Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы адбыўся пажар на наземнай станцыі Starlink, якая забясьпечвае інтэрнэтам Украіну. Падазраюць дывэрсію

Станцыя Starlink у Волі Крабоўскай, спадарожнікавы здымак, красавік 2026 году
Станцыя Starlink у Волі Крабоўскай, спадарожнікавы здымак, красавік 2026 году

У выніку пажару згарэў разьмеркавальны шчыт, да якога падлучаныя антэны, а побач з аб’ектам знайшлі бутэльку з запальнай сумесьсю.

Пажар на наземнай станцыі спадарожнікавай сувязі Starlink адбыўся позна ўвечары ў сераду, 23 верасьня, у вёсцы Воля Крабоўска, прыкладна за 50 кілямэтраў на поўдзень ад Варшавы, паведаміла радыёстанцыя RMF FM.

Кампанія Exatel, якая кіруе пашкоджанай станцыяй, заявіла, што здарэньне не паўплывала на працу сэрвісаў або бясьпеку сеткі.

За некалькі сотняў мэтраў ад станцыі Starlink знаходзіцца Вайсковы цэнтар радыёэлектроннай выведкі і падтрымкі. Раённая пракуратура паведаміла, што пачалося расьсьледаваньне паводле факту сабатажу.

Намесьнік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык сказаў радыёстанцыі, што ва ўсіх выпадках «дзіўных падпалаў» улады будуць зыходзіць з таго, што гаворка можа ісьці пра дывэрсію.

«Расея выкарыстоўвае даволі простыя мэтады: яны ўчыняюць падпалы і акты сабатажу. Яны выклікаюць грамадзкія хваляваньні па ўсёй Эўропе», — падкрэсьліў ён.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Яцэк Дабжыньскі ў размове з тэлеканалам TVN24 адзначыў, што прычынай здарэньня маглі быць наўмысны падпал або кароткае замыканьне, паколькі ўзгараньне адбылося ўнутры генэратара. Ён дадаў, што пакуль усё паказвае менавіта на падпал.

Паводле міністра лічбавізацыі Польшчы Кшыштафа Гаўкоўскага, ёсьць шмат прыкметаў таго, што пажар быў наўмыснай спробай сарваць працу станцыі, якая забясьпечвае інтэрнэтам Украіну.

Папярэднія здарэньні

У ноч на 30 ліпеня ў Польшчы ўпала расейская крылатая ракета Х-101. Згодна з інфармацыяй пракуратуры краіны, ракету вырабілі ў другім квартале 2026 году на адным з заводаў Маскоўскай вобласьці.

Пасьля атак расейскіх бесьпілотнікаў у ноч на 13 верасьня паблізу польска-ўкраінскай мяжы прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што эскаляцыя з боку Расеі «робіцца фактам». Ён папярэдзіў, што наступныя тыдні і месяцы могуць стаць пэрыядам «вельмі інтэнсіўных дзеяньняў» з боку Масквы.

Паводле слоў Туска, нельга выключаць, што эскаляцыя закране і тэрыторыю Польшчы.

23 верасьня ў Люблінскім ваяводзтве невядомыя перагарадзілі бэтоннымі блёкамі чыгуначныя каляіны. Па гэтай чыгуначнай галіне ідуць у тым ліку грузавыя саставы ўва Ўкраіну і зь яе. Два лякаматывы атрымалі пашкоджаньні, але саставы з рэек не сышлі.

У той жа дзень расейскі вайсковы верталёт Мі-8 парушыў паветраную прастору Польшчы.

У папярэднія гады ў Польшчы ўжо затрымлівалі людзей розныя нацыянальнасьцяў, якія ўчынялі дывэрсіі, у тым ліку на чыгунцы. Часта сьледзтва высьвятляла, што гэта рабілася на заказ расейскай выведкі.

Што папярэднічала

За апошнія гады краіны Эўрапейскага Зьвязу неаднаразова фіксавалі спробы дывэрсіяў і падпалаў прамысловых і лягістычных аб’ектаў. Паводле дакладу незалежнага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі , расейскія агенты

  • зьнішчаюць і падрываюць крытычна важную інфраструктуру,
  • парушаюць працу авіяцыйных і энэргетычных сыстэмаў,
  • пранікаюць у лічбавыя сеткі,
  • сочаць за вайсковымі аб’ектамі
  • і ўчыняюць замахі на палітыкаў, бізнэсоўцаў і вайскоўцаў.

Таксама ў небе эўрапейскіх краін выяўлялі дроны над аэрапортамі, вайсковымі базамі і прамысловымі прадпрыемствамі.

Улады Нямеччыны заявілі, што падазраюць Расею ў арганізацыі такіх інцыдэнтаў.

Хроніка рэзанансных інцыдэнтаў у Эўропе

2023 год. У Польшчы выкрылі агентурную сетку, якая працавала на расейскія спэцслужбы: назірала за чыгуначнымі маршрутамі і крытычнай інфраструктурай ды рыхтавала дывэрсіі.

Сакавік-2024. У Лёндане падпалілі склад з гуманітарнай дапамогай і абсталяваньнем Starlink для Ўкраіны.

Красавік-2024. Падпал будаўнічага гіпэрмаркету OBI ў Варшаве. Польская пракуратура назвала гэта актам сабатажу на замову расейскай выведкі. У Нямеччыне ў тым жа месяцы затрымалі двух нямецка-расейскіх грамадзян, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дывэрсій.

Травень-2024. Падпал IKEA ў Вільні і гандлёвага цэнтру Marywilska ў Варшаве. Паводле сьледчых, за падапаламі стаіць арганізаваная сетка, створаная ў інтарэсах расейскіх спэцслужбаў. Тая ж сетка рыхтавала падпал IKEA ў Рызе, але выканаўцу затрымалі да нападу. У тым жа месяцы былі падпаленыя два склады будаўнічых матэрыялаў — у Варшаве і Радаме. Агенцыя ўнутранай бясьпекі заявіла, што выканаўца атрымліваў інструкцыі ад асобы, зьвязанай з расейскімі спэцслужбамі.

Ліпень-2024. У трох краінах Эўропы адбылася сэрыя ўзгараньняў пасылак з запальнымі прыладамі: у Ляйпцыгу, у грузавіку ў Польшчы і на складзе DHL у Бірмінгеме. Яшчэ адна прылада ў Польшчы не спрацавала». Паводле літоўскай пракуратуры, апэрацыю арганізоўвалі і каардынавалі грамадзяне Расеі, зьвязаныя з расейскай выведкай.

Лістапад-2025. На чыгунцы Варшава — Люблін, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для перавозкі дапамогі Ўкраіне, адбыліся дзьве дывэрсіі.

Сьнежань-2025. Польшча зазнала маштабную кібэрдывэрсію супраць энэргетычнай сыстэмы.

4 жніўня 2026 году. Супрацоўнік ляйпцыгскага аэрапорту знайшоў дрон каля ўкраінскага самалёта Ан-124. У той жа дзень грузавы самалёт DHL сутыкнуўся, як лічыць сьледзтва, з дронам пасьля ўзьлёту з таго ж аэрадрому. МУС і МЗС Нямеччыны ўсклалі адказнасьць на Расею.

14 жніўня ў полі на захад ад гэтага аэрапорту знайшлі яшчэ адзін дрон, а побач зь ім — 50 грамаў, як мяркуецца, гексагену.

21 жніўня стала вядома, што ў лесе пад Бэрлінам яшчэ год таму знайшлі схаваную зброю, якая магла прызначацца для расейскіх агентаў. Нямецкія спэцслужбы з таго часу назіралі за гэтым месцам, аднак за год па зброю ніхто не прыйшоў. Süddeutsche Zeitung піша, што ўвосень 2025 году ў Румыніі затрымалі падазраванага ў датычнасьці да арганізацыі гэтага схову.

25 жніўня на ўсходзе Славаччыны прадухілілі спробу падпалу заводу па вытворчасьці дронаў. Затрыманыя трое замежнікаў.

31 жніўня у Польшчы адбыўся пажар на заводзе дронаў. Пракуратура ўсчала справу «паводле факту ўдзелу ў дзейнасьці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча і ўчыненьня злачынства тэрарыстычнага характару».

1 верасьня на ўсходзе і захадзе Нямеччыны наўмысным кароткім замыканьнем былі пашкоджаныя лініі электраперадачы, спынялася падача электрычнасьці.

Расея адмаўляе сваю датычнасьць да такіх інцыдэнтаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG