Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захар Шыбека: “Вільня — духоўны Арарат беларусаў”


Міхась Скобла, Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 14 студзеня)

“Вільня — “крывіцкая Мэкка”, “духоўная сталіца Беларусі”. Мы прывыклі, і апраўдана, да гэткіх вызначэньняў гораду, які немагчыма выкрасьліць зь беларускай гісторыі. Але сур’ёзнага дасьледаваньня пра Вільню беларусы да гэтай пары ня маюць. Названы недахоп мае намер выправіць доктар гістарычных навук Захар Шыбека, які працуе над кнігай “Беларускія мары пра Вільню”.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Захар, дык якая яна — самая галоўная беларуская мара пра Вільню? І адразу другое пытаньне: беларусы пра Вільню заўсёды толькі марылі ці і дамагаліся яе палітычна?”

(Захар Шыбека: ) “Самая галоўная мара беларусаў — каб Вільня стала сталіцай беларускай дзяржавы. Але беларусы ня толькі марылі. Мы ваявалі за Вільню ў часе антыцарскіх паўстаньняў. Мы ваявалі за Вільню на баку адроджанай Польшчы супраць савецкай Расеі і на баку савецкай Расеі супраць Польшчы. Калі беларусы ваявалі за Беларусь, яны ваявалі і за Вільню, бо Вільня лічылася беларускім горадам і выступала сымбалем цэласнасьці і непадзельнасьці беларускіх этнічных земляў. Але беларусы пра Вільню пераважна марылі. Пад марамі я разумею палітычную барацьбу, выпрацоўку палітычных праектаў.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай першы праект прадугледжваў аднаўленьне Вялікага Княства ў складзе Расейскай імпэрыі з цэнтрам у Вільні. Пасьля рэвалюцыі 1905 году другі праект быў разьлічаны на аўтаномію Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі — зноў жа з цэнтрам у Вільні. Пад нямецкай акупацыяй у гады Першай усясьветнай вайны трэці праект меў на ўвазе ўтварэньне беларуска-літоўскай дзяржавы пад апекай немцаў — таксама з цэнтрам у Вільні. Немцы, праўда, перадалі Вільню літоўцам, а беларусам дазволілі захаваць абвешчаную БНР з цэнтрам у Менску, каб адцягнуць іх увагу ад Вільні. У гады польска-савецкай вайны (1919-1920) беларускія лідэры змагаліся за міжнароднае прызнаньне БНР у межах этнічнай тэрыторыі беларусаў уключна з Вільняй.

Пасьля падпісаньня савецка-польскага замірэньня і захопу Вільні прапольскім генэралам Жэлігоўскім (1920-1922) зноў актуалізаваўся праект беларуска-літоўскай дзяржавы з цэнтрам у Вільні. Пасьля ўключэньня Вільні ў склад Польшчы (1922) існавалі праеты беларускай аўтаноміі ў складзе Польскай дзяржавы з цэнтрам у Вільні. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі ў 1939 годзе да Савецкага Саюзу існавалі пляны пераносу сталіцы БССР зь Менску ў Вільню.

Пасьля распаду СССР гісторыкі і палітыкі загаварылі пра скасаваньне пакту Рабінтропа–Молатава, у выніку якога літоўцы і атрымалі Вільню. Скасаваньне гэтага пакту азначала б вяртаньне Вільні Польшчы ці Беларусі. Савецкае кіраўніцтва ў Маскве і палякі ў Вільні адразу пра гэта ўспомнілі. Загаварыла і беларускае кіраўніцтва ў Менску. І гэта была апошняя нагода для беларусаў выказаць сваю мару пра Вільню”.

(Скобла: ) “Ажно ня верыцца: столькі разоў Вільня магла стаць нашай сталіцай. Аднак вернемся ў 1939 год. Вільня занятая саветамі, у ёй пачынае выходзіць беларускамоўная газэта “Віленская праўда” — як у кожным беларускім абласным горадзе. Актыўна дзейнічаюць самыя розныя беларускія інстытуцыі. І раптам рашэньнем Масквы Вільня перадаецца Літве. Якія прычыны такога, нелягічнага, на першы погляд, рашэньня?”

(Шыбека: ) “Сталінскае кіраўніцтва кіравалася традыцыйным яшчэ ад царскіх часоў жаданьнем аслабіць беларускую нацыю, пазбавіўшы яе духоўнага апірышча. Рабілася гэта дзеля далейшай пасьпяховай русіфікацыі беларусаў. Вільня перадавалася новым гаспадарам, хоць сама Масква прызнавала: горад і яго навакольле не літоўскія. Рабілася гэта, дарэчы, не бяз націску гітлераўскага ўраду, які разьлічваў на асаблівыя адносіны зь Літвой.

"Тое, што надзеі беларусаў атрымаць Вільню ня спраўдзіліся, зашкодзіла беларускай справе, — на думку амэрыканскага гісторыка Тыматы Снайдэра, — значна болей, чым арышты і сьмерць лідэраў беларускага руху". Літоўцы змаглі авалодаць Вільняй толькі з рук крывавых дыктатараў. Але значнасьць падарунку ад гэтага для іх ня зьменшылася. Сталінскае кіраўніцтва саступала Літоўскай дзяржаве Вільню, каб потым ня толькі вярнуць яе, але і прыхапіць усю Літву. З дапамогай Масквы буржуазная Літва стала Літоўскай ССР, 15 чэрвеня 1940 году Чырвоная Армія ўвайшла ў Вільню — сталіцу ўжо савецкай Літвы”.

(Скобла: ) “Сярод самых розных выказваньняў пра Вільню мне запомніліся нечаканыя словы Сакрата Яновіча: “Вільня — гігант культуры, але карлік палітыкі”. Ці згодныя вы з такой характарыстыкай Вільні?”

(Шыбека: ) “У словах Сакрата Яновіча ёсьць пэўная рацыя. Значнасьць гораду вызначаецца статусам сталіцы і тымі дзяржаўнымі рэсурсамі, якімі валодае гэтая сталіца. Да Люблінскай уніі 1569 году Вільня была зусім не карлікам. Яна была сталіцай вялікай эўрапейскай краіны. Карлікам у палітычным сэнсе Вільню зрабілі Польшча і Расея. Польшча паставіла Вільню ў цень Варшавы. Расея ператварыла былую сталіцу ў звычайны губэрнскі горад. Расея і Польшча рабілі ўсё, каб Вільня не дасталася беларусам, не ператварыла іх у вялікую нацыю, каб потым дзяліць беларускі этнас паміж сабою. Вільня без беларускіх абшараў, сапраўды, станавілася палітычным карлікам. І яго можна было перадаць маленькай этнічнай Літве.

Тры з паловай стагодзьдзі спачатку Польшча, а потым Расея, пляжылі беларускія землі, каб падзяліць іх у 1921 годзе. Нарэшце новая Польшча адабрала Вільню ў літоўцаў і беларусаў, ня ўзьняўшы яе вышэй за ваяводзкі цэнтар. Не ўдалося толькі спляжыць духоўнасьць гораду. Вільня стала калыскай духоўнага адраджэньня палякаў, культурнага самасьцьвярджэньня беларусаў, нацыянальна-палітычнага станаўленьня літоўскай нацыі, асьветніцкім горадам габрэяў. Вільня спарадзіла фэномэн краёвасьці — мультыэтнічны праект новай палітычнай нацыі, намнога апярэдзіўшы ў гэтым сучасныя заходнеэўрапейскія краіны”.

(Скобла: ) “Ці ня самая папулярная літоўская кніга пра Вільню напісаная Томасам Венцлавам — яна перакладзеная на польскую, расейскую ды іншыя мовы. Ня будзем гаварыць, што беларуская прысутнасьць у Вільні ў той кнізе зьведзеная да мінімуму. Я зьвярнуў увагу на другое: літовец Венцлава піша: “Перад вольнай і дэмакратычнай Літвой стаіць задача фармаваньня новай ідэнтычнасьці сталіцы”. Як жа так — сваёй старажытнай дзяржаўнасьцю літоўцы ганарацца, а сталіцу, аказваецца, яшчэ фармаваць трэба?”

(Шыбека: ) “Ня вельмі зразумела, што меў на ўвазе літоўскі аўтар пад выразам “фармаваньне літоўскай сталіцы”. Калі ён гаварыў пра сталіцу этнічнай Літвы, то тут літоўцы зрабілі ўсё, што маглі. Справа ў тым, што яны атрымалі Вільню як поліэтнічны горад. Культурна тут пераважалі палякі, затым ішлі габрэі, расейцы, беларусы. Літоўцы ў пачатку ХХ стагодзьдзя складалі ў Вільні ня болей 2%.

Падпiсаньне мiрнага пагадненьня памiж Літвой i Савецкай Расеяй 12 лiпеня 1920 году выклiкала ўсплеск беларуска-лiтоўскiх тэрытарыяльных спрэчак за Вільню, Вiленшчыну i Гарадзеншчыну, якiя па дамоўленасьцi з Масквой дасталiся лiтоўскай дзяржаве. Літоўскі ўрад актыўна выкарыстоўваў штыкі Чырвонай Арміі для пашырэньня сваёй тэрыторыі. А што тычыцца маскоўскага кіраўніцтва, то яно раздавала беларускія землі (не свае ж!) з разьлікам вярнуць іх разам з усімі літоўскімі, абапіраючыся на прагназаваныя пратэсты беларускага насельніцтва. І сапраўды, мясцовае насельніцтва сустракала літоўцаў як акупантаў. Па зьвестках савецкага друку, у верасьні 1920 году ў Ашмянах адбылася сялянская канфэрэнцыя, якая ў адказ на літоўскія прэтэнзіі выказала жаданьне аб далучэньні Ашмяншчыны да Савецкай Беларусі. У Вільні новыя гаспадары забаранілі мітынгі і сходы. Каб супакоіць апазыцыю, літоўскі камэндант стварыў часовы магістрат, у які ўключаліся тры палякі, два габрэі, адзін беларус і два літоўцы.

Пасьля вайны Сталін аднавіў Літоўскую ССР са сталіцай у Вільні. А потым савецкі дыктатар зрабіў усё, каб горад перастаў быць арэнай польска-літоўскага змаганьня. У ходзе абмену насельніцтва паміж савецкай Літвой і Польшчай Вільня была ачышчана ад палякаў. А мяжа з Польшчай пасьля перадачы ёй Беласточчыны была адсунута далёка на захад. Так што, каб беларусы займелі Вільню, яны захавалі б і Беласточчыну.

Але калі Томас Венцлава мае на ўвазе пераўтварэньне Вільні ў сталіцу эўрапейскага кшталту, то сапраўды тут ёсьць шырокае поле для дзейнасьці. Па цяперашніх стандартах кожная эўрапейская сталіца становіцца адкрытай для міжнароднага дыялёгу. І вось акурат гэтага міжнароднага дыялёгу не хапае сучаснай сталіцы Літвы”.

(Скобла: ) “Паколькі Вільня спрадвеку была шматнацыянальнай, давайце закранем і мары другіх народаў пра Вільню. Вось расеяц Цютчаў піша: “Над русской Вильной стародавней родные вижу я кресты”. А габрэйскі паэт Шнэўр яму адгукаецца па-польску: “Wilno, babuniu Ty wielka, Ty miasto stoleczne zydowske”. Дык што: расейцы і габрэі маюць права марыць пра Вільню нароўні зь беларусамі?”

(Шыбека: ) “Такое права існуе ў беларусаў, палякаў і габрэяў. Вільня ніколі не была расейскай. Адносна Вільні і Віленскага краю Расея заўсёды выступала ў ролі захопніцы. Праз Вільню праходзіў галоўны фронт расейска-польскай барацьбы за беларускія землі. Расейцы заўсёды пасьлядоўна праводзілі лінію не аддаваць горад беларусам.

У 1925 годзе савецкім камуністам удалося пераканаць сяброў ураду БНР на чале з Аляксандрам Цьвікевічам прыпыніць сваю дзейнасьць у Празе і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Вільня такім цэнтрам не лічылася. Пракамуністычных дзеячоў прымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на Вільню. Чаму? Відаць, ужо тады гэты горад рыхтаваўся органамі бясьпекі СССР у якасьці "нажыўкі" для літоўцаў, якія ніколі не адмаўляліся ад сваёй мэты авалодаць Вільняй. Было відавочна, што Літва і Польшча знаходзіліся, па сутнасьці, у стане патаемнай вайны за былую сталіцу гістарычнай Літвы. І паводле падпісанага ў 1926 годзе пакту аб ненападзе паміж Літвой і СССР, Масква прызнавала літоўскія прэтэнзіі на Вільню. Беларусам пакідаўся адзіны, усходні вэктар арыентацыі: Менск–Масква.

Цяпер пра “габрэйскія мары”. Вільня зьяўляўся адным з найбуйнешых цэнтраў талмудычнай навукі і галоўным цэнтрам Хаскалы — габрэйскага асьветніцтва — у Расейскай імпэрыі. Прагматычныя габрэі, якія складалі другую па велічыні частку жыхароў Вільні, аддавалі перавагу афіцыйнай расейскай мове і культуры, а сярод нацыянальных праектаў больш схіляліся на бок старой літоўскай дзяржавы, бо разьлічвалі, што яна будзе шматнацыянальнай і слабой. Па зьвестках амэрыканскай журналісткі Ганны Стронг, новыя савецкія ўлады ў 1939 годзе адразу ж наладзілі ў Вільні страшны габрэйскі пагром”.

(Скобла: ) “Мы, беларусы, любім гаварыць пра Вільню. Мы ўвогуле любім згадваць тое, што ў нас было. Калі абысьціся без квяцістых эпітэтаў, то можна сказаць, што Вільня — гэта найпаўнейшы наглядны дапаможнік па гісторыі Беларусі. Але — ці вывучалі Вільню беларускія гісторыкі на такім узроўні, як гэта зрабілі палякі альбо літоўцы?”

(Шыбека: ) “Звычайна, у працах сучасных беларускіх гісторыкаў Вільня нават не ўспамінаецца і, больш за тое, выключаецца з кола беларускіх гарадоў мінуўшчыны. Зразумела, гэта зусім не правамерна. Даўно пара вяртаць Вільню ў кантэкст беларускай гісторыі больш настойліва. Важна дасьледаваць ролю Вільні ў новай і найноўшай гісторыі Беларусі. Важна адказаць на пытанне: чаму гэты горад так і не стаў сталіцай беларускай дзяржавы? Гэта дазволіць паказаць новы аспэкт беларускага нацыянальнага самасьцьвярджэньня — праз дамаганьні беларусаў і суседніх народаў на валоданьне Вільняй пачынаючы ад разьдзелаў Рэчы Паспалітай і да распаду Савецкага Саюзу”.

(Скобла: ) “Я задаваў гэтае пытаньне пісьменьнікам і мастакам, задам і гісторыку: чаму Вільня не натхняе літоўскіх творцаў? Яна безьліч разоў маляваная беларускімі мастакамі, апетая беларускімі паэтамі. А літоўскімі — не. Чаму?”

(Шыбека: ) “Не магу дакладна адказаць, бо ня вельмі дасьведчаны ў творчасьці літоўцаў. Я ведаю, чаму Вільня натхняла беларускіх творцаў, а Менск — ня вельмі. Пра гэта можна прачытаць у Антона Луцкевіча, які у 1925 годзе пісаў: "Ды ня кожнае места мае такую прывабную сілу для творцаў нашае адраджэнскае літаратуры: нават Менск, сучасная сталіца Беларускае Радовае Рэспублікі, прымушаны саступіць тут месца спрадвечнай сталіцы Беларусі — Вільні. Прымушаны саступіць месца Вільні, бо ня мае таго, што мае Вільня: ня мае жывое дагэтуль 600-гадовае гістарычнае традыцыі, ня мае відавочных памятнікаў даўнае культуры і мастацтва, а галоўнае — ня мае сваёй асабістай Душы, якую мае надвялейская сталіца, што вызірае з кожнае вулкі старых кварталаў Вільні". У савецкага Менску не было такой Душы. Можа, літоўскія творцы не адчуваюць гэтай душы і ў Вільні, бо літоўская Вільня скончылася для літоўцаў кіраваньнем Вітаўта. А тады яна была ваярскай. А вось росквіт рэнэсансавай Вільні зьвязваўся са старабеларускай культурай, калі горад і займеў сваю Душу, зразумелую і цяпер для беларусаў. І беларускія творцы, пачынаючы ад Францішка Багушэвіча, плённа хрысьціліся беларускім духам Вільні”.

(Скобла: ) “Лявон Луцкевіч у сваёй турыстычнай кнізе “Вандроўкі па Вільні” налічыў 105 месцаў беларускай прысутнасьці ў гэтым горадзе. Але сёньня яны ў занядбаньні, як, прыкладам, месца пакараньня Кастуся Каліноўскага на Лукішках, альбо помнік Францішку Аляхновічу на могілках Роса. Ці ёсьць у Рэспублікі Беларусь нейкі абавязак перад Вільняй?”

(Шыбека: ) “Ніхто і нішто ня можа пазбавіць Вільню статусу духоўнай сталіцы Беларусі. Мяжа ва ўмовах сучасных камунікацый ня ёсьць перашкодай. Гара Арарат таксама знаходзіцца па-за межамі Арменіі, але застаецца сымбалем армянаў усяго сьвету. Вільня застаецца духоўным Араратам беларусаў. І калі сучаснае беларускае кіраўніцтва гэта зразумее, праблемаў з ушанаваньнем і захаваньнем беларускіх мясьцінаў у Вільні ня будзе.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG