Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На памежжы літаратуры і выяўленчага мастацтва”: Ганна Ціханава


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьця “Начной Свабоды” – літаратарка і мастачка Ганна Ціханава.

“Я выхоўвалася на беларускіх кніжках у афармленьні нашых добрых беларускіх графікаў”

Знаткевіч: “Добры вечар, Ганна”.

Ціханава: “Добры вечар, Аляксей, Вам і ўсім слухачам "Свабоды".

Знаткевіч: “Вы нарадзіліся ў сям’і мастакоў. Тое, што Вы пачалі маляваць, напэўна, было для бацькоў натуральным, а вось ваш літаратурны талент – ён спадчынны, ці не?”

Ціханава: “Справа ў тым, што так атрымалася, паколькі я сапраўды нарадзілася ў сям’і мастакоў, з раньняга дзяцінства я заўжды з бацькамі шмат наведвала розных выставаў, часам, бывала, і тэатры, і тая атмасфэра, у якой я выхоўвалася, канечне, паўплывала на зьяўленьне і літаратурнага, як вы сказалі, таленту, але менавіта ў маёй сям''і ніхто прыгожым пісьменствам не займаўся. Мае бацькі не пісалі вершаў. Але ў дзяцінстве мне мая бабуля вельмі шмат чытала казак на беларускай мове, і я выхоўвалася на беларускіх кніжках у афармленьні нашых добрых беларускіх графікаў. Можа быць, гэта ўсё адбілася ў жаданьні паспрабаваць сябе ў літаратуры”.

“Літаратура – найвышэйшае з мастацтваў? Не магу пагадзіцца”

Знаткевіч: “Калі я размаўляў зь іншымі літаратарамі, якія гучалі ў нашай "Начной чытанцы", некаторыя зь іх казалі, што словамі магчыма выказаць усё, таму літаратура, маўляў – найвышэйшае з мастацтваў. Вы з гэтым пагодзіцеся?”

Ціханава: “На жаль, я не магу з гэтым пагадзіцца. У мяне асабіста ў жыцьці бывае вельмі шмат сытуацый, калі мне цяжка выказацца менавіта словамі, і я хутчэй магу выявіць нейкія свае эмоцыі праз жэсты, рухі, колеры, у словах ня ўсё можна сказаць”.

Знаткевіч: “Наколькі я ведаю, Вы робіце эксьлібрысы – кніжныя знакі, якія ўказваюць на прыналежнасьць нейкай кнігі нейкай пэўнай асобе – Вы гэта робіце на замову ці сама прапануеце?”

Ціханава: “Я раблю гэта як на замову, так і для сваіх сяброў, калегаў для творчага такога абмену”.

Знаткевіч: “А Вы рабілі эксьлібрысы каму-небудзь зь вядомых людзей Беларусі?”

Ціханава: “Пакуль не”.

Знаткевіч: “Магчыма, хтосьці пачуе пра гэгта ў нашай перадачы, даведаецца пра гэта і замовіць Вам...”

Ціханава: “Было б прыемна”.

“Жанчына заўжды была такой музай, натхняльніцай. Я не скажу, што гэта дрэнна”

Знаткевіч: “Для вас увогуле ў творчасьці мае вялікае значаньне месца і места, у якім вы знаходзіцеся, калі вы пішаце ці малюеце нешта?”

Ціханава: “Хутчэй, ня месца само па сабе, а тая атмасфэра, якая пануе ў гэтым месцы, тыя людзі, якія вакол цябе, якія фармуюць творчую прастору вакол. Гэта важна”.

Знаткевіч: “Ганна, на выставе "Адзін дзень жыцьця жанчыны", якая адкрылася днямі ў Менску ў галерэі "Арс лонга", чамусьці творы выключна беларускіх мастакоў-мужчын, усе мужчыны твораць жанчын – Вам не падаецца, што часам мужчынскі погляд на жанчыну ў нечым несправядлівы, няправільны?”

Ціханава: “Цяжка так вось адказаць, правільны ён альбо не. Іншая справа, што ён можа не супадаць з жаночым поглядам, поглядам жанчыны на жанчыну. Хочацца павіншаваць Менск зь яшчэ адной новай выставай, зь яшчэ адной новай галерэяй адчыненай, гэта заўжды прыемна, усё ж такі, што ў нас ідзе такое культурнае жыцьцё.

А наконт таго, што ўсе творцы, якія ўдзельнічалі ў гэтай выставе – мужчыны, то, мабыць, так гістарычна склалася, што жанчына заўжды была такой музай, натхняльніцай. Я не скажу, што гэта дрэнна”.

“Праз жаночае цела лягчэй паказаць менавіта эмацыйны сьвет”

Знаткевіч: “А для Вас, як для мастачкі, што больш прывабны аб''ект для творчасьці – мужчына ці жанчына?”

Ціханава: “Усё ж такі хутчэй жанчына”.

Знаткевіч: “А чаму?”

Ціханава: “Таксама ня лёгкае такое пытаньне... Проста калі разважаць пра нейкія эстэтычныя формы, формы складаньня, мужчыны, канечне, могуць не пагадзіцца са мной, мне падаецца, што ўсё ж такі жаночая мадэль больш плястычная, больш гнуткая, і праз жаночае цела, можа быць, лягчэй усё ж такі мастаку паказаць менавіта эмацыйны нейкі сьвет, нават мастаку-мужчыне”.

Знаткевіч: “Ганна, а нейкія бягучыя падзеі і палітыка ў вашую творчасьць як жывапісную, графічную, так і літаратурную – ці патрапляюць, прасочваюцца?”

Ціханава: “Я б не сказала, што я чалавек, які імкнецца ў палітыку, але нейкія тэмы, канечне, яны, можа быць, не канкрэтна ўплятаюцца ў творчасьць, але ж пэўным чынам могуць у творчым працэсе адбівацца. Гэтак, напрыклад, у мінулым годзе праходзіў вялікі конкурс эксьлібрысаў у Італіі, прысьвечаны, дарэчы, тэме свабоды. Гэтая тэма, наагул, блізкая для ўсіх мастакоў, аб''яднала мастакоў абсалютна з розных краін, і кожны спрабаваў самавыказацца на тэму свабоды, зрабіўшы эксьлібрыс для муніцыпальнай бібліятэкі ў адным зь невялікіх гарадоў Італіі”.

Знаткевіч: “І вы таксама зрабілі нешта?”

Ціханава: “Так”.

Знаткевіч: “Ваш эксьлібрыс быў па-за конкурсам?”

Ціханава: “Ён удзельнічаў у конкурсе, прайшоў на выставу, і цяпер будзе захоўвацца там, у іхным архіве. Тут хочацца мне трошку пахваліць сваіх калегаў, бо прызавыя месцы на гэтым конкурсе занялі якраз-такі мастакі зь Беларусі, што вельмі прыемна”.

Знаткевіч: “А хто, калі не сакрэт?”

Ціханава: “Мікола Рыжы”.

“Большасьць свайго часу ў інтэрнэце я праводжу на сайтах, прысьвечаных эксьлібрысу”

Знаткевіч: “Ганна, Вы часта карыстаецеся інтэрнэтам?”

Ціханава: “Ня вельмі”.

Знаткевіч: “А ці ёсьць у Вас нейкія ўлюбёныя сайты?”

Ціханава: “У асноўным гэта датычыцца маёй прафэсійнай дзейнасьці, у тым сэнсе што большасьць свайго часу ў інтэрнэце я праводжу менавіта на сайтах, прысьвечаных альбо сучасным конкурсам эксьлібрыса, сучаснай праблематыцы разьвіцьця кніжнага знаку, альбо сайтах, якія падаюць інфармацыю пра гісторыю разьвіцьцю эксьлібрыса ў Эўропе і ў сьвеце”.

Знаткевіч: “То бок, Вы можаце сказаць, што вы хутчэй чалавек кніжны, чым інтэрнэтны?”

Ціханава: “Сапраўды, так”.

Знаткевіч: “А скажыце, якую апошнюю кніжку Вы чыталі, а не афармлялі, якую параілі б прачытаць нашым слухачам?”

Ціханава: “Апошняя кніжка, якую чытала, нават перачытвала – гэта МІлан Кундэра, "Бясьсьмерце". Наагул, я люблю перачытваць любімыя кнігі, таксама як і глядзець нейкія спэктаклі, якія мне спадабаліся, па некалькі разоў. Пры другім альбо трэцім прачытаньні заўжды прыходзіць нешта новае, нейкія моманты, на якіх не засяродзіўся ў першы раз”.

“У эксьлібрысе мне падабаецца памежнасьць сытуацыі...”

Знаткевіч: “Ганна, а чаму менавіта эксьлібрысам Вы так захапіліся?”

Ціханава: “Мне падабаецца памежнасьць сытуацыі, той прасторы, у якой існуе эксьлібрыс – на памежжы літаратуры і выяўленчага мастацтва, менавіта мастацтва друкаванай графікі, малых формаў, гэта мне вельмі цікава. Таксама цікавы сам сэнс эксьлібрыса як пасярэднікам паміж чытачом як уладальнікам кнігі і аўтарам кнігі”.

Знаткевіч: “А вам не здаецца, што тут ёсьць момант нейкага такога ўласьніцтва, як таўро – вось, гэта маё, мая кніга, маё майно?”

Ціханава: “Так, ёсьць, безумоўна, але я ня бачу ў гэтым ніякай праблемы. Спакон веку чалавек псыхалягічна хацеў адзначаць нейкія рэчы вакол сябе такім вось уласьніцкім знакам. І калі разглядаць эксьлібрыс з такога больш творчага пункту гледжаньня, то гэта менавіта і цікава, таму што кніжны знак – гэта ня толькі нейкі штамп, лягатып, які кажа “гэта маё”, і ўсё тут. Ён павінен у ідэале раскрываць густы і прыярытэты чытача, паказваць нейкі яго ўнутраны сьвет, і ў пляне мастацкага твору гэта вельмі цікава, тут павінна быць такое своеасаблівае супадзеньне, мне падаецца, экзыстэнцыі ўладальніка кніжнага знаку з экзыстэнцыяй мастака, які стварае гэты знак для хатняй бібліятэкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG