Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалт над гісторыяй у Верхнім горадзе працягваецца <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


За шпаркімі тэмпамі засваеньня тэрыторыі ў гістарычным цэнтры Менску часта не заўважаюцца факты стратаў бясцэнных помнікаў старасьветчыны.


Аднак выпадкаў прыцягненьня да адказнасьці вінаватых за разбурэньне аб’ектаў, што ўваходзяць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, няма – нягледзячы на шматлікія звароты гісторыкаў, архітэктараў, археолягаў у кантрольныя і наглядныя органы. Адным з апошніх прыкладаў стала рэканструкцыя бэрнардынскай камяніцы XVII стагодзьдзя у Менску.

Тэмпам будаўнічых працаў у гістарычным цэнтры сталіцы можна было б пазайздросьціць. На месцы гістарычных будынкаў як на дражджах расьце комплекс Менскай духоўнай акадэміі, які больш нагадвае катэджавы пасёлак. Пад каўшамі экскаватараў зьнікае ня толькі так і ня вывучаны археалягічны пласт, але і рэальныя архітэктурныя помнікі. У дадзеным выпадку гаворка пра бэрнардынскую камяніцу на рагу вуліц Кірыла і Мятода ды Гандлёвай. Гэта адно са старэйшых збудаваньняў у Верхнім горадзе.

Аўтэнтычнасьць – нішто. Сучаснасьць – усё?

Гісторык архітэктуры Ўладзімер Дзянісаў канстатуе: практычна на ўсёй тэрыторыі Старога горада аднаўленчыя працы вядуцца з грубейшым парушэньнем як нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародных нарматыўна-мэтадычных дакумэнтаў. Згодна з сучасным падыходам да захаваньня гісторыка-культурнай каштоўнасьці, кажа экспэрт, у першую чаргу павінна захоўвацца аўтэнтычнасьць самога аб’екту, арыгінальнасьць матэрыялу. То бок, сапраўднасьць усіх элемэнтаў, якія дайшлі да нашага часу. Але, паводле суразмоўцы, калі, як у выпадку з камяніцай, разьбіраюцца два паверхі, каб драўляныя перакрыцьці замяніць на жалезабэтонныя, і цалкам зьнішчаюцца ўнутраныя канструкцыі дзеля новай пляніровачнай структуры – рэстаўрацыйнымі працамі такое “засваеньне” назваць нельга:

Камяніца, якая зьмешчана на рагу сучасных вуліц Гандлёвай і Кірылы і Мятоды, зьяўляецца выдатным помнікам архітэктуры Менску.
“Камяніца, якая зьмешчана на рагу сучасных вуліц Гандлёвай і Кірылы і Мятоды, зьяўляецца выдатным помнікам архітэктуры Менску. Збудаваная яна была ў XVIII стагодзьдзі афіцыйна як забудова Менскага кляштару бэрнардынак. Часткова была рэканструяваная напачатку ХІХ-га паводле праекту архітэктара Міхала Чахоўскага. Гэты помнік унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і мае катэгорыю “2”. Гэта катэгорыя адносіцца да тых аб’ектаў, якія ёсьць помнікамі агульнанацыянальнага значэньня. Да пачатку ўсіх будаўнічых працаў, якія пачаліся тут у мінулым годзе, захавалася вельмі шмат аўтэнтычных элемэнтаў. У першую чаргу, драўляная кроквенная сыстэма, сыстэма ацяпленьня і дымаходы, кафэльныя печы XVIII-ХІХ стагодзьдзяў. Захавалася пляніровачная структура і шмат іншых, вельмі цікавых канструктыўных, аўтэнтычных элемэнтаў”.

У выпадку з камяніцай, як удакладняе Ўладзімер Дзянісаў, спачатку былі падмуркі XVII стагодзьдзя і скляпеньні, якія захаваліся да сёньня, на якія потым надбудоўваліся верхнія паверхі. Між тым, паводле гісторыка, калі сучасныя “рэстаўратары” давядуць справу да канца, то гэта будзе ўжо ня помнік XVII-XVIII стагодзьдзяў, а “невядома што, пабудаванае ў ХХІ-м”.

У якасьці апраўданьня тактыкі “разбурэньня дзеля аднаўленьня” ужо чуліся выказваньні: муроўка, маўляў, у вельмі кепскім стане, таму іншага выйсьця і не застаецца. Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што заявы не адпавядаюць рэчаіснасьці: па-першае, да пачатку працаў камяніца стаяла пад дахам і ў яе захаваліся ўсе канструктыўныя элемэнты. Па-другое, некалькі гадоў таму былі зроблены працы на яе ўзмацненьне.

Уратаваць можна, але ня хочацца “пэцкацца”?

Сакрэт у тым, як лічыць адзін з самых кампэтэнтных беларускіх спэцыялістаў у муроўцы Алег Трусаў, што няма павагі да старых муроў: ці гэта звычайная камяніца, ці аб’ект, уключаны ў сьпіс усясьветнай культурнай спадчыны. Тым больш, у сьвеце дакладна адпрацаваная мэтодыка не столькі на рэстаўрацыю, а на кансэрвацыю цагляных муроў:

А тут хуценька разламаў, збудаваў нешта падобнае і яшчэ шыльдачку павесіў.
“Сыплецца любая цэгла – і сучасная, і старая. А сучасная яшчэ больш слабая, чым XVII стагодзьдзя. Прычынай – перапад тэмпэратураў, мароз-сонца і г.д. І калі помнік не даглядаць, то ён выветрываецца, разбураецца, усё высыпаецца. Але зараз у нас вельмі модна: скласьці акт, што будынак у аварыйным стане, зьнесьці, пабудаваць новы, а грошы ўзяць як за рэстаўрацыю. Вось такая сыстэма рэстаўрацыі. Канечне, прасьцей разбурыць, чым сядзець там. Гэта ж трэба ўсё смоламі працягнуць, ёсьць адмысловыя мэтодыкі, паводле якіх усё захаваць можна. Але ўзьнікае пытаньне: якім чынам? Таму паступова выпрацавалася сыстэма – як крыху трэба падумаць, як патрабуюцца нейкія лішнія выдаткі, то гэта разбураецца, робіцца навадзел, а пішацца, што гэта помнік. Такая тэндэнцыя, на жаль, апошнія гады ў Беларусі запанавала. Канечне, аварыйны будынак цяжэй захаваць. Але ж ёсьць для гэтага розныя анкеры, сьцягваньне гэтых муровак. Натуральна, што яно каштуе грошай, час займае. А тут хуценька разламаў, збудаваў нешта падобнае і яшчэ шыльдачку павесіў. Так вось у нас яны і працуюць”.

Археоляг Сяргей Тарасаў колісь праводзіў дасьледчыя працы на тэрыторыі, на якой цяпер цяжкая тэхніка месіць культурны пласт з брудам. Ён таксама зьдзіўлены сучасным падыходам да дэкляраванага “захаваньня спадчыны”:

“Тут шмат што ёсьць, што захавалася. Мы, калі праводзілі раскопкі крыху далей, у бок Сьвіслачы, то там траплялі на гэтыя рэшткі ХVII стагодзьдзя. Тут увогуле паўсюдна так званы гэты археалягічны культурны пласт”.

Карэспандэнт: “То бок, фактычна трэба было б агароджваць тэрыторыю, запрашаць археолягаў...”

Безумоўна, і трэба праводзіць буйнамаштабныя дасьледаваньні на гэтым месцы.
“Безумоўна, і трэба праводзіць буйнамаштабныя дасьледаваньні на гэтым месцы. Тым больш, тут нішто не замінае. Ізаляваная тэрыторыя, на гэтай тэрыторыі не стаяць ніякія будынкі, якія ўяўлялі б пагрозу для археоляга, каб не абвалілася. Так што тут усё гэта мажліва, і трэба гэта рабіць. З досьведу нашай працы, дык перад тым, як праводзіць нейкія раскопкі, у абавязковым парадку заключалі дамову, праводзілі архіўныя пошукі – дзе капалася, што шукалася, дзе якія будынкі стаялі. І толькі пасьля гэтага здымалі ў скрайнім выпадку толькі верхні, наносны, пласт ХХ стагодзьдзя. А ўжо потым працавалі выключна рыдлёўкамі”.



Зруйнаваную камяніцу абяцаюць “адрэстаўраваць”.


На месцы гістарычных аб’ектаў узьнікаюць “катэджы” духоўнай акадэміі.



Ідзе зачыстка тэрыторыі пад навабуды.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG