«Хворыя жывоцікі»
«Такая замова ў нас упершыню», — кажа Свабодзе супрацоўніца кавярні «Праект» у Чарнігаве Хрысьціна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы — РС).
Яны з паплечнікамі за ноч прыгатавалі больш за сто абедаў у дарогу для вызваленых беларускіх палітвязьняў, якія пераяжджалі з Украіны ў Польшчу і Літву.
13 сьнежня Лукашэнка выпусьціў зь беларускіх турмаў 123 палітвязьні. Некаторыя зь іх сядзелі больш за пяць гадоў. Прынамсі ў часткі падарванае здароўе, яны схуднелі за кратамі.
У апошні момант стала вядома, што большасьць зь вызваленых прывезьлі не ў Літву, як падчас ранейшых выдварэньняў, і не ў суседнюю Польшчу, а ва Ўкраіну, дзе ідзе вайна. Прыняць іх пагадзіўся прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Вызваленых давезьлі да Чарнігава. Яны некалькі дзён жылі ў закрытым памяшканьні, куды не пускалі наведвальнікаў. Беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, пісалі ў сетках, што ім тлумачылі забарону візытаў небясьпекай для жыцьця ўжо былых палізьняволеных.
Беларусам было, дзе спаць, што есьці. Яны праходзілі мэдыцынскі агляд. Пра пераезд на тэрыторыю Эўразьвязу дамаўляліся прадстаўнікі некалькіх краін.
Выезд з Украіны заплянавалі на ранак 17 сьнежня. Шлях да Варшавы аўтобусам разам з працэдурамі на мяжы заняў прыкладна суткі, а да Вільні яшчэ больш. Людзям варта было сабраць у дарогу ежу. Аднак час ад’езду з Чарнігава стаў вядомы толькі ўвечары напярэдадні.
«Пра гэта казалі і раней, але было незразумела. Хтосьці казаў, што нельга будзе перадаць ежу, хтосьці казаў, што можна. Я сяджу на нізкім старце. Думаю, дайце мне ўжо зялёнае сьвятло, каб нешта рабіць! Бо напрэгчы некага столькі працаваць, калі ў выніку будзе нельга (перадаць ежу), таксама так сабе», — тлумачыць у размове са Свабодай Маша Анімія, якая працуе ў фондзе дапамогі рэпрэсаваным беларусам BySol, жыве ў Кіеве і дапамагала апошняй групе вызваленых палітвязьняў.
Каля восьмай гадзіны вечара 16 сьнежня яна пачала абзвоньваць кухні Чарнігава. Многія ўжо не працавалі і не падымалі трубку, кажа Маша. Некаторыя адмаўляліся, бо ім не хапала рэсурсаў, каб пасьпець з замовай. Хтосьці тлумачыў, што ў іх праблемы са сьвятлом, і максымум, што яны могуць — размарозіць піцу. Падчас вайны Расея зруйнавала многія аб’екты энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. Там рэгулярна адключаюць сьвятло на гадзіны.
«А што такое есьці піцу ў дарозе, калі могуць быць хворыя жывоцікі ў кагосьці? Патрэбная нармальная ежа. Я проста ведала, што калі трэба пакарміць людзей, значыць трэба. Будзем шукаць да апошняга», — разважае Маша.
Так яна перабрала каля дзевяці ўстановаў. І дазванілася да ашаламляльнай, зь яе словаў, каманды.
«Толькі, калі ласка, прысядзьце. Цяпер будзе не зусім стандартная просьба», — яна вырашыла падрыхтаваць суразмоўцу пасьля многіх адмоваў.
«Гэта людзі, якія нас падтрымлівалі»
«Нам пазванілі 16 чысла ўвечары, недзе каля 19:40. І адразу дзяўчына сказала: „Вы толькі мяне, калі ласка, не пасылайце. Але нам трэба 109 порцый на шостую ранку. Я знайшла ваш нумар на Glovo (служба дастаўкі ежы. — РС). Ці вы можаце такое прыгатаваць?“ Я спачатку, канешне, думаю: „Мы ня можам. У нас няма такіх запасаў“», — расказвае Свабодзе Хрысьціна з кавярні «Праект».
Яна працягвае, што потым ейная суразмоўца патлумачыла, што гатаваць трэба ў тым ліку для палітычных вязьняў, якія сядзелі за данаты на патрэбы ўкраінскага войска.
«Гэта людзі, якія нас падтрымлівалі, таму я вырашыла, што трэба гэта рабіць… Я разумела, што больш хіба ніхто не пагодзіцца. Падлічылі нашыя рэсурсы і падумалі, што мы можам узяцца, тым больш, што гэта важная справа», — працягвае Хрысьціна.
Дапамагчы Хрысьціне вырашылі ейная сяброўка, ейны муж і яшчэ адна супрацоўніца кавярні, апавядае Хрысьціна. Працавалі ўчатырох. Адразу паехалі ў краму і купілі прадукты.
«Добра, што ў нас былі запасы ўпакоўкі, ланч-боксы, каб усё запакаваць», — адзначае яна.
«Можна мы ня будзем фрукты рэзаць?»
Гатаваць пачалі пад поўнач. У выніку атрымаўся комплексны абед: грэчка, катлеты і мяса, і салат з капусты і гуркоў.
«Учатырох усю ноч пад музычку гатавалі, каб пасьпець. Мы спадзяваліся, што пасьпеем яшчэ паспаць. Але не — як раз пасьпелі на шостую ранку. Прывезьлі і аддалі гэтую ежу», — расказвае Хрысьціна.
На старонках кавярні ў сацыяльных сетках няма інфармацыі пра тое, як яны накармілі беларускіх палітвязьняў. Але Хрысьціна кажа, што неўзабаве будзе. Не пасьпелі, бо адсыпаліся пасьля працоўнай ночы.
Задача ўскладнялася тым, што ва Ўкраіне ноччу ўсталяваная камэнданцкая гадзіна, калі нельга выходзіць на вуліцу без спэцыяльнага дазволу. У Чарнігаве яна цяпер доўжыцца з поўначы да чацьвёртай ранку. Кухары вырашылі, што правядуць гэты час у кавярні. Звычайна яны па начах не працуюць, заўважае суразмоўца.
Хрысьціна расказала, што цяпер у Чарнігаве часта гучаць паветраныя трывогі, Расея атакуе горад шахедамі. Сёлета ў чэрвені беспілётнік трапіў у жылы дом. Апошні раз «прылёт» у горадзе быў у канцы кастрычніка па прадпрыемстве.
«Нашая кавярня знаходзіцца ў паўпадвальным памяшканьні, па факце мы як сховішча. Вельмі часта падчас паветранай трывогі да нас заходзяць госьці, каб перачакаць яе», — расказвае Хрысьціна.
Акрамя комплекснага абеду Маша папрасіла пакласьці беларусам у дарогу фрукты, дадалі таксама ваду.
«Яны мне сказалі: „У нас ёсьць грушы, яблычкі, але можна мы ня будзем іх рэзаць, а пакладзем цэлымі, бо ў нас няма столькі ўпакоўкі?“ Мяне ледзь на часткі не парвала. Там я ўжо сядзела, плакала. Яблык жа можна і так есьці, а яны настолькі да гэтага падышлі», — Маша робіць паўзу на гэтых словах.
Прадстаўніца BySol кажа, што гэта быў максымум ежы, якую яны змаглі зарганізаваць у апошні момант. Яна дапускае, што ў вызваленых палітвязьняў мог быць з сабой яшчэ нейкі сухпаёк. Наколькі яна ведае, ранкам перад выездам яны таксама маглі пасьнедаць.
«Мне трэба сто паўэрбанкаў»
Маша таксама займалася закупкай смартфонаў і паўэрбанкаў для вызваленых палітвязьняў. Яна кажа, што некалькі тэлефонаў перадаў полк Каліноўскага. Рэшту тэхнікі набывалі за сродкі ініцыятывы дапамогі былым палітвязьням «Вольныя».
Суразмоўца заўважае, што грошай, каб купіць айфоны, не было. Набылі «міленькія» тэлефоны, зь якіх можна выйсьці ў інтэрнэт, хутка ўсталяваць аплікацыі, з нармальнай фотакамэрай. Гаджэты яна шукала ўжо ў Кіеве. Задача з тэхнікай таксама стала выклікам.
«Колькі б ні было крамаў, ня вельмі проста вялікую колькасьць недзе прыйсьці і ўзяць. Клясна, калі ў цябе ёсьць час, і ты можаш тры дні пакатацца па крамах і пазьбіраць. А калі ў цябе яго няма, ты прыяжджаеш у краму і кажаш: „Мне трэба сто паўэрбанкаў“, ужо пасьля гэтага цябе ніхто не слухае, бо бедны кансультант пачынае спаўзаць па сьценцы», — апісвае яна.
Маша кажа, што званіла па тэлефоне ў буйныя сеткі крамаў і шукала, дзе ёсьць найбольш дэвайсаў. Калі б езьдзіла на машыне па Кіеве, то, жартуе, у заторах дачакалася б, пакуль вызваляць усіх беларускіх палітвязьняў. «А калі б паехала на Левы бераг (Дняпра), то вярнулася б толькі сёньня», іранізуе яна. Урэшце знайшла патрэбную колькасьць у адной краме. Брала ўсё, што ёсьць.
«Першая рэакцыя: „А вам аднаго колеру трэба? А ў нас адной мадэлі столькі штук ня будзе“. Я кажу: „Давайце падобныя набіраць“. Мы пакінулі пустыя паліцы ў краме», — кажа суразмоўца.
Пяць гадзін у краме
І тут зьявілася новая праблема. Не атрымлівалася правесьці аплату з рахункаў літоўскага фонду.
«Ня так-та проста ва Ўкраіне можна аплаціць такія сумы, проста пікнуўшы карткай», — заўважае прадстаўніца BySol.
Маша ўспамінае, што правяла ў краме пяць гадзін, пакуль яны шукалі выхад. Дапамагала з рашэньнем прадстаўніца ініцыятывы «Вольныя».
«У выніку мы хакнулі гэтую сыстэму. Мы прыдумалі, каб я замовіла гэта ўсё праз інтэрнэт-краму, аформіўшы адразу дастаўку ў фізычную краму. Яны гэта хутка перахапілі ў сваіх сыстэмах. Ужо крама закрылася, ужо ралеты апусьцілі, і ў выніку ў нас усё атрымалася», — успамінае яна.
Усім гэтым займаўся «легендарны прадавец Рынат», як яго называе Маша, з крамы Confy. Тэхніку выносілі ў скрынях і пакетах. Суразмоўца адзначае, што тары не хапала, каб усё адразу запакаваць.
«Паўэрбанкі вельмі цяжкія, неймаверна цяжкія. Я ніколі ня думала, што гэта можа быць так цяжка. Я не магла адну скрыню адарваць ад зямлі. Тэлефоны лягчэй», — дзеліцца суразмоўца.
Сэрцайкі на боксах зь ежай
Маша мяркуе, што украінцы адгукаліся на ейную просьбу не таму, што проста хацелі зарабіць грошы. Бо тады чалавек можа проста прабіць замову і не выходзіць за межы працоўных абавязкаў, думае яна.
«Калі прадавец цягне непад’ёмныя скрыні, у машыну, дае наказ на дарогу добра даехаць: „Потым адпішыце мне, скажыце, як што прайшло“ — гэта ўжо чалавечае ўключэньне. Калі кухня, нягледзячы на тое, што яны ўсю ноч працавалі, малюе сэрцайкі на боксах зь ежай, гэта мяне проста размазала. Гэта ня праца, гэта ўключэньне. Па працы яны маглі сказаць: „Вы тэлефануеце ў восем вечара, мы працуем да дзесяці, потым камэнданцкая гадзіна. До побачення, телебачення!“», — разважае Маша.
Яна дадае, што кавярня не ўзяла дадатковыя грошы за пільную працу ноччу, а палічыла абеды па звычайным кошце.
«Яны маглі сказаць: „Вы ня можаце прабіць карткай. Вы дзесяць разоў ужо паспрабавалі. Усё, пакуль!“. Але яны прапанавалі мільён варыянтаў. Зараз мы прынясем дзесяць тэрміналаў, будзем праз усе нашыя банкі спрабаваць. Ні адзін не атрымаўся. Значыць, разьбіваем суму. Рынат перапіквае, каб ня ўсё адразу, а па кавалку. Давайце паспрабуем на столькі грошай, на столькі, на столькі… Не атрымліваецца! Давайце думаць», — апісвае Маша, як доўга яны шукалі спосаб аплаціць за тэхніку.
Супрацоўніца фонду BySol камэнтуе, што яна ні разу не сутыкалася з тым, каб украінцы адмовіліся нешта рабіць для беларусаў праз тое, што яны беларусы.
«Колькі я тут жыву, колькі мы тут робім, пячатка для BySol або нашая чатырохмэтровая качка байсолаўская таксама з Украіны прыехала, я ні разу не сутыкалася з тым, каб нехта мне сказаў, што мы, беларусы, нейкія не такія. Ні разу за ўсе гады! У мільёне камэнтароў пад допісамі, якія я пісала, беларусы кажуць „дзякуй“, украінцы кажуць „дзякуй“. Непаразуменьня або хэйту няма», — падкрэсьлівае Маша Анімія.
Форум