Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 8-й раніцы і будуць працаваць да 18-й гадзіны. У Бэрліне выбарцы абіраюць склад Палаты дэпутатаў і раённых сходаў. Упершыню ў выбарах у сталіцы могуць удзельнічаць таксама 16- і 17-гадовыя.
Асаблівая ўвага прыцягнутая да вынікаў Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (CDU), які ўзначальвае ўрад у кааліцыі з СДПГ на фэдэральным узроўні. Для Мэрца гэта чарговы важны палітычны тэст пасьля нядаўніх выбараў у Саксоніі-Ангальце, дзе CDU выступіў значна слабей, чым чакаўся, а «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) атрымала высокі вынік.
У Мэкленбургу – Пярэдняй Памэраніі CDU, паводле перадвыбарчых апытаньняў, рызыкуе атрымаць менш за 5 працэнтаў галасоў – бар’ер для трапленьня ў зямельны парлямэнт. У Бэрліне барацьба за першае месца значна больш шчыльная: паводле апошняга апытаньня ZDF, лідзіравала партыя «Левыя» з 22 працэнтамі.
Пры гэтым значную ўвагу назіральнікі надаюць выніку AfD. Пасьля росту падтрымкі гэтай партыі на папярэдніх зямельных выбарах яе вынік у двух землях можа паўплываць на ўнутрыпартыйныя дыскусіі ў CDU і на становішча Мэрца. Прадстаўнікі CDU афіцыйна не патрабавалі ягонай адстаўкі, аднак нямецкія СМІ паведамляюць пра ўзмацненьне ціску на канцлера.
Вынікі галасаваньня таксама могуць паўплываць на склад зямельных урадаў і, праз прадстаўніцтва земляў у Бундэсраце, на фэдэральную палітыку Нямеччыны.
Форум