Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Менску 90-х і боек з гопнікамі да страчанай галавы: Беларускія гульні па-беларуску, пра якія вы маглі ня ведаць

Скрыншот з гульні "Менск"
Скрыншот з гульні "Менск"

Сабралі ў падборку тры малавядомыя беларускія гульні розных гадоў: тэкставая хадзілка пра Лявона ў Менску 90-х, сталічны трамвай і робат, які страціў галаву ад каханьня. Усё гэта аматарскія праекты.

Гульня «Менск» — гэта легенда і адна зь першых беларускіх гульняў у прынцыпе, якая выйшла ў 1998–1999 гадах. На мяжы нулявых яна распаўсюджвалася на дыскетах у студэнцкіх інтэрнатах і кампутарных клюбах, а пасьля і праз дваровыя саматужныя хатнія сеткі. Вы гуляеце за беларускага рокера Лявона, які перамяшчаецца паміж клюбам «Рэактар», дзе плойма гопнікаў, піўнухай і ўрадавым будынкам. Лявона перасьледуюць гопнікі і скінгэды, зь якімі трэба змагацца.

Галоўная задача Лявона — разграміць прыстанішча гопнікаў, клюб «Рэактар». Так, так, гэта пазьней клюб стаў пляцоўкай для рок- і мэтал-канцэртаў, а тады ў ім ладзілі дыскатэкі. Зьмяніць сытуацыю можна, калі герой пераможа ды-джэя і паставіць сваю касэту «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.». Такую назву мае альбом N.R.M. 1998 году.

Лявону трэба падмацоўвацца півам, інакш ён памрэ ад «абясьпіўліваньня», а пустыя бутэлькі можна кідаць у ворагаў. Таксама можна знайсьці іншую зброю (нават бэнзапілу). Галоўнага боса, якога трэба перамагчы ў гульні, завуць «Бацка».

Скрыншот з "Менску"
Скрыншот з "Менску"

Стыль гульні Roguelike характэрны для таго часу: і Лявон, і ягоныя ворагі проста тэкставыя сымбалі. Пры набліжэньні героя яны пачынаюць яго перасьледаваць. Гульня мае прымітыўны і ад таго яшчэ больш сатырычны стыль.

Пра аўтараў амаль нічога невядома, апроч іхных псэўданімаў: Gildur, Morfin і Forion. Гульню рабілі пад апэрацыйную сыстэму DOS, а пісалі на мове праграмаваньня Pascal. Выйшла яна па-беларуску. Гэта прадукт, які рабілі беларусы для беларусаў, бо іншым зразумець рэаліі гульні было б цяжка.

У сваёй істоце «Менск» — гэта клон вядомага ў тыя часы рагаліка Angband, які стаў правобразам многіх RPG (role-playing games, ролевых гульняў). І калі Angband рабіўся паводле фэнтэзі-сьвету Толкіна з гномамі, эльфамі і оркамі, то ў беларускім аналягу іх зьмянілі гопнікі і скінгэды.

Спампаваць «Менск» можна і зараз, але на многіх сучасных кампутарах ён проста не запусьціцца, давядзецца ставіць дадатковыя праграмы. Аднак на некаторых сэрвісах гульню можна запусьціць онлайн.

Пакіраваць менскім трамваем

Minsk Tram Simulator 2D — гэта сымулятар сталічнага трамвая № 2, які цяпер ужо ня ходзіць. Гульцу трэба праехацца па маршруце, спыняцца на прыпынках і адчыняць дзьверы, хоць пасажыраў і няма. Таксама трэба зважаць на сыгнал сьвятлафора, бо калі паехаць на чырвоны — будзе Game Over. Можна выбраць паміж двума тыпамі трамваяў: стары рыскі РВЗ-6 і новы АКСМ-60102 ад «Белкамунмашу». Таксама можна выбраць два варыянты агучваньня прыпынкаў, абраць беларускую мову. Гэта лёгкі расслабляльны сымулятар зь відамі Менску. Распрацоўнік — Baranovichi Game. Гульня выйшла на сэрвісе itch.io. Цяпер усе вэрсіі гульні на ім чамусьці недасяжныя, а спасылка выдае памылку (так, мы пасьпелі пагуляць раней, калі гульня была ў вольным доступе).

Скрыншот з Minsk Tram Simulator 2D
Скрыншот з Minsk Tram Simulator 2D

Магчыма, гэта зьвязана з тэхнічнымі праблемамі. У гэтага ж распрацоўніка, згодна з інфармацыяй з itch.io, ёсьць сымулятар мэтро (у распрацоўцы) і сымулятар аўтобуса. Аднак цяпер і гэтыя старонкі недасяжныя.

Ня траціць галавы

Вы — робат, які страціў галаву ад каханьня, і цяпер яе трэба наладзіць. Вакол кібэрпанкаўская лябараторыя, а вам трэба разгадваць загадкі, пэрыядычна здымаючы зь сябе галаву і не забываючыся ставіць яе на месца. Гэта гульня WatchYourHead, якую выпусьціла каманда беларускіх студэнтаў у 2022 годзе.

Скрыншот з WatchYourHead
Скрыншот з WatchYourHead

Гэта плятформэр у 3D-стылі, дзе трэба скакаць, пералазіць празь перашкоды і разьвязваць галаваломкі.

«Дзеяньне адбываецца ў кібэрпанкавай лябараторыі вытворчасьці і рамонту робатаў. Даследуй пакоі лабараторыі, разьвязвай задачы і знайдзі спосаб адрамантаваць сваё цела. Даследуй навакольле, сьцеражыся электрамагнітных і гідраўлічных пастак і знайдзі спосаб адкрыць усе дзьверы на шляху да мэты», — апісваюць свой прадукт распрацоўнікі.

Скрыншот з WatchYourHead
Скрыншот з WatchYourHead

Каманда называе сябе Exodus, распрацоўнікі на сваёй старонцы кажуць, што яны — невялікая каманда студэнтаў зь Беларусі, а гэта іх першая гульня. Прадукт дасяжны па-беларуску.

Гульню можна спампаваць на сэрвісе itch.io (аналяг Steam, якім карыстаюцца indi-праекты). Распрацоўнікам можна ахвяраваць нейкую суму, але гульня даступная і бясплатна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG