Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначаюць прэтэнзіі Лукашэнкі да Расеі ў сфэры бясьпекі, папрокі на адрас Масквы, што яна не дапамагае сваім саюзьнікам? Ці можа Расея ў адказ прапанаваць свае войскі? Ці запросяць беларускіх міратворцаў ва Ўкраіну?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітолягі Валерыя Касьцюгова, Арсені Сівіцкі і аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Шматаблічны фарпост

Дракахруст: На гэтым тыдні на нарадзе Савету бясьпекі Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў палітыку Расеі ў сфэры бясьпекі, яе нежаданьне дапамагаць саюзьнікам, прынамсі, Беларусі. Пры гэтым кіраўнік Беларусі заявіў, што краіна — фарпост Расеі на самым небясьпечным накірунку.

Што азначаюць гэтыя заявы, чаму пра супярэчнасьці з саюзьнікам заяўлена публічна, раней Менск і Масква сварыліся на публіцы і ня раз, але па праблемах бясьпекі, здаецца, ня так і часта. І што азначаюць словы пра фарпост?

Валерыя Касьцюгова
Валерыя Касьцюгова

Касьцюгова: Нельга сказаць, што публічныя спрэчкі наконт бясьпекі бывалі раней вельмі часта, але і нельга сказаць, што рэдка. Апошняя, наколькі памятаецца, датычылася вайсковай авіябазы ў Беларусі, гэта была вельмі гучная гісторыя, Масква публічна прасоўвала ідэю гэтай базы і патрабавала, а Менск публічна адмаўляўся. Таму ня думаю, што гэта нейкая ўнікальная, новая зьява.

Я думаю, што наагул пытаньне ўзбраеньняў і паставак зброі ў Беларусь — гэта старая доўгая гісторыя, і заўсёды чаканьні Менску не супадалі з патрабаваньнямі Масквы. Мы хацелі атрымаць таньней альбо бясплатна самае сучаснае ўзбраеньне, а Масква гатовая была даваць яго толькі за грошы і ня новае. Таму я думаю, што ў сувязі з тым, што канцэнтрацыя ўзбраеньняў на заходняй мяжы Беларусі ўзрастае, Аляксандар Лукашэнка вырашыў скарыстацца гэтай сытуацыяй для таго, каб нагадаць аб важнасьці беларускага фарпосту.

Дракахруст: Валерыя сказала, што былі і канфлікты і сутыкненьні, але здаецца, што яны сапраўды ня так часта здараліся. Чаканьні, спадзевы, што Расея адгрузіць нейкую новую вайсковую тэхніку — яны заўсёды былі. А чаму зараз пра гэта было заяўлена ўголас?

Карбалевіч: Цалкам магчыма, што пытаньне бясьпекі, тэма росту напружанасьці ў рэгіёне, нагнятаньне страху можа стаць мэйнстрымам афіцыйнай рыторыкі напярэдадні выбараў наступнага году. Бо што яшчэ Лукашэнка можа прапанаваць насельніцтву, каб тое падтрымала ўладу? Абяцаньне 1 тысячы рублёў заробку неяк не пайшло. Тэзыс пра ІТ-краіну для лукашэнкаўскага электарату мала зразумелы. Застаецца толькі пужаць насельніцтва зьнешнім ворагам. Гэта гіпотэза.

Што тычыцца гэтых папрокаў Расеі, то тут нічога новага. Лукашэнка рэгулярна робіць такія заявы. Асабліва, калі выступае перад расейскімі СМІ. Ён неаднаразова казаў, маўляў, дайце хоць тую зброю, што ў вас пад плотам валяецца, калі шкадуеце самую сучасную тэхніку.

Ну, а галоўны аргумэнт у гэтай апэляцыі да Расеі, гэта тэзіс пра фарпост перад натаўскімі танкамі. Раней Лукашэнка яшчэ любіў казаць, што ў вас жа на захад ад Масквы нічога няма, акрамя беларускага войска.

Тут хіба адзіны парадокс палягае ў тым, што пасьля Крыму афіцыйны Менск актыўна распрацоўваў канцэпт Беларусі, як донара бясьпекі, міратворцы, Мeнску як Гэльсынкі-2. І вобраз фарпосту супярэчыць вобразу донара бясьпекі, разбурае яго. Я б не шукаў тут нейкіх складаных схемаў, двайных, зашыфрованых пасланьняў розным бакам. Падаецца, тут мы маем справу з асаблівасьцямі мысьленьня кіраўніка Беларусі, які зусім ня бачыць супярэчнасьцяў паміж дзьвюма гэтымі канцэпцыямі.

Дракахруст: Арсені, а як вы адкажаце на гэтыя пытаньні? Аляксандар Лукашэнка — чалавек дастаткова практычны, і магчыма, гэтая заява прагучала дзеля нейкіх бягучых патрэбаў: вось патрэбныя нейкія канкрэтныя ўзбраеньні, а расейцы не даюць. Вось ён і паскандаліў.

Сівіцкі: Мне здаецца, што гэтыя крытычныя заявы з боку Лукашэнкі — перш за ўсё гэта рэакцыя на тое, што Крэмль зьмяняе свой падыход да сваіх партнэраў і хаўрусьнікаў. Бо сапраўды, пачынаючы зь 2014 году, Масква больш не абапіраецца на сваіх хаўрусьнікаў па забесьпячэньні сваёй бясьпекі, яна пераходзіць да аднабаковага забесьпячэньня сваёй уласнай бясьпекі, у тым ліку і за кошт сваіх хаўрусьнікаў, ня ўлічваючы іх пазыцыі і інтарэсы. Тое, што ў 2015 годзе Расея прапанавала стварыць расейскую базу на тэрыторыі Беларусі, якая падпарадкоўвалася б Маскве, а не перадала дваццаць чатыры самалёты беларускаму боку, як гэтага дамагаўся Менск — гэта быў першы такі сыгнал. Потым Расея пачала будаваць буйны ўдарны кулак на заходнім стратэгічным накірунку, створаная танкавая армія, якая знаходзіцца на беларускім напрамку. Тут трэба дадаць і аднаўленьне дэ-факта мяжы і стварэньне памежнай інфраструктуры на беларуска-расейскай мяжы.

Усе гэтыя прыклады сьведчаць аб тым, што Масква ў паслугах Менску больш не зацікаўленая. Бо ў свой час «саюзная дзяржава» РФ і РБ стваралася такім чынам, што Беларусь была адказная за забесьпячэньне бясьпекі Расеі на заходнім стратэгічным накірунку, таму Расеі ня трэба было трымаць велізарную вайсковую групоўку на захадзе. За гэтыя паслугі Масква павінна была пастаўляць у беларускае войска найноўшыя сыстэмы ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, такім чынам падтрымліваючы высокі ўзровень баяздольнасьці беларускіх узброеных сілаў. Але ў апошнія гады Крэмль перайшоў да іншага падыходу, які не адпавядае інтарэсам Беларусі, і які па сутнасьці парушае тую лёгіку, якая ляжала ў аснове «саюзнай дзяржавы».

Што датычыцца мэсыджаў, то мне здаецца, што Аляксандар Лукашэнка разумее, што, хутчэй за ўсё, набліжаецца новая хваля ваенна-палітычнай канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам. Адзінае, што Менску сёньня застаецца, гэта дэманстраваць свае саюзныя абавязкі на рытарычным узроўні, разумеючы, што стварэньне расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі не адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам. Адсюль і вось такія гучныя заявы, што Беларусь знаходзіць фарпостам Расеі на захадзе.

Пастка рыторыкі

Дракахруст: Ці ня можа Масква ў пэўным сэнсе злавіць Лукашэнку на слове, але на сваіх умовах? Маўляў, Беларусь так скардзіцца на недастатковую дапамогу, дык мы дапаможам — дамо і дывізіі, і ракеты, і самалёты, але расейскія. Вось краіны NATO, суседзі Беларусі нават запрашаюць да сябе войскі ЗША, Нямеччыны. Такім можа быць адказ Расеі на шчыраваньні беларускага кіраўніка? І ён сам палез у гэтую пастку?

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Сівіцкі: Я цалкам згодны з гэтай думкай. Мне здаецца, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у РФ пытаньне разьмяшчэньня вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі актывізуецца і гэта будзе адным з галоўных пытаньняў беларуска-расейскіх адносінаў у 2018 годзе. Тым больш, відавочна, што Расея рыхтуецца да даволі жорсткай як ваенна-палітычнай, так і эканамічнай канфрантацыі з Захадам. І сапраўды, я пагаджуся з тым, што Масква будзе ставіць пытаньне такім чынам, каб ствараць тут свае экстэрытарыяльныя вайсковыя базы, якія падпарадкоўваюцца непасрэдна Маскве.

І мы бачым, што гэтую схему Расея ажыцьцяўляе ня толькі, напрыклад, у Беларусі. Давайце паглядзім, што адбываецца ў Сырыі. Там таксама створаныя расейскія базы. Фармальна пад відам авіягрупы, а фактычна створаны ўмацаваны раён, які ўключае ў сябе зону блякаваньня, якую Расея насыціла самымі найноўшымі сыстэмамі ўзбраеньня. Таксама пад відам гэтай авіягрупы разгорнутыя часткі сухапутных войскаў, сілы спэцыяльных апэрацый і нават ваенная паліцыя. Гэты тып разгортваньня, які накіраваны на стварэньне зонаў блякаваньня, Масква рэалізуе сёньня таксама ў Крыме і ў Калінінградзе.

З гэтага пункту гледжаньня лягічна, што такі ж самы тып разгортваньня Масква будзе спрабаваць рэалізаваць на тэрыторыі Беларусі, бо гэта ёй дапаможа зрабіць вялікую зону блякаваньня ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Дракахруст: Мяне цікавіць такі палітыка-псыхалягічны аспэкт. Вы, Валер, у свой час напісалі цэлую кнігу пра Аляксандра Лукашэнку. Вось чаму ён у гэтай сытуацыі падставіўся? Арсені сказаў, што Менску нічога не заставалася ў такой сытуацыі рабіць. Але альтэрнатыва была – сядзець ціха, не дражніць расейцаў размовамі пра зброю, паўтараць словы пра вялікую міратворчую місію. Так здавалася. А тым ня менш гаворыцца, што Расея нам не дае зброю. Дык можа ў адказ прыйдуць са зброяй. Чаму Лукашэнка сам лезе ў пастку?​

Карбалевіч: Пытаньне ня новае, і беларускі адказ вядомы. Ён палягае ў тым, што давайце ці прадавайце танна самалёты і ракеты, але гэта павінна быць уласнасьць беларускага войска, кіраваць гэтай зброяй павінны беларускія вайскоўцы, падпарадкоўвацца галоўнакамандучаму ўзброенымі сіламі Беларусі. Аўтарытарныя кіраўнікі вельмі хваравіта ўспрымаюць пытаньне вайсковага сувэрэнітэту над падначаленай ім тэрыторыяй.

Тым больш цяпер, калі Расея ўступіла ў востры палітычны канфлікт з Захадам, знаходжаньне расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі пагражае ўцягваньнем Беларусі ў чужую вайну.

Касьцюгова: Наконт таго, што Масква магла б злавіць Лукашэнку на яго ж словах. Мы ведаем беларускае кіраўніцтва ўжо вельмі даўно, некаторыя напісалі пра яго кнігі, і мы ведаем цудоўна, што Лукашэнка абсалютна не адчувальны да лягічных супярэчнасьцяў. Ніколі яго гэта ні ў чым не спыняла. То бок, нават калі Масква і будзе нешта прапаноўваць на аснове яго ж уласных словаў – дык ён жа гаспадар сваіх словаў. Я не прыгадваю, каб ён хоць раз клапаціўся аб тым, што адны словы могуць супярэчыць іншым.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: А можа, зь іншага боку, гэтыя словы будуць важкія і дадуць гэтую зброю? Вось яны зараз разьмяшчаюць «Іскандэры» ў Калінінградзе, ствараюць гэтыя групоўкі ў Сырыі і ў Крыме. Але можа, Беларусі пойдуць насустрач, як ішлі ў мінулым. Ці яны ўжо паўсюль дзейнічаюць паводле новай стратэгіі, якую апісаў Арсені: бясьпека Расеі – толькі там, дзе стаіць расейскі салдат?

Касьцюгова: Па-першае, у межах гэтай стратэгіі найноўшыя ўзбраеньні разьмяшчаюцца там, дзе расейцы маюць вайсковы і палітычны кантроль. Беларусь пакуль такой тэрыторыяй не зьяўляецца. То бок, трэба нешта зь ёй зрабіць да таго, каб наважыцца на такія дзеяньні і ўключыць яе ў гэты плян, калі такі плян наагул існуе.

Дракахруст: І вы выключаеце такі варыянт, што Лукашэнка сваімі скандаламі чагосьці можа і дамагчыся?

Касьцюгова: Не, не выключаю. Можа нешта і атрымае. Я думаю, будзе як звычайна бывае ў гандлі з Масквой, калі спачатку выстаўляюцца максымальныя патрабаваньні, а потым знаходзіцца кампраміс на нейкіх больш-менш прымальных для Масквы шляхах.

Ці паедуць беларускія міратворцы ў Данбас?

Дракахруст: Днямі «нармандзкай чацьвёрцы» і ААН быў прадстаўлены даклад, сярод аўтараў якога – былы генсек NATO Расмусэн, у якім прапануецца ўвод ва Ўкраіну міратворцаў пад сьцягам ААН са Швэцыі, Бразыліі і Беларусі. Ад прапановаў экспэртаў да іх рэалізацыі дыстанцыя вялікая. А наколькі? Ці могуць быць прынятыя гэтыя прапановы? Калі будуць, то як гэта зьменіць вайскова-палітычны стан Беларусі?

Касьцюгова: Не магу тут сказаць нічога дакладнага. Мне здаецца, што пакуль рана казаць нешта пэўнае, сама канфігурацыя ўяўленьня пра тое, як будзе выглядаць міратворчая місія ва Ўкраіне, зьменіцца яшчэ шматразова.

Сівіцкі: Здаецца, што міратворчая апэрацыя ААН на Данбасе зьяўляецца адзіным сродкам дээскаляцыі канфлікту. Я таксама нагадаю, што гэта ня першая экспэртная ініцыятыва. Бо ўпершыню аб неабходнасьці ўводзіць міратворцаў экспэрты загаварылі яшчэ ў 2014 годзе. Тады былыя высокапастаўленыя асобы са Злучаных Штатаў і Расеі сабраліся на фінскім востраве Бойста і прапанавалі так званы «плян Бойста» з дваццаці двух пунктаў. І вось адна зь іх прапановаў была якраз увесьці міратворчы кантынгент ААН.

За апошнія тры гады такіх дакладаў зьявілася шмат, і я бы пакуль што разглядаў гэты даклад толькі як экспэртную ініцыятыву. Але ўпершыню з дзейных лідэраў дзяржаваў загаварыў пра міратворчы кантынгент Аляксандар Лукашэнка. Гэта было ў 2015 годзе, калі быў Дэбальцаўскі «кацёл», і Лукашэнка прапанаваў туды завесьці беларускіх міратворцаў, каб вывесьці ўкраінскіх вайскоўцаў і тэхніку ў Беларусь. А потым ужо і Парашэнка казаў пра міратворчую місію ААН, і ўсе астатнія.

Што датычыцца пэрспэктывы правядзеньня міратворчай місіі ААН. Мне здаецца, што як мінімум да 2019 году, то бок да прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, гэтае пытаньне будзе замарожанае. Справа ў тым, што Расея затлумлівае тэму міратворцаў і спрабуе такім чынам дасылаць міратворчыя сыгналы міжнароднаму супольніцтву, каб Захад ня ўводзіў новыя санкцыі супраць Расеі. І мне здаецца, што Расея вось так будзе затлумліваць гэтую тэму вельмі доўга.

Крэмль паспрабуе дэстабілізаваць унутрыпалітычную сытуацыю ва Ўкраіне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, каб паўплываць на іх вынік. І ўжо потым пачне новыя перамовы з новым украінскім прэзыдэнтам, новым украінскім урадам, каб выйсьці з канфлікту на Данбасе на сваіх умовах.

Важным фактарам будзе жорсткасьць санкцыяў, якія ЗША плянуюць уводзіць у 2018 годзе, асабліва пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Гэта можа сур’ёзна паўплываць на пазыцыю Расеі па правядзеньні міратворчай місіі на Данбасе.

Аднак калі ўсё ж будзе рашэньне Рады бясьпекі ААН па правядзеньні міратворчай місіі на ўсходзе Ўкраіны, то мне здаецца, што Беларусь безумоўна будзе адной з удзельніц міратворчай апэрацыі. Але на сёньняшні дзень у Беларусі міратворчыя магчымасьці даволі малыя. Існуе толькі адна міратворчая рота, якая сэртыфікаваная ААН, то бок адпавядае міжнародным стандартам, і толькі гэтая рота можа быць уключаная ў склад кантынгенту.

Таму тут для Беларусі ёсьць некалькі рашэньняў: Беларусь ужо зараз можа ствараць умовы для фармаваньня новых міратворчых злучэньняў у сваіх узброеных сілах, у тым ліку з тэхнічнай і фінансавай дапамогай з боку краінаў Захаду і Кітаю, напрыклад. У якасьці прыкладу можна прывесьці тое, як у свой час утваралася міратворчая брыгада Казахстану. Яна цалкам была створана пры тэхнічнай і фінансавай дапамозе Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі.

Дракахруст: Валер, калегі сказалі, што гэты сцэнар пра ўдзел беларускіх міратворцаў вельмі яшчэ няпэўны. Але калі ўявіць, што ён рэалізуецца, ці не атрымае Беларусь зноў міратворчыя актывы і будзе забыты «фарпост Расеі», а будуць гаварыць, што Беларусь – фарпост міру?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Пакуль няма паразуменьня паміж канфліктуючымі бакамі наконт функцыяў і месца разьмяшчэньня міратворчых сілаў. Што тычыцца краінаў, зь якіх павінны быць міратворцы, то яны, па лёгіцы, павінны быць абсалютна нэўтральныя. Бразылія – гэта прымальны варыянт для ўсіх. Але, думаю, кандыдатура Швэцыі не задаволіць Расею, бо Швэцыя, чалец Эўразьвязу, які ўвёў санкцыі супраць РФ. То бок, яна фактычна ўдзельніца канфлікту.

А кандыдатура Беларусі не задаволіць Украіну. Бо фармальна Беларусь – сябра АДКБ, саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, бліжэйшы саюзьнік РФ. Ды і ня толькі фармальна. Леташнія сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні выклікалі вялікую, нават моцна перабольшаную занепакоенасьць Кіеву. І, дарэчы, заявы пра Беларусь як вайсковы фарпост Расеі дадае Ўкраіне новыя аргумэнты, каб не прымаць беларускіх міратворцаў. Таму пакуль што рана рабіць нейкія прагнозы, якія наступствы будзе мець гэтая міратворчая місія для Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG