Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая беларуская праграма Радыё Швэцыя


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Зьміцер Плакс, Тобіяс Люнгваль (Швэцыя).

Сёлетняй вясною, калі да аб’яднанай Эўропы далучылася бальшыня усходнеэўрапейскіх краінаў, мяжа Эўразьвязу наблізілася непасрэдна да Беларусі. Некаторыя палітыкі ў краінах Эўразьвязу занепакоеныя тым, што Беларусь аказалася па-за межамі эўрапейскай супольнасьці народаў. У сувязі з гэтым нядаўна Радыё Швэцыі пачало трансьляцыю праграмы на беларускай мове.

Сёньня ў нас у гасьцях кіраўнік беларускай праграмы Радыё Швэцыі, новы эмігрант зь Беларусі, журналіст Зьміцер Плакс.

(Плакс: ) “Гэта так, Радыё Швэцыі пачынае трансьляцыю на беларускай мове. Зроблена гэта намаганьнямі грамадзкасьці. Прамое дачыненьне мае пашырэньне Эўразьвязу на Ўсход. Беларусь стала памежнай краінаю для Швэцыі, стала суседкаю Швэцыі”.

(Сурмач: ) “Сп. Зьміцер, якое мейсца ў структуры швэдзкіх мэдыяў займае радыё, дзе адчынілася беларуская праграма, што гэта за радыёстанцыя?”

(Плакс: ) “Гэта не палітычная радыёстанцыя і не дзяржаўная радыёстанцыя. Гэта грамадзкі сэрвіс. Яно існуе за грошы швэдзкага народу. Кожны швэд, ці жыхар Швэцыі, які мае тэлевізар, плаціць за гэта, ён павінен мець спэцыяльную ліцэнзію, каб глядзець недзяржаўную грамадзкую тэлевізію і слухаць грамадзкае радыё. Гэта самая буйная радыёстанцыя – 2 каналы тэлевізійных і 6 каналаў радыё. Гэта ўсё наш грамадзкі сэрвіс. Там ёсьць і замежнае радыё, яно мае назву "Радыё Швэцыя”, дзе я і працую. Я тут пачаў працаваць недзе ў 1999 годзе, але быў пазаштатным супрацоўнікам, працаваў для розных праграм. А цяпер я маю сваю праграму”.

(Сурмач: ) “Раней там ніколі не было праграмы на беларускай мове?”

(Плакс: ) “Гэта ўпершыню за ўсю гісторыю, больш за тое – гэта ўпершыню за доўгі час, можа за 30 гадоў, калі Радыё Швэцыі адчыняе трансьляцыю на новай замежнай мове. Яны перадаюць на 9 мовах на замежжа, да нядаўняга часу было і на польскай мове, але зараз няма, ёсьць на эстонскай, латыскай, расейскай мовах, на літоўскай – не”.

(Сурмач: ) “А на ўкраінскай, калі мець на ўвазе мовы суседніх зб Беларусьсю краінаў?”

(Плакс: ) “Не. Замежнае вяшчаньне ўвогуле было скарочана два гады таму, калі стала зразумела, што балтыйскія краіны і Польшча ўвойдуць у Эўразьвяз”.

(Сурмач: ) “Як канкрэтна акрэсьленыя мэты беларускай праграмы?”

(Плакс: ) “Беларуская праграма, мэты і задачы яе – знаёміць беларускага слухача са Швэцыяй, зь яе гісторыяй, зь яе сучаснасьцю, а таксама асьвятляць культурныя, палітычныя. грамадзкія падзеі ў галіне швэдзка-беларускіх стасункаў.

Асноўная задача вызначана ў нашай ліцэнзіі на вяшчаньне, што мы павінны спрыяць дэмакратызацыі ва ўсім сьвеце праз інфармацыю – як функцыянуюць дэмакратычныя інстытуцыі ў такой краіне, як Швэцыя, дзе дэмакратыя існуе не два гады. Мы павінны даваць толькі інфармацыю. Усе высновы слухач павінен сам рабіць. Гэта ня наша задача, каб даваць нейкі аналіз, мы даем факты”.

(Сурмач: ) “Вы як кіраўнік праграмы ці вызначылі ўжо накірункі? Як будзеце працаваць, як будзеце дасягаць азначаных мэтаў?”

(Плакс: ) “У нас пакуль рэсурсы малыя. У той прасторы, якая ў нас ёсьць, мы будзем спрабаваць асьвятляць розныя аспэкты жыцьця Швэцыі. Безумоўна, будзем асьвятляць швэдзка-беларускія стасункі як сёньня, так і ў гістарычнай пэрспэктыве.

Асноўнай формаю нашай працы, я так сабе ўяўляю, будуць розныя інтэрвію. І ў першай праграме гэта пераважна інтэрвію з рознымі дзеячамі, якія так ці інакш маюць дачыненьне да Беларусі.

Мы будзем даваць таксама інфармацыю пра беларускую дыяспару ў Швэцыі, але яна тут нешматлікая”.

(Сурмач: ) “Якая пэрыядычнасьць выхаду ў эфір і працяг праграмы?”

(Плакс: ) “Як гэта выглядае зараз – два разы на месяц кожную другую нядзелю, перадачы па 30 хвілін. Гэта не так шмат, але зь нечага трэба пачынаць”.

(Сурмач: ) “Якімі творчымі сіламі будзе рабіцца праграма?”

(Плакс: ) “Я – прадуцэнт беларускай праграмы. На дадзены момант у мяне ёсьць толькі адзін карэспандэнт. У нас няма карэспандэнтаў за мяжою. Але мы толькі пачынаем. Першая перадача толькі вось, вось”.

(Сурмач: ) “Першая перадача выйшла ў эфір 7 лістапада, які быў ейны зьмест?”

(Плакс: ) “У першай праграме: першы блёк – інтэрвію зь людзьмі, якія маюць дачыненьне да Беларусі, пра найбуйнейшую культурную імпрэзу – штогадовы кніжны кірмаш у Гётэборгу, дзе была прадстаўленая і Беларусь. На заканчэньне – інтэрвію з акушэркаю з аднаго буйнога швэдзкага шпіталю, якая некалькі разоў была ў Беларусі.

Вось гэта чалавечая пэрспэктыва, простага чалавека – яна падаецца нам вельмі важнай. Я спадзяюся на тое, што слухачы ў Беларусі праз вось такія інтэрвію, праз такія рэпартажы змогуць знайсьці кагосьці, з кім яны самі сябе могуць параўнаць. І тады нават малавядомая ў Беларусі краіна – Швэцыя, адразу набывае такое канкрэтнае чалавечае аблічча. Гэта нясе новую інфармацыю, якой не існуе цяпер у Беларусі.

Што ведае сярэдні беларус пра Швэцыю? Амаль нічога. Ведае, што там забілі Улафа Пальмэ, ведае, што "Абсалют" – гэта швэдзкая гарэлка, дзеці ў садках ведаюць, мабыць, хто такі Карлсан. І хіба ўсё на гэтым.

Але ж, Швэцыя – гэта краіна, якая вельмі блізкая да Беларусі ў шматлікіх дачыненьнях. Бліжэй, чым гэта падаецца на першы погляд.

Краіна з дэмакратыяй, якая функцыянуе не найлепш, але добра, гэта краіна, якая забясьпечвае добры ўзровень жыцьця для сваіх грамадзянаў. Маленькая краіна, зь лякальным поглядам на сусьвет, з моваю, якая мае нават падобныя праблемы, як беларуская мова, наагул, шмат чаго агульнага ёсьць”.

(Сурмач: ) “Вы мяркуеце, што гэта інфармацыя будзе прымушаць беларускага слухача задумацца і пра ўласнае жыцьцё?”

(Плакс: ) “Можа быць і так. Мы спадзяемся на нейкую рэакцыю з боку нашых слухачоў у Беларусі. Мы б вельмі хацелі, каб да нас зьвярталіся і самі нам паведамлялі, якія тэмы, якія аспэкты швэдзкага жыцьця для іх цікавыя, аб чым яны хацелі б пачуць у нашых праграмах”.

(Сурмач: ) “Спадар Зьміцер, ці існуе беларускае радыё ў іншых скандынаўскіх краінах?”

(Плакс: ) “Наколькі мне вядома, што не, гэта толькі ў Швэцыі. І гэта упершыню, гэта вялікі крок з боку швэдзкага радыё – пачаць вяшчаньне на новай замежнай мове і вельмі прыемна, што гэты крок зроблены ў бок Беларусі”.

***

Спадар Зьміцер напачатку сказаў пра тое, што да адкрыцьця беларускай праграмы спрычынілася швэдзкая грамадзкасьць. Я запрасіла да размовы аднаго з тых вядомых у Швэцыі людзей, якія спрыяюць сёньня Беларусі. Гэта журналіст Тобіяс Люнгваль, аўтар кнігі пра Беларусь.

(Сурмач: ) “Сп. Тобіяс, як Вы ацэньваеце значнасьць адкрыцьця беларускай радыё – праграмы ў сучасных умовах, чаму гэта адыблося менавіта цяпер?”

(Люнгваль: ) “Я думаю, што Швэцыя становіцца больш важнай для Беларусі, чым гэта было раней. Пра гэта сьведчыць прызначэньне новага амбасадара беларускага ў Швэцыі. Ён раней займаў высокую пасаду, адказваў за кантакты з эўрапейскімі структурамі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі, гэта вельмі кампэтэнтны чалавек”.

(Сурмач: ) “Чаму для Беларусі адносіны са Швэцыяй, на Ваш погляд, набываюць такую асаблівую значнасьць?”

(Люнгваль: ) “Я думаю таму, што з боку Швэцыі ўсё больш надзяляецца ўвагі Беларусі. У нас ёсьць шмат праграмаў падтрымкі дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі. У той час, калі Эўразьвяз пераважна абмяжоўваецца рэзкімі заявамі адносна палітычнай сытуацыі ў Беларусі, то Швэцыя – адна з тых краінаў, якія намагаюцца нешта зрабіць, каб зьмяніць гэту сытуацыю”.

(Сурмач: ) “Вы лічыце, што радыё гэтаму паспрыяе?”

(Люнгваль: ) “Я спадзяюся, што дапаможа, але ня будзем перабольшваць значэньне гэтага радыё. На пачатку гэта будуць перадачы пра тое, што адбываецца ў Швэцыі. Радыё ня будзе вельмі палітызаваным, гэта інфармацыйнае радыё. Але гэта таксама важна”.

(Сурмач: ) “На Ваш погляд, якую інфармацыю са Швэцыі карысна было б падаваць беларускаму слухачу?”

(Люнгваль: ) “Я лічу, ўся інфармацыя будзе карыснаю таму, што сёньня можна заўважыць усё большае абвастрэньне адносінаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу. І таму патрэбна паказваць іншае іх аблічча, іншы імідж, чым той, які стварае пра эўрапейскія краіны беларускае радыё і тэлебачаньне”.

(Сурмач: ) “Яны ствараюць вобраз ворага?”

(Люнгваль: ) “Лукашэнка нядаўна пра гэта на пасяджэньні Рады бясьпекі гаварыў, што трэба разьвенчваць вобраз эўрапейскіх краінаў. Казаў, што трэба паказаць беларускаму народу, як заходнеэўрапейскія краіны распаўсюджваюць у Беларусі прастытуцыю, наркаманію і іншыя заганныя зьявы, гаварыць пра тое, што ў нас дрэнна і што дрэннага мы робім для Беларусі. Таму я лічу, што інфармаваньнем беларускага грамадзтва пра сапраўдную сытуацыю ў эўрапейскіх краінах патрэбна займацца”.

(Сурмач: ) “Швэцыя, якая мае багатыя дэмакратычныя традыцыі, вопыт вашай краіны, як лічыце, можа быць цікавым для беларусаў?”

(Люнгваль: ) “Я лічу, што так. Я буду слухаць гэтую перадачу і мне цікава, як гэта будзе падавацца. Што я яшчэ хацеў бы сказаць? Я ўвесну нават лабіраваў трохі тут гэтае пытаньне. Разам з адным беларусам мы напісалі ліст да швэдзкага дзяржаўнага радыё, каб яны пачалі перадаваць перадачы на беларускай мове. Маё бачаньне гэтай справы было нешта больш падобнае на тое, што вы робіце на Радыё Свабода. Я лічу, што мы лепей маглі б дапамагчы, каб інфармавалі беларусаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Але пакуль мы будзем інфармаваць пра тое, што адбываецца ў Швэцыі, гэта таксама карысна. Калі разважаць далей, то я спадзяюся, што ў будучыні гэта праграма перарасьце ў нешта больш падобнае менавіта да Радыё Свабода, але гэта ў далёкай пэрспэктыве”.

***

На завяршэньне нашай перадачы вернемся да размовы са Зьмітром Плаксам.

(Сурмач: ) “Спадар Зьміцер, Вы былі ў Беларусі вядомым журналістам. Пэўна, нашым слухачам будзе цікава, як склалася Ваша жыцьцё на эміграцыі?”

(Плакс: ) “Я ад''ехаў зь Беларусі напрыканцы 1996 году, але ж канчаткова застаўся ў Швэцыі ў 1997 годзе. Я паскардзіцца не магу на мой лёс. Я атрымаў працу праз 6 месяцаў, першую маю працу. Я працаваў мастаком у тэатры, я ж яшчэ і мастак. Працаваў ў адным з тэатраў мастаком, а потым паставіў як рэжысэр некалькі п’есаў. Далей стаў працаваць як журналіст, калі ўжо швэдзкую мову вывучыў. Спачатку працаваў у рэгіянальных газэтах, а затым у адной буйнейшай швэдзкай штодзённай газэце. Працаваў таксама, як літаратурны крытык, у вядомым швэдзкім літаратурным часопісе. І дасюль працую яшчэ, як мастак і пісьменьнік.

У Беларусі ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы зараз ідзе мая п’еса, якая была пастаўленая маладым швэдзкім рэжысэрам год таму на Малой сцэне.

Зараз мы арганізуем сэмінар у Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакгольме, на які мы запрашаем артыстаў і драматургаў зь Беларусі. Так што шмат чаго маю рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG