Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адрэагавалі беларусы на забойства Аслана Масхадава?


Іна Студзінская, Менск Паводле апытаньня на вуліцах Менску, думкі выказваліся самыя розныя, аднадушнасьці і ўхваленьня дзеяньняў афіцыйнай Масквы няма. Многія людзі абураныя аднабокім асьвятленьнем падзеяў расейскімі сродкамі масавай інфармацыі.

(Жанчына: ) “Насамрэч мне проста мала што пра гэта вядома, хаця я нешта чытала і нешта чула з расейскіх сродкаў масавай інфармацыі, але пэўнага ўласнага стаўленьня да гэтага ня маю”.

(Мужчына: ) “Я стаўлюся да гэтага станоўча. Я лічу, што бандытаў трэба зьнішчаць. Таму што калі чалавек арганізоўваў тэракты, гінулі маленькія дзеткі, чаго яго шкадаваць?”

(Карэспандэнт: ) “У асноўным мы ведаем пра гэта з расейскіх СМІ. Вы ім цалкам давяраеце?”

(Мужчына: ) “Не. Ня цалкам”.

(Карэспандэнт: ) “А ў гэтым выпадку давяраеце?”

(Мужчына: ) “Так, у гэтым давяраю”.

(Юнак: ) “Я лічу, што гэта вялікая-вялікая памылка Крамля. Яны будуць доўга разграбаць гэта ўсё. Таму што Масхадаў – гэта ня тая пэрсона, якую трэба было забіваць. Гэта не Басаеў, гэта нават не Радуеў. Гэта яшчэ адгукнецца так, што Маскве будзе мала месца”.

(Жанчына: ) “Мяне вельмі абурыла, што гэтае паведамленьне пра забойства Масхадава “прадэманстравалі”, перарваўшы жаночыя сьвяточныя перадачы. “Гумарына” ідзе, жанкі скачуць, песьні сьпяваюць. І тут спэцыяльны выпуск, каб паказаць цела забітага мужчыны. Гэта ўжо нейкае вар’яцтва. Сапраўды, у сучаснай Расеі нешта ня так, “дах зьехаў”, калі такія сабе дазваляюць рэчы”.

Грамадзкія дзеячы таксама паставіліся да забойства Масхадава па-рознаму. Вось меркаваньне паэта Рыгора Барадуліна.

(Барадулін: ) “Забойства Масхадава – настолькі антычалавечае, антыгуманнае. Гэта адкрыты генацыд, які рэклямуецца па тэлебачаньні. Расея сябе паказвае ня з лепшага боку. “Адбылася зачыстка”. Што за слова – зачыстка? Мне гэта нагадвае вайну”.

Вядоўца: Гэта было меркаваньне паэта Рыгора Барадуліна. У другой частцы праграмы мы працягнем гэтую тэму – як беларусы адрэагавалі на забойства Аслана Масхадава.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “Ён атрымаў тое, што павінен быў атрымаць. Колькі загінула нявінных людзей, колькі загінула дзяцей у мюзік-цэнтры! За адзін Беслан яго трэба было ня толькі забіць, але і чацьвяртаваць”.

Меркаваньне міжнароднага каардынатара “Хартыі-97” Андрэя Саньнікава.

(Саньнікаў: ) “Безумоўна, гэта нічога станоўча ня зьменіць у сытуацыі, таму што Масхадаў быў, падаецца, адзіным, хто прапаноўваў перамовы. А мы ведаем, што ня толькі Захад, Эўропа патрабуюць, каб сытуацыя ў Чачэніі была ўрэгуляваная палітычным шляхам. Гэта найбольш прымальны шлях увогуле ў сусьветнай міжнароднай практыцы. Таму праблемаў гэтае забойства ня вырашыць, а наадварот – дадасьць.

Я добра ведаю, што не даведаюся праўды з расейскіх афіцыйных крыніц пра трагедыю ў Беслане, пра Норд-Ост. І зараз мы не даведаемся праўды пра забойства Масхадава. Ня кажуць нам праўды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG