Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал NATO пра рэакцыю на магчымую агрэсію Расеі: «Вайскоўцы, сыстэма, зброя — усё гатова»

Джузэпэ Кава Драгонэ
Джузэпэ Кава Драгонэ

Пра гэта заявіў старшыня Вайсковага камітэту NATO, італьянскі адмірал Джузэпэ Кава Драгонэ на штогадовай канфэрэнцыі Вайсковага камітэту Альянсу ў Капэнгагене.

«NATO застаецца пільным. NATO застаецца ў стане гатоўнасьці», — сказаў Кава Драгонэ, камэнтуючы дзеяньні Расеі ў апошнія месяцы. Сярод іх ён назваў парушэньні паветранай прасторы, інцыдэнты з дронамі і гібрыдныя атакі.

Паводле адмірала, NATO мае каля4 тысяч старонак вайсковых плянаў, якія тычацца абароны ўсходняга флянгу. Яны прадугледжваюць розныя сцэнары — ад абмежаванага крызісу да сытуацыі, у якой можа спатрэбіцца задзейнічаць артыкул 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы пра калектыўную абарону.

«Альянс гатовы. Структура гатовая. Вайскоўцы, сыстэма, зброя — усё гатова», — заявіў Кава Драгоне.

Ён таксама сказаў, што ў выпадку нападу Расея мела б «значна больш страціць, чым атрымаць». Паводле яго, гэта адзін з элемэнтаў стрымліваньня патэнцыйнага агрэсара.

У Капэнгагене на сустрэчы Вайсковага камітэту NATO прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх 32 краінаў Альянсу. Заява кіраўніка Вайсковага камітэту прагучала на фоне росту напружанасьці на ўсходнім флянгу NATO і шэрагу інцыдэнтаў з удзелам расейскіх дронаў і самалётаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG