Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень бардзюра. Падарожжа ў Чарнобыльскую зону


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”.

Чарговы раз выпраўляючыся ў падарожжа па Беларусі, я думаю пра тое, чым так вабіць мяне гэты край, ягоная правінцыя. Гэтым разам – Гомельшчына: Рагачоў – Чачэрск – Ветка – Гомель – Лоеў – Брагін – Хойнікі – Нароўля – Мазыр і, натуральна, мястэчкі, вёскі. Адказ урэшце вымалёўваецца такі: тут, у адрозьненьне ад сталіцы, не адчуваецца бясчасься. Раптам вяртаюцца, наглуха забытыя ў Менску, уласныя дзіцячыя ўспаміны і адчуваньні, якія натуральна пераходзяць у адчуваньні сёньняшнія і ты робісься пэўны, што жыцьцё ідзе, што яно не спынілася, бо замест палітычнага застою, які дамінуе ў сталіцы, у правінцыі на першым месцы – чалавечы клопат і лёс, і менавіта імі вымяраецца ўсё, што было, ёсьць і будзе. Чарговы раз вяртаюся да думкі, што ў сучаснай Беларусі няма правінцыі, бо тое, што бачыш у гэтых мястэчках, вёсках, у лесе і на беразе ракі – гэта і ёсьць сама Беларусь, па якой тужыць сэрца.

Сталіца ўражвае сваімі перабудовамі, якія ў сутнасьці ёсьць імкненьнем да пустаты. Усё шырэйшыя пляцы і праспэкты, усё большыя прасторы... І бясконцая тыповая забудова – гэта таксама пустата. Згадваецца савецкае армейскае слова “едінообразіе”. У правінцыю гэтыя павевы даходзіць толькі ў карыкатурным выглядзе. У раённых гарадках праводзіцца адзіны “Дзень бардзюра”. Гэта значыць, усе бардзюры рэгулярна фарбуюцца вапнаю, ад чаго мястэчка пачынае нагадваць вайсковы гарадок. Чысьценька, вуліцы вымецены, бардзюры пафарбаваныя. Пафарбаваныя і ўсе дрэвы. Лісьце на іх, як у савецкіх вайсковых гарадках, пакуль не фарбуюць, ці таму, што сама тэндэнцыя яшчэ не дайшла да поўнага абсурду, ці таму, што лісьце пакуль зялёнае, пакуль едінообразное.

Мабыць, усялякі парадак, які дыктуецца зьверху, набывае рысы вайсковага і ў мірным жыцьці абсурднага. Як тыя “едінообразные” платы ў вёсках паўз дарогу. Раней можна было па такіх платах пазнаваць мясьціны, дзе праехаў прэзыдэнт. Цяпер жа такія платы амаль паўсюль, раён пераймае моду ў раёна. Яны чыста бутафорскія, бо за імі паўсюль відаць платы рэальныя, сапраўдныя, прыналежныя гэтай канкрэтнай хаце. Іншы раз рэальны плот на некалькі мэтраў адступае ад паказушнага. І гэта таксама мэтафара “новага парадку”, які да спарадкаванага жыцьця ня мае ніякага дачыненьня.

Прэзыдэнцкія платы ўспрымаюцца людзьмі як знакі той самай пустаты. Іх не абжываюць, не выкарыстоўваюць, ні разу ня бачыў на такім плаце гляка або хоць бы анучы. Пра іх ня думаюць. Гэта сходу разумееш, загаварыўшы зь людзьмі, якія пазіраюць на такія рэчы па-філязофску. Старэйшыя набачыліся за жыцьцё ўсялякай начальніцкай дурасьці, каб зьвяртаць увагу на такія дробязі. А што да мяне, дык варта праехаць гэтую тысячу кілямэтраў, каб ужо ня бачыць у платах, бардзюрах і падмеценых вуліцах ані прыгажосьці, ані парадку. Асабліва калі ведаеш, што Брагін, які год назад яшчэ адсялялі, цяпер лічыцца чыстым горадам, што ў Барталамееўцы, дзе ад радыяцыі пяршыць горла, сёлета пасяліліся людзі, што ў Вялікім Бары, дзе жывуць сотні пэнсіянэраў, закрылі лякарню, а вёска Двор перастала існаваць, так бы мовіць, біялягічным парадкам – вымерла.

Мы едзем у Чарнобыльскую зону. Але пра ўсё па парадку.

Кажуць, цяпер у зоне не сустрэнеш герояў быкаўскай “Воўчай ямы”, бамжоў і самасёлаў. Тут уведзены жорсткі кантроль за ўсёй тэрыторыяй. Некалькі асноўных дарог заасфальтаваныя, а ўсе другасныя даўно ператварыліся ў балота або лес. Трэба праехаць некалькі прапускных пунктаў, каб патрапіць да эпіцэнтру аварыі. Па ўсёй зоне збудаваныя маякі – такія як некалі ставілі ў лясьніцтвах, толькі разы ў тры вышэйшыя. На іх стаяць людзі зь біноклямі на адлегласьці бачнасьці адзін ад аднога. Словам, тут і мыш не праскочыць незаўважанай. У зоне працуе вялізны штат людзей у камуфляжы. У зоне жывуць зубры і процьма іншых прадстаўнікоў жывёльнага сьвету.

Праўда, пакінутыя хаты і палеглыя слупы электраперадачаў па-ранейшаму нагадваюць пра кінафільм “Сталкер”. Так бы і кінуў гайку, і пайшоў зараз вунь да той руіны, шукаць пакой, дзе збываюцца запаветныя жаданьні. Але ісьці нельга. Пажадана з асфальту не сыходзіць. Самыя простыя правілы знаходжаньня ў зоне – не хадзіць у гушчар, не сядаць на зямлю, не паліць вогнішча або цыгарэту. У зоне – строга адведзеныя месцы для курэньня. Больш за ўсё тут баяцца дзьвюх стыхіяў: Лукашэнкі і пажару.

У выселеных вёсках цэлыя вуліцы стаяць бяз хатаў, бо іх пахавалі, закапалі ў зямлю. Але да мноства хатаў-руінаў рукі не дайшлі. І чым глыбей у зону, тым спусташэньне меншае. Падымаю з падлогі часопіс “Пионер” – быў такі і ў маім дзяцінстве. 1984 год. Ужо бібліятэчны экспанат – усё пра Леніна ды іншых герояў той прызабытай эпохі. Як жа даўно ўсё гэта было! Нібы ў іншым жыцьці.

Вялікая вёска Бабчын – за шлягбаўмам, але жыцьцё тут кіпіць. У дамках жывуць работнікі запаведніка, ідзе будоўля, стаяць зусім новыя будынкі спэцыфічнага прызначэньня – служба радыялягічнага кантролю і падобныя. А побач – кінуты вялізны будынак некалі новай школы. А побач зь ім – прыгожы з чырвонае цэглы будынак пэдтэхнікуму. Гэта ці ня самыя каштоўныя фотаздымкі ўсяго нашага падарожжа.

Пэдтэхнікум, прызнаюся, зацікавіў мяне даўно, яшчэ да Чарнобыльскай аварыі.Чытаў пра яго ў самаробным перадруку кнігі Язэпа Найдзюка “Беларусь учора і сяньня”. У падрабязным аглядзе гісторыі беларускага нацыяналізму сярод традыцыйных месцаў актыўнасьці – Віленшчына, Гарадзеншчына, Случчына – раптам кінулася ў вочы вёска Бабчын, пэдагагічны тэхнікум у ёй, а ў ім – буйная антысавецкая арганізацыя Альтруістаў. Найдзюк піша, што ў 1928-30 гадах гэтая арганізацыя рыхтавала незалежніцкае паўстаньне.

“18-20 траўня 1930 году пачаўся разгром яе (арганізацыі Альтруістаў) органамі ГПУ. У мястэчка Хойнікі з Гомеля прыбыў спэцыяльны цягнік са штабам адказных працаўнікоў і войска ГПУ. У выніку 47 лепшых сяброў арганізацыі, у тым ліку сябры цэнтру на чале з Калубовічам, Кузьменкам, Стаховічам, Лантасам, Рудчэнкам, Грыгаровічам і іншымі былі арыштаваныя і перавезеныя ў турму Гомельскага акруговага аддзелу ГПУ, а потым у Менскі турэмны замак”.

Судовы працэс над альтруістамі быў закрыты – акурат пачыналіся тады, у 30-м годзе, закрытыя працэсы. Але гэты суд яшчэ адрозьніваўся ад тых, што будуць у 37-м адносна мяккім прысудам (завадатар атрымаў “усяго” тры гады ГУЛАГу, тады як у 37-м усе без сумневу былі б расстраляныя) і адкрытымі пратэстамі грамадзкасьці, якіх пазьней ужо ня будзе. Найдзюк піша пра тое, што суд выклікаў непарадкі, а ў мястэчку Брагін нават меў месца акт замаху на жыцьцё начальніка раённага аддзелу ГПУ, у часе якога той быў паранены...

І вось да спустошанага будынку тэхнікуму ўдалося патрапіць толькі цяпер. Гэта вельмі добра складзены высокі двухпавярховы дом старое забудовы, ня йначай пачатак мінулага стагодзьдзя, плён сталыпінскіх рэформаў. Выбітыя вокны, паўсюль друз, сям-там абваліліся драўляныя перакрыцьці. Ізноў прыгадаўся “Сталкер”. Калі ў зоне ёсьць такі будынак і ў ім пакой, дзе збываюцца самыя патаемныя жаданьні, дык гэты пакой павінен быць недзе тут.

Пасьля высьветлілася, што з Бабчыну родам – не адзін знакаміты чалавек, варты пашаны і музэю на радзіме. Напрыклад, Часлаў Пяткевіч. Мабыць, найбольшае, хоць і найменш вядомае сучасьнікам імя. Але ягоны музэй уявіць сабе найпрасьцей.

“Пяткевіч Часлаў Генрыхавіч. Нарадзіўся ў 1856 годзе ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёну, памёр у 1936-м. Этнограф і фальклярыст. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру Беларускага Палесься. Аўтар манаграфіі “Духоўная культура Рэчыцкага Палесься”, артыкулаў “Крыж і д’ябал у вераваньнях беларусаў”, “Душа і сьмерць у вераваньнях беларусаў”, “Гігіена ў жыцьці палешукоў” ды іншых”.

Перавыданьне кнігі Пяткевіча “Рэчыцкае Палесьсе” стаіць сёньня ў плянах выдавецтва “Беларускі кнігазбор”, а ягоныя працы актыўна выкарыстоўваюцца ў цяперашняй навуцы. Да прыкладу, мне патрапіла ў рукі парыская кніга “Антрапалёгія жаночага цела ў славянскай традыцыі”. У разьдзеле, прысьвечаным граху, аўтар са спасылкай на Часлава Пяткевіча піша, што кожная асобная культура трактуе грэх па-свойму. Да прыкладу, жыхары Рэчыцкага Палесься ня лічаць грахамі сьмяротныя грахі. Скажам, разбэшчваньне дзяўчыны тут не зьяўляецца грахом: “толькі за чужую жонку грэх, а за дзеўку няма, бо яна яшчэ нічыя”.

Тэму граху працягвае сучасная энцыкляпэдыя славянскае міталёгіі, у якой выкарыстаны расповед Часлава Пяткевіча пра тое, як палешукі сьвяткуюць Івана Галавасека:

“Гэтае сьвята народ палескі сьвяткуе толькі ў хаце, тады як па-за домам, асабліва ў двары, не лічыцца грахом і дазваляецца, не баячыся пакараньня з боку выконваць любую работу, абы не карыстацца сякерай ды іншымі буйнымі прыладамі”.

Ня дзіва, што такую вялікую ўвагу граху надаваў дасьледнік чартаўшчыны ў народнай міталёгіі.

“Між палескіх чарцей асобнае месца займае смаляны чорт, а пры ім, нібы напалову чорт – наглядчык смалярні, атаман. Бадай, па ўсім абшары Беларусі нідзе так выразна, як на Палесьсі, не вызначаецца роля гэтага чорта, які жыве ў першабытнай смалакурні (майдан альбо печ), у лейкападобных ямах рознай велічыні, якія нагадваюць малыя гарадзішчы. Жыве ён у падземным калідоры (прыгрэбіцы), які вядзе да лейкі, зь якой выбіраецца смала, у чыстай ці смалянай бочцы, у будане рабочых у час іх адсутнасьці, у дуплах, што застаюцца пасьля дзятлаў, і часам на сасьне, якая павінна быць звалена на смалякі. Калі мужык падколвае хвою на лучыну, дык чорт, седзячы на ёй, жджэ, пакуль ён дакапаецца да старчавіка ды стане клясьці, а тады ўхопіцца за шчык, завісьне на ім ды й паваліць долу. Так стараецца, каб больш было смалы ў пекле”.

Цяпер уяўляеце сабе, які музэй можна было б стварыць у будынку колішняга Бабчынскага пэдтэхнікуму. І гэта пры тым, што я згадаў толькі дзьве тэмы – арганізацыю Альтруістаў і этнографа Пяткевіча. Наагул тэма нескарыстаных магчымасьцяў усяго гэтага краю скразною ніткай праходзіць праз усё наша падарожжа. Назіраючы іншы раз у краінах Эўразьвязу, як кожная вёска ды кожная мясьцінка практычна зь нічога робіцца прывабнаю на турыстычным шляху, я глядзеў на велізарны мацярык, дзе сапраўдныя скарбы рассыпаныя літаральна пад нагамі.

Што ж, і цяперашняя ўлада не-не ды загадае падначаленым разьвіваць турызм. Але справа тут як з тым парадкам, спушчаным зьверху, ператвараецца ўрэшце ў прафанацыю. І мне шматкроць прасьцей уявіць сабе, чаму ў бліжэйшай будучыні ніякага музэю ў Бабчыне ня будзе. Па-першае таму, што вока цяперашняга кіраўніка ва ўпор ня бачыць прыгожага і зусім яшчэ цэлага старадаўняга будынку, бо за сто мэтраў ад яго распачынае новыя будоўлі на пустым месцы. Па-другое таму, што альтруісты змагаліся супраць любае сэрцу кіраўніка савецкае ўлады. Па-трэцяе таму, што Часлаў Пяткевіч жыў на сьвеце занадта даўно і любіў свой народ занадта моцна, занадта ярка апісваў ягоную самакаштоўнасьць, а гэта ўжо суседзіць зь ненавісным сэрцу кіраўніка нацыяналізмам.

Застаецца глыбока ўздыхнуць каля будынку з чырвонае цэглы, што патанае ў хмарах зялёнага буйства, і сказаць пра яшчэ адну прычыну – пра радыяцыю.

Праўда, насамрэч гэтая прычына, як і сама радыяцыя, няўлоўная, няясная і непрадказальная. Наша падарожжа праходзіць праз адселеныя вёскі густанаселенага рэгіёну, у якіх, як гэта ні парадаксальна, кіпіць жыцьцё. З гэтага боку шлягбаўму радыяцыя ніяк ня меншая, чым у Бабчыне, а часта нашмат большая. Гэта проста лінію зоны правялі такім чынам, што Бабчын апынуўся адразу за гэтай лініяй і быў адселены адразу, а вёскі з гэтага боку адсяляліся ў парадку, так бы мовіць, жывой чаргі. Па меры будаваньня жыльля для чарнобыльцаў у чыстых рэгіёнах Беларусі. Да многіх зь іх чарга так і не дайшла. Тым часам прыйшоў новы загад – жыць можна. Вось і закіпела жыцьцё. Скажам, у Стралічаве, вёсцы з гэтага боку шлягбаўму, дзе ёсьць некалькі прадпрыемстваў, у тым ліку вінзавод, які выпускае фірмовае чарніла “Водар мяты”, што дасьціпныя выпівохі па ўсёй Беларусі перарабілі на “Морда мятая”. Цяпер вінзавод на месяц спыніў працу і зусім не з-за радыяцыі, а з-за новых патрабаваньняў да якасьці прадукцыі. Як бы там ні было, а Беларусь эўрапеізуецца, а ў Эўропе чарніла па-за законам.

Летась такой самай парой мы стаялі на цэнтральным пляцы Брагіна і фізычна адчувалі ня столькі радыяцыю, колькі жалобу, нібы павіслую ў паветры спусьцелага мястэчка. На высокім будынку электроннае табло паказвала небясьпечныя для жыцьця лічбы. Каля помніка земляку, які загінуў на ЧАЭС, усталяваныя стэлы. На іх – сьпіс пахаваных вёсак, сьпіс адселеных і сьпіс тых, што знаходзяцца ў працэсе адсяленьня. Сам Брагін – у апошнім сьпісе. Кінутыя дамы, пустыя вуліцы... Але мінуў год. І мы не пазналі Брагіна. Вуліцы перакапаныя – у мястэчку праводзяць газ. Закіпела жыцьцё. Новыя пляцоўкі для дзіцячых гульняў, адрамантаваны стадыён... Натуральна, пафарбаваныя бардзюры. На цэнтральным пляцы электроннае табло зь лічбамі радыяцыі адключана. А назвы на стэле каля помніка земляку так выцьвілі, што іх ужо ледзьве можна прачытаць. Напэўна праз год іх прыбяруць увогуле, як і тое табло. Навошта псаваць людзям настрой. Пра радыяцыю лепей забыць. Няхай яна ў сорак разоў перавышае бясьпечную для здароўя норму, а вось ня думаеш пра яе і як бы няма.

Гэтая лёгіка перанятая ўладамі ад бабулі, што ідзе па ягады ў чарнобыльскі лес. Ня бачу бяды, дык яе і няма. А ў абагульненым выглядзе такія паводзіны ўладаў – звычайны папулізм. Гульня на народнай неадукаванасьці. Ранейшыя кіраўнікі імкнуліся людзей адсяляць і растлумачваць ім нябачную небясьпеку. А гэтыя – наадварот, падыгрываюць таму ўяўленьню, што нічога зьмяняць ня варта. Толькі ж уяўленьне гэтае ў людзей – ад бяды. Маўляў, будзем жыць дома, а там – як Бог дасьць. Вось ужо сапраўды – “народная ўлада” з усім яе непазьбежным цынізмам. Разьлік просты – калі праўда прафэсара Бандажэўскага патрапіць на тэлеэкраны, цяперашняга электарату Лукашэнкі ў чарнобыльскім рэгіёне ўжо ня будзе ў жывых. А пакуль ён гаворыць тое, што яны думаюць. Агучвае іхныя думкі.

Паводле маіх назіраньняў, якія паўсюль пацьвярджаюць старажылы, першымі сьмерць забірае мужчын ад трыццаці да пяцідзесяці – самых работнікаў. І на нашым шляху сустракаюцца пераважна старыя і дзеці. Такая тут адбываецца сэлекцыя. Усялякая асьвета што да радыяцыі і большасьць засьцерагальных захадаў – згорнутыя. Усё аддадзена на волю лёсу.

Пра самае моцнае пазытыўнае ўражаньне – ад знойдзенага ў Бабчыне пэдагагічнага тэхнікуму – я распавёў. Застаецца сказаць і пра самае моцнае ўражаньне адмоўнае.

Быў у нашай падарожнай кампаніі Алесь Бяляцкі. Ягонае патаемнае жаданьне было наведаць вёску дзяцінства. Ня быў, мусіць, гадоў дваццаць ці нават болей. Але шчыміць душа літаратара па тых мясьцінах, адкуль выйшаў. А вёска дзяцінства з прыгожай панскай назвай Двор – у Нараўлянскім раёне і яшчэ 30 км ад Нароўлі, пад самай украінскай мяжой. Словам, неяк надта доўга мы да яе ехалі. Было ўражаньне, што паглыбляемся ў самую глуш. Нарэшце прыехалі, а вёскі няма. Пару хатаў, абкладзеных цэглай, стаяць руінамі, астатнія проста леглі ў дол. Уяўляеце? Не адселеныя, бо фон тут нармальны, а проста вымерлыя хаты. Немалая вёска папросту перастала існаваць. Прызнаюся шчыра, такога я яшчэ ня бачыў. Бачыў вёскі пакінутыя, адселеныя, згарэлыя, пахаваныя, а вымерлую, у якой яшчэ за нашым пакаленьнем кіпела жыцьцё – такую бачыў упершыню.

Уся наша кампанія ажно здранцьвела, назіраючы, як Алесь шукае паваротку ад вуліцы да сваёй хаты і ніяк ня можа яе знайсьці.

На вясковых могілках пасярод лесу – яшчэ адно дзіва. Адзін даўжэзны, мэтраў на пяцьдзесят, стол з лавамі. Таксама нідзе больш у Беларусі ня бачаны парадак калектыўнага адзначаньня Радуніцы і Дзядоў за адным сталом. Нехта заўважыў, што – вынайшлі новы калгасны мэтад сумоўя з духамі продкаў. Але можна на гэта паглядзець і па-іншаму. Калі людзі звычайна прысядаюць на магілах сваіх родных асобна, дык духі продкаў якраз, паводле ўсіх расповедаў, выходзяць калектыўна, грамадою. І калі вымерлая вёска – гэта не выпадковасьць, а толькі пачатак нейкага невядомага працэсу, дык і даўжэразны стол, магчыма, зроблены зусім не для людзей, а для тых, хто застанецца тут пасьля іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG