Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неглюбка: “Хоць золата давай, не паеду ў Амэрыку”


Зьміцер Бартосік, Неглюбка, Веткаўскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Неглюбка ляжыць, як у казцы, за дрымучымі лясамі ды за шырокімі барамі. Ад Веткі дарогу абступаюць высокія лясы, якія цягнуцца на многія кілямэтры. Амаль да самай Неглюбкі.

Неглюбскага цуду трэба шукаць не на вуліцы. А ў хатах тых нешматлікіх майстрых-ткачых, якія працуюць сёньня, як і стагодзьдзі таму.

Насупраць аўтобуснага прыпынку, які патанае ў сьмецьці, стаіць дыхтоўная хата Валянціны Халюковай. Калі гаспадыня хаты, невысокая старая са строгім позіркам, вам не ўсьміхнецца, дык гэта не таму, што яна вам ня радая.

Напэўна, усе свае эмоцыі пані майстрыха ўкладае ў свае творы. Спадарыня Валянціна вам з ахвотаю пакажа ўсе свае скарбы, сузіраць якія можна гадзінамі.



Валянціна: “Адкуль гэта? Ад бабуляў, ад прабабуляў пачыналася яно. Каляровыя яшчэ ёсьць прыгажэнныя”.

Карэспандэнт: “А яны ж, гэтыя ўзоры, нешта ўсе азначаюць?”

Валянціна: “Гэта крывуля, гэта зорка, гэта козьлікі маленькія. А гэта во якая крывулька. А там у мяне ёсьць і елка, і мяцёлка, і павукі красівенныя”.

Карэспандэнт: “А колькі каштуе?”

Валянціна: “Гэтыя во, за дзьвесьце тысяч”.

Карэспандэнт: “А гэта што?”

Валянціна: “Гэта сарочка. Надзяваць. І ў “Стралу” надзявалі”.

Карэспандэнт: “А раней Неглюбка больш жывая была? Цяпер едзем, амаль нікога і народу на вуліцах няма”.

Валянціна: “Ой, Госпадзі! Раней сяло стогла ад народу. Сяло стогла. А гэта во ў скрынку засьцілаюць, як памруць. У мяне баба была, матка. У сяле такіх рукадзельніцаў не было. Жылі багата, і людзям ткала панёвы. У нас адзежы — ні ў кога на сяле столькі не было. Панёў, платкоў, палатна трубак”.



Гэтыя ручнікі, непадобныя адзін да другога, заварожвалі знаўцаў этнаграфіі на многіх выставах па ўсім сьвеце. Але з роднымі музэйшчыкамі ў Валянціны зьвязаныя асаблівыя ўспаміны.

Валянціна: “Аддалі мы па пяць ручнікоў. І няма месяц, няма другі, няма трэці. А яны па ўсіх выстаўках іх пусьцілі. Шуруюць, як хочуць.

Мы туды паехалі. А іх во такую кучу нагрузілі. “Гэта вы так нашыя ручнікі?” “Ня бойцеся, ня бойцеся”. Цягаем мы свае ручнікі з гэтае кучы. А яны стаяць ды кажуць: “Куча ручнікоў. Як яны так угадваюць?” Ды няхай іх мільярд. Я яго ўгадаю і буду цягнуць за канец”.

Карэспандэнт: “Свой”.

Валянціна: “Свой. А апошні раз ужо пабылі ў Гомелі. Прыстойна так, прыгожа было. Такі стол вялікі паставілі. Былі і тарты, і цукеркі добрыя, так хораша! А што ў Мазыр вазілі нас! О! Гэта ж вечны агонь у Мазыры?”

Карэспандэнт: “А за мяжу ня езьдзілі?”

Валянціна: “Хоць золата давай, не паеду ў Амэрыку. Цераз такую ваду. Што вы гаворыце! Цяпер маладыя — гэтыя б паехалі. А мы тады яшчэ баяліся. Страшна было”.

Карэспандэнт: “А ў чым сэнс ручніка?”

Валянціна: “Для ўпрыгожаньня ў хаце. Замуж ішлі, каб абавязкова былі. Няма сваіх — у людзей прасілі. Безь яго... Жылі людзі, але нікуды. Ні ў сьвята не было, нікуды”.

Ульляна Саломенная, таксама вядомая неглюбская майстрыха, усьмешлівая мажная старая, сядзела каля сваёй хаты і грэлася на восеньскім сонейку. У хату запрасіла адразу.

Ульляна: “Хадзіце ў хату”.

Карэспандэнт: “У хату пойдзем? Давайце я дакуру”.

Ульляна: “Хадзіце. Хай у мяне хоць дымок пройдзе. У хаце”.

Карэспандэнт: “У хаце можна курыць? Ну, хадземце… Каб выткаць адзін ручнік, колькі трэба працаваць?”

Ульляна: “Ой, дзетачка. Тыдні два трэба ткаць яго. Як вялікі, так і болей”.



Ульляна: “Саджуся ў спальню сваю, сьвятло ўключаю. Сяджу і шыю. Вышыла адзінаццаць дываноў. Вы б паглядзелі! Штукі тры я прадала тады. А то дзецям пааддавала. Дык ім ня трэба ўжо дываны тыя. Яны гасударскія, і тое павыкідалі.

Я прыходжу, а яна ўжо рамонт зрабіла, дзеўка ў Гомелі. Гляджу, ужо зьняла дыван мой, банкі накрыла. Ах, ты сукіна дачка! Ты ня знаеш, як я ня спала начамі. А ты банкі накрыла. Ты фуфайкай якой. А яна — “ён таўшчэйшы”, гаворыць. Адзін прадала ў Расею. Ды мала ўзяла за яго. У мяне зяць з Расеі”.

Карэспандэнт: “А тут называлі не Расія, а Расея?”

Ульляна: “Расея”.

Карэспандэнт: “А гэта дапамагае жыць?”

Ульляна: “Канечне ж, дапамагае. Вось я наткала летась і залетась многа ручнікоў. Дык я ж прадавала іх. І з Масквы бралі”.

Карэспандэнт: “А адкуль гэтая назва, Неглюбка?”

Ульляна: “Калісь Гасподзь сказа так: “Неглюбка — гэта ня любае Богу месца”.

Карэспандэнт: “Ня любае Богу?”

Ульляна: “Ня любае Богу месца. Неглюбка”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Ульляна: “Ну, хто ж яго ведае, чаму...”



Ня любае Богам месца. З далёкіх часоў можа часам дайсьці і такая вось недарэчнасьць. Па-мойму, месца вельмі нават Богу любае, калі ў ХХІ стагодзьдзі мы можам спаткацца з жывым мастацтвам далёкіх стагодзьдзяў.

Неглюбская царква, драўляная сіняя будыніна, не зьяўляецца помнікам архітэктуры. Але каб ацаніць яе, трэба зайсьці ў храм. Нідзе ў Беларусі я ня бачыў столькі ручнікоў.



Паганскія ўзоры ў спалучэньні з абразамі ствараюць дзіўную атмасфэру беларускасьці, хрысьціянства ды хатняй утульнасьці.

Многія ручнікі для храму выткала Ефрасіньня Дзямчыхіна. Увішная, маленькая старая, якую я засьпеў за працай на гародзе. Ефрасіньня з тых людзей, якія бяз працы ня могуць ні хвіліны.



Ефрасіньня: “Упраўлюся з гаспадаркай, саджуся. Да дванаццаці, да гадзіны, да чатырох. А чацьвёртай скаціну пакармлю...”

Карэспандэнт: “Усё работалі ды працавалі”.

Ефрасіньня: “Працавалі, працавалі й працавалі. Усё жыцьцё. І касіла, і арала, і скародзіла. Усё на сьвеце рабіла”.

Карэспандэнт: “А не было жаданьня ўзяць ды адпачыць? Каб нічога не рабіць?”

Ефрасіньня: “Не, што ты. Я, увогуле, непісьменная. Увогуле. Нават расьпісацца ня ўмею. Як пайшла працаваць ад дзесяці гадоў, так па сёньня і працую”.

Гэтыя старыя неглюбчанкі, можна сказаць, апошнія з карэнных жыхароў мястэчка. Большасьць тут складаюць людзі прышлыя. Эмігранты з краінаў былога Саюзу, якія працуюць на малочнай фэрме.

Вось па вуліцы ідзе нестарая кабета, якая, як высьветлілася, прамяняла Эўрасаюз на саюзную дзяржаву.



Карэспандэнт: “Вы самі неглюбская?”

Кабета: “Не. Я з Латвіі”.

Карэспандэнт: “А чаму вы зьехалі з Латвіі? Там жа, кажуць, у вас так здорава”.

Кабета: “Я сама расейка. А калі я латыскай мовы ня ведаю, на работу не пускаюць. У нас культурна гаварылі: “Вызваліце працоўнае месца”.

Карэспандэнт: “Вам у Беларусі ўтульна?”

Кабета: “Так. Тут з працай лёгка. Зарплата штомесяц”.

Карэспандэнт: “А колькі?”

Кабета: “Атрымліваецца ад надою малака. Але справа ў тым, што я ляжала ў бальніцы, мне далі групу. Я ўжо тры гады не работаю”.

Карэспандэнт: “А ёсьць настальгія па Латвіі? Цягне назад?”

Кабета: “Раней цягнула, цяпер не. Я ўжо мясцовай лічуся”.

У 1977 годзе ў Неглюбцы быў адкрыты цэх вытворчасьці ручнікоў. Але тая вытворчасьць не перажыла перабудовы. Ці выжыве неглюбскае мастацтва?

Надзею дае мая наступная суразмоўца. Людміла Кавалёва, маладая прыгожая кабета, таксама прыежджая. Яна з Брагіншчыны, па прафэсіі нафтавік. У Неглюбку прыехала жыць стала, бо палюбіла гэтае мастацтва, авалодала ім і вучыць яму дзяцей з Латвіі да Казахстану.



Людміла: “Мы вучым дзяцей. У нас усе дзеці ўмеюць. У хлопцаў лепш атрымліваецца, чым у дзяўчат”.

Карэспандэнт: “А якія пэрспэктывы ў гэтага мастацтва?”

Людміла: “Калі пойдзе такі рытм жыцьця, дык наўрад ці, каб яно разьвівалася. Я хацела, калі беспрацоўе было, займацца саматужніцтвам сваім. Вельмі цяжка рэалізаваць. Немагчыма за гэта жыць. Калі я вытку, прадам — мне толькі што абратна купіць ніткі. Попыт малы зусім. Нават сёньня мы паехалі, мы проста нічога не прадалі. Нічога”.

Я набыў у Людмілы ручнік спрадвечных беларускіх колераў. А ў машыне слухаў старажытную абрадавую песьню, якую мне насьпявала Ўльляна Саломенная. Сярод веткаўскіх лясоў гэтыя сьпевы заварожваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG