Блізкі да Аляксандра Лукашэнкі Тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што той падпісаў указ аб памілаваньні Натальлі Левай, «зыходзячы з прынцыпаў гуманнасьці і з улікам жыцьцёвай сытуацыі асуджанай».
У ліпені 2024 году Натальлю асудзілі за данаты на шэсьць гадоў калёніі паводле трох крымінальных артыкулаў: «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці», «фінансаваньне ўдзелу ў ваенных дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы» і «фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня».
«Даведка з КДБ»
Натальлі Левай 39 гадоў, яна родам з Кобрыня. У 2009-м скончыла Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «Выяўленчае мастацтва і народны промысел», працавала 2D-мастаком і мастаком-пастаноўнікам у IT-сфэры. Спачатку ў Synesis, пазьней у Playtika — буйной кампаніі, якая распрацоўвае мабільныя гульні.
Неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Натальля зьехала зь Беларусі ў Польшчу. Аднак вясной 2024-га яна вярнулася на радзіму. Дакладныя прычыны гэтага рашэньня невядомыя.
Пасьля абвяшчэньня прысуду ў справе Натальлі Левай яе знаёмы напісаў у сацсетках, што калегі адгаворвалі жанчыну ад вяртаньня ў Беларусь, але яна сказала, што моцна сумуе па радзіме, ужо аплаціла ў кратным памеры штаф за данаты і нават мае адпаведную паперу ад КДБ.
«У Польшчы яна звольнілася з працы ў вялікай ІТ-кампаніі — вырашыла вярнуцца дадому, — паведаміў знаёмы Натальлі. — Калегі былі ў шоку, адгаворвалі. Казала, што ў яе ёсьць даведка з КДБ аб выплачаных у кратным памеры данатах. Стамілася бяз дому. Затрымалі на мяжы. Далі 6 гадоў калёніі».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Натальлю Левую затрымалі на памежным пераходзе. Суполка «Кібэрпартызаны» з дапамогай праекту DIT і праваабарончага цэнтру «Вясна», спасылаючыся на беларускую пракуратуру, даведалася, што Натальля Левая ў 2022 годзе перавяла на банкаўскія рахункі і віртуальныя гаманцы прадстаўнікоў «экстрэмісцкіх фармаваньняў», у тым ліку палку Каліноўскага, ня менш за 4400 рублёў.
«Здарыўся цуд»
У другой палове студзеня вызваленая 13 сьнежня 2025 году і вывезеная зь Беларусі былая галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава апублікавала ў фэйсбуку допіс, дзе апісвала цяжкія ўмовы для зьняволеных гомельскай жаночай калёніі, зь якімі яны сутыкаюцца зімой у маразы. З гэтага допісу стала вядома, што Натальля Левая за кратамі чакае дзіця.
«Больш за ўсё мяне непакоіць Наташа Левая, — напісала Золатава. — Здарыўся цуд: пасьля спатканьня з мужам яна зацяжарала. Да гэтага пáра доўга не магла завесьці дзяцей. Нараджаць Наташы прыкладна ў сакавіку. Так хочацца, каб гэта адбылося ў іншых умовах».
Навіна аб цяжарнасьці палітзьняволенай жанчыны хутка разышлася па інфармацыйных рэсурсах і сацыяльных сетках. Яе пацьвердзілі і іншыя нядаўна вызваленыя палітвязьні.
«Дзяўчаткі імкнуліся яе аберагаць і вельмі за яе перажывалі, — напісала адна зь іх. — Я мару, каб Наташа як мага хутчэй апынулася дома разам з малым. Дзівосна, што жыцьцё прарасло нават у такім страшным месцы».