Больш як празь пяць гадоў пасьля пачатку масавых рэпрэсій у Беларусі ў суседніх Польшчы, Літве, Чэхіі і больш далёкіх Нямеччыне, Вялікай Брытаніі паўсталі і дзейнічаюць каля двух дзясяткаў выдавецтваў, дзе працягваюць выходзіць беларускія кнігі. Іх выдаюць Валянціна Андрэева, Павал Анціпаў, Мікіта Белаглазаў, Ігар Іваноў, Яраслаў Іванюк, Алена Казлова, Павал Лягчылаў, Тацяна Нядбай, Дзьмітры Строцаў, Сяргей Шупа, Андрэй Янушкевіч і іншыя, хто ў мэтах бясьпекі не называе сваіх імёнаў. Летась менавіта беларускія выдаўцы за мяжой сталі ляўрэатамі прэміі «Людзі Свабоды — 2024»
Сабралі для вас самыя цікавыя кнігі 2025 года ад некалькіх беларускіх выдавецтваў замежжа.
«RozUM»: Турэмна-палітычны аўтафікшн
У траўні 2025 года ў Познані зьявілася новае беларускае выдавецтва «RozUM». Ягоны дэвіз: «Праўда мацней за страх. Калі нас прымушаюць маўчаць — гучыць „RozUM“».
Заснавальнікі прэзэнтуюць выдавецтва па-першае, як вольнае, бо дзейнічае па-за межамі цэнзуры і ідэалягічнага прымусу. Па-другое, як незалежнае, бо існуе дзякуючы падтрымцы чытачоў і валянтэраў.
Галоўны рэдактар «RozUМу» Павал Лягчылаў адзначае, што кнігі выдаюццца адразу на дзьвюх мовах: беларускай і расейскай. За паўгода выйшла сем выданьняў.
Пётар Уманскі. «Раз два тры чатыры два»
Першая кніга, якая выйшла ў новым выдавецтве — пра складаную тэму пратэстаў 2020-га і палітычнага зьняволеньня па «народным артыкуле» 342. Кніга адразу стала пераможцай прэміі імя Францішка Аляхновіча. Аўтар вызначыў жанр як «турэмна-палітычны аўтафікшн».
«Гэтая кніга — асабістая гісторыя. Што адчувае чалавек, калі клацаюць кайданкі? Як захаваць сябе ў турме, калі ты ня злачынца? Што адбываецца з сьвядомасьцю, калі цябе вырываюць з волі? Гэтая кніга — эмоцыя, боль, крык, памяць», — кажа галоўны рэдактар «RozUМу».
Аляксей Носаў. «Па-за межамі мроі»
Жанр — навукова-фантастычная аповесьць.
«Зараз увогуле мала фантастыкі, а беларускай фантастыкі амаль і няма. А каб у „science fiction“ была падрабязна апісана Беларусь, традыцыі, культура — такога яшчэ не было, а таму кніга ўнікальная.
І там шмат філязофіі простымі словамі, аб тым як зьмяніць сьвет і палепшыць жыцьцё. Вельмі „смачная“ і сьветлая кніга ў цёмны час», — кажа галоўны рэдактар выдавецтва «RozUM».
Зьміцер Бурбуць. «Крыптаствалы».
Гэта сатырычная п’еса пра беларускую культуру. Паводле галоўнага рэдактара выдавецтва, які назваўся Паўлам, гэта «самая сьмешная кніга году ў нашым рэйтынгу. Сьмех ратуе нас ад вар’яцтва і вяртае права называць рэчы сваімі імёнамі.
Гэта сапраўдная п’еса, гатовая да сцэнічнага ўвасабленьня пра правінцыйны горад Талачын — сапраўдную кавальню талентаў, карысных выкапняў і рэдказямельных элемэнтаў», — перакананы Павал Лягчылаў.
«Янушкевіч»: працяг Гары Потэра, кніга пра вайну ва Ўкраіне, двухтомнік Борхеса
Заснавальнік і галоўны рэдактар выдавецтва Андрэй Янушкевіч сёлета вельмі ганарыцца перакладной літаратурай.
«Гары Потэр і Келіх агню» Джоан Роўлінг
Пасьля чатырохгадовага перапынку нарэшце аднавілася выданьне сэрыі кніг пра Гары Потэра па-беларуску. Выдаўцу Андрэю Янушкевічу ўдалося знайсьці паразуменьні з брытанскімі праваўладальнікамі
«Перавыдадзеныя першыя тры кнігі на беларускай мове, якія раней выходзілі ў Беларусі. І мы выдалі чацьвёртую кнігу „Гары Потэр і Келіх агню“», — кажа Янушкевіч.
Пераклад з ангельскай мовы Алены Пятровіч. Дызайн — Браяна Сэлзьніка (ЗША)
Шчэпан Твардах. «Нуль»
Шчэпан Твардах — вядомы польскі пісьменьнік сучаснасьці, бескампрамісны і рэзкі. Кожная яго кніга станавілася бэстсэлерам: «Морфій», «Драх», «Кароль», «Каралеўства», «Пакора», «Холад».
«Вы сустрэнеце ў гэтай кнізе не герояў, а звычайных салдат, вырваных з мірнага жыцьця. Яны ведаюць толькі адно: перад імі — лінія нуля, а за ёй — вораг у розных абліччах, у якога толькі адна задача — забіць і зьнішчыць. На сёньняшні дзень гэта найлепшае мастацкае ўвасабленьне вайны ва Ўкраіне. Мы вельмі хутка зрабілі пераклад на беларускую мову кніга выйшла літаральна праз паўгода пасьля выхаду польскага арыгіналу», — ганарыцца Андрэй Янушкевіч.
Друхтомнік Хорхе Луіса Борхеса
У выданні сабраныя два знакавыя зборнікі Хорхе Луіса Борхеса — «Вымыслы» і «Алеф», што сталі вяршынямі сусьветнай літаратуры ХХ стагодзьдзя. Борхес спалучае філязофію, міт, тэалогію і дэтэктыўную інтрыгу, ствараючы тэксты, якія чытаюцца як загадкі і развагі адначасова.
Другі том — два позьнія зборнікі апавяданьняў — «Паведамленьне Броўдзі» і «Кніга зь пяску». Гэта развагі пра ўладу і гвалт, памяць і забыцьцё, выпадковасьць і лёс, пра межы чалавечага пазнаньня і небясьпеку абсалютнага ведання.
«Беларускі пераклад Сяргея Шупы дакладна перадае стылістычную стрыманасьць, іронію і інтэлектуальную напружанасьць арыгіналу, адкрываючы беларускаму чытачу Борхеса ва ўсёй складанасьці і прыгажосьці ягонай прозы», — адзначае выдавец Янушкевіч.
Выдавецтва «Vesna»: Культавы літоўскі раман «Silva rerum» па-беларуску ў перакладзе Сяргея Шупы
Цыкль гістарычных раманаў «Silva rerum» доктара мастацтвазнаўства Крысціны Сабаляўскайце — адна з самых значных падзеяў у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігодзьдзяў.
Літоўскія чытачы, выбіраючы ў 2018 г. сто кніг стагодзьдзя, прысудзілі раманнаму цыклю «Silva rerum» трэцяе месца. У Латвіі раманы «Silva rerum» былі абраныя ў сьпіс 100 самых любімых кніг латышоў усіх часоў. Пасьля публікацыі ў Польшчы першы раман цыклю стаў бэстсэлерам, а ў 2016 г. выйшаў у фінал прэстыжнай цэнтральнаэўрапейскай літаратурнай прэміі «Angelus».
Silva Rerum — па-лацінску «лес рэчаў», папулярны ў XVI–XVIII стст. сярод літоўскай шляхты жанр, «сямейная кніга», якая перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне, дзе запісваліся важныя жыцьцёвыя падзеі. Дзеяньне раману адбываецца ў ХVII і ХVIII стагодзьдзях у Вялікім Княстве Літоўскім ды іншых эўрапейскіх краінах і апісвае лёс шасьці пакаленьняў шляхецкага роду Нарвойшаў.
Пераклад зь літоўскай мовы Сяргея Шупы. Трэці і чацьвёрты том кнігі выходзяць у апошнія дні году ў выдавецтве «Vesna».
«Гутэнбэрг»: Дзіцячая кніга пра каляды, «Цыкл сноў». Ева Вежнавец
Заснавальніца выдавецтва Валянціна Андрэева адзначае тры навінкі 2025 года.
«Іншыя Багі». Гаўард Філіпс Лаўкрафт
У Гаўарда Філіпса Лаўкрафта ёсьць творы, якія дасьледчыкі аб’ядноўваюць у «Цыкл сноў» — зь яго і выбраныя апавяданні гэтай кнігі. Пісьменьніка шануюць перадусім як непераўзыдзенага майстра касьмічнага жаху, стваральніка Ктулху і незьлічонай колькасьці пачвар, што ўвасабляюць абсалютны хаос…
«Вельмі настраёвая кніга, стылістычна дасканалая і выдадзеная ў правільны час», — мяркуе заснавальніца выдавецтва Валянціна Андрэева.
«Каляды 1992». Наталка Харытанюк і Воля Кузьміч.
Гэта цёплая гiсторыя зь дзяцiнства, якая пачынаецца напярэдадні Калядаў, калі чацьвёра беларускіх дзетак знаходзяць на гарышчы фотаздымкі калядоўшчыкаў. А што было далей, вы даведаецеся з кніжкi «Каляды 1992»
«Шлях дробнай сволачы». Ева Вежнавец
Нядаўна перавыдзеная кніга «Шлях дробнай сволачы» Евы Вежнавец. Гэта ўжо шостая кніга з сэрыі «Акно ў прозу», у якой любімая аўтарка гаворыць літаральна наступнае: калядны цуд мае адбыцца!
«Пфляўмбаўм»: гіт літоўскіх кнігарняў, успаміны Бэлы Шагал, «агонь-полымя-глюкі-іронія-сарказм»
Заснавальніца жаночага выдавецтва «Пфляўмбаўм» Алена Казлова раіць зьвярнуць увазу на наступныя кнігі.
Катрына Зіле. «Лю́быя косьці»
Гэта гісторыя жыцьця жанчыны, якая захоўвае косьці двух мужчын у мэблевай сэкцыі ў сябе дома. У атмасфэрным, прасякнутым магічнай рэальнасьцю творы пераплятаюцца паўсядзённасьць спальных раёнаў Вільні і літоўскі фальклёр. Час дзеяньня рамана нявызначаны, умоўны. Жыцьцё тут сустракаюць і праводзяць у лазьні шматкватэрнага дома, пастухі езьдзяць на выган на тралейбусах, жывёл трымаюць у кватэрах, хлеб пякуць на лесьвічнай пляцоўцы, у доме ладзяцца рытуалы, адбываюцца цуды.
Марыя Пархімчык. «Эйфарыя»
На IT-востраў у цэнтры Еўропы прыязджаюць журналіст Пітэр Уордсварт і мастацкі кіраўнік танцавальнага калектыву Кацярына Фёдараўна. Ён зьбіраецца зрабіць яскравую гісторыю пра змрочную рэспубліку, яна — годна выступіць на сьвяце ўраджаю. Усё ад пачатку ідзе не па пляне. Героям даводзіцца прайсці праз выпрабаваньні, якія стварае для іх нехта на востраве. Аднак хутка прыгоды пачнуцца і для тых, хто імі кіруе… Дзе праўда, дзе выдумка — дакладна не адкажа ўжо ніхто.
Бэла Шагал. «Запаленыя свечкі»
Успаміны Бэлы Шагал (у дзявоцтве Розэнфэльд) складаюцца з дзьвюх частак — «Запаленыя свечкі» (1945) і «Першая сустрэча» (1947). Абедзьве былі напісаныя на ідышы і выйшлі толькі пасьля сьмерці аўтаркі. Кніга эмацыйна і вобразна расказвае пра дзяцінства Бэлы, яе знаёмства з Маркам Шагалам і адкрывае чытачу жыцьцё Віцебска канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя.
«Па-беларуску кніга публікуецца ўпершыню. Праілюстраваў выданьне Марк Шагал. З вялікімі прыгодамі, але мы дамагліся пакупкі ліцэнзіі на гэтыя графічныя чорна-белыя ілюстрацыі, каб чытач мог атрымаць асалоду ад прыгожага выданьня», — кажа заснавальніца выдавецтва Алена Казлова.
«Полацкія лябірынты»: старажытнагрэцкі эпас, кніга пра паўстаньне ў Варшаўскім гета
Заснавальніца выдавецтва «Полацкія лябірынты», літаратарка, праваабаронца, старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай адзачыла наступныя кнігі 2025 года.
Беларускі пераклад «Энэіды» Вергілія.
Аднатомнае, адрэагаванае і ўдасканаленае выданьне клясычнага эпасу, які стаў падмуркам эўрапейскай культуры. Поўны тэкст з камэнтарамі, слоўнікам імёнаўі дакладна адноўленай паэтычнай структурай.
Ганна Краль. «Апярэдзіць Госпада Бога».
У красавіку 1943 года ў Варшаўскім гета, прызначаным гітлераўскімі акупантамі на зьнішчэньне, выбухнала паўстаньне, арганізаванае змагарамі Габрэйскай баявой арганізацыі. Гэтая кніга — пра аднаго з гэтых змагароў, камандзіра паўстаньня ў яго апошнія дні, ураджэнца беларускага Гомеля Марка Эдэльмана: пра апошнія жахлівыя месяцы існаваньня гета, запісаныя зь ягоных словаў, і пра працу пасьля вайны героя кнігі кардыёлягам ў польскай Лодзі.
Да таго ж, заснавальніца выдавецтва «Полацкія лябірынты» Тацяна Нядбай нагадвае пра кнігі, выдадзеныя крыху раней, але сёлета былі вызваленыя з турмаў іх аўтары — Алесь Бяляцкі і Максім Знак, а гэта значыць, можна атрымаць іх аўтограф.
«Камунікат»: успаміны Ларысы Геніюш, перавыданьне кнігі пра БНР, непадцэнзурныя Быкаў і Караткевіч
Заснавальнік выдавецтва «Камунікат» Яраслаў Іванюк адзначае некалькі найбольш важных і цікавых выданьняў 2025 года.
«Птушкі без гнёздаў» — успаміны Ларысы Геніюш, выдатнай паэткі з самабытным голасам, якая прайшла жудасныя этапы, сталінскія лягеры сьмерці. Твор — шчыры аповед нязломнага, адданага Бацькаўшчыне чалавека, бясконца ўлюбёнага ў свой родны край, у людзей сваей зямлі. Кніга выдадзеная на беларускай і польскай мовах.
«Мы выдалі гэту кнігу разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Польшчы», — кажа спадар Іванюк.
Дарота Міхалюк. «Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920».
«Гэта перавыданьне, але я лічу, што кнігу варта было выдаць з тае прычыны, што за гэты час не зьявілася нічога больш грунтоўнага», — кажа выдавец.
Іванюк называе яшчэ дзьве аповесьці Васіля Быкава, якія выйшлі сёлета без цэнзурных правак: «Ліквідацыя» і «Мётвым не баліць».
Перад самым Новым годам, у дзень 95-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча здадзеная ў друкарню кніга «Каласы пад сярпом тваім», якая таксама выйдзе без цэнзурных правак. Яна пазначаная 2025 годам, але зьявіцца толькі ў сярэдзіне студзеня 2026 года.
Аўдыякнігі: Караткевіч без цэнзуры, экс-палітвязень Максім Знак, «Сабакі Эўропы» Бахарэвіча
Заснавальнік аўдыёвыдавецтва Audiobooks.by (Варшава) Мікіта Белаглазаў прапануе зьвярнуць увагу на тры аўдыёкнігі, агучаныя сёлета.
«Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча
«Новая агучка запісаная і выдадзеная камандай „Кніжнага воза“. Гэта ня толькі сам факт новай, не драматычнай агучкі адной з галоўных кніг клясыкі „белліту“. Але гэта яшчэ і поўная, дацэнзурная вэрсія (якая ў друкаваным выглядзе выйдзе толькі пры канцы студзеня 2026 года)», — кажа Мікіта Белаглазаў.
«Зэкамерон» Максіма Знака
Гэта аўдыёкніга, запісаная «Купалаўцамі».
«Кніга адметная ня толькі якасьцю агучкі лепшымі беларускімі артыстамі. Але і грошы на аўдыякнігу сабралі краўдфандынгам, дзякуючы беларусам з усяго сьвету, калі аўтар знаходзіўся за кратамі ў рэжыме інкамунікада», — заўважае Мікіта Белаглазаў.
«Сабакі Эўропы» у выкананьні Сяргея Шупы
А пры канцы году «Аўдыёкнігі» выдалі палову «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.
«Кніга, якую я даўно марыў убачыць (прабачце — пачуць) у аўдыёфармаце. Мы вырашылі паспрабаваць незвычайны варыянт і выдаваць кожную частку асобнай аўдыякнігай, як толькі яны будуць гатовыя. Агучвае „Сабакаў Эўропы“ Сяргея Шупа», — кажа Мікіта Белагразаў.
Навігатар па аўдыёкнігах тут: audiobooks.by
Форум