Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня як кіно ад Netflix, дзе выбар уплывае на канцоўку. Расказваем пра жанр «інтэрактыўнага кіно» у сучасным GameDev

Life is Strange, скрыншот
Life is Strange, скрыншот

Паўстаньне андроідаў, падарожжы ў часе і дэтэктыў-алькаголік, які зьбірае сябе нанова. Гэта сюжэты гульняў, якія зробленыя як кіно, дзе вы ўплываеце на канцоўку, робячы складаны маральны выбар. Сёньняшняя падборка — пра самыя кінэматаграфічныя гульні.

Падлеткі і «Эфэкт матылька»

Вы — дзяўчына-падлетак, вакол мястэчка Аркадыя-Бэй штату Орэган. А яшчэ рок-канцэрты, падарожжы і свабода. Гэта сюжэт гульні Life Is Strange, дзе вы разам з галоўнай гераіняй перажываеце сталеньне, няпростыя адносіны зь сьветам — і ўсё гэта пад атмасфэрную рок-музыку. Галоўная гераіня пачынае адкрываць у сабе здольнасьці адкручваць час назад, што можа дапамагчы ўратаваць найлепшую сяброўку і ўвесь горад. Такі «Эфэкт матылька» у падлеткавым сьвеце з дэталізаванай, кінэматаграфічнай атмасфэрай вакол.

Гэта гульня з жанру «інтэрактыўнага кіно»: вы можаце хадзіць, узаемадзейнічаць з пэрсанажамі, пражываць эмацыйныя дыялёгі і моманты, але асноўная частка гульні — гэта відэашэраг, на які ўплываюць вашыя ўчынкі і словы. Вы нібы гледзіце кіно, аўтар якога — вы сам.

Аўтары Life Is Strange — француская студыя Dontnod Entertainment. І хоць гульня выйшла ў 2015 годзе, а цяпер хапае праектаў з большым кінэматаграфічным рэалізмам, яна заваблівае сваімі плянамі, дыялёгамі і эмацыйнымі момантамі.

Пастаянна выходзяць дапаўненьні і новыя эпізоды гульні, вось і цяпер анансуюць новы.

Life is Strange, скрыншот з гульні
Life is Strange, скрыншот з гульні

Наагул жанр інтэрактыўнага кіно ў GameDev зьявіўся яшчэ ў 1983 годзе, калі выйшла Dragon’s Lair, якую зрабіў Don Bluth, былы аніматар Disney. Гэта прабабуля ўсіх гульняў такога стылю: яна глядзелася як паўнавартасная анімацыя і была рэвалюцыйная для таго часу.

Заснавальнікам сучаснага інтэрактыўнага кіно ў гульнях лічаць сцэнарыста і геймдызайнэра Дэйвіда Кейджа і ягоную студыю Quantic Dream. Сучаснае фармаваньне гэтага жанру пачалося з гульні Fahrenheit, якая выйшла ў 2005 годзе. Да яе былі сюжэтныя гульні, але тут упершыню так удала зьмяшалі кіношную рэжысуру, варыяцыйнасьць, нелінейнасьць і маральны выбар героя. Сюжэт расказвае пра банкаўскага работніка, які ўчыняе несьвядомае забойства пад уплывам паранармальных сілаў, а пасьля спрабуе разабрацца, што ж адбылося.

Паўстаньне андроідаў

На двары 2038 год, робаты-андроіды даўно жывуць сярод людзей, дапамагаюць ім з гаспадаркай, выконваюць іншыя задачы. Аднак аднойчы пачынаюць разумець, што яны таксама жывыя істоты з сваім характарам, якія здольныя адчуваць і маюць права на жыцьцё. Пра гэта гульня Detroit: Become Human, ад асноўных вытворцаў «інтэрактыўнага кіно» студыі Quantic Dream і Дэйвіда Кэйджа (David Cage). Яна выйшла ў 2018 годзе на кансолях і ў 2019 на ПК. Гульцу па чарзе трэба кіраваць трыма андроідамі: дэтэктывам Конарам, хатняй памочніцай Карай і бунтаўніком Маркусам, лідэрам магчымай рэвалюцыі андроідаў.

Detroit: Become Human, скрыншот
Detroit: Become Human, скрыншот

Тут разгалінаваны сюжэт, дзе галоўнае — выбар гульца, і нават калі адзін з андроідаў загіне — гульня працягнецца. Таксама гулец мае магчымасьць бачыць, як можа павярнуцца той ці іншы сюжэт пасьля адыгранага эпізоду. Гэты прадукт хваляць за якасную графіку, прыгожыя пляны і пастаноўку, акторскую гульню і неймаверную варыяцыйнасьць сюжэту. Над выхадам працавалі каля 250 актораў, наклад прададзеных копіяў перавысіў 15 мільёнаў. Detroit: Become Human лічыцца адной з галоўных гульняў у жанры «інтэрактыўнага кіно». Зь недахопаў крытыкі адзначалі яўныя паралелі з эпохай рабства.

Дажыць да сьвітанку

Кампанія моладзі прыяжджае на прыроду, але паездка абарочваецца не адпачынкам, а цяжкім напружаным выпрабаваньнем, дзе галоўная мэта — выжыць. Тыповы сюжэт для фільма-горару, але гэта не кіно, а гульня Until Dawn ад брытанскай студыі Supermassive Games, якая выйшла на PlayStation 4 у 2015 годзе. Пазьней, у 2024-м, зьявілася вэрсія для ПК. Група падлеткаў прыходзіць на месца, дзе год таму згубіліся іхныя сябры, і трапляе ў пастку. Сюжэт вымагае ратавацца ад жахаў гары Блэквуд і захаваць максымальна шмат пэрсанажаў да сьвітанку.

Until Dawn, скрыншот
Until Dawn, скрыншот

На герояў палююць вэндыга — монстры-канібалы, не абыходзіцца без псыхалягічных пагрозаў і невядомага перасьледніка, а таксама «эфэкту матылька»: кожнае дробнае дзеяньне можа ўсё зьмяніць. Гульцу давядзецца хутка рабіць выбар, які ўплывае на сюжэт гульні. Гэта горар у жанры «інтэрактыўнага кіно», гульню хваляць за добрую акторскую ігру, графіку і напружанасьць, але адзначаюць, што зашмат скрымэраў (пужалак з-за рогу).

У 2025 годзе паводле гульні выйшаў фільм «Дажыць да сьвітанку» рэжысэра Дэйвіда Ф. Сандбэрга (David F. Sandberg). Застаючыся ў сьвеце гэтай гульні, ён фактычна стварыў новую гісторыю, а ня проста пераказаў сюжэт. Жанчына разам зь сябрамі прыяжджае на месца гібелі сваёй сястры, дзе сутыкаецца з жахамі і пятлёй часу.

Сабраць сябе нанова

Вы прачынаецеся ў разбураным гатэльным нумары і наагул не памятаеце, хто вы такі. Рэч у тым, што вы паліцыянт-алькаголік, да таго ж хворы на амнэзію. Аднак праца ёсьць праца, трэба расьсьледаваць забойства, мімаходзь зьбіраючы свайго пэрсанажа нанова. Пра гэта культавая гульня Disco Elysium ад эстонскай студыі ZA/UM, якая выйшла ў 2019 годзе.

DISCO ELYSIUM, скрыншот
DISCO ELYSIUM, скрыншот

Гэта не зусім «інтэрактыўнае кіно», а хутчэй «інтэрактыўная кніга» зь вялікай колькасьцю дыялёгаў і навыкаў, якія можна разьвіваць. Гульня напоўнена разважаньнямі пра капіталізм, камунізм, фашызм і лібэралізм у дэкарацыях пасьлярэвалюцыйнага партовага гораду. Яе называюць новым словам у RPG (Role-Playing Game), бо замест баёвак, уласьцівых гэтаму жанру, тут усё вырашаецца шматлікімі дыялёгамі. Ды і сам герой можа стаць як бліскучым дэтэктывам, так і прадажным паліцыянтам ці нават супэрзоркай, выбар за гульцом. Паводле геймплэю, гэта гульня з ізамэтрычным відам і з адкрытым сьветам.

Гульня прызнаная найлепшай у 2019 годзе і адной з найвялікшых відэагульняў усіх часоў. Асобнай увагі заслугоўвае графіка, гульня нібыта напісаная на карцінах алейнымі фарбамі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG