Гульні ёсьць пра ўсё ці амаль пра ўсё. Ніхто дакладна не лічыў, колькі іх ужо выпусьцілі, магчыма, больш за мільён. Некаторыя распрацоўнікі ставяць на арыгінальнасьць і незвычайнасьць сваіх прадуктаў. Гэтым разам расказваем менавіта пра такія выпадкі. Некаторыя праекты ўжо выйшлі і ў іх можна пагуляць. Іншыя — толькі рыхтуюцца трапіць да геймэраў.
Гульня, дзе нічога не адбываецца і казлы з гусямі
Зьмяняюцца часы, дні, сэзоны, а вы проста назіраеце за гэтым усім, бо вы — камень. Пра гэта гульня Stone Simulator ад распрацоўнікаў STFGames.
Вы проста стаіце у выглядзе каменя на ўзгорку каля лесу, а вакол адбываюцца падзеі: пацук прабяжыць, птушка праляціць, шаман прыйдзе выклікаць дождж ці нават волат спусьціцца з гары. Гэта гульня-мэдытацыя: можна разглядаць возера пад узгоркам, лес, птушку. Чым больш вы назіраеце, тым больш падзеяў адбываецца наўкол.
Гульня выйшла ў 2025 годзе, распрацоўнікі — маленькая індзі-студыя. Гэты сымулятар — пакуль іхны галоўны і адзіны праект.
Аднак гэта ня першая гульня пра камень. У 2019 годзе маленькая студыя vinoo выпусьціла Rock Simulator, а у 2023 годзе Rock Simulator 2. У ёй вы таксама камень, таксама назіраеце за навакольлем, але можна апгрэйдзіцца — стаць пескавіком ці гранітам. У гульні даступны як адзіночны рэжым, так і магчымасьць гуляць празь сетку зь сябрамі, а таксама перамаўляцца між сабой. Абодва сымулятары сабралі станоўчыя водгукі ў Steam.
Незвычайных сымулятараў распрацоўнікі гульняў нарабілі багата. Напрыклад, яшчэ ў 2014 годзе Coffee Stain Studios выпусьцілі сымулятар казла — Goat Simulator. Гульцу прапануюць пабыць казлом у сьвеце са зьменлівай фізыкай і проста разносіць усё наўкола.
Распрацоўнікі — швэдзкая студыя, якая вырасла акурат дзякуючы такім дзіўным гульням. Іхны падыход — стаўка на мэмнасьць, незвычайныя ідэі і прадуманыя бáгі падчас гульні. Напрыклад, казёл раптам можа пачаць бегаць па сьценах — і што вы яму зробіце.
У 2020 годзе распрацоўнікі House House выпусьцілі сымулятар гусака — Untitled Goose Game. У сюжэце гулец — гусак у ангельскай вёсцы, а ягоная задача — тэрарызаваць жыхароў. Скрасьці, напрыклад, нешта, перамясьціць ці патапіць і ўскладніць тым самым жыцьцё людзям. Распрацоўнікі — маленькая студыя з Аўстраліі, іхны асноўны падыход — стаўка на гумар і арыгінальнасьць ідэі.
Чарвячым з дому
Вы — фінансавы аналітык на дыстанцыйнай працы з дому. Тыповая гісторыя, калі б не адзін нюанс. Бо вы яшчэ і дажджавы чарвяк. Пра гэта гульня Worming from Home ад распрацоўнікаў Zach Northrop і Mason Sabharwal.
Вам трэба націскаць клявішы на кампутары, але зрабіць гэта ўдаецца, толькі скокнуўшы на іх з разгону. Прымаць фінансавыя рашэньні трэба, асабліва пра іх не задумваючыся, бо з разгону можна трапіць ня ў тую клявішу.
Таксама можна вывучаць невялікі навакольны сьвет у выглядзе працоўнага стала, стацыянарнага тэлефона і будзільніка. Калі чарвяк падае са стала — гульня пачынаецца наноў. Гэта сатыра на офісную працу і працу з дому, калі ад націсканьня клявішаў супрацоўнікам асабліва нічога не залежыць.
Праект робіць маленькая каманда з двух чалавек. Пакуль выйшла толькі дэма-вэрсія, поўны рэліз чакаецца сёлета ў трэцім квартале.
Абсурднае Сярэднявечча і людзі-рыбы
Сюррэалізм, крыху альхіміі і мітычныя істоты — усё гэта мусіць быць у гульні Hieronymus ад Hurdy-Gurdy Games. Стваральнікі натхнялся карцінамі Геранімуса Босха, адсюль і назва. Таму ў гульні мусяць быць хадзячыя рыбы, оркі з тварамі сланоў, агрэсіўныя галовы, якія існуюць насуперак законам фізыкі, і іншы абсурд.
Геранімус Босх — мастак, які тварыў на мяжы XV і XVI стагодзьдзяў. Босх праславіўся выявамі нябачаных істот. Гэта ня проста монстры, а гібрыды: рыбы з чалавечымі нагамі, птушкі ў дасьпехах, музычныя інструмэнты, ператвораныя ў прылады катаваньня. Як вынікае з выяваў, у анансаванай гульні ўсё гэта мусіць быць. Hieronymus пакуль распрацоўваюць, дату выхаду гульні не абвясьцілі.
Распрацоўнікі — маленькая студыя зь Нямеччыны, якая спэцыялізуецца на Сярэднявеччы і рэканструкцыі. Раней займаліся таксама музэйнымі і гістарычнымі праектамі.
Іншая гульня студыі — Ritter & Rotwein. Гэта сымулятар рыцара ў Сярэднявеччы ў абсурднай стылістыцы. Вы пачынаеце, як і належыць рыцару, — у карчме. Гэта час, каб прызвычаіцца да таго, што вашая гісторыя далёкая ад гераізму. Дасьпехі цяжкія, мячом біцца таксама няпроста, да таго ж на шляху процьма перашкодаў. То конь убрыкне, то рыцар упадзе, то пчолы пакусаюць. Рыцар пэрыядычна траціць раўнавагу, трапляе ў пасткі і, вядома ж, сустракае супернікаў. Яны, на шчасьце, таксама далёкія ад ідэальнага фэхтаваньня. Калі выпіць віна, то становіцца крыху лягчэй, але ненадоўга. Гульня дасяжная ў Steam у дэма-вэрсіі, можна пагуляць як самому, так і зладзіць незвычайны рыцарскі турнір зь сябрамі.
Форум