Варшава і Вашынгтон набліжаюцца да падпісаньня пагадненьня, якое стане пачаткам будаўніцтва сталай вайсковай базы ЗША. Польшча зьбіраецца плаціць па 15 тысяч даляраў штогод за кожнага амэрыканскага вайскоўца на ейнай тэрыторыі, а таксама ўзяць на сябе выдаткі на інфраструктуру, паведаміў Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства абароны Польшчы.
Цяпер ідуць перамовы з Пэнтагонам наконт рэалізацыі гэтага пляну. Вырашаецца, дзе разьмясьціцца база і якія якія сілы будуць задзейнічаныя, апавёў намесьнік міністра абароны Павэл Залеўскі ў інтэрвію RFE/RL у Вашынгтоне 25 верасьня.
«Мы абмяркоўваем з Пэнтагонам розныя варыянты рэалізацыі гэтага рашэньня», — сказаў Залеўскі.
Адмовіўшыся ўдакладніць, якія амэрыканскія падразьдзяленьні могуць быць разьмешчаныя і дзе, Залеўскі раскрыў новыя падрабязнасьці польскай прапановы Вашынгтону.
«Мы прапануем амэрыканскім войскам вельмі асаблівыя ўмовы», — сказаў ён.
«Мы пакрыем выдаткі на інфраструктуру. Мы таксама пакрываем выдаткі на кожнага амэрыканскага вайскоўца, разьмешчанага ў Польшчы, у памеры 15 тысяч даляраў на год».
Грошы на гэта пойдуць з польскага бюджэту.
Прэзыдэнт Дональд Трамп 17 верасьня заявіў, што ў справе стварэньня базы Сухапутных войскаў ЗША ў Польшчы дасягнуты прагрэс і што месца ейнага разьмяшчэньня можа быць абвешчанае неўзабаве.
У Польшчы ўжо цяпер нясуць службу тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў — але пераважна на ратацыйнай аснове.
Дэталі магчымага сталага разьмяшчэньня войскаў абмяркоўваюцца ў кантэксьце больш шырокага перагляду Вашынгтонам сваёй вайсковай прысутнасьці ў Эўропе, адзначыў Павэл Залеўскі.
«Мы абмяркоўваем розныя варыянты — войскаў, магчымасьцяў, месцаў разьмяшчэньня», — сказаў ён, дадаўшы, што Варшава чакае большай яснасьці пасьля завяршэньня перагляду.
Пэнтагон не адказаў адразу на просьбу пра камэнтар.
«Сталыя базы ствараюць сталыя абавязаньні»
Для Варшавы значэньне сталай базы не абмяжоўваецца колькасьцю разьмешчаных там вайскоўцаў.
«Сталыя базы ствараюць сталыя абавязаньні», — сказаў Залеўскі, дадаўшы, што такое разьмяшчэньне ў меншай ступені залежала б ад зьменаў палітычнай або вайсковай сытуацыі і адначасова пасылала б Маскве непасрэдны сыгнал.
Паводле яго, напад на Польшчу стварыў бы рызыку непасрэднага сутыкненьня расейскіх сілаў з амэрыканскімі вайскоўцамі.
«Гэта пасылае вельмі важны і неадкладны сыгнал [расейскаму] прэзыдэнту [Уладзіміру] Пуціну, што ЗША маюць стратэгічныя інтарэсы ў Польшчы і што напад на Польшчу будзе нападам на ўзброеныя сілы ЗША ў Польшчы», — сказаў Залеўскі.
Ён таксама падкрэсьліў, што сталую прысутнасьць ЗША ня варта разглядаць проста як паслугу Вашынгтону Варшаве.
«Гэтая сталая база — ня вынік нейкага альтруізму», — сказаў ён, а адлюстраваньне «вельмі добра зразуметых амэрыканскіх інтарэсаў».
Польшча імкліва пашырыла свае ўзброеныя сілы і ўклала значныя сродкі ў амэрыканскія сыстэмы ўзбраеньняў. Дзеве краіны таксама паглыбілі энэргетычныя сувязі, у тым ліку праз супрацоўніцтва з амэрыканскімі кампаніямі ў будаўніцтве першай польскай атамнай электрастанцыі.
Экспэрты ў пытаньнях бясьпекі заявілі, што сталая база ўзмацніла б абавязаньні Вашынгтону перад усходнім флянгам NATO, але папярэдзілі, што ейнае значэньне часткова будзе залежаць ад таго, што адбудзецца з амэрыканскімі сіламі ў іншых частках Эўропы.
«Сталая база ЗША ў Польшчы была б важным сыгналам амэрыканскай прыхільнасьці ўсходняму флянгу NATO, асабліва цяпер, калі Вашынгтон пераглядае сваю шырэйшую вайсковую прысутнасьць у Эўропе», — сказаў RFE/RL Дэйвід Кэтлер, былы памочнік генэральнага сакратара NATO ў пытаньнях выведкі і бясьпекі.
Аднак Кэтлер, які цяпер працуе старэйшым навуковым супрацоўнікам Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі, сказаў, што саюзьнікі будуць ацэньваць агульны вынік амэрыканскага перагляду.
«Саюзьнікі будуць глядзець на ўсю карціну: якія сілы і магчымасьці застануцца, наколькі хутка яны змогуць узмацніць Польшчу і краіны Балтыі і ці змогуць яны эфэктыўна дзейнічаць разам», — сказаў ён.
«База ўзмоцніць стрымліваньне, калі дадасьць усходняму флянгу рэальныя магчымасьці. Яна значна менш супакоіць саюзьнікаў, калі будзе суправаджацца істотным скарачэньнем амэрыканскіх сілаў у іншых частках Эўропы».
«Гэтыя перамовы наконт базы дэманструюць, што Польшча і надалей мае вялікую каштоўнасьць як важны саюзьнік NATO», — сказаў Мэт’ю Бойз, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Гадсана і былы намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі.
Польшча ў апошнія гады рэзка павялічыла выдаткі на абарону і стала адной з краінаў NATO, якія выдаткоўваюць на вайсковыя патрэбы найбольшую долю сваёй эканомікі.
«Замест таго каб наракаць на „надзейнасьць“, Польшча робіць усё магчымае, — сказаў Бойз. — Адміністрацыя гэта бачыць і цэніць».
Пэрспэктыву стварэньня сталай базы станоўча ўспрымуць у краінах, якія знаходзяцца найбліжэй да Расеі, — лічыць Чарльз Купчан, старэйшы навуковы супрацоўнік Рады міжнародных адносінаў. Аднак што да шырэйшага стаўленьня Вашынгтону да Эўропы — застаецца нявызначанасьць, адзначыў ён.
«Пэрспэктыва сталай базы ЗША ў Польшчы — добрая навіна для палякаў і іншых жыхароў усходняга флянгу NATO, асабліва на тле росту занепакоенасьці пагрозай з боку Расеі», — сказаў Купчан RFE/RL.
«Тым ня менш для NATO гэта па-ранейшаму час нявызначанасьці», — дадаў ён, спаслаўшыся на часам канфліктныя адносіны Трампа з саюзьнікамі і на перагляд Пэнтагону, які можа прывесьці да скарачэньня амэрыканскай прысутнасьці ў іншых частках Эўропы.
Тым часам у краінах NATO не спыняюцца інцыдэнты, якія заходнеэўрапейскія палітыкі называюць гібрыднымі атакамі Расеі.
«Відаць, што Расея гатовая ісьці на ўсё большую рызыку і гатовая да эскаляцыі», — сказаў Залеўскі.
Ён зьвярнуў увагу на нядаўнія інцыдэнты, якія Польшча зьвязвае з Расеяй, у тым ліку парушэньні паветранай прасторы і меркаваныя акты сабатажу, заявіўшы, што яны дэманструюць ціск, зь якім сутыкаюцца краіны ўсходняга флянгу NATO.
Паводле яго, Польшча адказвае на гэта як праз саюз са Злучанымі Штатамі, так і праз NATO.
Для Варшавы сталая амэрыканская база дадала б яшчэ адзін узровень стрымліваньня, ясна паказаўшы, што любое вайсковае супрацьстаяньне з удзелам Польшчы можа адразу ўцягнуць у яго амэрыканскія сілы.
Форум