Што за гісторыя
На дварэ 1223 год, а вы пасярод гістарычнай бітвы на Калцы. Так пачынаецца дэма-вэрсія гульні Tales of Meadows ад беларускай студыі Qualestory Games, рэліз якой выйшаў 20 лютага.
Паводле сюжэту вы — ваявода Перасьвет, якому на пачатку трэба абараніць і ўратаваць тураўскага князя Андрэя. Такі князь сапраўды існаваў і ўдзельнічаў у бітве на Калцы, дзе аб’ядналіся кіеўскія, галіцкія, валынскія войскі і полаўцы супраць татара-манголаў (як прынята называць гэтыя плямёны ў школьных падручніках) пад кіраўніцтвам Джэбэ і Субэдэя. Удзельнічалі ў бітве і пінска-тураўскія дружыны. Скончылася ўсё перамогай татара-манголаў, а тураўскі князь Андрэй з роду Ізяславічаў Тураўскіх загінуў у палоне. Пра знакамітага ваяводу Перасьвета часоў Тураўскага княства гісторыя дагэтуль ня ведала, але ў гульні ўсё крыху іначай.
Паранены князь дае вам лёсавызначальнае заданьне — скіравацца ў небясьпечнае падарожжа. На шляху вас чакаюць татара-манголы, зь якімі давядзецца біцца, а таксама фізычныя перашкоды і загадкі рознага кшталту.
Кіраваньне і фізыка
Фізычныя здольнасьці Перасьвета — ён можа хадзіць, бегаць, скакаць і прапаўзаць празь нейкія перашкоды. Баёўка — тыповая для фэнтэзійных і гістарычных RPG (ролевых гульняў) такога кшталту: гулец фіксуецца на ворагу і наносіць адзіночныя ці сэрыйныя атакі. Многія геймэры, якія ўжо глядзелі дэма гульні, кажуць пра тэхнічныя недахопы баёўкі на гэтым этапе. Распрацоўнікі ж абяцаюць хутка ўсё выправіць згодна з заўвагамі, і першыя праўкі яны ўжо ўнесьлі.
У гульні прыгожыя пэйзажы і далягляды, асабліва калі налады выставіць на максымум, што пацягне далёка не кожны кампутар. Аднак шлях героя абмежаваны сюжэтнай лініяй, проста так пабегаць па адкрытым сьвеце ў дэма-вэрсіі ня ўдасца.
Беларускае агучваньне
З важных момантаў: у гульні беларуская мова даступная ня толькі ў перакладзе, але і ў прафэсійным агучваньні, што рэдкасьць для відэагульняў. Агучаныя па-беларуску праекты можна пералічыць на пальцах. Напрыклад, ёсьць беларускі гук некаторых прадуктаў Wargaming, у тым ліку знакамітых «Танкаў», беларуская мова ў выглядзе тэкставага перакладу прысутнічае ў Factorio, Legends Of Eisenwald. Ёсьць фанацкія пераклады не беларускую мову знакамітых гульняў, напрыклад, Baldur’s Gate 3.
Таксама ў гульні пра Тураўскае княства ёсьць ангельскае і расейскае агучваньні, як і тэкставая лякалізацыя. Як відаць з тытраў, агучваньне ў кожнай мове рабілі асобныя каманды.
Гульцы агулам пазытыўна адрэагавалі на выхад дэма; у онлайн-сэрвісе Steam расьце колькасьць тых, хто дадаў гульню ў сваю бібліятэку, то бок зьбіраецца набыць яе пасьля поўнага рэлізу. Дэма-вэрсія бясплатная, тэставаць яе можна там жа, у Steam. Поўная вэрсія гульні анансаваная на гэты год, але даты рэлізаў могуць пераносіць.
У поўнай вэрсіі сюжэт будзе іншы, не такім, як у дэма, будзе і галоўны герой, прынамсі так вынікае з анонсу:
«XIII стагодзьдзе. Усходняя Эўропа разрываецца паміж новымі вераваньнямі і старымі абрадамі. Даведайся пра падзеі, якія зьменяць Філіпа — калісьці добрага і наіўнага юнака — і ператвораць яго шлях у гісторыю болю і горычы», — гаворыцца на старонцы гульні ў Steam.
«Лепш, чым падручнікі»
Паводле папулярызатара гісторыі, аўтара гістарычных праектаў Цімоха Акудовіча, кампутарныя гульні з сюжэтамі беларускай гісторыі застаюцца сфэрай энтузіязму.
«Гульні могуць уплываць на сьвядомасьць — асабліва моладзі — больш, чым кнігі, і пагатоў лепш, чым падручнікі і лекцыі. Мне здаецца, што рабіць гульні пра беларускую гісторыб — сфэра энтузіязму, і нешта яркае і цікавае зьяўляецца ад шчырага зацікаўленьня каманды», — мяркуе суразмоўца.
На думку Акудовіча, цяперашняе зьяўленьне гульняў, заснаваных на беларускай гісторыі, — гэта вынік большай тэхнічнай адкрытасьці сфэры. Такі прадукт ужо можа рабіць невялікая аматарская каманда.
«Дзесяцігодзьдзямі нямала беларусаў на прафэсійным узроўні займаюцца распрацоўкай гульняў, але рабіць гульні толькі паводле беларускай гісторыі па-беларуску — гэта ўсё адно ня бізнэс. Цяпер тэхнічна стала магчыма невялікай камандзе сабрацца і, седзячы па вечарах, зрабіць невялікую гульню, таму і пачалі зьяўляцца такія прадукты», — мяркуе Акудовіч.
Апроч Tales of Meadows, цяпер распрацоўваюцца некалькі гульняў, якія так ці інакш закранаюць тэму беларускай гісторыі. Беларуская студыя Sector 13 анансавала гульню Lost in, дзе галоўны герой падарожнічае ў часе, абяцаюць і сярэднявечную частку.
Яшчэ адна гульня ад беларускіх распрацоўнікаў Sleeping Fox Studio — Song of Slavs анансавана як сымулятар сярэднявечнага паселішча. Распрацоўнікі абяцаюць беларускае агучваньне і тэкст. Дэма дасяжнае ў Steam.
Форум