Пра дату правядзеньня УНС
Паводле новай Канстытуцыі, паседжаньні Усебеларускага народнага сходу павінны праводзіцца раз на год. Мінулым разам гэты форум прайшоў у красавіку 2024-га. Што тычыцца даты сёлетняга ягонага правядзеньня, то ва ўладаў было некалькі варыянтаў.
Гістарычна так склалася, што УНС праходзіў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Бо адна з функцый, якая была закладзена першапачаткова ў сам праект гэтай інстытуцыі, гэта дапамога Аляксандру Лукашэнку выйграць электаральную кампанію. Некалькі разоў Усебеларускія народныя сходы праводзіліся акурат напярэдадні дня галасаваньня. УНС выконвалі ролю галоўнай перадвыбарнай піяр-акцыі, былі кульмінацыяй і вянком агітацыйнай кампаніі Лукашэнкі, яе складовай часткай, разглядаліся як усенароднае блаславеньне яго на цараваньне.
Першапачаткова адной з функцый УНС была дапамога Лукашэнку выйграць электаральную кампанію
Прэзыдэнцкія выбары адбыліся 26 студзеня 2025 года. І можна было чакаць, што сёлета УНС пройдзе напярэдадні дня галасаваньня, стане фіналам перадвыбарчай кампаніі. Аднак гэтага не адбылося, Лукашэнка вырашыў, што падпорка ў выглядзе гэтага сходу яму цяпер мала што дасьць.
12 лютага адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу. Пасьля якога было аб’яўлена, што сход мае прайсьці ў красавіку. На ім быў прадугледжаны выступ Лукашэнкі з пасланьнем. І ў гэтым рашэньні была свая лёгіка.
Традыцыйна Лукашэнка выступаў у парлямэнце з пасланьнем у красавіку-траўні. Так адбывалася чвэрць стагодзьдзя ягонага кіраваньня. І гэта было важнай вонкавай прыкметай стабільнасьці. У 2020 годзе гэты альгарытм зьбіўся. Тады ён выступіў з пасланьнем 4 жніўня — напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У наступным 2021 годзе пасланьня ўвогуле не было. Мусіць, ня ведаў, што сказаць. У 2022-м пасланьне адбылося 28 студзеня. Сам факт таго, што звыклая традыцыя выступу Лукашэнкі перад парлямэнтам зламалася, было сьведчаньнем уступленьня краіны ў пэрыяд нестабільнасьці.
У 2023 годзе Лукашэнка выступіў з пасланьнем 31 сакавіка, у 2024 годзе яно адбылося на паседжаньні УНС 24 красавіка. Здавалася б, рэжым вяртаецца да стабільнасьці, хоць зацьвярджаецца новая традыцыя: выступ з пасланьнем ладзіцца не ў парлямэнце, а на УНС.
Аднак адбыўся збой праграмы, заплянаванага паседжаньня сходу ў сакавіку не было. Чаму не была выкананая пастанова Прэзыдыюму УНС, ніхто не патлумачыў. Хоць, насамрэч, ніхто і не задаваў адпаведных пытаньняў.
«Народны сход» без народу
У выніку паседжаньне УНС і выступ Лукашэнкі з пасланьнем перанесьлі на сьнежань. А заадно будзе зацьверджаная праграма разьвіцьця краіны на наступную пяцігодку.
Усебеларускі народны сход пачаў працу ў абстаноўцы ня толькі павышаных, нават надзвычайных захадаў бясьпекі, але і нейкай мала зразумелай сакрэтнасьці. Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў паведаміў, што для аховы сходу задзейнічаны нават сапёры і групы супрацьдзеяньня бесьпілотнікам.
Афіцыйныя інфармацыйныя рэсурсы да апошняга хавалі час пачатку працы сходу. Трансьляцыя паседжаньня УНС не была пазначаная ў праграме перадач дзяржаўных тэлеканалаў. То бок «народны» сход баіцца народу?..
«Народны» сход баіцца народу?..
Што ўласна да сходу, то ён пачаў працу толькі ў другой палове дня. Такім чынам «вышэйшы орган народаўладзьдзя» будзе працаваць нават ня два, а толькі паўтары дні. А для імітацыі статусу галоўнай інстытуцыі дзяржавы больш і ня трэба.
Выступ Лукашэнкі з пасланьнем дзяліўся на дзьве часткі: уласна само пасланьне і адказы на пытаньні. У суме ён гаварыў каля пяці гадзін. Мінулыя мерапрыемствы падобнага роду былі карацейшымі.
Лукашэнка гаварыў даволі эмацыйна, імкнуўся выглядаць шчырым. Львіная доля пасланьня была прысьвечаная сацыяльна-эканамічным праблемам. Калі дайшла чарга да замежнай палітыкі, то пачаў скарачацца, казаў скорагаворкай. Магчыма, яму фізычна цяжка было доўга стаяць за трыбунай. Пасьля выступу ён сеў за стол прэзыдыюму і адказваў на пытаньні седзячы.
Выступ без вострых тэм
Што да зьместу пасланьня, то, зразумела, шмат казаў пра посьпехі. Але лічбы прыводзіў толькі тыя, якія пацьвярджалі пазытыў. Пры гэтым не згадаў пра тое, што пяцігадовы плян па росту валавога ўнутранага прадукту ня выкананы. Урад плянаваў рост ВУП у 21,5% за пяць гадоў, але фактычны вынік, паводле папярэдніх ацэнак, склаў менш за 8%.
Вялікі акцэнт быў зроблены на стан спраў у сельскай гаспадарцы.
Лукашэнка нават не спрабаваў рабіць ацэнку эфэктыўнасьці самой беларускай сацыяльнай мадэлі
Лукашэнка нават не спрабаваў рабіць ацэнку эфэктыўнасьці самой беларускай сацыяльнай мадэлі — у асноўным канцэнтраваў увагу на дробных пытаньнях. Гаварыў нейкія банальныя рэчы, узгадваў праблемы, пра якія кажа ўжо 30 гадоў адно і тое ж: пра безгаспадарчасьць, неабходнасьць змагацца з пасярэднікамі, няўменьне гандляваць, недахоп мэдыкаў і інш. Галоўная выснова: у эканамічнай, сацыяльнай палітыцы, унутрыпалітычным жыцьці нічога зьменяцца ня будзе, працягнецца ранейшы курс, толькі трэба нешта палепшыць, павысіць, узмацніць і г. д.
Увогуле падчас выступу з пасланьнем Лукашэнка фактычна абышоў усе вострыя тэмы, якія хвалююць грамадзтва. Нічога не сказаў пра транзыт улады, адносіны з ЭЗ, суседзямі.
Пра апазыцыю і перамовы з ЗША
І толькі пасьля выступу, калі дэлегаты сталі задаваць пытаньні, пачалася гаворка пра галоўнае: перамоўны працэс з ЗША, палітвязьняў і іх вызваленьне, адносіны з Літвой, вайну і пэрспэктывы замірэньня ва Ўкраіне, замежных працоўных мігрантаў у Беларусі. Магчыма, гэта як раз было прадугледжана сцэнарыем.
І тут як раз зачапілі хваравітую для Лукашэнкі тэму — дзейнасьць апазыцыі ў замежжы. Да гэтай тэмы ён вяртаўся шмат разоў, гаварыў шмат і доўга. Можна сказаць, што апазыцыя нябачна прысутнічала ў зале УНС у якасьці важнага суб’екта. Было бачна, што рана 2020 году не зажывае, не праходзіць — яна баліць, і Лукашэнка гатовы гаварыць на гэтую тэму бясконца. З ягоных развагаў можна зрабіць выснову, што палітычныя рэпрэсіі будуць працягвацца. І за вызваленьне палітвязьняў давялося апраўдвацца, даваць адказы на папрокі сваіх прыхільнікаў, найперш, сілавікоў.
З развагаў Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што палітычныя рэпрэсіі будуць працягвацца
І падчас адказаў на пытаньні Лукашэнка паведаміў новую, невядомую дасюль інфармацыю. Мы даведаліся, што тры дні таму міліцыянты забілі «апазыянэра», расейскі ракеты «Арэшнік» ужо знаходзіцца ў Беларусі, Анджэя Пачобута не вызвалілі таму, што Польшча не хоча вызваляць людзей, у якіх зацікаўлены Менск.
Зь ягоных вуснаў зьявіліся некаторыя падрабязнасьці пра перамовы з дэлегацыяй ЗША. Напрыклад, Лукашэнка прапанаваў амэрыканцам увайсьці ў якасьці акцыянэраў у кампанію «Беларуськалій». Нібыта плянуецца ягоная сустрэча з Дональдам Трампам. Дарэчы, прэзыдэнт ЗША ў адмысловым лісьце да Лукашэнкі прасіў, каб палітвязьні пасьля вызваленьня засталіся ў Беларусі, каб іх не выганялі з краіны.
Гэта амаль усё, што засталося ў сухой рэшце з пяцігадзіннага выступу. Не было нічога канцэптуальнага, чаго, магчыма, хтосьці чакаў, не заўважна нейкіх новых акцэнтаў у палітыцы. Гэта азначае, што пакуль кіруе Лукашэнка, краіна не мае пэрспэктыў выбрацца з звыклай каляіны.
Форум