Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія чыноўнікі павярнуліся тварам да Верхняга гораду?


Ігар Карней, Менск Роўна месяц таму Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падало на разгляд у Менскі гарвыканкам альтэрнатыўны праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру Менску аўтарства былога Галоўнага інспэктара аховы гісторыка-культурнай спадчыны гарвыканкаму Ўладзімера Папругі. Паводле закону, чыноўнікі павінны былі даць адказ ў працягу 30 дзён.

Напярэдадні старшыня таварыства Антон Астаповіч быў запрошаны да размовы ў Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва выканкаму. Што сказалі яму адказныя за будаўнічую палітыку сталіцы чыноўнікі?

Вядомы беларускі архітэктар Уладзімер Папруга цягам пяці гадоў распрацоўваў альтэрнатыўны праект рэканструкцыі і рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру Менску. Ягоная праца, па сутнасьці, сувымерная з калектыўнай творчасьцю цэлага праектнага інстытуту, што само па сабе дазволіла б дзяржаве заашчадзіць немалыя сродкі.

Ці магчымы архітэктурны дыялёг грамадзкасьці і ўладаў?

Архітэктар прапануе альтэрнатыўны эскізны генэральны плян рэгенэрацыі Верхняга горада і прылеглых да яго тэрыторый. Ён прадугледжвае захаваньне існуючай і аднаўленьне старой забудовы, рэканструкцыю пэрымэтра страчаных вуліцаў у аб’ёмах традыцыйнай забудовы, а таксама больш шырокія, у параўнаньні з цяперашнімі, магчымасьці камэрцыялізацыі прывабных для інвэстараў месцаў сталіцы па-за межамі цэнтру. Апроч таго, прадугледжана істотнае перанакіраваньне транспартных патокаў.

Як да прапановаў паставіліся ў Менскім гарвыканкаме? Паводле старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, кіраўнік Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва выканкаму Віктар Нікіцін напачатку тыдня сам затэлефанаваў і запрасіў на сустрэчу. Да размовы далучыліся намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі і некаторыя іншыя экспэрты:

“Канечне, я выказваў вельмі шмат прэтэнзій і да гарадзкой выканаўчай улады, і да Міністэрства культуры. Усе гэтыя прэтэнзіі, дарэчы, былі сфармуляваныя ў лісьце на адрас Камітэту дзяржаўнага кантролю. Адным словам, пакуль дасягнутае наступнае паразуменьне: гарадзкія ўлады і Міністэрства культуры становяцца адкрытымі для дыялёгу. Бо я абазначыў: нельга хаваць пляны ад грамадзкасьці. Павінен быць дыялёг грамадзкіх арганізацыі і выканаўчай улады ў вырашэньні гэтай праблемы, таму што выканаўчая ўлада вельмі часта працуе так, што ідуць пэўныя парушэньні”.

Як паабяцалі спадару Астаповічу, у бліжэйшыя 10 дзён праект будзе разгледжаны спэцыялістамі праектнага прадпрыемства “Мінскграда” і Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва. Ён спадзяецца, што ў працэсе вывучэньня працы Ўладзімера Папругі экспэрты будуць уважлівыя:

“Напярэдадні, калі Нікіцін, Чарняўскі і кіраўнік экспэртызы праглядзелі ў электронным варыянце асноўныя дэталі праекту, пры мне была гаворка: яны таксама знайшлі рацыянальнае зерне. Зь некаторымі аспэктамі, сказалі, будуць спрачацца. Але ў любым выпадку праца пачалася. Тое, што я так настойліва апэляваў да ўсіх дзяржаўных інстанцый (як мне было сказана – стварыў для іх пакутлівыя абставіны сваімі лістамі, дастаў іх ліставаньнем), плюс яшчэ мая апэляцыя да Дзяржкантролю – усё ж дало плён. Я не кажу, што гэта перамога, не будую ілюзій. Але ж зроблены першы крок да нейкага супрацоўніцтва. Тым больш, размова адбывалася не на высокіх танах: мы паўтары гадзіны сядзелі і гаварылі. Што будзе далей – паглядзім. Але дзён праз 10, максымум 15 будзе шырокае абмеркаваньне ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва тых прапановаў, якія зрабіў Уладзімер Папруга”.

Гістарычны адлік Менску – ад савецкіх часоў?

У свой час Уладзімер Папруга займаў пасаду Галоўнага інспэктара ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму. Але ў 2005 годзе кантракт зь ім не працягнулі. Як перакананыя многія – менавіта за прынцыповую пазыцыю ў адстойваньні інтарэсаў гістарычнай часткі сталіцы. А пераломным для Верхняга гораду момантам, як ён лічыць, стаў абвешчаны ў 2004 годзе Менгарвыканкамам конкурс на “лепшы праект разьвіцьця гістарычнага цэнтру Менску”. У адсутнасьць шырокага грамадзкага абмеркаваньня права перабудоўваць Стары горад атрымаў калектыў пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Бубноўскага, колішняга кіраўніка Камітэту ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры. Ад таго часу Стары горад пачаў імкліва забудоўвацца паркінгамі, офіснымі будынкамі і наноў адбудаванымі на месцы гістарычных муроў “муляжамі”:

“Як можна было аб’яўляць конкурс на гісторыка-культурны цэнтар, калі не было зроблена ніякіх гісторыка-навуковых дасьледаваньняў. Ніводзін з калектываў-удзельнікаў, канкурсантаў не атрымаў вось гэтую, неабходную ўсім “падкладку”: а што ж тут у рэшце рэшт было калісьці? Горад Менск мае тысячагадовую гісторыю, але нават сытуацыі на 1914 год не было падкладзена ва ўмовы конкурсу. І гэта ўжо папросту непрыстойна. Тут ужо нават не ідзе гаворка, наколькі гэта неабгрунтавана; папросту непрыстойна тое, што было зроблена. Такім чынам, чакаць ад гэтага конкурсу нейкіх станоўчых вынікаў ад пачатку не выпадала”.

Па словах старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, для таго, каб яшчэ пасьпець уратаваць Верхні горад, патрэбна нават не палітычная воля дзяржавы, а “лякальная воля” на ўзроўні Менгарвыканкаму. Альтэрнатыўны праект Уладзімера Папругі ня толькі прадугледжвае паварот падзеяў назад, але і дае выгадныя магчымасьці для інвэстараў, з дапамогай якіх можна ня толькі будаваць новыя офісы, але і ратаваць гістарычныя аб’екты, унесеныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны пад вышэйшымі катэгорыямі каштоўнасьцяў.

Чым забудуюць Менск у бліжэйшую пяцігодку?, 24.10.2007 Менскім уладам прапанаваны альтэрнатыўны плян рэгенэрацыі цэнтру гораду, 26.09.2007 Акадэмік Вальмен Аладаў: “Нямігу мы ўжо страцілі…”, 17.01.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG