Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кіпры стварылі асацыяцыю распрацоўкі кампутарных гульняў, у ліку заснавальнікаў — Wargaming

Сымболіка Wargaming
Сымболіка Wargaming

На Кіпры запусьцілі асацыяцыю CYGMA — Cyprus Game Developers Association, якая будзе прадстаўляць і разьвіваць індустрыю распрацоўкі гульняў у краіне.

Арганізацыю афіцыйна зарэгістравалі 31 сьнежня 2025. Ініцыятарамі яе стварэньня выступілі Wargaming, Gaijin Entertainment, Owlcat Games, MY.GAMES і Helio Games — кампаніі, якія ўжо трывала прысутнічаюць на кіпрскім рынку. Кампаніі «аб’ядноўваюць шырокі досьвед распрацоўкі гульняў для ПК, кансоляў, мабільных плятформаў», а таксама шматгадовую практыку кіраваньня студыямі на міжнародных рынках.

Сярод заснавальнікаў таксама прысутнічае найбуйнейшая супольнасьць распрацоўнікаў Кіпру GDCy, піша Devby.io.

CYGMA будзе разьвіваць супрацу ўнутры прафэсійнай супольнасьці, падтрымліваць абмен ведамі, прадстаўляць інтарэсы распрацоўнікаў гульняў і фармаваць устойлівую індустрыю, у якой студыі могуць запускаць праекты, расьці і дасягаць посьпеху. Асацыяцыя таксама павінна ўмацаваць вобраз Кіпру як надзейнай, стабільнай і прывабнай пляцоўкі для распрацоўкі гульняў на ўсясьветнай арэне, адзначылі ў асацыяцыі.

Кіраваць ёю будзе рада дырэктараў, у якую ўваходзяць прадстаўнікі кампаній-заснавальнікаў і больш шырокай экасыстэмы. Ад Wargaming у праўленьне ўвайшоў яе юрыст Раман Занін. Пасаду сакратара рады займае Джордж Маўнціс зь юрыдычнай фірмы Chrysostomides & Co.

CYGMA будзе працаваць праз спэцыялізаваныя камітэты. Іх задачы — падвышаць міжнародную пазнавальнасьць кіпрскіх распрацоўнікаў, удасканальваць нарматыўна-прававую базу для студый, а таксама ўмацоўваць супрацоўніцтва паміж гульнявой індустрыяй і ўнівэрсытэтамі, у тым ліку ў галіне адукацыі, дасьледаваньняў і падрыхтоўкі адмыслоўцаў.

Акрамя таго, асацыяцыя плянуе падтрымліваць устойлівы рост студый: выбудоўваць дыялёг і партнэрства паміж распрацоўнікамі, буйнымі гульнявымі плятформамі, фінансавымі інстытутамі і дзяржаўнымі органамі, а таксама прасоўваць адказную распрацоўку і захаваньне высокіх прафэсійных і рэгулятарных стандартаў.

Што такое Wargaming

Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы. Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў многіх краінах і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.

У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэлякацыі супрацоўнікаў беларускага офісу ў іншыя краіны.

Вясной 2022 году Wargaming прадаў бізнэс у Расеі і Беларусі сваёй былой расейскай «дачцэ» — санкт-пецярбурскай студыі Lesta Games. Яна атрымала права выпускаць гульні Wargaming у абедзьвюх краінах і правяла рэбрэндынг сэрыі гульняў «World of Tanks», «World of Warships» і «World of Tanks Blitz». Цяпер на беларускім і расейскім рынках яны называюцца адпаведна «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz.

Аддзяленьне кампаніі ў Літве Wargaming Vilnius па выніках 2025 году стала другім падаткаплатнікам у краіне сярод тых, якія маюць беларускіх уласьнікаў. Больш падаткаў у бюджэт плаціць толькі EPAM. Але летась колькасьць падаткаў ад Wargaming у бюджэт Літвы зьнізілася з 13,3 млн. да 12,5 млн.

Тым часам на радзіме нават завочна перасьледуюць зьвязаных з кампаніяй людзей. 28 кастрычніка 2025 году Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў завочны вырак суўладальніку Wargaming Мікалаю Кацалапаву — яго апэляцыйную скаргу не задаволілі. У верасьні 2025 году Мікалая Кацалапава завочна асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі з спагнаньнем штрафу ў 50 тысяч базавых велічыняў (2 мільёны 100 тысяч рублёў). Справу разглядалі ў гарадзкім судзе Менску. Вядомаму прадпрымальніку інкрымінавалі ч. 1 і 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу («фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і ч. 2 арт. 290-1 («фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»).

Яшчэ ў студзені 2023 Мікалая Кацалапава ўключылі ў сьпіс «тэрарыстаў». Вядомы беларускі бізнэсовец на той момант ужо жыў за мяжой.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG