі па-беларуску. Малыя спакойна ўсё ўспрымаюць. Бацькі, можа, крыху іначай. Але ніхто мне ніколі не казаў, каб я не вучыла ягонае дзіця беларускай мове».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG