Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі аднаўляецца традыцыя дэкараваньня яек на Вялікдзень


Юлія Шарова, Менск У Беларусі адраджаецца мода на дэкараваньне велікодных яек. Сёлета ў крамах яшчэ ў лютым сталі ў вялікай колькасьці зьяўляцца разнастайныя яйкі-сувэніры, вырабленыя з розных матэрыялаў і на розны лад упрыгожаныя. Хрысьціянскія вернікі й мастацтвазнаўцы лічаць гэта прыкметай адраджэньня сапраўдных традыцыяў адзначэньня рэлігійных сьвятаў.

Рабіць яйкі-сувэніры і дарыць іх на Вялікдзень родным і блізкім яшчэ ня стала для беларусаў звычайнай зьявай. Але шмат хто ўжо не абмяжоўваецца традыцыйным перадсьвяточным рытуалам: варыць яйкі ў цыбулевым шалупіньні. Вось што думаюць наконт новай моды мінакі на менскіх вуліцах:

(Спадарыня: ) "Я не прыхільніца гэтага. Мая бабуля заўсёды фарбавала толькі натуральнымі фарбамі".

(Дзяўчына: ) "Фарбавальнікамі набытымі фарбуеш, ці цыбульным шалупіньнем, але менавіта не як сувэнір, а традыцыйна".

(Пэнсіянэрка: ) "Каб яйкі былі фарбаваныя не ў розныя колеры, а каб як звычайна, каб чырвоныя яйкі былі".

(Дзяўчына: ) "Ну так, фарбуем і дэкаруем. Пад нейкія марлечкі выразаем паперкі. Так і дэкаруем".

(Спадарыня: ) "Я буду фарбаваць яйкі. Набыла для гэтага парашочкі такія й паперку з аплікацыямі. То бок, буду дэкараваць".

Прыкладна стагодзьдзе таму ў Беларусі росьпіс велікодных яек быў даволі распаўсюджанай завядзёнкай, найперш сярод шляхты. Сястра Варвара, якая працуе ў праваслаўнай краме на Камароўскім рынку, кажа, што сапраўдных “пісанак” цяпер амаль няма. Калі ж яны і сустракаюцца, то каштаваць такая рэдкасьць будзе неверагодна дорага. У краме сястры Варвары ёсьць дэкаратыўныя яйкі, зробленыя арцелямі пры манастырох. Гэтыя сувэніры набываюць, але нячаста.

(Варвара: ) "Усё адно: як ні афарбоўваюцца, як ні ўпрыгожваюцца яйкі, традыцыйна фарбуюць іх шалупіньнем ды ў гэтую горку карычневых яек ужо для разнастайнасьці кладуць тыя".

Мастацтвазнаўца Тацяна Маркавец лічыць, што ў традыцыях адзначэньня рэлігійных сьвятаў беларусы ўсё болей набліжаюцца да іншых краінаў, дзе ўлады ніколі не ваявалі супраць рэлігіі.

(Маркавец: ) "Гэта проста сьведчыць пра тое, што мы вяртаемся да звычайных нармальных адносінаў, калі гэта ёсьць і ў людзей, калі яна самі дэкаруюць, і ў крамах. І гэта ўжо норма".

Мастачка Наталя Кійко зрабіла некалькі дзесяткаў керамічных велікодных яек. Адзін з такіх сувэніраў колькі год таму атрымаў у падарунак вядомы беларускі палітык Павал Севярынец – на керамічным велікодным яйку былі намаляваныя бела-чырвона-белыя сэрцы. Сэрца – сымбаль любові, белы і чырвоны колеры – сымбаль сьцяга Хрыстовага й адначасова – колер беларускага нацыянальнага сьцяга. Так мастачка Наталя Кійко тлумачыць сваю задуму.

(Кійко: ) "Цяпер гэта вельмі вострая тэма, бо, на жаль, дзяржава нашая прыняла зусім іншы сьцяг, і зноў-такі атрымліваецца, што яна топча і ўкрыжоўвае сьцяг Хрыста. Таму для мяне гэта вельмі балюча, і я зноў хацела нагадаць праз гэтыя колеры, каб людзі не лічылі, што бела-чырвона-белы – гэта новаўтворанае нешта ці даволі штучнае для нашай культуры, а што гэта ёсьць натуральным і мае вельмі глыбокія традыцыі й карані".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG