Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянеры, прапагандысты і праўладныя пэрсанажы. Каго сёлета паклікалі на Усебеларускі сход і што яны пра гэта гавораць


Сёмы Ўсебеларускі народны сход. 24-25 красавіка 2024
Сёмы Ўсебеларускі народны сход. 24-25 красавіка 2024

Першы Ўсебеларускі народны сход Лукашэнка правёў у 1996 годзе ў час канфлікту з Вярхоўным Саветам, каб заручыцца падтрымкай для патрэбных яму зьменаў у Канстытуцыю. З 2022 году гэты орган упісалі ў Канстытуцыю, сёлета ён пройдзе ў восьмы раз. Што гэта значыць і чаго чакаць ад гэтай структуры.

18-19 сьнежня ў Менску праходзіць Усебеларускі народны сход (УНС), а менавіта другое паседжаньне VII УНС. Першае прайшло летась. На ім беларускія ўлады плянуюць зацьвердзіць праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2026-2023 гады. Старшыня гэтага органу — Лукашэнка, а сярод дэлегатаў — прадстаўнікі ўлады, дэпутаты і сябры праўладных партый і саюзаў. Расказваем, як ствараўся гэты орган і ці варта нечага чакаць ад ягоных рашэньняў.

Крыху гісторыі

Першы і самы масавы Усебеларускі народны сход адбыўся ў Беларусі ў 1996 годзе, у разгар канстытуцыйнага крызісу. Тады абвастрыліся стасункі паміж дэпутатамі Вярхоўнага савету і Лукашэнкам. Ён прапанаваў зьмены ў Канстытуцыю, а менавіта пашырэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, што пераўтварала Беларусь з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку. Для гэтага ён абвесьціў рэфэрэндум, які мусіў адбыцца ў лістападзе, а перад гэтым, у кастрычніку ініцыяваў Усебеларускі народны сход на 4700 дэлегатаў. У асноўным, гэта былі прыхільнікі Лукашэнкі і прадстаўнікі ягонай улады. Аднак, прысутнічалі і тыя, хто пасьля выступаў з крытыкай гэтага ўтварэньня: прафсаюзны кіраўнік Уладзімір Ганчарык і тагачасны прэм’ер Міхаіл Чыгір, які адразу пасьля рэфэрэндума сышоў у адстаўку і стаў у апазыцыю да ўлады.

У асноўным, дэлегаты гэтага сходу вызначаліся па вэртыкалі ўлады: ляяльныя прадстаўнікі працоўных калектываў, дэпутаты, прадстаўнікі праўладных партый і саюзаў.

Аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі кажа, што Лукашэнка склікаў «сход сваіх прыхільнікаў» для «эмацыйнай падтрымкі».

Пасьля гэты сход стаў праходзіць раз на 5 гадоў, дзе Лукашэнка прэзэнтаваў праграму на пяцігодку. Прадстаўнікоў апазыцыі на гэты сход не запрашалі. У 2006 годзе на яго спрабаваў патрапіць тагачасны кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін. Яго зьбілі і затрымалі.

«Уся справа ў тым, што ў 2006 годзе я хацеў паказаць толькі адну простую рэч: у нас у краіне закону не існуе. Мы тады дэтальнейшым чынам вывучылі ўсе дакумэнты і ўказ аб Усебеларускім сходзе, дзе было канкрэтна прапісана, хто і як туды абіраецца. І, строга прытрымліваючыся літары закону, правялі зьезд нашай партыі, абралі пяць дэлегатаў», — прыгадваў тыя падзеі Аляксандар Казулін у інтэрвію «Народнай волі» у 2021 годзе.

Спроба Аляксандра Казуліна трапіць на Усебеларускі народны сход, сакавік 2006 году
Спроба Аляксандра Казуліна трапіць на Усебеларускі народны сход, сакавік 2006 году

Пасьля злому парлямэнцкай галіны ўлады, сходы пераўтварыліся ў рытуал, мяркуе Аляксандар Класкоўскі.

«Прэзыдэнцкая ўлада стала манапольнай, Лукашэнка не бачыў супернікаў, для якіх трэба было зьбіраць форумы. Аднак, традыцыю ён пераўтвараць не стаў і працягнуў зьбіраць гэтыя форумы, якія ўсё больш нагадвалі зьезды ЦК КПСС», — гаворыць Аляксандар Класкоўскі.

«Запасны аэрадром»

Пасьля рэфэрэндуму 2022 году, вынікі якога не прызналі ні міжнародная супольнасьць, ні апанэнты Лукашэнкі, усебеларускі народны сход упісалі ў Канстытуцыю як «вышэйшы орган народаўладзьдзя». Цяпер максымальная колькасьць дэлегатаў — 1200 чалавек, частка зь іх пастаянныя, такія як «цяперашні і былы прэзыдэнт», прадстаўнікі ўраду, дэпутаты, судзьдзі. Іншую частку дэлегатаў — прадстаўнікоў, нібыта, грамадзянскай супольнасьці абіраюць па квотах да зарэгістраваных арганізацый, а гэта на практыцы праўладныя саюзы і аб’яднаньні. Сход мусіць зьбірацца мінімум раз на год. Пашырыліся і паўнамоцтвы гэтага ўтварэньня. Апроч плянаў па стратэгічным разьвіцьці краіны сход можа ініцыяваць рэфэрэндумы аб зьмене ў Канстытуцыю і нават абвесьціць імпічмэнт прэзыдэнту.

Месца правядзеньня УНС традыцыйна упрыгожваюць дзяржаўнымі колерамі. Архіўнае фота
Месца правядзеньня УНС традыцыйна упрыгожваюць дзяржаўнымі колерамі. Архіўнае фота

Паводле Аляксандра Класкоўскага Лукашэнка рэфармаваў УНС і прапісаў яго ў Канстытуцыі, каб мець «запасны аэрадром» пасьля пратэстаў 2020 году.

«Калі выбухнула народнае паўстаньне і захісталася крэсла Лукашэнкі, то і ў Маскве былі разгубленыя і яму сталі намякаць, што варта ладзіць транзыт улады, але Лукашэнка зацэмэнтаваў усё жорсткімі рэпрэсіямі плюс Пуцін пачаў ужо рыхтавацца тады да нападу і вырашыў, што коней на пераправе не мяняюць. Аднак, Лукашэнка загадзя на ўсякі выпадак пачаў рыхтаваць сабе запасны аэрадром і дзеля гэтага памяняю Канстытуцыю, а гэтыя зьмены рэзка ўзмацнілі пазыцыю Усебеларускага сходу. Пасьля Масква перастала ставіць рубам пытаньне пра транзыт улады, але зьмены ўжо ўнесьлі», — даводзіць суразмоўца.

«Сюрпрызаў ня будзе»: Хто будзе на УНС і чаго ад іх чакаць

Самыя папулярныя пасады дэлегатаў УНС гэта старшыня, кіраўнік, дырэктар, дэпутат, начальнік. Свабода вывучыла сьпіс дэлегатаў і гэта — прадстаўнікі беларускай праўладнай эліты: былыя і цяперашнія кіраўнікі кшталту экс-кіраўніка Нацбанка Паўла Калаўра, пэнсіянэры, напрыклад, былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і колішні прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч, новыя кіраўнікі праўладных арганізацый, напрыклад, кіраўніца партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава. Раней яна ўзначальвала прэс-службу Міністэрства ўнутраных спраў.

Нямала сярод дэлегатаў і прадстаўнікоў прадзяржаўных СМІ: Рыгор Азаронак, Іван і Натальля Эйсманты. Ёсьць і праўладныя артысты, напрыклад, дэлегаткай сходу стала колішняя прадстаўніца Беларусі на Эўравізіі Алена Ланская.

Будзе сярод дэлегатаў таксама старшыня праўладнай партыі ЛДПБ Алег Гайдукевіч і колішні кандыдата ў прэзыдэнты Анатоль Хіжняк, які прайшоў па квоце праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Колішнюю дэпутатку Ганну Канапацкую таксама запрасілі на УНС, але ў апошні момант. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

Архіўнае фота
Архіўнае фота

УНС актыўна асьвятляюць дзяржаўныя мэдыя распытваючы ўдзельнікаў аб асноўных праблемах краіны. Найчасьцей, яны агучваюць усё тое, пра што апошнія гады кажа Лукашэнка.

Напрыклад, малады дэлегат УНС, супрацоўнік «Амкадора» і сябра БРСМ Аляксей Балыш хоча, каб была «пераймальнасьць сярод пакаленьнямі», каб моладзь вучылася ў старэйшых, а тыя атрымлівалі ад моладзі зваротную сувязь.

Дэлегатка УНС ад Менскай вобласьці, супрацоўніца пансіяната «Азёрны вугалок» Ганна Уласень хоча, каб «моладзь вярталася на вёску».

Студэнтка Гарадзенскага ўнівэрсытэта Янкі Купалы Анастасія Кісель, якая таксама дэлегатка на УНС, хоча, «каб моладзь цікавілася дзяржаўнай палітыкай». Усе яны не прамінаюць выпадку ўзгадаць Лукашэнку і пахваліць ягоную палітыку.

Аляксандар Класкоўскі лічыць, што ніякіх сюрпрызаў ад сходу чакаць не варта, калі раптам у Лукашэнкі «не здарыцца экспромт».

«Зьбіраюць ляялістаў, якім у райвыканкамах напішуць прамовы. Няма пра што пісаць, таму дзяржаўныя СМІ пішуць пра УНС. Ніякіх нечаканасьцяў не будзе. На папярэднім сходзе таксама было відавочна, што пару пытаньняў проста выціснулі з пальца. Гэта будзе звычайная нарада. Адзінае, што Лукашэнка выступіць, бо раней ён зьвяртаўся да народу і парлямэнту, а цяпер да сходу. Калі будуць экспромты, то могуць прагучаць нейкія рэчы пра ЗША, Вэнэсуэлу. А так усё будзе ў стылі паседжаньня КПСС», — кажа Класкоўскі.

Што да будучыні УНС, як палітычнага органа, то ён «як пятае кола ў возе», гаворыць Класкоўскі. Не зразумела навошта ён існуе. А вось у будучыні, гэты «сьпячы інстытут», можа сябе праявіць, бо мае досыць вялікія паўнамоцтвы, дадае экспэрт.

«Архітэктар беларускай сыстэмы сам нагарадзіў тут залішніх элемэнтаў», — падсумоўвае суразмоўца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG