23 верасьня расейскі вайсковы верталёт Мі-8 парушыў паветраную прастору Польшчы — у неба ўзьнімаліся зьнішчальнікі, паведаміла Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сілаў Польшчы.
Згодна з заявай, верталёт ляцеў з боку Калінінграду. Ён увайшоў у паветраную прастору Польшчы прыкладна на 300 мэтраў і быў у ёй на працягу 42 сэкундаў.
«Характар здарэньня паказвае на тое, што Расея зноў тэстуе гатоўнасьць нашай супрацьпаветранай абароны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Папярэднія здарэньні
У ноч на 30 ліпеня ў Польшчы ўпала расейская крылатая ракета Х-101. Згодна з інфармацыяй пракуратуры краіны, ракету вырабілі ў другім квартале 2026 году на адным з заводаў Маскоўскай вобласьці.
Пасьля атак расейскіх бесьпілотнікаў у ноч на 13 верасьня паблізу польска-ўкраінскай мяжы прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што эскаляцыя з боку Расеі «робіцца фактам». Ён папярэдзіў, што наступныя тыдні і месяцы могуць стаць пэрыядам «вельмі інтэнсіўных дзеяньняў» з боку Масквы.
Паводле слоў Туска, нельга выключаць, што эскаляцыя закране і тэрыторыю Польшчы.
Дывэрсіі працягваюцца
Менавіта вэрсію дывэрсіі супраць Польскай дзяржавы разглядаюць улады краіны пасьля здарэньня ў Люблінскім ваяводзтве. Невядомыя асобы перагарадзілі бэтоннымі блёкамі чыгуначныя каляіны. Па гэтай чыгуначнай галіне ідуць у тым ліку грузавыя саставы ўва Ўкраіну і зь яе, паведамляюць польскія СМІ.
Зламысьнікі паклалі жалезабэтонныя блёкі на рэйкі перад таварнымі цягнікамі, якія рухаліся ў супрацьлеглыя бакі. Абодва лякаматывы атрымалі пашкоджаньні, але саставы з рэек не сышлі.
Рух у абодва бакі прыпынілі, заявіла камэндатура паліцыі ў Лукаве — найбліжэйшым да месца здарэньня мястэчку.
Справу расьсьледуе паліцыя і антытэрарыстычныя падразьдзелы службаў бясьпекі.
У папярэднія гады ў Польшчы ўжо затрымлівалі людзей розныя нацыянальнасьцяў, якія ўчынялі дывэрсіі, у тым ліку на чыгунцы. Часта сьледзтва высьвятляла, што гэта рабілася на заказ расейскай выведкі.
Форум