Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балбасава: “Жыцьцё, што цеклася тут за калючым дротам, скончылася..."


Віталь Сямашка, Балбасава, Аршанскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Больш за дзесяць гадоў таму нельга было і ўявіць, каб наведаць Балбасава без адмысловага запрашэньня ды спэцпропуску КДБ. Проста так над лётным полем тут не праляцеў бы й верабей. У часе вандроўкі мясцовыя казалі, што гэта, бадай, першая перадача пра іх.

А ў час СССР у ангарах гэтага закрытага вайсковага гарадка на Аршаншчыне месьціўся полк бамбавальнікаў далёкай авіяцыі, якія амэрыканцы называлі “бэкфаерамі”. У падземных сховішчах захоўваліся ракеты стратэгічнага прызначэньня зь ядзерным начыньнем. Незаўважаным сюды прабіраўся хіба што невядомы тады нікому падлетак Аляксандар Лукашэнка. Пра што ён, ужо будучы прэзыдэнтам, распавёў узрушаным балбасаўцам. А мне пераказаў 33-гадовы Зьміцер Каваленка, які прысутнічаў на сустрэчы.

Каваленка: “Дзвяноста шосты год, прыляцеў на верталёце. Потым на мітынгу расказваў, як ён у маленстве прыяжджаў на ровары сюды, у Балбасава, і трымаўся за крыло летака, які стаіць цяпер помнікам. Ягоная вёска Александрына за дваццаць пяць кілямэтраў адсюль”.

Сталыя балбасаўцы савецкі час згадваюць з настальгіяй. Былы вайсковец, 50-гадовы Ўладзімер Зімін дзесяць гадоў пражыў у больш заможнай тады Прыбалтыцы. Але тут горш не было, кажа ён.

Зімін: “У савецкі час было, што й там. Прадукты лепш, чым у Воршы. У мяне цётка “Ваенгандаль” абслугоўвала. Кілбаса каштавала 90 капеек кіляграм, а самы малы заробак — 60 рублёў. А цяпер, нават калі 400 тысяч, кіляграм каштуе шэсьць. Крамаў на кожным рагу, толькі пакупнікі абыходзяць аддзел, дзе дарагая кілбаса, а ідуць, дзе лівэрная ляжыць. Зноў-такі, сюды нельга было прыехаць і набраць прадуктаў — усё па пропусках, для вузкага кола”.

Карэспандэнт: “А галасуюць за каго?”

Зімін: “А бог яго ведае, нам выбаркам кажа, што за Лукашэнку. На выбарах цяпер ідуць адны дырэктары, без усялякай альтэрнатывы”.

Да адсутнасьці “альтэрнатывы” ці, дакладней, да жорсткай вайсковай дысцыпліны ва ўсіх сфэрах жыцьця тут прызвычаеныя. Лёс невялікай татарскай вёсачкі, што ў XVI стагодзьдзі належала Радзівілам, крута зьмяніла пастанова Саўміну СССР ад 27 красавіка 1928-га, калі на тутэйшай ральлі было вырашана пабудаваць аэрадром ды першы дзясятак дамоў вайсковага гарадка.

Аднак паслухаем краязнаўцу Ўладзімера Міхасёва, які першым дасьледаваў гісторыю Балбасава. А наўперамен будуць успаміны 73-гадовага Міхаіла Дзьмітрыевіча Касьцюковіча, былога майстра-сантэхніка, які пражыў тут усё жыцьцё. Пачынае спадар Міхасёў.



Міхасёў: “Вельмі цікавая назва Балбасава. Ёсьць вэрсія, калі Вітаўт узяў на вайсковую службу татараў, яны тут сяліліся, бо праходзіў вялікі тракт. Назва цюрская. Балбасава стала вядомае, калі ў 30-я гады ХХ стагодзьдзя была разгорнутая авіяцыйная брыгада Чырвонага паветранага флёту. А перад вайной — авіядывізія генэрала Захарава, там былі вядомыя асы. 22 чэрвеня ў поўным складзе вылецела абараняць Менск. У часе вайны бамбавала Маскву ў 1941-м нямецкая эскадра “Зялёнае Сэрца”. Усю вайну вялася паветраная вайна, бо прыкрывалася Ворша”.

Успаміны спадара Касьцюковіча:

Касьцюковіч: “У сорак першым усе зьехалі, нічога не ўзялі, нават суп застаўся. І з суседніх вёсак разрабавалі кватэры — партызанамі сабе называлі. Немцы нас ганялі на працу — лес чысьціць, яміны капаць, разгружаць вагоны са шчэбенем. Калі сыходзілі, хлебапякарню, Дом афіцэраў, дамы ўзарвалі”.

А вось пасьляваенная гісторыя Балбасава вуснамі маіх суразмоўцаў:

Міхасёў: “З пачатку пяцідзясятых былі бамбавальнікі Ту-16, потым хуткасныя знакамітыя “бэкфаеры” — Ту-22, што наводзіліся на раёны Балтыйскага мора і Эўропу. Для абслугоўваньня быў пабудаваны адзін з найвялікшых авіяцыйна-рамонтных заводаў. Такіх тры ў Беларусі — у Балбасаве, Баранавічах, у Менску. У пачатку дзевяностых, паводле пагадненьня з Расеяй, атамная зброя была вывезеная, а ўвесь авіяполк вылецеў у Расею”.



Карэспандэнт: “Спадар Міхаіл, вы ўсё жыцьцё пражылі за калючым дротам: і пры немцах, і калі жылі тут, пры атамнай зброі — каго хочаш да сябе не запросіш. Шкадуеце, што так жыцьцё прайшло?”

Касьцюковіч: “Не, мы тут прывыкшы. У пяцідзясятыя гады анкетаваньне праводзілася праз Маскву. Калі ёсьць няўвязкі ў анкеце — можа, у палоне быў ці ва ўласаўцаў — чакаеш, ці прыйдзе дазвол з КДБ. У нас быў начальнік складоў, старшы лейтэнант Гарбачоў, добры мужык. Яго — раз, і цягам сутак прыбралі, бо быў у палоне. 400 рублёў мы атрымлівалі, а хто прайшоў праверку, давалі паўтара акладу. Строга было: патрулі хадзілі, дротам былі агароджаныя”.

Я вандраваў па Балбасаве акурат у часе набліжэньня ўрагану “Квазымода”, калі маразы змусілі кіраўніцтва авіяцыйна-рамонтнага прапанаваць рабочым ісьці ў чарговы адпачынак альбо на самазабесьпячэньне. Вось што распавяла мне 28-гадовая Марына з заводакіраваньня:

Марына: “У ангарах халодна, працуюць меней за восем гадзін. Цяжка — няма вады, няма ацяпленьня”.

Карэспандэнт: “Колькі зарабляюць?”

Марына: “Не скажу, асабістая тайна”.(Сьмяецца.)

Мяркую, Марына хутчэй пасаромелася называць свой заробак. З чатырох тысяч жыхароў Балбасава палова лічыцца працаздольнай. Але на так званым горадаўтваральным прадпрыемстве засталося каля шасьці соцень. Ля прыпынку, на сьцюдзёным ветры, сядзелі ды гандлявалі семкамі дзьве Тамары — 71-гадовая пэнсіянэрка ды 48-гадовая беспрацоўная чарцёжніца. І ў сваіх ацэнках жыцьця ў пасёлку яны не саромеліся.

Спадарыні: “Ніякай працы тут няма — завод хоць бяры і зачыняй. Заробкі 100 тысяч людзі атрымліваюць — а што вы думалі?! І ўсе бягуць у Маскву на заробкі, уся моладзь выехала. У нас рэальна 3000 жыхароў — 2000 пэнсіянэраў і тысяча, каму няма куды падацца. А завод дыхае на ладан: скарачэньні, скарачэньні… На малако, хлеб цэны падвышаюць. Хлеб купіш — 2 тысячы, малако — тры.

А заробак на 5 тысяч у месяц падвысяць. А цяпер квартплата на 20% падвысілася, камуналка на пяць даляраў… Сёньня купіла батон, на заўтра на яго трэба нагандляваць… Можа і прагнаць міліцыя, як не спадабаесься — і вэк… Я нагандлявала 1200 за дзень — з раніцы на абед не хадзіла, прадала пяць стаканаў, а ўжо 16.00. Стаю пяць гадзінаў”.

Старшынём Балбасаўскага пассавету зьяўляецца былы дырэктар авіязаводу спадар Пашкевіч. У часе нашай размовы неаднаразова чухаў патыліцу. Маўляў, да цэнтральнага ацяпленьня не падключаны Палац культуры. Каля трохсот кватэраў патрабуюць капрамонту. Мноства дамоў пабудаваныя яшчэ ў 1934-м гаспадарчым спосабам. Але галоўнае, кажа Андрэй Аляксеевіч…

Пашкевіч: “Асноўная праблема — працаўладкаваньне, бо на заводзе скарачэньні. Сто тысяч даляраў у месяц трэба на ацяпленьне, так што там тэмпэратура ніжэйшая за мінус 10. У 2006-м адкрыта сорак працоўных месцаў у недзяржаўнай сфэры — пашыў адзеньня, фірма “Амэга” зь міжнароднымі перавозкамі, крама прыватная на 14 месцаў. Плянуем сумесна з Латвіяй вытворчасьць у апрацоўцы драўніны, торфу і вырабе мясцовых відаў паліва. Будзем гарачую ваду сваю атрымліваць — плянуем кацельню на дровах. Рукі не апускаюцца, вялікіх скаргаў ад насельніцтва няма”.

Падвяла ўсё-ткі пры канцы мэра Пашкевіча савецкая завядзёнка на бадзёрыя справаздачы. Я пабываў у самым, як тут лічыцца, бядотным раёне, дзе свае аднапавярховыя хаціны самі жыхары называюць баракамі. Іх тут насамрэч чортаў тузін, кажа 44-гадовая паштальёнка, маці трох дзяцей Марыя. У мяне ў вушах дагэтуль гучыць яе “бессэнсоўна”.

Марыя: “Так, баракі. Макрота ў нас, дыхаць няма чым. Пячное ацяпленьне, самі топім. Газ у балёнах. Нічога ніхто не дапамагае. У кватэры рамонт за свой кошт. Адзінае, могуць дах падрабіць. Абяцаюць ужо другі год газ правесьці — бессэнсоўна! Кабэльнага тэлебачаньня няма, ня ў кожнага вада ў хаце, прыбіральня. Жывем у каменным веку. У мяне цяжэй, бо зь дзецьмі.

Доктар сказаў: глядзіце, удушша заробіце ад мокрасьці. Рамы гнілыя. І бяруць у нас штомесяц за капрамонт сем тысяч! А за што бяруць?! Трубы, печкі самі чысьцім. У нас побач дом згарэў — з дымаходам штосьці. А за ліхтары колькі змагаліся! А каб тут пацякло, вы б сюды наагул не дайшлі — усё цячэ, з каляскамі не выйсьці. Па восені і ўвесну плывем тут. Змагаемся, але бессэнсоўна: “Вы жывяце добра, у вас усё нармальна”.

Як і паўсюль, ёсьць у Балбасаве свае кантрасты. Лічыцца, добра жывуць былыя вайскоўцы, што атрымліваюць пэнсію з Расеі. Ва ўсякім выпадку, маючы іх на ўвазе, прадавачка прыватнай крамы Марыя Шчарбакова на свой бізнэс ня скардзілася.

Шчарбакова: “За дзень у мяне чалавек 150—200 праходзіць. Наведваюць больш прыватнікаў. Абарот за дзень больш за паўмільёна. Тут тавару больш добрага, усё хутка, не псуецца. Коштам прадаўцоў не сьпісваецца, як у дзяржаўнай, а коштам гаспадыні”.

Я пазнаёміўся са Зьмітром Касьцючэнкам, што працуе інжынэрам у аб’яднаньні ў вытворчасьці сродкаў сувязі “Лёс”, за восем кілямэтраў ад пасёлку. Яшчэ нядаўна ён быў дэпутатам мясцовага савету.

Карэспандэнт: “Што найбольш падабаецца і найбольш не падабаецца ў Балбасаве?”

Касьцючэнка: “Падабаецца, што ціхі, утульны пасёлак. Побач бярозавы гай. Лес — у грыбы ходзім. А не падабаецца, што тут няма дзе правесьці вольны час. Дыскатэка — зусім маладыя ходзяць раз на тыдзень у суботы”.





Карэспандэнт: “І “па суботах ледзь ня з плачам”, як сьпяваў Уладзімер Высоцкі, бо ацяпленьня няма”.

Касьцючэнка: “Так. Яшчэ далёка езьдзіць на працу кожным ранкам ды ўвечары. Тут, здаецца, людзі жывуць самі па сабе, начальства само па сабе. Дый начальства якое — старшыню мясцовыя дэпутаты выбіраюць. Усе адзін аднаго ведаюць і што начальства можа зрабіць — нічога не схаваць, бо да цябе ж прыйдуць і ў вока калоць будуць. Таму асабліва нічога й не абяцаюць. Уціску на жыхароў няма — жывуць, у асноўным пэнсіянэры, гэта савецкія людзі. А зусім маладыя паедуць і, можа, ня вернуцца”.

Карэспандэнт: “Ты сам думаеш у Балбасаве заставацца?”

Касьцючэнка: “Пакуль так. Спадзяюся, што жыцьцё, якое было тут раней за калючым дротам, скончылася, і якімі будуць гэтыя мясьціны — толькі ад нас залежыць. Спадзяемся на лепшае Балбасава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG