Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Андрэй Хадановіч, Карлас Шэрман, Руся (гурт “Indiga”)


Радыё Свабода (эфір 8 красавіка) Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

Літпрацэс

Андрэй Хадановіч: “Калі выбухалі газавыя гранаты, музы не маўчалі”

Міхась Скобла, Менск

Нядаўна група беларускіх інтэлектуалаў, дзеячаў культуры зьвярнулася да беларускага грамадзтва з заклікам “не служыць рэжыму ў час, калі ў краіне пануюць гвалт, хлусьня і цемрашальства”. “Ня бойцеся! Перамога свабоды непазьбежная!” — зьвяртаюцца да суачыньнікаў аўтары ліста. Сярод іншых адозву падпісалі народны паэт Рыгор Барадулін, акадэмік Радзім Гарэцкі, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Свой подпіс пад лістом паставіў і паэт Андрэй Хадановіч.

(Міхась Скобла: ) “Андрэй, ваш зварот адрасаваны “ўсім сумленным людзям Беларусі”. Хіба сумленныя людзі ня ведаюць беларускіх рэаліяў?”

(Андрэй Хадановіч: ) “Сумленным людзям зь некалькіх прычынаў трэба нагадваць простыя ісьціны. Бо сумленныя людзі, па-першае, часам бываюць інтэлектуаламі-снобамі й лічаць, што актыўныя сацыяльныя дзеяньні не для іх, бо яны “працуюць зь вечнасьцю” й гэтак далей. Па-другое, сумленныя людзі часам хварэюць на баязьлівасьць. Ёсьць такая інтэлігенцкая хвароба. Зручны фатэль, кніжачка, газэтка, інтэлектуальная дзейнасьць… Слова, зьвязанае з рызыкай, часам не для іх. Вось жа, я вельмі цешуся, што ўсё больш і больш такіх сумленных людзей пераадольваюць падобныя комплексы, разумеюць, што прыходзіць час, калі лёс, будучыня, свабода (даруйце за патасныя словы, я ня часта іх ужываю) залежаць ад іх асабіста. Мне здаецца, такі час настаў і трывае. Словы адозвы б’юць у дзясятку. Падпісваюся і пад гвалтам, і пад цемрашальствам, і пад хлусьнёю”.

(Скобла: ) “Можа, варта было б апэляваць да тых, хто чыніць усе гэтыя беззаконьні?”

(Хадановіч: ) “Мы нядаўна гэтым займаліся. На вуліцах, на пляцах зьвярталіся да гэтага рэжыму, па-дзіцячы ўгаворвалі гэтага інфантыльнага прэзыдэнта: ну, калі ласка, ну, Аляксандар Рыгоравіч, у вас яшчэ ёсьць магчымасьць ня быць апошнім дыктатарам, а ёсьць магчымасьць годна сысьці першым прэзыдэнтам... Усякія звароты да месца. І заклікі-воклічы накшталт “Міліцыя з народам!”, зьвернутыя да амапаўцаў, усё гэта пайшло ў ход. У адозьве мы зьвяртаемся да інтэлектуалаў, якія дазваляюць сабой гандляваць, якія дазваляюць сабе прадавацца гэтаму рэжыму. Да журналістаў, якім у глыбіні душы сорамна. Бо зь імі ня ходзіць ахова, і іхных дзетак, магчыма, ня сёньня-заўтра будуць дражніць у садках і школках. А яны прадаюцца, а яны хлусяць”.

(Скобла: ) “Усё большую папулярнасьць у нашым жыцьці набывае гэткая зьява, як флэш-моб. “Флэш” з ангельскай перакладаецца, як “успышка”, “моб” — натоўп, грамада людзей. Тваё стаўленьне да флэшмобных моладзевых акцыяў?”

(Хадановіч: ) “Станоўчае. Гэта кароткачасовы палітычны пэрформанс, які доўжыцца, звычайна, ня больш за хвіліну, які не пакідае абыякавых, які чапляе ўсіх хоць трохі зацікаўленых. Ну, напрыклад. На пляцы Кастуся Каліноўскага (колішняй Кастрычніцкай плошчы) вісіць вялізарны тэлевізар, які трансьлюе дурацкія перадачы аднаго дзяржаўнага тэлеканалу. Раптам пад ім зьяўляецца вялікі натоўп маладых людзей, якія завязваюць сабе вочы й надзяваюць навушнікі, не жадаючы гэта бачыць і слухаць. І — разыходзяцца раней, чым “флэшмобэры ў цывільным” пачынаюць іх хапаць. Альбо: нядаўна прагучала брыдкая інфармацыя ад імя адпаведнага міністэрства пра каналізацыю, нібыта засьмечаную абаронцамі намётавага лягеру. Адразу на Галоўпаштамце зьявіліся чэргі людзей з паштовымі пераводамі на адрас таго міністэрства — у парадку кампэнсацыі. Кожны такі флэш-моб зьвернуты й да эстэтычнага пачуцьця (адчуйце, як па-калгаснаму, як недарэчна нам хлусяць!), і да сумленьня (мы яшчэ верым у тое, што сумленныя людзі пераважаюць)”.

(Скобла: ) “Своеасаблівы флэш-моб быў нядаўна зладжаны ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, куды адной ратай былі прынятыя ажно 55 новых сяброў. Але ж міністар адукацыі адмысловым лістом забараніў сябрам гэтага Саюзу выступаць ва ўстановах адукацыі. Гэта табе перашкаджае на шляху да чытача?”

(Хадановіч: ) “Гэты міністар сам нарваўся. Іосіф Бродзкі калісьці вельмі мудра заўважыў: маўляў, пакуль улада не чапае літаратараў, літаратары таксама ня лезуць у палітыку. Як толькі палітыка лезе ў іхныя справы, яны плацяць той самай манэтай. Як толькі нейкія мярзотнікі будуць псаваць мае літаратурныя кантакты зь людзьмі, якім цікава са мною сустракацца, я пакідаю за сабой поўнае права шукаць абыходных шляхоў да сваіх слухачоў. Вы забараняеце мне сустракацца з 500 студэнтамі ў аўдыторыі? Калі ласка, я буду зьвяртацца да 5, 10, 20 слухачоў на мітынгах, на акцыях пратэсту”.

(Скобла: ) “Нядаўна ў тваім перакладзе на беларускую выйшла кніга ўкраінскага пісьменьніка Юр’я Андруховіча “Ўводзіны ў геаграфію”. Чым ён актуальны для айчыннага чытача?”

(Хадановіч: ) “Я адзін зь перакладчыкаў. Андруховіч страшна актуальны для сёньняшняй беларускай літаратуры. У ягонай творчасьці, як у прызьме, адлюстраваліся эстэтычныя пошукі вельмі блізкай нам Украіны, якая зайшла ў сваёй эўрапейскасьці, у сваёй мадэрнасьці крышачку далей, чым мы. Яна на крок бліжэй да Эўразьвязу, на крок бліжэй да свабоды, на крок бліжэй да заходніх чытачоў — гэта ўсё ўзаемазьвязана. І Андруховіч быў акурат тым чалавекам, які сваёй галавой ламаў сьценкі і бар’еры, якія засталіся ў спадчыну ад савецкага часу”.

(Скобла: ) “Ты браў удзел у выступах на плошчы, у намётавым гарадку. А хіба, калі выбухаюць газавыя гранаты, музы не маўчаць?”

(Хадановіч: ) “Музы зрываюцца на крык і плач. Эстэтычна гэта ня менш каштоўна, чым гарманічныя сьпевы музаў, якія патрапляюць ва ўнісон зь ліраю. І гэтых крыкаў, гэтага плачу цяпер вельмі шмат, гэта дакумэнты эпохі. Далібог, музы не маўчалі, калі выбухалі гранаты”.

Андрэй Хадановіч. З новых вершаў

пяць дзён

пяць дзён ад рана да рана твой горад дыхаў з апаскаю твой горад горад тырана вучы альбанскую

ля ГУМу ўжываюць гуму будуюць жывы рэдут а горад твой горад падумаў “ученья идут”

мільёны дуль у кішэні зь мільёнаў вуснаў ні гуку так гэта былі вучэньні падзякуй ім за навуку

навуку вымавіць “годзе!” навуку выгукнуць “хопіць!” твой горад горад у горадзе якога ніхто не захопіць

Размова з рэхам

Хто скажа табе, калі ты не зашпіліш прарэха? Рэха.

І толькі яно, бо людзям усё роўна настолькі… Толькі.

Хто будзе маніць? Хто падставіць цябе неўспадзеўкі? Дзеўкі.

Ёй будзе няёмка, як схлусіць табе незнаёмка? Ёмка.

І хто яны ўсе, у каго ты ня знойдзеш спагады? Гады.

Што скажуць табе — зь іх грашыма, з басэйнам і з пляжам? Спляжым!

І хто ты для іх, што ні “бэ” ў тваёй мове, ні “мэ”, бля?.. Мэбля?

Куды яны шлюць цябе зь беднай тваёй апранахай? …Дзякуй!

Ачысткі сумленьня

Чаго толькі ня зробіш для ачысткі сумленьня!

Штодня сядаеш на кухні перад тэлевізарам, падсоўваеш плястыкавую сьметніцу і — чысьціш, чысьціш яго, абіраеш, як маладую бульбіну.

Ня дзіва, што яно выглядае ўсё такім жа сьвежым, апэтытным і зноў гатовым да ўжываньня, а калі ўважліва прыгледзецца — усё меншае ў дыямэтры.

Але хто стане вымяраць чужы дыямэтар?

Галоўнае — своечасова выцягнуць са сьметніцы пакет з ачысткамі і выкінуць у сьмецьцеправод.

На дарозе

па пояс у джынсах брыдзеш супраць плыні шашы твае непужаныя думкі як іншаходцы ў прэрыі і стэрэа-скавышы як госьці на сьвяце душы новаю аранжыроўкай гудуць у плэеры

аблокі ўгары няспынныя як аўто між пятым і трыццаць пятым агораным кілямэтрам ня спыніш нікога й цябе ня спыніць ніхто і першы сустрэчны акажацца проста ветрам

будуеш замкі з паветра і першы блін выходзіць нечым сярэднім між бібліятэкай і вежай на гэтым сьвеце так многа кніг і цаглін а ты з усіх акадэмій ня скончыў нават мядзьведжай

і можна згубіцца ў трох дарожных слупох і ў думках так ціха — чуваць як робіцца муха сланом і ты так доўга ў дарозе што Бог здаецца сузор’ем Вялікага Віні-Пуха

Камары думаюць пра Беларусь

Ігару Бабкову, таварышу ў няшчасьці

Калі Пан Бог у першыя шэсьць дзён тварэньня стварыў бы й камароў, мабыць, у сёмы Ён бы ўжо нармальна не адпачыў.

І праўда, якая тут міласэрнасьць і любоў да ворагаў нашых меншых, калі цябе кусаюць у правую шчаку, а ты рэфлекторна пляскаеш і па левай?!

…Паход у лясы пачаўся з выправы на Камароўку, і гэта было знакам, якога, на жаль, ніхто не расчытаў.

Недаацанілі мы й першых налётаў, не абвесьціўшы ўчасна паветранае трывогі.

А потым пачаўся Пэрл-Харбар, бязьлітасны й бессэнсоўны, як усякі бунт супраць Вялікага Брата, які хоць і бачыць цябе, але ж ніяк не пасьпявае са сваёю грувасткаю супрацьпаветранай абаронай, бо адзіны ў атрадзе “зэнітчык” узброены толькі фотаапаратам.

“Мабыць, хутка ўжо канец сьвету”, — казалі ў роспачы пэсымісты, а хтось асабліва цынічны дадаў: “Ня мы, дык нашыя дзеці дачакаюцца!”

Побач курылася вогнішча, а ты падскокваў, нібы кенгуру, і размахваў рукамі, як вятрак, калі цэлае воінства абкураных рыцараў ідзе на яго сьвіньнёю…

Ды ўрэшце настае пара, калі бярэш пару пляшак і на пару хвілінаў забываеш пра іхнае існаваньне, альбо нават думаеш, што чарговая атака такі захлынулася ў тваёй крыві, і верыш — вось яна, перамога, і на поўныя грудзі крычыш: “Жыве Беларусь!” І чуеш у адказ радаснае “З-з-з-з-зыве!”



In memoriam

Год таму ў Нарвэгіі ня стала пісьменьніка, аднаго са стваральнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру Карласа Шэрмана. Народжаны ва Ўругваі, ён ў маладосьці вярнуўся на радзіму свайго бацькі, у Беларусь, дзе стаў вядомым літаратарам і грамадзкім дзеячам. Разам з прахам Карласа, пахаваным нядаўна на менскіх Паўночных могілках, ягоная жонка Тамара прывезла з Нарвэгіі два рукапісы — кнігу мэмуараў “Блуканец” і кнігу вершаў “Вока дня”, упершыню напісаную не па-гішпанску, як раней, а па-беларуску. Сёньня пра лінгвістычна-паэтычны і чалавечы фэномэн Карласа Шэрмана нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак гаворыць зь ягонай удавой Тамарай і даўнім сябрам пісьменьнікам Валянцінам Тарасам.

(Валянціна Аксак: ) “Спадарыня Тамара, вы памятаеце той дзень, калі зьяжджалі ў Нарвэгію?”

(Тамара Шэрман: ) “Вельмі цяжка было, таму што Карлас быў ужо вельмі хворым. Але была надзея… У Нарвэгіі, як толькі хвароба трошкі адпускала, ён адразу пачынаў пісаць. Пісаў вершы, прозу, успаміны — з маленства й да апошніх дзён”.

(Аксак: ) “Менавіта ў Нарвэгіі Карлас Шэрман пачаў пісаць вершы па-беларуску. Ён вам іх чытаў?”

(Тамара Шэрман: ) “Чытаў і мне, і дочкам. Дачка яго ад першага шлюбу, якая жыве ў Швайцарыі, трошкі разумее расейскую мову. І наша дачка зь Менску з унукамі прыехала. Паселі ў радок на падлозе, апершыся аб сьцяну, і ён чытаў. Як яны слухалі! Яны плакалі… І ён плакаў, што ім падабалася”.

(Аксак: ) “Карлас Шэрман усё жыцьцё пісаў па гішпанску — на мове свайго дзяцінства, свайго юнацтва. А тут пачаў па-беларуску. Вы былі блізкія зь ім больш як сорак гадоў, чым вы гэта патлумачыце?”

(Тамара Шэрман: ) “Відаць, гэта бацькавы гены праявіліся. Ці крык душы, ці што… Яму вельмі хацелася пісаць менавіта па-беларуску. Было, відаць, нейкае патрабаваньне ўнутранае. Карлас вельмі любіў Беларусь”.

(Аксак: ) “Тое ж самае пытаньне я адрасую сябру Карласа Шэрмана пісьменьніку Валянціну Тарасу”.

(Валянцін Тарас: ) “Калі ён прыехаў з Уругваю ў Беларусь і пачаў ужывацца ў нашае жыцьцё, ён глядзеў на Беларусь праз прызму сьвету, які ён пабачыў, дзе ён нарадзіўся, дзе шмат гадоў пражыў, дзе вучыўся, дзе браў удзел у рэвалюцыйным руху. Прычым, ён прыехаў яшчэ ў савецкую Беларусь. А потым сталася так, што Карлас пачаў глядзець на сьвет праз прызму Беларусі. А гэта крышку іншы ракурс. І гэта не звужэньне погляду, а наадварот, проста памяняліся месцамі нейкія цэнтры. І я думаю, што гэтыя цэнтры спрацавалі менавіта тады, калі ён зноў апынуўся за мяжой, але працягваў глядзець на сьвет праз прызму Беларусі. І яму захацелася выказаць сябе, і як асобу, і як паэта, і як грамадзяніна, беларускай мовай. І беларуская мова сталася для яго вельмі важнай, дарагой і блізкай, хоць, я ўпэўнены, роднай мовай для яго заставалася гішпанская. Таму што першыя словы ён пачуў па-гішпанску, і ягоная мама размаўляла зь ім па-гішпанску.

Зыходзячы са свайго асабістага лёсу, і чалавечага і творчага, я лічу, што ў чалавека могуць быць дзьве родныя мовы. Яны не аднолькава родныя, яны родныя кожная па-свойму. І вось тады, калі Карлас апынуўся ў Нарвэгіі, найбольш роднай сталася беларуская. Яшчэ й таму, што найбліжэйшымі сябрамі Карласа сталі Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Рыгор Барадулін. Іхная мова зрабілася ягонай, таму што ён іх перакладаў на гішпанскую. І вось тут адбыўся сынтэз — дзьве культуры, два мэнталітэты й дзьве мовы зьліліся нібыта ў адну — мову творчасьці”.

(Аксак: ) “Вы пасьпелі пагартаць рукапісы Карласа Шэрмана — кнігі ўспамінаў “Блуканец” і зборніку вершаў “Вока дня”. Што вы пра іх скажаце?”

(Тарас: ) “Першае ўражаньне — адчуваньне значнасьці гэтых твораў і яшчэ раз адчуваньне значнасьці асобы Карласа, падмацаванае гэтымі апошнімі яго рэчамі. Што тычыцца прозы, то гэта палітычна-псыхалягічны партрэт часу, пэўнай рэчаіснасьці. Я думаю, абедзьве кнігі будуць адкрыцьцём. Карлас Шэрман быў і застаўся ў беларускай культуры”.

(Аксак: ) “Верш Карласа Шэрмана “Знакі” чытае ягоная ўдава Тамара”.

(Тамара Шэрман: ) “Містэрыі знакаў, таямніцы літараў узрушалі маленства, праціналі ўжо гэтулькі гадоў у выведцы кантэксту, інтуітыўна праз роздум, што адкрые сакрэты — каму нарадзіцца пашэнціла, а каму й сьмерць — свой шанец. Лёс нястомна сплятае знакі змроку й сьвятла, што вядуць нас, амаль сьляпых, па даўжэзных гасьцінцах. Хоць і думаеш-верыш: ты — уладар сваіх дзён. Містэрыі знакаў, таямніцы літараў усё сьцелюць употайкі шлях твой і адлегласьць”.



Нотны сшытак

Старая песьня з новым сэнсам

Часам, у залежнасьці ад сытуацыі, добра вядомыя песьні набываюць цалкам іншы сэнс. Гэтак здарылася й зь песьняй “Заенька”, выдадзенай нядаўна на сынгле групы “Індыга”. Наш карэспандэнт Дзьмітры Падбярэскі высьвятляў падрабязнасьці ў гутарцы з салісткай групы Русяй.

(Дзьмітры Падбярэскі: ) “Мы сустрэліся з Русяй у музычнай краме “Містэрыя гуку” ля стэнду з дыскамі беларускіх выканаўцаў. Гутарылі пра рознае, але ўсё адно так ці інакш вярталіся да новага дыску, на якім народная і, у аснове сваёй, калядная песьня “Заенька” пададзена ў трох розных варыянтах. Падчас гутаркі я дазнаўся, што, па-першае, гэты сынгл сьведчыць пра новае творчае аблічча калектыву; па-другое, у цяперашніх умовах грамадзкага жыцьця старадаўняя народная песьня была прачытана групай “Індыга” выключна па-свойму, а таму й прагучала нечакана, у новым кантэксьце. Але на пачатку я пацікавіўся ў Русі: ці сапраўды сынгл “Заенька” засьведчыў зьмены ў музычнай мове калектыву”.

(Руся: ) “Менавіта так, бо ўсе ведаюць, што зьмяніўся склад гурту “Індыга” і, відавочна, музыка, з гледзішча стылю, таксама крышку мяняецца. Усе мы пакрысе становімся больш дарослымі, больш сьвядомымі, а таму й музыка цяпер ужо крышку іншая. Новыя песьні больш мэлядычныя, і мы шмат увагі надаем менавіта музычнай матэматыцы. Я маю на ўвазе аранжаваньні песень: каб не было ніякіх памылак у гармоніі музычнай і гэтак далей. Спадзяюся, што нашы былыя фанаты, якія любілі такую агрэсіўную, крыклівую “Індыгу”, таксама будуць рады паслухаць новыя песьні”.

(Падбярэскі: ) “Падчас таго, як вы стваралі дэбютны свой альбом, такім неабвешчаным мэнтарам з паэтычнага боку выступаў Андрэй Хадановіч. А што цяпер? Ці працягвае ён з вамі супрацоўнічаць?”

(Руся: ) “Мы з Хадановічам увогуле такі творчы “шлюб” заключылі, прызналіся, што адно без аднаго ўжо ня можам. І цяпер Андрэй таксама бярэ вельмі актыўны ўдзел у стварэньні новай праграмы. Але калі раней тэксты нараджаліся на расейскай мове й потым іх Хадановіч перакладаў, то ў гэтай праграме я намагаюся ўжо нешта рабіць сама. Нават адна песьня, якая называецца “Музычны чалавек”, нарадзілася менавіта па-беларуску. Мне гэта вельмі прыемна. Я адчуваю пакрысе, што моц беларускамоўная ў мяне ўсё ж такі ёсьць. Спадзяюся, ужо наступны, трэці, альбом буду рабіць самастойна. Але Хадановіч — гэта заўсёды мой цэнзар, гэта чалавек, які заўсёды выпраўляе ўсе мае памылкі й дапамагае з тэкстамі”.

(Падбярэзскі: ) “Зварот да народных песень і, паміж іншага, да той жа “Заенькі” — таксама сьведчыць пра зьмену музычных арыенціраў?”

(Руся: ) “Мне папросту фольк сам па сабе вельмі падабаецца. Мой настаўнік па вакале спадар Насаеў прышчапіў і ўзрасьціў ува мне гэтую любоў да фольку. Мы зважылі на гэтую песьню таму, што мне неяк падалося: яна ж вельмі актуальная. Гэты заенька ў мяне асацыюецца з музыкамі, якія цяпер забароненыя. Як і заенька, яны маюць тры дамухны, але насамрэч ніводнага прытулку ў іх няма. Мне падалося, што было б цікава з гэтай песьняй папрацаваць. Я заўсёды кажу: ня трэба ад “Індыгі” ў гэтай песьні “Заенька” чакаць нейкага фолькавага падтэксту. Таму што тут больш алюзіяў на чалавечы лёс. Гэта не калядная песьня, і па музыцы нават чуваць, што ад фольку мала чаго засталося. Але мне падумалася, што гэта досыць актуальна й цікава цяпер. Нашы людзі вельмі падобныя да гэтага заенькі, які ў шуканьні, разгублены”.

(Падбярэскі: ) “На тваю думку, чым адрозьніваюцца тэксты рок-выканаўцаў ад тэкстаў песень, вытрыманых у стылістыцы папулярнай камэрцыйнай эстрады?”

(Руся: ) “Розьніца ў тым, што поп-выканаўцы не імкнуцца змусіць чалавека разважаць пра пэўныя рэчы: вы чуеце песьню, і ні пра што ня думаеце. А рок-выканаўцы намагаюцца дакапацца да самой сутнасьці чалавека, і зазвычай менавіта рок-выканаўцы сьпяваюць пра нейкія пэўныя філязофскія шуканьні, праблемы чалавека. Я спадзяюся, што наша музыка таксама прымушае разважаць над уласным жыцьцём, над жыцьцём людзей навокал і ўвогуле…”

(Падбярэскі: ) “А калі б запрасілі выступіць “За!”, дык за якое “За!” ты выступала б?”

(Руся: ) “Я выступала б за такое “За!”, каб потым перад сабой не было сорамна й жудасна”.

(Падбярэскі: ) “Партнэрам гурту “Індыга” ў песьні “Заенька” выступіў Ігар Варашкевіч, якога, калі згадаць словы Русі, таксама па лёсе можна асацыяваць з галоўным героем народнай песьні. Сапраўды, зь цягам часу кожны творчы калектыў мусіць разьвівацца, крочыць наперад, да нязьведанага. Відавочна, гэтак адбываецца й з групай “Індыга”. А таму маюцца ўсе падставы чакаць ад калектыву новых творчых здабыткаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG