Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяпан Пуціла: «Павінны быць лідары на месцах». Ці будзе NEXTA каардынаваць новыя пратэсты ў Беларусі?

Сьцяпан Пуціла і Дзьмітры Гурневіч
Сьцяпан Пуціла і Дзьмітры Гурневіч

Сьцяпан Пуціла тлумачыць, чаму NEXTA больш не зьбіраецца каардынаваць пратэсты, калі беларусы зноў масава выйдуць на вуліцы, і адказвае на прэтэнзіі да ролі каналу ў падзеях 2020 году.

У вялікай размове на «Канапе» — пра абвінавачаньні ў магчымым уплыве расейскіх спэцслужбаў, Рамана Пратасевіча, беларускіх палітыкаў, будучыню NEXTA і магчымыя сцэнары пераменаў у Беларусі.

Ён кажа, што хоча заставацца менавіта мэдыя і нагадвае: NEXTA ператварылася з асабістага блогу ў новае мэдыя яшчэ ў лютым 2020 году. Але падзеі таго году — ад пандэміі і затрыманьня Віктара Бабарыкі да масавых пратэстаў і жорсткіх разгонаў — не дазволілі рэдакцыі заставацца ўбаку.

«Ёсьць пазыцыя некаторых мэдыя, што мы над схваткай і мы проста публікуем, што ёсьць», — адзначае Пуціла.

«Ня з галавы ўзялі: ідзіце туды і рабіце тое»

Гурневіч нагадвае, што ў 2020 годзе NEXTA быў адным з галоўных інфармацыйных рэсурсаў пратэсту. Пуціла пагаджаецца, што рэдакцыя брала на сябе адказнасьць, але падкрэсьлівае: рашэньні не прымаліся аднаасобна.

Паводле яго, у той час у бот Нехта магло прыходзіць да 500 паведамленьняў за хвіліну. Усё гэта было немагчыма апрацаваць, таму каардынацыя адбывалася, у тым ліку, праз чаты «Хата».

«Гэта не было так, што мы проста з галавы ўзялі: „Ідзіце туды і рабіце тое“. Гэта, ну, агульнае рашэньне было», — кажа Пуціла.

Ён тлумачыць, што ў гэтых чатах разам працавалі прадстаўнікі розных ініцыятываў і арганізацый: людзі, якія займаліся дварамі, Telegram-каналамі і раней бралі ўдзел у акцыях. Паводле яго, гэта быў своеасаблівы штаб, дзе кожны адказваў за свой кірунак.

Чаму ён ня хоча браць на сябе каардынацыю

Сьцяпан Пуціла
Сьцяпан Пуціла

Пуціла прызнае, што каардынацыя пратэстаў — гэта велізарная адказнасьць, асабліва калі гаворка ідзе пра жыцьці людзей. Ён лічыць, што няправільна браць яе на сябе, знаходзячыся ў іншай краіне, дзе магчымасьці ўплываць на сытуацыю абмежаваныя.

«Павінны быць лідары на месцах, і гэтага, магчыма, не хапіла ў 20-м годзе ў Беларусі», — кажа ён.

Пры гэтым Пуціла нагадвае, што ў 2020 годзе рэдакцыя разумела, чаму людзі выбіралі пэўныя месцы для акцыяў. Напрыклад, пляцоўку каля Стэлы выбіралі не выпадкова: людзі, якія ўдзельнічалі ў ранейшых акцыях, тлумачылі, што там больш адкрытая тэрыторыя і ў выпадку нападу сілавікоў ёсьць магчымасьці адысьці.

«Гэта была воля людзей выходзіць, пратэставаць»

У інтэрвію Пуціла адказвае і на абвінавачаньні, што NEXTA нібыта падштурхнула людзей да пратэстаў, а пасьля гэтага пачаліся рэпрэсіі.

«Галоўны адказ — гэта не мы саджаем, гэта саджае Лукашэнка», — кажа ён.

Пуціла параўноўвае сытуацыю з выпадкамі, калі ўлады караюць людзей за дзеяньні іншых, і падкрэсьлівае, што рэдакцыя не прымушала нікога выходзіць на вуліцу. Паводле яго, людзі ведалі пра рызыкі, а пратэсты былі вынікам іх уласнага жаданьня.

«Гэта была не наша воля, гэта была воля людзей выходзіць, пратэставаць, а тым больш пасьля таго, як па сутнасьці мірныя пратэсты задушылі, задушылі вельмі жорстка, выйшла ўся краіна», — адзначае ён.

Глядзіце поўную размову са Сьцяпанам Пуцілам на YouTube-канале «Канапа». У інтэрвію ён таксама расказвае пра абвінавачаньні ў сувязях з расейскімі спэцслужбамі, працу Нехта ў 2020 годзе і тое, як мэдыя сёньня прыцягвае і ўтрымлівае аўдыторыю.

Пра праект «Канапа»

«Канапа» — гэта ўтульныя інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча, дзе госьці разважаюць пра Беларусь і беларускасьць. І проста могуць быць сабой. Глядзіце на YouTube-канале Радыё Свабода.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG