Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы стварылі гульню, у якую хочуць пагуляць 850 000 чалавек. Мы паглядзелі Demo і расказваем, што ў ёй цікавага

Скрыншот з дэма-вэрсіі Replaced
Скрыншот з дэма-вэрсіі Replaced

Replaced — гэта плятформэр у стылістыцы кібэр-панк ад студыі зь беларускімі каранямі Sad Cat Studios. Гульню рабілі з 2018 году, у ёй ёсьць беларуская мова, а каб выпусьціць праект, яго стваральнікі знайшлі інвэстыцыі на 5 мільёнаў даляраў.

Сюжэт

Вы — штучны інтэлект Рыч (R.E.A.C.H), які апынуўся ў чалавечым целе свайго апэратара Ўорэна. Вакол альтэрнатыўная Амэрыка 1980-х гадоў, якая перажыла ядзерную катастрофу. Зь невядомай прычыны адбыўся ядзерны ўдар, які зрабіў непрыдатнай для жыцьця траціну краіны.

Для аднаўленьня дзяржавы была створаная ініцыятыва Phoenix Corporation, якая ў выніку стала карумпаванай мэгакарпарацыяй: узьвяла сьцяну вакол гораду-цытадэлі, а за сьцяной — напаўзруйнаваны сьвет і вымушаныя выжываць людзі.

Якраз пасьля выбуху сэрвэраў у лябараторыі кампаніі Phoenix Corporation галоўны герой вымушаны бегчы за сьцяну. Ён сам прадукт карпарацыі, але цяпер яшчэ і яе вораг.

«Пакуль R.E.A.C.H. спрабуе даць рады нязвыклым для яго чалавечым інстынктам і цяжару эмоцыяў, у горадзе паступова выходзяць на сьвятло зь ценю ўладныя структуры. Тэмы чалавечнасьці, ідэнтычнасьці і кантролю паказаныя тут праз маральна неадназначных пэрсанажаў, праз павольнае раскрыцьцё выявы сьвету, даведзенага да мяжы. Кожны куток, які вы дасьледуеце, расказвае сваю гісторыю. Кожны сакрэт, які вы раскрываеце, мае свой кошт», — абяцаюць стваральнікі гульні.

Replaced была распрацаваная беларускай студыяй Sad Cat Studios
Replaced была распрацаваная беларускай студыяй Sad Cat Studios

У Demo вы пачынаеце за сьцяной, і амаль адразу ж на вас нападаюць служкі карпарацыі. На першых этапах даць ім рады нескладана: у дэманстрацыйнай вэрсіі вы для гэтага маеце зброю як блізкага бою, так і далёкага. У цэлым у героя вельмі шмат варыянтаў атак, контратак, удараў нагамі, пераваротаў, іншых прыхватак супраць ворагаў. Далекабойная зброя — пісталет Huxley — заладоўваецца праз комплекс удалых атак зброяй блізкага бою, і можна страляць.

Пасьля бойкі вы рушыце ў падарожжа па постапакаліптычным сьвеце, дзе пэрыядычна трэба разьвязваць галаваломкі і даваць адпор ворагам. Пры гэтым вас яшчэ і шукаюць, давядзецца шмат хавацца ад ліхтароў і чужых вачэй.

Стылістыка і графіка

Replaced — гэта экшн-плятформэр, то бок герой перамяшчаецца ўлева-ўправа, скача, адольвае перашкоды, чапляецца за выступы ў сьценах, за вяроўкі і ўсё тое, што можа гэтыя перамяшчэньні палегчыць. Аднак для клясычнага плятформэра ў гульні даволі складаная баявая сыстэма. Лёгіка простая: гулец трапляе ў лякацыю, дасьледуе яе (перасунуць скрыню, адчыніць дзьверы, разьвязаць галаваломку), пасьля — бой з ворагам, пасьля новая лякацыя. Прынамсі так гэта выглядае ў Demo.

Менавіта дзякуючы графіцы гульню ацанілі аматары. Сам герой выкананы ў папулярным зараз піксэль-арце, сцэна вакол мае 3D глыбіню, кінэматаграфічнасьць і дынамічнае асьвятленьне. Герой рухаецца па роўнядзі, але сцэна застаецца аб’ёмнай: камэра мяняе кампазыцыю кадру, рухаецца за героем, прадметы адкідваюць цені і адбіваюць сьвятло. Гарадзкія краявіды постапакаліптычнага сьвету дасканала дэталізаваныя: нэонавыя шыльды, цёмныя вуліцы, дым, дождж, мэгаполісы чаргуюцца з індастрыял-пэйзажамі.

Replaced, скрыншот з дэма-вэрсіі
Replaced, скрыншот з дэма-вэрсіі

Асобна варта адзначыць мэню заданьняў. Герой мае прыладу, якая выглядае як гібрыд касэтнага магнітафона і смартфона: да яе можна зьвярнуцца, каб прыгадаць заданьні ці нешта адсканаваць.

Дэма гульні дасяжная ажно на 16 мовах, у тым ліку на беларускай і ўкраінскай.

Чым вядомыя стваральнікі

Replaced — дэбютная гульня невялікай інды-студыі Sad Cat Studios. Сама студыя ўтварылася ў 2018 годзе ў Менску і ўжо тады пачала распрацоўваць гэты прадукт. Сярод крыніц натхненьня распрацонікаў — фільмы Blade Runner 2049 рэжысэра Дэні Вільнёва і Upgrade рэжысэра Лі Ўонэла, як прызнаваліся стваральнікі ў адным з інтэрвію.

Упершыню фрагмэнт гульні прэзэнтавалі на выставе Electronic Entertainment Expo у чэрвені 2021 году. Трэйлер тады выклікаў вельмі моцны эфэкт — многія мэдыя назвалі Replaced найпрыгажэйшым піксэль-арт-праектам выставы.

Пасьля рэлізы ня раз пераносілі, выпусьціць гульню зьбіраліся ўжо ў 2022 годзе. Аднак пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны кампанія-распрацоўнік рэлякавалася зь Беларусі.

У кастрычніку 2023 году Sad Cat Studios удалося атрымаць на распрацоўку гульні 5 мільёнаў даляраў ад міжнароднай кампаніі GEM Capital.

Пасьля рэлізы зноў ссоўвалі, дэма-вэрсія гульні выйшла сёлета ў лютым, а поўны рэліз чакаецца 14 красавіка.

Паводле апошніх зьвестак, больш як 850 000 чалавек дадалі гульню ў сьпіс жаданых у краме гульняў Steam. Гэта асноўны паказьнік папулярнасьці праекту, такая адзнака вельмі высокая для дэбютнай гульні невялікай студыі.

Дэма-вэрсія ў Steam атрымала больш за 1800 водгукаў, 90% якіх станоўчыя. Гэта даволі добры паказьнік для дэма: рэйтынг, вышэйшы за 70%, у Steam лічыцца пасьпяховым для праектаў зь вялікай колькасьцю водгукаў, а 90% сьведчыць пра моцную падтрымку ад гульцоў. Дэма-вэрсія дасяжная ў Steam для ўсіх.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG