Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка Вераніка Круглова нарадзіла дачку


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд беларускага друку

Сёньняшні “Витебский курьер” шмат матэрыялаў прысьвячае перадвыбарчай тэматыцы. Тут можна знайсьці гісторыю з адменай рэгістрацыі кандыдаткі Алены Сом, з затрыманьнем іншай кандыдаткі, Ніны Кавалёвай, расповед пра перавагі ў агітацыі за кандыдатаў ад улады дый шмат чаго яшчэ зь перадвыбарчай хронікі Віцебскага рэгіёна.

Больш за 400 бабруйскіх інвалідаў па зроку й слыху выказалі падтрымку рэфэрэндуму, піша “Бабруйскі кур’ер”. Здарылася гэта падчас адзначэньня Дня пажылых людзей – да іх завіталі праўрадавыя кандыдаты на дэпутатаў і, відаць, патрэбным чынам інвалідаў праінструктавалі.

Таксама газэта зьвяртаецца да праблемы вайсковых гарадкоў, якія прыходзяць у заняпад. Цяпер жытло на такіх аб’ектах спрабуюць прадаваць па завышаных коштах.

“Комсомольская правда в Беларуси” апавядае пра 2 тысячы фальшывых квіткоў, прададзеных на канцэрт расейскага гурта “Звери”, што адбыўся ў Менску ў мінулую пятніцу. Высьветлілася, тут папрацавалі афэрысты: надрукавалі квіткі на ксэраксе, але прадавалі іх па вельмі праўдзівай цане – 15 тысяч рублёў. Фальшывыя квіткі прадаваліся ў распаўсюднікаў на станцыі мэтро “Ўсход”, і ў той жа вечар міліцыя махляроў злавіла.

І яшчэ “Камсамолка” паведамляе пра тое, што сьпявачка Вераніка Круглова нарадзіла дачку. Гэтая шчасьлівая падзея адбылася ў мінулы ўік-энд у адной зь лякарняў Бэрліна. Дачку рок-князёўны назвалі Дамэніка Йо Йо Круглова-Канішэфф, ну а сама рок-князёўна прызналася, што ў часе родаў сьпявала, бо так ёй было лягчэй. Яна стала мамай у трыццаць восем год, і аказалася адной з самых маладых мацярок у лякарні, хоць у Беларусі за галаву хапаліся, калі яна сказала, што зьбіраецца нараджаць у такім узросьце. Цяпер Вераніка пачуваецца добра, і ўжо ў лістападзе мае сьпяваць на Бэрлінскім фэстывалі ўсходніх культур.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG