Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасі, дамо / дадзім, дасьц(е/ё); ясі, ямо / ядзім, ясьц(е/ё)


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Даць і есьці – да сёньняшняга дня гэтыя два дзеясловы ў асноўным захавалі свае старажытныя формы: я дам, ты дасі, ён есьць, мы ямо, вы ясьце. Нарматыўнасьці формаў другой асобы дасі, ясьце або ясьцё пад сумнеў ня ставілі й ня ставяць – як вынік, гэтыя формы адносна стабільна ўжываюцца ў сучасным беларускім маўленьні. А вось формы першай асобы множнага ліку ямо й дамо ў савецкую пару выціскаліся на пэрыфэрыю літаратурнае мовы. Акадэмічныя граматыкі зводзілі іх да рэгіянальных. Вядома, у ХХ стагодзьдзі формы ямо й дамо ўжо не былі характэрныя для ўсёй прасторы беларускай народна-дыялектнай мовы, арэал іх ужываньня звузіўся да паўднёва-заходняга дыялектнага масіву, а таксама – фрагмэнтарна – сярэднебеларускіх гаворак. Тым ня менш у нашай маладой на пачатку мінулага стагодзьдзя новай літаратурнай мове такія формы сталі рэгулярнаю зьяваю. Згадаю хаця б добра знаёмую Цётчыну “Прысягу над крывавымі разорамі”. “Мы – дамо! Мы – сіла! Мы – права!” – гучыць сыноўскае прысяганьне старому Мацею. Ёсьць форма дамо ў Коласа й Купалы, у Брыля й Быкава, у Адамчыка й Гілевіча... Хіба ж можна пасьля гэтага залічаць форму да дыялектных, ігнараваць яе ў нарматыўных слоўніках?

Вось жа, запомнім: поруч з пазьнейшымі формамі першай асобы множнага ліку ядзім і дадзім ёсьць паўнапраўныя, сьцверджаныя традыцыяй літаратурнага ўжываньня ямо й дамо. Ня боймася таксама ўжываць старажытныя формы і ў дзеясловах, вытворных ад даць і есьці. Гаворым па-беларуску: мы ямо, даямо, зьямо, пад’ямо, паямо; мы дамо, аддамо, дадамо.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG