Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Мікола Кузьміч, Алесь Масарэнка, Алег Моўчан


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 25 лістапада). Аўтары: Валянціна Аксак, Дзьмітры Падбярэзкі, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка.

ВЭРНІСАЖ

МІКОЛА КУЗЬМІЧ: “СВАБОДА ДУШЫ ЁСЬЦЬ, ФІНАНСАВАЙ СВАБОДЫ НЯМА…”

У Менску ў Музэі сучаснага мастацтва днямі адчынілася выстава эмаляў Міколы Кузьміча. Гэта першая ў новай гісторыі беларускага мастацтва пэрсанальная выстава такога кшталту. Непераўзыйдзеным майстрам гэтай складанай тэхнікі да сёньня лічыца старажытны полацкі мастак Лазар Богша, які ў 1161 годзе стварыў шэдэўр эмальернага мастацтва — знакаміты крыж Эўфрасіньні Полацкай. І крыж, і мастацтва ягонага вырабу былі страчаныя. Берасьцейскі мастак Мікола Кузьміч напрыканцы мінулага стагодзьдзя ўзнавіў і старажытную тэхніку эмаляў, і нацыянальную сьвятыню — крыж апякункі Зямлі беларускай. Зь Міколам Кузьмічом на адкрыцьці ягонай выставы сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Прабачце за прымітыўнае пытаньне, але ўсё ж скажыце, што гэта такое — зрабіць карціну тэхнікаю эмалі?”

(Мікола Кузьміч: ) “Эмаль — гэта шклопадобная маса, тонка расьцёртая. Яна насыпаецца на падкладку — на медзь, на каштоўныя матэрыялы, на сталь, можа быць, на жалеза — і абпальваецца пры тэмпературы 800-900 градусаў. Тут ужо эмаль і агонь — суаўтары мастака”.

(Аксак: ) “А як даўно вы захапіліся гэтым відам творчасьці?”

(Кузьміч: ) “З 1992 году я займаюся эмальлю. Узнавіў тэхніку старажытнабізантыйскае эмалі, калі ўзнаўляў крыж Эўфрасіньні Полацкай. І наогул, я знайшоў кантакт з гэтым матэрыялам, і мне вельмі падабаецца працаваць зь ім”.

(Аксак: ) “Мастацтва эмалі было страчанае на нашых землях і страчанае вельмі даўно. Як вы ў сучасных умовах аднавілі яго?”

(Кузьміч: ) “Калі мне лёсам было наканавана аднаўляць крыж Эўфрасіньні Полацкай, то трэба было аднаўляць і тэхніку, у якой ён быў зроблены, тэхніку старажытнабізантыйскае эмалі. Я так думаю, што ў гэтай працы супалі справа чалавечых і справа Боскіх намаганьняў. Вельмі складаная праца была. Хто яго ведае, што гэта была за творчасьць, як гэта ўсё адбывалася… Ну так, мне пашанцавала, што я змог дакрануцца да працаў старажытных мастакоў. Я бачыў іх працы і ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Пецярбурзе. Давялося ўбачанае вачыма сучаснага чалавека прапусьціць празь сябе, ну і вось вынік, што мы маем цяпер…”

(Аксак: ) “Гэткім чынам быў узноўлены Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Ён быў асьвечаны і зьмешчаны туды, дзе знаходзіўся і аўтэнтык, створаны Лазарам Богшам у 1161 годзе, — у Спаскую царкву ў Полацку. Гэта першая сьвятыня — плён вашых рук. А потым вы стваралі стаўратэку. Што гэта такое?”

(Кузьміч: ) “Крыж быў узноўлены ў 1997 годзе, а стаўратэка ў 2001 годзе. Стаўратэка — гэта такі адмысловы куфэрак для захоўваньня крыжа. Гэты твор я рабіў не па аналёгіі зь нейкім іншым, ён мой аўтарскі. На ім я зьмясьціў эмалевыя выявы сьвятых Алены і Канстанціна, гроб Гасподні, архангелаў і саму Эўфрасіньню”.

(Аксак: ) “Зрабіўшы стаўратэку, вы сталі працаваць над новай сьвятыняй Полацка і ўсёй Беларусі — вы цяпер ствараеце раку. А што гэта такое?”

(Кузьміч: ) “Рака – гэта адмысловая труна, якая была зробленая для пераносу мошчаў Эўфрасіньні зь Ерусаліму ў Кіеў, а потым зь Кіеву ў Полацак. Яна была зробленая са срэбра ў дзевятнаццатым стагодзьдзі. Потым яна зьнікла. Новая ўлада прышла і барацьбу з рэгігіяй пачала. Раку разрабавалі… І вось паўстала пытаньня аднаўленьня яе. Па волі Госпада я маю да гэтага дачыненьне. Гэта зусім новая рака, зрабіць якую мяркуецца да наступнага дня Эўфрасіньні. Да 5 чэрвеня 2007 году я павінен завершыць гэтую вялікую працу, якая, думаю, зойме годнае месца ў маёй творчасьці і памяці народу”.

(Аксак: ) “Усе тры сьвятыні прызначаныя для аднаго месца — Спаскай царквы Полацкага Спаса-Эўфрасінеўскага манастыра. І ўсе зробленыя з дапамогаю адноўленай вамі тэхнікі эмаляў. Мастацтвазнаўцы гавораць, што цяпер вы проста абавязаныя старажытную тэхніку эмаляў нейкім чынам перадаць нашчадкам, каб яна зноў, крый Божа, не была страчаная на стагодзьдзі, стварыць альбо вучэбную майстэрню, альбо нават школу. Як вам такая думка?”

(Кузьміч: ) “Думка вельмі значная і яна мне падабаецца, але аднаго майго жаданьня тут малавата. Тут трэба вялікія грошы. І гэта мусіць быць ці добры фундатар, які б уклаў у гэтую справу ня толькі грошы, але і сябе, зацікаўленага, альбо сталая падтрымка дзяржавы. Праца з каштоўнымі матэрыяламі вымагае і прававой падтрымкі. Так што я малю Бога, каб знайшлася такая магчымасьць для стварэньня школы эмальернага мастацтва. Яна была б гордасьцю нацыі… ”

(Аксак: ) “У свой час архэолягі абвясьцілі, што яны знайшлі ў Полацку майстэрню Лазара Богшы. І, мяркуючы па знаходках, яны зрабілі выснову, што Лазар Богша быў ня толькі вельмі таленавітым мастаком, але і арыстакратам па духу і вельмі заможным чалавекам. Скажыце, у гэтым сэнсе, ці адчуваеце вы сябе спадкаемцам знакамітага полацкага мастака?”

(Кузьміч: ) “Складана мне сябе ў гэтым сэнсе адчуваць… Свабода душы ёсьць, фінансавай свабоды няма…”

АЎТАР І ТВОР

АЛЕСЬ МАСАРЭНКА: “ПАКУЛЬ БУДЗЕ ГАЛОТА — БУДУЦЬ МОЛАТ І СЕРП”

У Беларусі, на жаль, няма навучальнай установы накшталт маскоўскага Літінстытуту, дзе б адмыслова рыхтавалі пісьменьнікаў. Хоць пра патрэбу шкаленьня творчай моладзі гаворыцца даўно і з самых розных трыбунаў. У гэткай сытуацыі кузьняй літаратурных кадраў можна назваць літаб’яднаньне “Панядзелак”, якім доўгі час кіруе Алесь Масарэнка. Больш за шэсьць дзясяткаў сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — яго выхаванцы. Пра сваю працу з моладзьдзю Алесь Масарэнка расказаў Міхасю Скоблу.

(Скобла: ) “Спадар Алесь, быць літаратурным настаўнікам, відаць, няпроста. Скажыце, а навошта гэта вам?”

(Масарэнка: ) “Сямнаццаць гадоў ужо я займаюся з моладзьдзю, і гэта мая любімая праца. Аднойчы Анатоль Сыс сказаў мне: “Вучы дзяцей і сам не забывайся вучыцца ў іх”. І гэта сапраўды ёсьць. Я і дня не кіраваў бы літаб’яднаньнем, калі б не чакаў прыходу таленавітых дзяцей. А яны заўсёды зьяўляюцца. Я вяду адмысловы журнал, куды запісваю і прозьвішчы, і гады нараджэньня сваіх выхаванцаў, іх далейшы шлях, і магу засьведчыць — больш за 60 удзельнікаў “Панядзелку” сталі сябрамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. А ў шэрагах новастворанага праўладнага пісьменьніцкага саюзу — ніводнага майго выхаванца”.

(Скобла: ) “Раней літаб’яднаньні існавалі ці не пры ўсіх газэтах, і пры “Чырвонай зьмене”, і пры “Знамени юности”. Цяпер — няма. А чаму? Паэты ж нараджацца не перасталі”.

(Масарэнка: ) “Мне да сёньня шкада “Чырвонай зьмены”. Газэта была стартавай пляцоўкай для творчай моладзі. Памятаю, калі прыйшоў туды Ўладзімер Бельскі рэдактарам, ЦК ЛКСМБ распарадзіўся ліквідаваць маладзёвыя літаб’яднаньні. Але мы не паслухаліся і сталі выпускаць штомесяц літстаронку “Крыніцы”.

(Скобла: ) “І хто “паплыў” з вашых “Крыніцаў” у літаратурнае мора?”

(Масарэнка: ) “Найперш хачу назваць Алеся Пашкевіча — сёньняшняга старшыню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. За ім прыйшла кагорта першакурсьнікаў філфаку БДУ: Зьміцер Дзядзенка, Людміла Шчэрба, Юлія Алесьніна…”

(Скобла: ) “Зорны час для літаратурнай моладзі быў напачатку 90-х, калі вы заснавалі і рэдагавалі часопіс “Першацьвет”. Чаму яго ліквідавалі?”

(Масарэнка: ) “Сёньня мне так не хапае “Першацьвету”! Тады на літаб’яднаньні выберам лепшыя творы, і яны адразу, цёпленькія, ідуць у друк. Ды яшчэ хлопцы і дзяўчаты ганарары атрымліваюць. Пабачыла сьвет 70 нумароў “Першацьвету” — цэлая бібліятэчка маладой літаратуры. А чаму часопіс ліквідавалі… Я ня ведаю, мне неяк Станіслаў Шушкевіч сказаў: “Ня радуйся, Алесь, твой “Першацьвет” закрыюць”. А ў свой час менавіта Шушкевіч дапамог зьяўленьню “Першацьвету”, дапамог атрымаць дзяржаўную датацыю. Алесь Пашкевіч хадзіў да яго на прыём. Час памяняўся, спачатку “Першацьвет” закрылі, потым і “Чырвонку”. Ня ведаю, якія сілы тут дзейнічаюць, але гэта не беларускія сілы. Духоўнасьць моладзі адна газэта “Знамя юности” не падыме. Дарэчы, да мяне ў літаб’яднаньне прыходзяць расейскамоўныя паэты, маўляў, няма дзе друкавацца. Літстаронкі ў “Знамени юности” няма. А павінна была б быць, столькі ж размоў ва ўладных вярхах пра творчую моладзь…”

(Скобла: ) “Вы цяпер кіруеце літаб’яднаньнем “Панядзелак”. Колькі чалавек у ім, і дзе вы зьбіраецеся?”

(Масарэнка: ) “Мы зьбіраемся з 16.00 да 20.00 штонядзелі ў Доме літаратара. Людзі да нас ідуць, і пераважна маладыя. У літаб’яднаньні цяпер чалавек 200, гэта ўлучна з правінцыяй. Моладзь з усёй Беларусі, піша, тэлефануе. Калі людзі ня могуць прыяжджаць на літаб’яднаньне, наведваюцца да мяне дахаты. Мне падабаецца гэтым займацца. І мне здаецца, людзі мяне разумеюць”.

(Скобла: ) “На якой мове пішуць вашыя выхаванцы?”

(Масарэнка: ) “І па-беларуску, і па-расейску. Няма ў нас моўных праблемаў. Часам прыходзіць школьнік і прыносіць два вершы па-беларуску і дваццаць па-расейску. І я яго памаленьку схіляю да беларускай мовы. Напрыклад, паэтка Марыя Можар выдала добрую кніжку вершаў па-расейску, я яе рэдагаваў. Добрая расейская мова, вобразная. І раптам яна прыходзіць у “Панядзелак” і чытае вершы на цудоўнай беларускай мове. Я ўдавана роспачна крычу: “Марыя, што ты робіш?! Пішы па-расейску!” А яна: “Нічога не магу з сабой зрабіць. Заснуць не магу — зь мяне ідуць беларускамоўныя вершы!” Дык ці ня варта пасьля гэтага працаваць? Я веру ў тое, што існуюць моўныя гены, якія позна ці рана сябе праявяць”.

(Скобла: ) “І адно пытаньне па-за літаратурай. Вы — найвядомейшы ў Беларусі бабравед. Баброў у нашай краіне большае, ці ім па-ранейшаму пагражае выміраньне?”

(Масарэнка: ) “Баброў большае, але і браканьераў ня меншае. Калі ні зайду на Камароўку, там бабровых шапак — поўна. Пытаю — адкуль? Мне адказваюць — зь Літвы… Я лічу, што дарэмна аддалі лясгасам рэкі, азёры, усіх зьвяроў. У лесьнікоў жа стрэльбы. Ім цяпер і прамысловыя заданьні даюць: забіць пяць баброў, дзесяць баброў. Дырэктар лясгасу што хоча, тое й робіць. Лесьнікам я баброў не аддаў бы. Асабліва мне крыўдна, калі іду па праспэкце Незалежнасьці і міжволі лічу бабровыя шапкі на галовах. Раней спэцыяльныя брыгады лавілі баброў і вазілі на аўкцыён у Ленінград (бабровы струмень — гэта ж валюта). А цяпер усё браканьерам аддадзена. Дзяржава абсалютна ня дбае. Ёсьць нейкі Камітэт па ахове прыроды, а чым ён займаецца? У вёску паедзеш — глушаць баброў нікога і нічога не баючыся”.

АЛЕСЬ МАСАРЭНКА. З БУДУЧАЙ КНІГІ “РЭХА ГІПЭРБАЛЫ”

* * * Пакуль будзе галота — будуць молат і серп, і на райскіх варотах — кругла-сонечны герб.

Будзе гімн панібрацкі пра адзіны народ. На ваенныя цацкі будзе новы прыплод.

Без усьмешак чароўных, без шчасьлівых хвілін партжанчыны на роўных будуць мець партмужчын.

У любое надвор’е — ім душою калець… Камунізму адзор’е — гнеўна-звонная медзь.

* * * Золата царквы, як пагон, легла на плячук узгорка. Здалёку чуваць гулкі звон, і крыж блішчыць, нібы зорка.

Ад служак царкоўных тхне вайсковаю дасцыплінай… Бог у царкве не жыве — там ён даўно загінуў.

* * * Нас раздвойвалі гады ўсякія, каб ня ладзілі між сабой. Мы й ніякія, і дваякія… Мовы дзьве — дзьве душы ў адной.

Нас раздвойвалі — вечна спойвалі: быў і явы сьвет, і маны. і кружылі над намі плоймамі царскай выпечкі груганы.

Падзялілі нас на рабочы кляс і сялянскую беднату… Нас выхоўвалі — перакоўвалі і адстрэльвалі на ляту.

Чорнай сілы спрут зьнесла ў віракрут — зь ім канае хай тло звыроднае… Спала цемры ноч з васільковых воч: мы — відушчыя, мы — свабодныя!

* * * Мы — огоньки болота. И. Бунин

Зьбяднела вёска на дзяцей — на немаўлячы плач і сьмех: камусьці стала жыць прасьцей, бо не зважае ўжо на грэх — дарэшты выпетрана ветрам яго балотная душа… У бездань падае шаша зь яе апошнім кілямэтрам.

Мінулага пратубэранцы пульсуюць крэсівам балот, сярод якіх жыве народ, а не якія там паганцы. І адыходзіць той у рай, хто мае продкаў абярог… Здарожаны, у родны край вяртаецца з выгнаньня Бог.

НОТНЫ СШЫТАК

АЛЕГ МОЎЧАН: “ПЕСЬНЯ “МАЛІТВА” ПІСАЛАСЯ ЦЯЖКА”

Выдадзены днямі фірмай “Vigma” альбом “Нерастыражаване” ня толькі распачаў сэрыю выданьняў “Голас душы”, прысьвечаную Ўладзімеру Мулявіну, але й засьведчыў пра зацікаўленасьць кіраўніцтва фірмы беларускай музыкай. Падрабязнасьці высьвятляў наш карэспандэнт Дзьмітры Падбярэзкі.

(Падбярэзкі: ) “Яшчэ зусім нядаўна “Vigma” практычна ігнаравала айчынных выканаўцаў. Аднак выданьне альбому “Нерастыражаванае” Ўладзімера Мулявіна, ініцыяванае Сьвятланай Мулявінай-Пенкінай, засьведчыла, што сытуацыя зьмянілася. Сярод іншага быў тыражаваны нават МР3-зборнік гурту “Нейро Дюбель”. Што да сэрыі “Голас душы”, дык гэта, як высьветлілася ў гутарцы з музычным прадусарам фірмы Ўладзімерам Максімкавым, толькі адзін з праектаў, які амбіцыйна нацэлены на ўвасабленьне грандыёзных плянаў. Але напачатку я пацікавіўся ў яго, чаму “Vigma” не зацікавілася даўно падрыхтаванай у Беларускім інстытуце праблемаў культуры анталёгіяй запісаў “Песьняроў”, што складаецца з 21 дыску”.

(Максімкаў: ) “Гэта ўсё ж анталёгія “Песьняроў”. А ў нас і Сьвятланы Аляксандраўны была ідэя адлюстраваць у першую чаргу творчасьць Уладзімера Георгіевіча — песьні, якія ён пераважна сам пісаў, якія ён сам выконваў. Менавіта таму мы й гаворым пра сэрыю мулявінскай спадчыны. Гэта — першае. Другое: для таго, каб выдаваць “Песьняроў”, неабходна зьдзейсьніць неверагодны подзьвіг, таму што праз “Песьняроў” прайшло вельмі шмат людзей. І для таго, каб зрабіць выданьне юрыдычна карэктнае, каб не парушыць нічые правы, я ня ведаю, колькі гадоў трэба працаваць, каб адшукаць усіх праваўладальнікаў і заключыць зь імі дамовы. Тут жа правы на творы Мулявіна належаць менавіта Пенкінай”.

(Падбярэзкі: ) “А вось чым у зьвязку з гэтым Уладзімер Максімкаў патлумачыў зьмяненьне выдавецкай палітыкі фірмы”.

(Максімкаў: ) “Хутчэй за ўсё, гэта вынік таго, што зьмянілася каманда. Адбыліся дастаткова сур’ёзныя зьмены і ў мэнэджмэнце, прыйшлі новыя людзі, і заснавальнікі кампаніі прынялі рашэньне, што палітыку работы варта скарэктаваць. І цяпер гэтая палітыка пачала ўвасабляцца ў жыцьцё. За гэтыя паўгоду ў параўнаньні зь мінулым пэрыядам мы выдалі даволі шмат запісаў беларускіх выканаўцаў. І будзем гэта працягваць”.

(Падбярэзкі: ) “Як вядома, серыя запісаў Уладзімера Мулявіна павінна зьявіцца ў продажы ня толькі ў Расеі, але й у Нямеччыне, Польшчы. Іначай кажучы, “Vigma” першая з выдавецкіх фірмаў Беларусі нацэлілася на тое, каб выйсьці на эўрапейскі рынак з арыгінальным музычным прадуктам. Уладзімер Максімкаў тлумачыць”.

(Максімкаў: ) “Кожны праект мае творчую і камэрцыйную часткі. З пункту гледжаньня творчай часткі маецца даволі значны пласт мэтавай аўдыторыі — прыхільнікаў творчасьці Мулявіна, якія жывуць за мяжой. Напрыклад, у Нямеччыне пражывае каля 10 мільёнаў расейскамоўнага насельніцтва. Наогул, ва ўсім сьвеце, прынамсі, сярод расейскамоўнай аўдыторыі, творчасьць Мулявіна выклікае цікавасьць, і таму нам хацелася б зьдзейсьніць такую культурную экспансію, данесьці менавіта беларускую музыку, часткова беларускамоўную. Гэта той пласт беларускай культуры, якую хацелася б вынесьці туды, у краіны Захаду. Што да камэрцыі, дык, сапраўды, цікава было б паспрабаваць выйсьці на эўрапейскія рынкі, таму што пакуль гэтага ніхто сур’ёзна не рабіў, па меншай меры — сыстэмна. І выданьне творчасьці Мулявіна ў гэтым накірунку — толькі першы крок. Мы ў сябе абмяркоўвалі магчымасьць таго, каб у лютым, хутчэй за ўсё, “Vigma” змагла паўдзельнічаць у кірмашы МІДЭМ у Канах менавіта як беларуская гукавыдавецкая кампанія. І там мы плянуем таксама паказаць некага з сучасных беларускіх выканаўцаў”.

(Падбярэзкі: ) “Пляны, што й казаць, вельмі дзёрзкія і сур’ёзныя. Нагадаю, што Ўладзімер Мулявін і “Песьняры” аднойчы, у 1976 годзе, прадстаўлялі фірму “Мелодия” на тым кірмашы ў Канах, у выніку адбылася іх паездка па ЗША. А вось ніводная беларуская фірма сваю прадукцыю, сваіх выканаўцаў там яшчэ не выстаўляла. Вернемся, аднак, да запісаў Уладзімера Мулявіна. Музычным прадусарам непасрэдна ўсёй сэрыі дыскаў стаў кампазытар Алег Моўчан, у якога я пацікавіўся, ці абмяркоўвалася загадзя канцэпцыя кожнага з дыскаў? Бо, шчыра кажучы, у дачыненьні да першага альбому я гэтага не адчуў…”

(Моўчан: ) “Безумоўна, абмяркоўвалася. А вось чым мы кіраваліся? Я думаю, гэтае пытаньне не да мяне, а да аўтара праекту, да Сьвятланы Аляксандраўны Мулявінай-Пенкінай, таму што гэта была найперш яе ініцыятыва, я яе проста падтрымаў і пэўным чынам карэктаваў”.

(Падбярэзкі: ) “Даволі грувасткая назва альбому “Нерастыражаванае” хавае пад сабой, тым ня менш, даволі шмат запісаў, якія раней ужо выдаваліся. Магчыма, назва гэтая мае нейкі прыхаваны, іншы зьмест?”.

(Моўчан: ) “Я думаю, пытаньне пастаўлена абсалютна правільна. Так, многія песьні дастаткова вядомыя, як хоць бы “Малітва”, як песьні з праграмаў Уладзімера Георгіевіча кшталту “Появились молодые” на верш Маякоўскага, аднак яны не былі такія папулярныя, раскручаныя, як, скажам, “Вологда” ці “Касіў Ясь канюшыну”.

(Падбярэзкі: ) “Па сьмерці Ўладзімера Георгіевіча твая песьня “Малітва” стала нават нейкім сымбалем ці духоўным запаветам ня толькі Янкі Купалы, але й ужо самога Мулявіна. Пытаньне да цябе як да кампазытара: а ці часта атрымліваецца ствараць падобныя песьні, ці лёгка яны пішуцца?”

(Моўчан: ) “Наогул, “Малітва” пісалася цяжка. Хоць бы таму, што было вельмі шмат тэксту. Уладзімер Георгіевіч папрасіў, каб я напісаў для яго гэтую песьню. Часам бывае, што рэчы падобнага зьместу проста пішуцца. То бок яны неяк рыхтуюцца шмат часу, калі ідэя выношваецца. Напрыклад, выношваецца ідэя месяц, другі, але потым песьня пішацца літаральна за дзень-другі. Проста неяк падсьвядома ідэя атрымлівае жыцьцё, калі паступова складуцца ўсе кубікі ў, як я гэта называю, вітраж — і ўсё, нармальна!”

(Падбярэзкі: ) “Пакуль дакладна невядома, зь якой колькасьці дыскаў будзе складацца мулявінская сэрыя. Алег Моўчан тлумачыць гэта наступным чынам”.

(Моўчан: ) “Наогул, мы заплянавалі ня менш за пяць альбомаў. Пакуль што так. А там будзем ужо глядзець, таму што праект дастаткова працяглы па часе, мы будзем працаваць над ім ня менш за год, таму й будзем глядзець, як будуць разгортвацца падзеі”.

(Падбярэзкі: ) “Цікава, што згаданая анталёгія “Песьняроў” аказалася адзіным ня выкананым пунктам ва ўрадавай праграме зьберажэньня памяці Ўладзімера Мулявіна. На яе выданьне проста не знайшлося грошай. Вядома й тое, што нават з падарункавага набору (чатыры дыскі), які Аляксандар Лукашэнка атрымаў пазалетась на “Славянскім базары”, чыноўнікі ўсё ж прыбралі дзьве песьні: згаданую ўжо “Малітву” і песьню Ігара Паліводы на словы Петруся Макаля “Маналёг сабакі”. Чыноўнікі, вядома ж, любілі Мулявіна, але не такога калючага. Вось чаму варта вітаць кожнае выданьне такіх вось нерастыражаваных песень…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG