Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая стратэгія ад Wargaming і беларускі Fallout. Якія гульні рабілі беларусы да зьяўленьня World of Tanks

DBA Online, Wargaming
DBA Online, Wargaming

У 2000 годзе стваральнік папулярных «Танкаў» выпусьціў сваю першую стратэгію DBA Online для некалькіх гульцоў. Праз 5 гадоў выйшла гульня ў духу постапакаліпсісу ад беларускай студыі Arise. Расказваем пра беларускія гульні 2000-х.

Мы працягваем сэрыю публікацый, прысьвечаных кампутарным гульням, да якіх маюць дачыненьне беларусы. Па гэтай спасылцы можна пачытаць пра праект, прысьвечаны гісторыі сярэднявечнага Турава. Тут расказваем пра беларускія гульні 90-ых. Тут — пра самую папулярную сучасную гульню, створаную з удзелам беларусаў. А тут — пра самы сонны беларускі gamedev-праект.

Сваю першую онлайн-гульню з вайсковым ухілам будучы гігант Wargaming пачаў распрацоўваць ужо ў 1999 годзе. DBA Online — гэта пакрокавая онлайн-стратэгія, дзе можна выбраць войска пэўнай цывілізацыі і часу і пазмагацца зь іншымі карыстальнікамі ў сеціве. Правобразам стала настольная гульня De Bellis Antiquitatis («Старажытныя войны»). Калі ў настолцы гулец мусіў кіраваць рэальнымі мініятурнымі фігуркамі, то ў DBA Online — віртуальнымі.

На позніх этапах гульні было да 220 відаў войскаў: ад акадзка-шумэрскай цывілізацыі і старажытнага Эгіпту да сярэднявечча і эпохі рыцарства. Кожнае з войскаў мела розныя тыпы аддзелаў. Было ў гульні і войска гістарычнага Вялікага Княства Літоўскага, называлася яно проста літоўскім, як у настольным правобразе гульні. У літоўскім войску была кавалерыя (аблегчаная, манэўраная коньніца), рыцары (нешматлікія, але цяжка ўзброеныя адзінкі), лёгкая коньніца, лёгкая і сярэдняя пяхота.

Гульня DBA Online, адзін з першых праектаў Wargaming
Гульня DBA Online, адзін з першых праектаў Wargaming

Сцэнар гульні быў даволі простым: маеце войска з 12 фігурак, трэба кінуць кубік, лічбы вызначаць колькасьць хадоў — ад 1 да 6. На перамогу ўплывала тое, як расстаўленыя войскі, якія ў вас адзінкі, важная была таксама падтрымка з флянгаў.

Гульня DBA Online
Гульня DBA Online

DBA Online ня стала такой папулярнай, як знакамітыя «Танкі», але мела свой клюб прыхільнікаў, тэматычныя форумы. Праіснавала гульня ў онлайне аж 19 гадоў, канчаткова ўсе кліенты і сайт перасталі працаваць у 2019-м, так што пагуляць у яе цяпер немагчыма і нават сайт адкрываецца толькі праз вэб-архіў.

Вайна на розных плянэтах

Massive Assault наступны прадукт, які Wargaming выпусьціў у 2003 годзе. Гэта далёкая будучыня, дзе сышліся ў вайне некалькі фракцыяў і нэўтральныя краіны, якія могуць выступіць як на вашым баку, так і на баку суперніка.

Massive Assault стаў пакрокавай стратэгіяй у выглядзе 3D, дзе трэба кіраваць войскам: артылерыяй, танкамі, авіяцыяй, баявымі караблямі і авіяносцамі. Важная частка — сакрэтныя хаўрусьнікі, якія могуць стаць вызначальным фактарам. Пасьля кампанія выпусьціла некалькі дапаўненьняў да гульні.

Гульня Massive Assault, скрыншот
Гульня Massive Assault, скрыншот

Гульцу давядзецца ўзяць на сябе камандваньне Зьвязам Свабодных Нацыяў, каб бараніць сьвет ад Фантомнай Лігі на адной з шасьці аддаленых плянэт. Войны разгортваюцца на розных планетах, кожная зь якіх становіць сабой асобную мапу з разнастайным ляндшафтам (архіпэлягі, пустэльні, засьнежаныя раўніны). Найперш гульня зарыентаваная на рэжым аднаго гульца, аднак у яе можна гуляць і празь сеціва.

Пагуляць у Massive Assault можна і цяпер, гульня дасяжная ў Steam.

Беларускі постапакаліпсіс у стылі Fallout

Wargaming — не адзіная студыя, якая пачынала рабіць маштабныя гульні ў нулявыя, на зломе эпох. Невялікая студыя Arise у 2000-х рабіла гульню «Каёты: Законы пустэльні». Гэта мусіла быць стратэгія ў рэальным часе з элемэнтамі RPG, натхняліся стваральнікі такімі GameDev-шэдэўрамі, як Hitman, Half-life і, вядома ж, Fallout.

“Каёты: Законы пустэльні”, скрыншот
“Каёты: Законы пустэльні”, скрыншот

Аднак рэалізаваць усё, што хацелі распрацоўнікі, не ўдавалася празь нястачу рэсурсаў. Кампанія зьвярнулася да расейскага выдаўца гульняў — 1С. Тады ж пастанавілі, што «Каёты» выйдуць на рухавіку Enigma engine, на якім рабілася расейская гульня «Бліцкрыг».

Ад некаторых пачатковых плянаў — буйныя гарады, шмат негульнёвых пэрсанажаў (нэўтральныя адзінкі ў гульні, зь якімі ўзаемадзейнічае гулец) — распрацоўнікі мусілі адмовіцца.

«Каёты» выйшлі ўвесну 2005 году, атрымалася стратэгія ў рэальным часе, дзе гулец кіруе сваім аддзелам у постапакаліптычнай пустэльні. Вы — Брэд зь мірнага паселішча, якое зьнішчылі бандыты, цяпер зьбіраеце сваю банду мсьціўцаў, каб навесьці парадак. У гульца і ягонага аддзелу няма базы, каб папаўняць рэсурсы. Герой кіруе гуртам пэрсанажаў, які увесь час перамяшчаецца, ён можа ўдасканальваць тэхніку і паляпшаць уменьні падначаленых. Адбываецца ўсё гэта ў пустэльні, дзе жывуць як нэўтралы, так і варожыя адно адному кланы. Выгляд — клясычная 2D-ізамэтрыя зь якасным для таго часу прарысоўваньнем дэталяў.

Асобнай увагі заслугоўваюць коміксы, якія расказваюць сюжэт. Гэта анімаваныя ўстаўкі паміж місіямі, выкананыя ў змрочным, часам сатырычным сэтынгу, амаль без праяваў цэнзуры.

Гульня дасяжная ў краме Steam і сёньня.

Потым Arise пасьпелі папрацаваць над дадаткам да «Бліцкрыгу» і Action RPG паводле раману фантастаў Сяргея Лук’яненкі і Ніка Пярумава «Ня час для драконаў». Апошняя выйшла ў 2007 годзе. Гэта партыйная RPG, дзе гулец кіруе групай пэрсанажаў, якія падарожнічаюць па розных лякацыях фэнтэзі-сьвету, уступаюць у сутычкі і могуць знаходзіць розныя варыяцыі зброі, выконваць заданьні і дасканаліць сваіх пэрсанажаў.

Гульня атрымала сярэднія водгукі крытыкаў. А ў лістападзе 2007 году Arise увайшла ў склад Wargaming.

«Асноўная мэта зліцьця — умацаваньне пазыцыяў за кошт узаемнага ўзбагачэньня досьведам і ўзаемадапаўняльных рэсурсаў і стварэньне сур’ёзнага гульца ў сфэры GameDev», — казаў пра зліцьцё тагачасны генэральны дырэктар Arise Фёдар Мухін.

Праз тры гады на сьвет зьявіліся папулярныя «Танкі», але гэта ўжо зусім іншая гісторыя і іншая эпоха беларускага GameDev.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG