Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў Сяргею Скрабцу ў вызваленьні на падпіску пра нявыезд


Уладзімер Глод, Менск Адпаведнае рашэньне прыняла 1 ліпеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Алена Ільіна. Яна не знайшла падставаў, каб задаволіць хадайніцтва апазыцыйнага палітыка былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца. Такім чынам, ён па-ранейшаму застаецца пад арыштам у Берасьцейскім сьледчым ізалятары.

Паколькі справай экс-парлямэнтара ўжо два тыдні займаецца рэспубліканская пракуратура, дык адпаведна і разгляд хадайніцтва аб вызваленьні на падпіску пра нявыезд альбо пад хатні арышт давялося рабіць суду Цэнтральнага раёну сталіцы.

Працэс ішоў менш за паўгадзіны. Да таго ж зь Берасьця ня змог прыехаць адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч, і не было каму абараняць інтарэсы вязьня, не было каму патлумачыць судзьдзі Алене Ільіной пра стан здароўя чалавека, які галадаваў каля сарака дзён.

Прадстаўнік пракуратуры ў сваім выступе ў судзе казаў, што для зьмяненьня меры стрыманьня не існуе неабходных аргумэнтаў. І судзьдзя Ільіна хадайніцтва Скрабца не задаволіла.

Малодшы брат Сяргея Скрабца Аляксандар чакаў яе рашэньня ў калідоры суду.

(Скрабец: ) “Менавіта такога рашэньня я й чакаў. У нас судовыя органы нічога не вырашаюць. Усё вырашае выканаўчая ўлада. Таму ў суд зьвяртацца бессэнсоўна. Маленькая вельмі верагоднасьць была, таму я і пайшоў у суд. Каб пераканацца, што я маю рацыю”.

Гэта другая спроба зьмяніць меру стрыманьня Сяргею Скрабцу. У сярэдзіне чэрвеня аналягічную заяву разглядала Берасьцейская абласная пракуратура, якая ў той час расьсьледавала ягоную справу.

Адвакат Хоміч апошні раз бачыў свайго падабароннага ў сераду — 29 чэрвеня:

(Хоміч: ) “Ён выходзіць на пэўны час з галадоўкі. Але сказаў, што потым зноў працягне галадаваньне”.

Спадар Хоміч лічыць, што гэта можа здарыцца ў любы дзень.

***

Нагадаем, у красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу — тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом “БелБабаеўскі”. Што тычыцца другой справы, дык сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG