Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Комсомолка”: у наступным годзе Беларусь будзе купляць газ па “ўкраінска-туркмэнскай” цане


Падрыхтаваў Уладзімер Глод Агляд незалежнага друку

У сераду кіраўніцтва расейскага “Газпрому” будзе вызначаць цэны на сваю прадукцыю на наступныя два гады. Тое, што кошты ўзрастуць, не выклікае ніякага сумневу. Пытаньне іншае – наколькі падскочаць цэны? Адказ на яго можна знайсьці ў сёньняшнім нумары “Комсомольской правды в Беларуси”. Са спасылкай на экспэртаў, абяцаюць так званы “ўкраінска-туркмэнскі” варыянт, гэта значыць, тыя кошты, па якім Украіна імпартуе газ з Туркмэніі – дзесьці 55-58 даляраў за тысячу кубоў. Сёлета ж Беларусь плаціць “Газпрому” каля 47 даляраў. І хаця беларускія ўлады такой цаной ня вельмі задаволеныя, але ж калі сыходзіць з усясьветных расцэнак, дык гэта зусім танна. Напрыклад, з суседняй з намі Літвы “Газпром” бярэ 90 даляраў, з суседняй Польшчы – 120...

Беларуска-расейскім адносінам аддае значную ўвагу і сёньняшняя “Народная воля”. Яна задаецца пытаньнем: навошта Віктар Шэйман – кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі – паехаў у Маскву? Самы просты адказ: Шэйман будзе ўдзельнічаць у падрыхтоўцы сустрэчы кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў, якая заплянаваная на 4 красавіка ў Сочы. Але газэта зьвяртае ўвагу на адну акалічнасьць – зь Менску Віктар Шэйман паехаў разам з былым сьпікерам расейскай Дзярждумы Генадзем Селязьнёвым. Адсюль і цікавая вэрсія – з дапамагой экс-сьпікера дамагчыся, каб у Сочы прэзыдэнт Расеі сказаў хоць што-небудзь, што можна было б прадставіць як падтрымку мінулагодняга беларускага рэфэрэндуму.

А цяпер крыху аб жыцьці рэгіёнаў. На Віцебшчыне чакаюць паводкі. Як паведамляе сёньняшні “Витебский курьер”, найбольшае сьнежнае покрыва – больш за паўмэтра – цяпер у двух раёнах: Гарадоцкім і Віцебскім. У зоны магчымага затапленьня можа патрапіць агульная тэрыторыя каля 140 квадратных кілямэтраў. Тут найбольшая пагроза чакае жыхароў Віцебскага, Міёрскага і Верхнядзьвінскага раёнаў. Максымальныя ўзроўні пад’ёму вады чакаюцца вышэйшымі за сярэднія і нават блізкія да крытычных.

А вось Уладзiмеру Папковiчу паводка не пагражае. 25 сакавіка ў віцебскай абласной бібліятэцы віншавалі з 70-годзьдзем вядомага беларускага лірыка, пэдагога, перакладчыка і грамадзкага дзеяча. Уладзімер Антонавіч прысьвяціў паэзіі больш за сорак год. Яго творы – аб зьнявечаным вайной дзяцінстве, працавітых і мужных людзях, аб прыродзе, прыгажосьці, каханьні. У апошнім зборніку вершаў юбіляра “На тым стаю...”, выдадзеным летась, прысутнічаюць спавядальнасьць радка, паглыбленасьць ва ўнутраны сьвет чалавека, непрыманьне гвалту і хлусьні, а яшчэ трагізм ад усьведамленьня немагчымасьці зьмяніць да лепшага недасканалы сьвет.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG