Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане беларуская мова адной з афіцыйных моваў каналу MTV?


Ігар Карней, Менск Спэцыялісты ў сфэры рэклямы канстатуюць падвышаны інтарэс рэклямадаўцаў да беларускай мовы. Асабліва гэта тычыцца рэклямаваньня прадукцыі пад усясьветна вядомымі брэндамі — ад сродкаў мабільнай сувязі да аўтамабільнай тэхнікі. Якія яшчэ можна чакаць ініцыятывы ў справе беларусізацыі іншых сфэраў жыцьця?

Апошнім часам заўважна больш стала беларускамоўнай рэклямы на тэлебачаньні. Па-беларуску загаварылі такія буйныя аўтаканцэрны, як “Рэно”, “Міцубісі”, вытворцы тэлефонаў і бытавой тэхнікі “Самсунг”, “Панасонік”, дылеры вядомай польскай фірмы ў вырабе фарбаў “Сьнежка”, апэратар мабільнай сувязі “Velcom” ды шэраг беларускіх прадпрыемстваў. Прадстаўнікі гэтых кампаніяў усё часьцей гавораць, што беларуская мова паступова робіцца элітнай для буйнога бізнэсу і рэклямавацца па-беларуску становіцца прыкметай добрага густу.

Іншае стаўленьне да беларушчыны, лічаць у Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэманструюць дзяржаўныя структуры. Але актывісты ТБМ сваіх высілкаў не спыняюць. Апошні прыклад — намер выдаць па-беларуску правілы дарожнага руху. Нагадаю, што менавіта сёньня апошні тэрмін падачы прапановаў у справе так званага народнага абмеркаваньня новай рэдакцыі правілаў. Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што верагоднасьць зьяўленьня зводу правілаў на беларускай мове вельмі высокая.

(Трусаў: ) “Мы зрабілі беларускамоўную вэрсію, пераклалі. Так што ім, мяркую, ня будзе куды падзецца, давядзецца выдаць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы разьлічваеце на дзяржаўнае фінансаваньне праекту?”

(Трусаў: ) “Толькі дзяржаўнае. Гэта ўсё робіцца ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй. А каля яны раптам адмовяцца, то мы выйдзем на пракуратуру, лісты грамадзянаў арганізуем. Нашая задача — каб правілы выйшлі па-беларуску. Мы ня лезем у тэхнічныя нюансы. Мы ня ўносілі прапановаў: куды паварочваць і якія знакі ўвесьці. Мы проста ўзялі іх праект, пераклалі на беларускую мову, узгаднілі пытаньні ў Інстытуце мовазнаўства і занесьлі. І цяпер будзем адсочваць сытуацыю, настойваючы на друкаваньні беларускамоўнай вэрсіі. Тым больш, што такое папярэдняе абяцаньне ад міністра Навумава ў нас ужо ёсьць”.

У Дзяржаўтаінспэкцыі пакуль не камэнтуюць пэрспэктывы зьяўленьня правілаў дарожнага руху па-беларуску, удакладняючы, што, паводле заканадаўства, цягам месяца ТБМ атрымае афіцыйную рэакцыю.

Адным з маштабных праектаў пашырэньня грамадзкага ўжытку беларускай мовы можа стаць ідэя новай рэдакцыі тэлеканалу “MTV-Беларусь”. Папярэдне пачатак вяшчаньня заплянаваны на 1 верасьня, аднак ініцыятары вельмі асьцярожныя ў прагнозах. Разам з тым, з дасьведчаных крыніцаў удалося даведацца: усе праграмы “MTV-Беларусь” будуць агучвацца па-беларуску. Вось што сказаў сьпявак Валік Грышко, адзін з распрацоўнікаў праекту “MTV-Беларусь”:

(Грышко: ) “Дзіўна, што такая інфармацыя ўжо вядомая — увесь гэты час яна трымалася ў сакрэце. І пакуль ня будуць аформленыя ўсе дакумэнты, нельга казаць ні пра тэрміны, ні пра штосьці іншае”.

(Карэспандэнт: ) “Але ці можна хоць казаць, што падобны праект мае на ўвазе вяшчаньне на нацыянальнай мове? Прынамсі, такая практыка была ва ўсіх выпадках прыходу MTV у тую ці іншую краіну”.

(Грышко: ) “Гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, хоць вы ў гэтым сэнсе як у ваду глядзіце. Але, паўтару, падобная ўцечка інфармацыі вельмі нэгатыўныя эмоцыі выклікае, таму я зараз ня буду нічога канкрэтна казаць”.

Але, калі ўсё атрымаецца ў адпаведнасьці зь першапачатковымі задумамі, беларуская мова можа стаць 19-й афіцыйнай мовай каналу MTV.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG