Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўныя лягапэды ёсьць, а праграмы і мэтадычкі — толькі расейскамоўныя


Ілюстрацыйнае фота

Чаму бальшыня адмыслоўцаў-лягапэдаў і Менскі гарадзкі цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі не заўважаюць існаваньня і праблемаў беларускамоўных дзяцей? Чаму беларускамоўнага лягапэда бацькі мусяць шукаць праз знаёмых, сацыяльныя сеткі, бо нават у адмысловых установах знайсьці спэцыяліста, які вядзе прыём і праводзіць заняткі па-беларуску, надзвычай цяжка?

«Я не зусім разумею, якая розьніца, на якой мове размаўляе лягапэд?»

На пытаньне Свабоды, ці ёсьць у Менскім гарадзкім цэнтры карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі лягапэды, якія вядуць заняткі зь дзецьмі на беларускай мове, намесьніца дырэктара адказала так:

«Спэцыялісты, якія валодаюць беларускай мовай, — гэта настаўнікі беларускай мовы. Калі ў вас ёсьць лягапэдычныя праблемы, настаўнік беларускай мовы вам наўрад ці дапаможа. А калі вам патрэбны настаўнік-лягапэд, ён паглядзіць, якія гукі трэба карэктаваць. І калі вы ня хочаце „ч“ цьвёрдае карэктаваць, яно застанецца „ч“ цьвёрдым.

Карэкцыя маўленьня мае на ўвазе ў тым ліку і карэкцыю вымаўленьня гукаў. Акрамя фрыкатыўных, у прынцыпе, усе гукі ў расейскай і беларускай мовах суадносяцца. Таму я не зусім разумею, якая розьніца, на якой мове размаўляе лягапэд.

Адмысловых груп і праграм на беларускай мове для навучаньня дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі маўленьня няма. У нас усе праграмы на расейскай мове. Таму, натуральна, усе заняткі праводзяцца ў адпаведнасьці з афіцыйнай праграмай, зацьверджанай Міністэрствам адукацыі. Нічога іншага настаўнік-лягапэд рабіць ня мае права».

«Беларускамоўным дзеткам ставілі дыягназ «затрымка псыхічнага разьвіцьця»

Нядаўна «Наша Ніва» пісала пра выпадак дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы: у Менскім гарадзкім цэнтры карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі падчас псыхоляга-мэдыка-пэдагагічнага абсьледаваньня беларускамоўнаму дзіцяці не далі размаўляць па-беларуску.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч пацьвердзіла, што такая праблема існуе:

Тамара Мацкевіч
Тамара Мацкевіч

«Кожны год мы зьбіраем усё новыя і новыя выпадкі, калі лягапэды ставілі дзецям дыягназ „затрымка псыхічнага разьвіцьця“, калі дзеці гаварылі па-беларуску. І дзецям перакрывалася дарога ў гімназіі, у лепшым выпадку іх уладкоўвалі ў якія-небудзь школы „другога гатунку“ ў аддаленых мікрараёнах.

Калі дзеці паступаюць у першую клясу, яны праходзяць адмысловую псыхоляга-мэдыка-пэдагагічную камісію, дзе абавязкова прысутнічае лягапэд. Я распавяду пра канкрэтны выпадак. Лягапэд кажа: „Я буду паказваць карцінкі, а вы павінны адказаць, які сок з гэтай садавіны ці гародніны робяць“. Пытаюцца, зразумела, па-расейску. Паказвае спэцыяліст карцінку, дзіця кажа: „журавінавы“. Лягапэд адзначае: „Не знает“. Наступная карцінка. „Парэчкавы“, — кажа дзіця. „Не знает“. Наступнае пытаньне: „Когда у тебя день рождения?“ Дзеці па-расейску ж разумеюць. Дзіця адказвае: „6 верасьня“. „Не знает“, — пазначае лягапэд. І ставіць, так бы мовіць, дыягназ: „Затрымка псыхічнага разьвіцьця“. Гэта я кажу толькі пра лексычны запас. А яшчэ ж і гукі спрабуюць выпраўляць!

Па-першае, гэта абраза. Па-другое, дзеці з гэтым кляймом ня могуць быць прынятыя ў гімназіі і добрыя школы. Лягапэд можа сказаць: „Как ваш ребёнок будет учиться с нормальными детьми?“ Гэта ня сьмешна, праблема існуе ўжо больш за 20 гадоў і ніяк не вырашаецца. Калі мы ставілі пытаньне перад лягапэдамі, яны зьдзіўляюцца. Ну, а бацькі паступаюць, як усе беларусы: разумеючы, што няма мэханізму ўплыву як на ўладу, так і на адукацыйныя ўстановы, шукаюць праз „сарафаннае радыё“ спэцыяліста, які валодае беларускай мовай».

Гэта вялікая праблема, якую дзяржава не заўважае і ня хоча выпраўляць. Лягапэды, дэфэктолягі, адукацыйныя ўстановы проста адмаўляюць існаваньне беларускамоўных дзяцей, лічыць намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

«Па вымаўленьні фрыкатыўнага „г“ заўсёды адрозьніш беларуса ад расейца»

​У Беларусі спэцыялістаў-лягапэдаў рыхтуюць у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Спэцыяльнасьць даволі папулярная, на бюджэтнае навучаньне заўсёды немалы конкурс. Штогод набіраюць на стацыянар 80–100 студэнтаў.

Загадчыца катэдры лягапэдыі Інстытуту інклюзіўнай адукацыі БДПУ, кандыдат пэдагагічных навук, дацэнт Іна Логінава кажа, што ў беларускім маўленьні ёсьць свае асаблівасьці, адметнасьці, і яны выкладаюцца студэнтам:

«У нас ёсьць такі прадмет — „Практыкум па вымаўленьні і пастаноўцы голасу“. Студэнты, якія вучацца на лягапэдыі, выконваюць заданьні па адрозьненьнях гучаньня, па патрабаваньнях беларускага маўленьня, па артыкуляцыі. Студэнты вучацца разумець адрозьненьні, ведаюць, чым адрозьніваюцца гукі беларускай і расейскай моваў.

У нас на катэдры лягапэдыі некаторыя студэнты пісалі працы на гэтую тэму, праводзілі параўнальны аналіз моўных сродкаў беларускай і расейскай моваў, дасьледавалі фанэтычныя адрозьненьні, бо ў беларускай мове ёсьць вымаўленчыя адметнасьці. У беларусаў фрыкатыўнае „г“, раскацістае, па вымаўленьні гэтага гуку заўсёды адрозьніш беларуса ад расейца (бо ў іх „г“ выбуховае, кароткае). Так што ёсьць лягапэды, якія працуюць на беларускай мове».

Загадчыца катэдры лягапэдыі Іна Логінава падкрэсьлівае, што ў беларускіх дзетак маўленьне разьвіваецца ва ўмовах білінгвізму. У некаторых сем’ях дзеці размаўляюць па-беларуску, але па-за межамі сям’і чуюць расейскую гаворку, і тут могуць узьнікнуць праблемы:

«Нават у беларускамоўных гімназіях часьцяком дзеці размаўляюць па-беларуску толькі ў самой навучальнай установе. Як толькі яны выходзяць за парог, пераходзяць на расейскую мову. Такім чынам дзіця яшчэ больш, так бы мовіць, „узмацняе“ білінгвізм, у яго мешаніна ў галаве.

Калі бацькам тлумачыць, то ёсьць сэнс шукаць беларускамоўнага лягапэда, калі дзіця ўспрымае беларускую мову як сваю родную, на ёй размаўляе, думае, гэта яго натуральная родная мова.

І яшчэ на адну рэч хачу зьвярнуць увагу: калі ў дзіцяці ёсьць лягапэдычныя праблемы, асабліва „цяжкія і шматлікія парушэньні маўленьня“, ня трэба ўводзіць другую моўную сыстэму. Дзецям зь цяжкімі рухавымі, сэнсорнымі, маўленчымі разладамі вельмі складана авалодаць нават адной моўнай сыстэмай. У дзяцей з маўленчымі праблемамі (напрыклад, у алалікаў) другая мова ўводзіцца зь пятай клясы. Пакуль яны не засвояць адну маўленчую сыстэму, другую мы ім ня раім пачынаць засвойваць. Так што бацькам трэба абавязкова кансультавацца ў адмыслоўцаў, калі ў дзіцяці ёсьць лягапэдычныя праблемы».

Няўжо Мінадукацыі ня ў стане падрыхтаваць беларускамоўныя мэтодыкі?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Такім чынам, загадчыца катэдры лягапэдыі Іна Логінава кажа, што адмыслоўцаў, якія валодаюць неабходнымі ведамі і ўменьнем для працы зь беларускамоўнымі дзеткамі, рыхтуюць у дастатковай колькасьці, яны ёсьць. Але, паводле намесьніцы дырэктара Менскага гарадзкога цэнтру карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі, усе праграмы навучаньня, зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі, існуюць толькі на расейскай мове, таму і лягапэды Цэнтру працуюць зь дзеткамі на гэтай мове.

Беларускамоўная настаўніца-лягапэд Вольга Ліпская летась у інтэрвію газэце «Звязда» казала:

«Ёсьць праблемы з мэтадычнымі матэрыяламі на беларускай мове, база ў нас вельмі слабая. Калі працуеш беларускамоўным лягапэдам, мусіш доўга рыхтавацца да заняткаў, шмат чаго перакладаць і прыдумляць усё самастойна. Але яно варта таго, бо працаваць з нашымі дзеткамі чыстае задавальненьне і гонар для мяне».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG