Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Сямёнава: “Прафэсія пісьменьніка ў нас хутка апынецца пад забаронай”


Міхась Скобла, Менск (эфір 13 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Гадоў дваццаць таму кнігу Алы Сямёнавай “Таямніцы пакутны колер” які-небудзь пільны цэнзар без сумневу занёс бы ў чорныя сьпісы — за прапаганду рэлігіі, за цытаваньне Бібліі, за “нізкапаклонства” перад Захадам etc. Кніга ўяўляе зь сябе яшчэ адну “жменю сонечных промняў”, шчодра сыпнутую перад вачыма засумавалага па чысьціні чытача. У ёй сьветла ад рымскіх касьцёлаў, ад флярэнтыйскіх palacco, ад духаўздымнай хрысьціянскай паэзіі.

(Міхась Скобла: ) “Спадарыня Ала, найперш прыміце віншаваньне з нагоды выхаду кнігі. Але я зьвярнуў увагу — аналягічныя віншаваньні вы прымалі ажно 10 гадоў таму. Ці нармальна гэта — выдавацца раз на дзесяцігодку? Ці ня шкодзіць гэта літаратурнаму працэсу?”

(Ала Сямёнава: ) “Ніякага літаратурнага працэсу ў Беларусі сёньня няма. І я патлумачу, чаму. З нашымі дзяржаўнымі літаратурнымі пэрыёдыкамі супрацоўнічаць вельмі складана, асабліва цягам апошніх двух-трох гадоў. Спачатку я наіўна лічыла, што ў любыя часы можна супрацоўнічаць з тым жа “ЛіМам”, прычым захоўваючы сваё творчае “я”, не ідучы супраць свайго сумленьня. Таму што ёсьць такі панятак як апэратыўная крытыка. Уявіце сабе, што рэцэнзія Ўладзімера Самойлы на зборнік Янкі Купалы “Адвечная песьня” зьявіўся не ў 1910 годзе, а праз 50 гадоў…

На жаль, наконт “ЛіМу” я памылілася. У ім цэлы год праляжаў мой артыкул пра Ўладзімера Арлова, прычым замоўлены мне самім тыднёвікам. У тым матэрыяле не было аніякіх палітычных момантаў, выключна літаратура sum specie aeternitatis — з пункту погляду вечнасьці. І артыкул так і ня выйшаў. Гэта быў першы падобны выпадак за ўсё маё літаратурнае жыцьцё! Ды, як гэта ні горка прызнаваць, відаць, не апошні. Увогуле, у мяне за апошнія дваццаць гадоў назапасілася пад 90 аркушаў нявыдадзеных крытычных эсэ, прозы… Самі мяркуйце — нармальна гэта ці не. Сёньня ў нас нельга пісаць пра таго ці іншага пісьменьніка, а заўтра сама прафэсія пісьменьніка апынецца пад забаронай”.

(Скобла: ) “На жаль, згаданая вамі гісторыя з артыкулам пра Арлова мае працяг. Днямі з рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва” прыйшла навіна: наўпрост з газэтнай паласы зьнятая рэцэнзія Ірыны Шаўляковай на кнігу Барыса Пятровіча “Шчасьце быць…” (дарэчы, пра яе мы расказвалі ў адной з нашых перадачаў). Не таму, што кніга кепская, не таму, што рэцэнзія няўмела напісаная, а таму што пра Пятровіча. Па-мойму, найгоршы від цэнзуры — на імёны”.

(Сямёнава: ) “Я згодная з вамі. За савецкім часам нельга было цытаваць Біблію, а пра рэлігію можна было пісаць толькі з атэістычных пазыцыяў. Але ўсё ж Біблію прыхавана цытавалі, ня кажучы, што гэта Біблія. І заўсёды залежала, зь якім цэнзарам мы мелі справу. Скажам, была Марыя Канстанцінаўна Высоцкая — разумны чалавек, зь ёю можна было гаварыць. А быў такі цэнзар Аблаў, колішні начальнік турмы. Зь ім гаварыць увогуле было немагчыма. Ён нават тэрмін “Адраджэньне” не ўспрымаў, трэба было яму кіпы кніжак перанасіць, каб даказаць, што эпоха Адраджэньня мела месца ў Эўропе! А цяпер усё залежыць ад прыдуманых некім правілаў — гэтых можна пушчаць, а гэтых ні ў якім разе. Што да нашых пісьменьнікаў, то, пачынаючы недзе з 2002 году, яны згубілі дзяржаўнае поле дзейнасьці. Іх проста выштурхнулі з гэтага поля”.

(Скобла: ) “Вы сябе лічыце выштурхнутай? Вы ж не друкуецеся ў выданьнях, якімі кіруе спадарыня Бондар?”

(Сямёнава: ) “Так. Бо выслухоўваць прэтэнзіі ад… Ведаеце, я многа гадоў адпрацавала ў часопісе “Нёман”. Хто раней рэдагаваў часопіс? Аўтарытэтныя творцы — Пімен Панчанка, Андрэй Макаёнак. Пазьней галоўнымі рэдактарамі былі Анатоль Кудравец — празаік добрага рэалістычнага грунту, але які разумее пісьменьнікаў самых розных стыляў, і Алесь Жук — майстра вельмі тонкага псыхалягічна-лірычнага малюнку пісьма. І раптам на часопіс ставяць радыёпубліцыстку Чайку, якая ніколі не займалася літаратурай, сама ніколі нічога не напісала і, па-мойму, ня вельмі арыентуецца ў літаратуры. Ведаеце, я гатовая выслухоўваць прэтэнзіі ад прафэсіянала, а не ад такіх галоўных рэдактараў. Чайка займалася палітычнай публіцыстыкай і літаратуру ўспрымае менавіта ў гэтым рэчышчы. У мяне іншыя крытэры, якія маюць на ўвазе іншыя, больш вечныя аспэкты”.

(Скобла: ) “Давайце і сапраўды “трохі пра вечнае”. У нас амаль усе СМІ — суцэльная палітычная публіцыстыка, а на тэлеканале “Лад” штовечар футбол. Каб чалавек разьвіваўся гарманічна, павінны быць нейкія прапорцыі спажываньня ім актуальнай і неактуальнай інфармацыі?”

(Сямёнава: ) “Павінна быць разумнае дазаваньне. Гэта агульнасусьветная тэндэнцыя, калі кіч выходзіць на першае месца. Ідзе амасаўляючая сэлекцыя, пачынаюць панаваць духоўная нішчымніца і ваяўнічыя прэтэнзіі, банальнасьць выдаецца за філязофскае адкрыцьцё, а вышэйшыя духоўныя каштоўнасьці ўніфікуюцца і прафануюцца. Спэктар эстэтычных фарбаў выцьвілы. Я толькі адзін прыклад прафанацыі прывяду. Ідзе паказ моды. І раптам на подыюм выходзіць топ-мадэль, апранутая як… мадонна. Што гэта, як не прафанацыя самай высокай сакральнай сьвятыні?!

У Швэцыі ці Францыі як? Чалавек купляе сабе блёк цікавых яму тэлевізійных праграмаў і глядзіць. У нас пакуль гэтага няма. У маім доме ідзе 39 каналаў, зь іх я не магу выбраць таго, што хачу. Пасьля 18 гадзінаў — адны забаўляльныя шоў, баевікі, трылеры і бясконцыя сэрыялы. Я ня супраць іх, але калі на экране з дня ў дзень толькі яны… Сэрыялы гэтыя зарыентаваныя на непісьменных гледачоў з краінаў Афрыкі і Азіі, а іх там 70–90%. А ў нас на гэтым фармуецца сёньня моладзь. І гэта хутка дасца нам у знакі.

Мы вельмі шырока даем на сваім тэлебачаньні Маскву. Але ж — Польшча побач, ёсьць канал “Палёнія” зь вельмі высокім эстэтычным, інтэлектуальным узроўнем. Але адкуль возьмецца ў нас інтэлектуальнае тэлебачаньне, калі інтэлектуалы нашы адсунутыя ўбок? Прыкладам, возьмем небагатую Румынію. Румынскія пісьменьнікі атрымліваюць па 2% ад усёй камэрцыйнай і некамэрцыйнай літаратуры, па 5% ад усіх культуровых перадачаў, якія ідуць па тэлебачаньні і радыё. А сярод 5000 назваў усёй кніжнай прадукцыі ў краіне — 1000 кніг румынскіх пісьменьнікаў. У Саюзе пісьменьнікаў Румыніі 300 вугорцаў, дык яны выдаюцца на сваёй вугорскай мове. А ў нас у пісьменьнікаў нават Дом літаратара дзяржава адабрала.

Вернемся да БТ. Я нічога ня маю супраць Аляксандра Дамарацкага… Але мне прыгадваецца Тацяна Сапач, якая была нібыта народжаная для тэлебачаньня, яна ўмела падаць матэрыял, яна глядзелася выдатна. У нас вядомых дзеячоў культуры, пісьменьнікаў увогуле не падпускаюць да тэлекамэры, як быцца яны зьніклі ў нас, вымерлі. Нам не даюць сур’ёзную камэрную ці сымфанічную музыку, хоць выканаўцы ў нас проста выдатныя. Вось я нядаўна хадзіла на канцэрт беларускай піяністкі Ірыны Шумілінай, цалкам прысьвечаны расейскаму кампазытару Міхаілу Глінку. Гэты канцэрт меў посьпех у Санкт-Пецярбургу, Смаленску, і ў нас поўная сцэна кветак была. Чаму гэта не паказаць па тэле? Некалі Блок гаварыў пра “культуру, якая вырадзілася ў цывілізацыю”. Наша сытуацыя нагадвае Рым пэрыяду заняпаду”.

(Скобла: ) “Нашэсьце барбараў?”

(Сямёнава: ) “Так, нашэсьце барбараў, але барбараў, якія валодаюць фантастычнымі тэхнічнымі сродкамі. Абслугоўваньне самых нізкіх чалавечых інстынктаў ідзе з дапамогай найноўшых тэхнічных дасягненьняў. Усё гэта вядзе да выраджэньня культуры. Сёньня пра гэта мы не задумляемся, а варта. Шмат гаворыцца пра экалёгію натуры, прыроды, але становішча з экалёгіяй культуры ў наш час ня менш катастрафічнае”.

(Скобла: ) “На любую заўвагу ў любым СМІ ёсьць сёньня адгаворка: рэйтынг. Тая перадача рэйтынгавая, выклікае цікавасьць слухачоў-гледачоў, а тая — не. І гэта выглядае цалкам лягічна, і тут ня вельмі паспрачаесься”.

(Сямёнава: ) “Што да рэйтынгаў... Калі б сёньня зрабіць апытаньне на вуліцы, каго людзі ведаюць з кампазытараў, то, я думаю, перамог бы Ігар Круты, Моцарт заняў бы апошнія пазыцыі ў тым вулічным рэйтынгу. У нас па тэле, па радыё, у любой газэце — адна Анжаліка Агурбаш, як быццам больш сьпявачак і сьпевакоў няма. А прыгадайце, якімі накладамі сёньня выдаецца Дантэ, і якімі тыя ж баевікі ды іншая камэрцыйная літаратура. Так што рэйтынг — гэта заўсёды рэч вельмі адносная”.

(Скобла: ) “Мы належым да хрысьціянскай цывілізацыі, якой два тысячагодзьдзі. Тэма неабдымная. Але і тут тэлежурналістамі шукаецца найперш сэнсацыя: знайшлі яшчэ адну Турынскую плашчаніцу! Зноў заміраточылі абразы! Увогуле, хрысьціянства з масавай культурай можна неяк сумясьціць бяз шкоды для першага?”

(Сямёнава: ) “Хрысьціянства вельмі адкрытая для супрацоўніцтва рэлігія. І тыя магчымасьці, якія зьявіліся апошнім часам, былі выкарыстаныя. Прыкладам, сёлета спаўняецца дзесяць гадоў часопісу “Наша вера”, ён каталіцкі, але такога шырокага экумэнічнага і культурнага кшталту. Дарэчы, у бібліятэчцы часопісу і выйшла мая згаданая на пачатку гутаркі кніга — дзякуй рэдактарцы Крыстыне Лялько. Магло б наша тэлебачаньне даваць слова сьвятарам, але менавіта ў праймтайм, побач з навінамі. Ці весьці гаворку, ці дыялёгі, паўгадзіны хоць бы. Але сёньня тэлебачаньне спосабам падачы той самай рэклямы супярэчыць хрысьціянскім запаветам усіх канфэсіяў. Скажам, рэкляма шакалядкі падаецца з такімі нецнатлівымі рухамі…

Пасьля другой сусьветнай вайны зьявіліся тры вызначальныя для ХХ стагодзьдзя рэчы: “Заняпад Эўропы” Шпэнглера, “Крызіс духу” Поля Валеры і эсэ Аляксандра Блока “Крушэньне гуманізму” — назвы гавораць самі за сябе. І куды менш вядомае эсэ зьявілася ў 1923 годзе — “Гэтым пераможаш” Уладзімера Самойлы. І ён яго закончыў з надзеяй, што Бог не пакіне беларусаў і чалавецтва ўвогуле. Ён пісаў: “Цяпер барацьба пераходзіць у краіну духу, дзе мэтады гвалту зусім бясьсільныя”. І я сёньня менавіта на барацьбу духу маю спадзяваньне. Калі мы хочам, каб наша краіна ўваходзіла ў Эўропу і сусьветную цывілізацыю, мы не павінны забывацца найперш пра хрысьціянскія каштоўнасьці. Дзяржава павінна забясьпечыць магчымасьць кансэкраваным асобам мець слова на тэлебачаньні і на радыё. І ня толькі па вялікіх сьвятах”.

(Скобла: ) “У вашай кнізе “Таямніцы пакутны колер” сярод іншага мяне ўразіла апавяданьне “На Цябе, Пане, спадзяюся” — пра тое, як вера ў Бога дапамагае пераадолець невылечную хваробу. І мне прыгадалася, як Булат Акуджава аднойчы прыехаў у анкалягічную больніцу і тры гадзіны сьпяваў там свае песьні. І здарылася дзіва — пацыент ачуняў. Вы верыце ў лекавую ролю культуры?”

(Сямёнава: ) “Для мяне тут найпершы прыклад — Яго Эмінэнцыя кардынал Казімер Сьвёнтак. Ён жа адседзеў у гулагу, і сёньня ў свае дзевяноста гадоў як добра выглядае! Як вядзе імшу, як узьбягае па прыступках! Другі прыклад — Аляксандар Салжаніцын, постаць неадназначная, асабліва для нас, беларусаў, з-за свайго русафільства. Ён жа хварэў на рак, гэта вядома. Але вядома таксама, што ён уцаркоўлены праваслаўны вернік. А наш Барыс Мікуліч як згадваў свае этапы? Што дапамагала выжыць у гулагу? Уявіце: холад, голад, кадэбісты побач, не, мабыць, — энкавэдысты. І раптам нехта пачынае чытаць: “Стройны твой стан, як царкоўныя сьвечкі”... У аднаго матэматыка спыталіся, як вы там выжылі, у тым пекле гулагаўскім? І ён адказаў: са мною была мая альгебра. Я тут магу згадаць таго ж Блока: “Весь груз тоски многоэтажной, сгинь в очистительных веках”. “Ачышчальныя стагодзьдзі” — гэта ж, вядома, шматвяковая культура”.

(Скобла: ) “Палову вашай новай кнігі займаюць нататкі пра падарожжы ў Італію і Нямеччыну. Ці ўплывае прыродны ляндшафт на культурны мікракосм чалавека? Вось вы вырасьлі ў Наваградку побач з замчышчам…”

(Сямёнава: ) “Сапраўды, мне пашчасьціла мець гэты краявід перад вачамі. Чалавека фармуюць вера, адукацыя, атачэньне, прычым атачэньне ў шырокім сэнсе: людзі, краявіды. У мяне груша расьце пад акном (памятаеце, у Караткевіча: “Буяна цьвіла ігруша”?). І вось прыяжджаюць сёньня дзядзькі, каб сьпілаваць яе. І я, ідучы да вас на радыё, вытрымала змаганьне за тую грушу. Бо безь яе, безь верабейчыкаў на ёй, якіх я кармлю, маё існаваньне стане іншым. І ня толькі маё. Бо дрэва — гэта зьява незвычайная. Вы зьвярніце ўвагу: у чарадзейных казках палацы за ноч будуюцца, рэкі сабе рэчышчы пракопваюць. Але ні ў адной беларускай народнай казцы няма, каб за ноч вырасла дрэва. Сёньня можна нагнаць тэхнікі, людзей і вельмі хутка нешта пабудаваць. Але нават пры найноўшых дасягненьнях тэхнікі, батанікі і біёнікі дрэва ні за ноч, ні за год вырасьціць немагчыма.

Калі мы прыехалі ў Францыю, то адразу трапілі на Эйфэлеву вежу. І адразу, як рукой дастаць, я пабачыла сьвятыню Сак-Рэкёр. А пазьней быў Нотр-Дам дэ Пары — Біблія ў камені, і Сэн-Шапэль — Біблія ў шкле. Дарэчы, жыў яшчэ ў ХІ стагодзьдзі абат Сугерый, які гаварыў, што наш дух занадта слабы, і толькі праз матэрыяльныя рэаліі ён здольны ўзвысіцца да сапраўднасьці.

Асабліва набліжанасьць да боскага адчувалася ў Італіі. Флярэнцыя — Санта Марыя дэль Ф’ёрэ, Санта Крочэ, Сан Лёрэнцо. Уявіце сабе: вечар, ружовы мармур, асьвятленьне адпаведнае. І думаеш, чаму кажуць, што архітэктура — гэта застылая музыка? Яна жывая, адухоўленая, яна гучыць у галаве, у сэрцы. Санта Марыя дэль Ф’ёрэ… Сьвятая Марыя з кветкай… Але тут і перакладаць ня трэба, настолькі незвычайная гэтая суладнасьць галосных і лябіядэнтальных гукаў. Нездарма ў Італіі — і Санта Марыя дэль Ф’ёрэ, і Мадонна дэль Ф’ёрэ, і найвядомейшы твор Францішка з Асызу — “Ф’ёрэцьці”. Усё гэта пакідае незвычайны сьлед у душы.

Хочацца згадаць адзін выпадак. У Флярэнцыі іду я каля палацу Век’ё, бачу вазок з кветкамі. Пытаюся: “Чы по фарэс конто?” Мне гандляр адказвае па-італьянску, я не разумею. Перапытваю па-ангельску — ён не разумее. Аддаю яму сваю апошнюю тысячу лір, ён працягвае мне ружу і — жэстам высакароднага сіньёра — вяртае мне мае грошы. І мне падумалася, што там тады луналі флюіды Данатэла, які вешаў сваю гамалейку, свой кашалёк, каля дзьвярэй — для сяброў і знаёмых.

А якія ўражаньні ад Арэа дэль Соль — Дарогі сонца! Па ёй едзеш, нібы мастацкі альбом гартаеш... У таго, хто бачыць усё гэта штодзень, успрыманьне, вядома, прытупляецца, але нешта і застаецца. І ўплыў, безумоўна, ёсьць. Рамэн Ралян некалі пісаў, што немагчыма жыць непадалёку ад Люўру і быць суцэльнай пасрэднасьцю”.

(Скобла: ) “Цяперашні культурны сьвет — даволі шматслоўны. Але ці ня варта творцам перад вачыма вечнасьці быць больш сьціплымі? Міхась Стральцоў пісаў: “Ды толькі болей, чым імгненьне, ня прыме вечнасьць ад цябе”. Ці творца, як той гандляр, мусіць везьці на кірмаш цэлы воз збанкоў — а раптам удасца прадаць адзін-два?”

(Сямёнава: ) “У кожнага мастака свой спосаб выказваньня і існаваньня. Адзін самотны і ў натоўпе. Другі адчувае ў натоўпе душу кожнага чалавека і мае ад гэтага страшэнны дыскамфорт. Нехта можа ў любых абставінах заставацца самім сабою, а некага абставіны ламаюць, робяць іншым. Але тое, што “природа муз не терпит суеты” — гэта бясспрэчна. На падобныя тэмы мы неаднойчы гаварылі зь Міхасём Стральцовым і Алесем Разанавым. Усё пакідае свой адбітак, нічога не праходзіць бязь сьледу. Калі чалавек ніколі не адыходзіць ад лініі лёсу — гэта адно. А калі спрабуе спалучыць кар’еру і наканаваньне — гэта другое. І тут нават у генія тварыць не заўсёды атрымліваецца”.

(Скобла: ) “У генія ня ўсе творы геніяльныя? Вы можаце назваць слабыя радкі ў Багдановіча, Міцкевіча, Пушкіна?”

(Сямёнава: ) “Я другі прыклад прывяду. У фільме пра Моцарта цешча крычыць на кампазытара. І ён спачатку яе чуе, а потым ня чуе — у яго галаве загучала музыка!”

(Скобла: ) “Карацей кажучы, геній — гэта той, хто можа цёшчын крык пераўтварыць у твор мастацтва”.

(Сямёнава: ) “У генія ўсё заўсёды ператвараецца ў творчасьць. А проста таленавіты чалавек заўсёды залежны ад абставінаў, сямейных і побытавых, людзей побач, уласнага настрою. Але геній — гэта наканаваньне, і злое наканаваньне, ён, дарэчы, і схлусіць ня можа”.

(Скобла: ) “І пытаньне напасьледак. Ну няма ў Беларусі архітэктурных шэдэўраў накшталт Арэа дэль Соль — Дарогі сонца ці Санта Марыя дэль Ф’ёрэ. Людзі ходзяць — вочы долу. Які ваш рэцэпт узвышэньня духу?”

(Сямёнава: ) “Найперш узвышае дух вера, а таксама, паводле Гегеля, першая прырода, створаная Богам. І другая прырода — рукатворная, створаная чалавекам: літаратура, жывапіс, скульптура, музыка. І яшчэ — тое наканаванае звыш, што чалавек павінен ажыцьцявіць за свой век. Лёзунгам для чалавека павінна стаць паўтаранае на кожнай сьвятой імшы: “Угору сэрцы!” — “Sursum corda!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG