14 красавіка нарэшце выйшла гульня Replaced, якую рабілі 8 гадоў. Гэта кібэрпанк з запамінальным візуалам ад студыі зь беларускімі каранямі Sad Cat Studios. Напярэдадні рэлізу распрацоўнікі паведамілі, што на гульню чакае мільён чалавек, бо гэтулькі гульцоў дадалі яе ў сьпіс жаданага ў краме Steam.
Replaced — гэта экшн-плятформэр з разнастайнай і распрацаванай баёўкай і візуальна запамінальным стылем: герой выкананы ў піксэль-арце, сцэна вакол мае 3D-глыбіню, кінэматаграфічнасьць і дынамічнае асьвятленьне. Свабода падрабязна апавядала пра яе перад выхадам.
«Быў выклік — як перадаць сыстэму мысленьня штучнага інтэлекту»
У гульні дасяжная беларуская мова, лякалізацыю рабіў прафэсійны перакладнік і музыка Андрэй Пячынскі (Палякоў). Атрымалася гэта выпадкова, расказаў Свабодзе Андрэй, бо іншы чалавек адмовіўся. Кампанія, якая займалася лякалізацыяй гульні на ўсе заплянаваныя мовы, зьвязалася з Андрэем, а яму заўсёды хацелася папрацаваць зь перакладам менавіта гульняў.
«Знаёмы, які атрымаў прапанову перакласьці гульню, вырашыў, што гэта трохі не ягонае і сам ён не гулец. Я падумаў, што можна зрабіць нешта добрае для беларускае культуры. І адразу падпісаўся, мне цікава, я гулец, сам шмат гуляю ў гульні. Заўсёды пазначаў для сябе, дзе ў гульнях добрая лякалізацыя. Мне заўсёды хацелася прыкласьці да гэтага руку, павялічыць колькасьць добрых лякалізацыяў. І вось нарэшце давялося. Гэта быў сапраўдны кайф і ў пэўным сэнсе зьдзяйсьненьне маёй мары», — расказвае суразмоўца.
Праца над перакладам пачалася летась у лістападзе, агулам каля 40 тысяч словаў — памерам як кніга, падлічвае Андрэй. Складана было перадаць у тэксьце, як мысьліць герой, бо ў сюжэце ён — штучны інтэлект, працягвае перакладнік.
«Быў выклік — як перадаць яго сыстэму мысленьня. Я вырашыў падысьці да гэтага празь літаральны пераклад. З вуснаў штучнага інтэлекту такія канцылярскія канструкцыі будуць гучаць цалкам натуральна. Вядома ж, пераклад рабіўся з ангельскай мовы, я прынцыпова не хацеў нават зазіраць у расейскую вэрсію. Хацеў, каб мяне нічога не зьбівала», — тлумачыць свой падыход суразмоўца.
У Андрэя 15-гадовы стаж перакладніка, раней даводзілася працаваць з тэхнічнымі перакладамі, крыху з мастацкай літаратурай. Быў таксама невялікі досьвед перакладу гульні — візуальнай навэлы на расейскую мову.
Зьмест па-беларуску
Апошнім часам выходзіць больш гульняў, якія адразу маюць выбар беларускае мовы. Напрыклад, яна ёсьць у дэма гульні пра Тураўскае княства Tales of Meadows, а таксама ў гульні пра сны Shifting to the Backrooms.
На думку Андрэя, беларускай мовы ў гульнях стала болей, бо пасьля 2020 году пачалася хваля адраджэньня.
«Людзі раптам масава вырашылі, што беларуская нацыянальная культура, мова, традыцыі — гэта цікава. Ведаю асабіста шмат каго, хто ўсё жыцьцё размаўляў па-расейску, а цяпер перайшоў на беларускую. У сацыяльных сетках часта чытаю, што людзі дагэтуль, шосты год запар, кайфуюць ад таго, што можна, аказваецца, перайсьці на беларускюу мову — і па-беларуску ёсьць кантэнт, і гэты кантэнт ня толькі пра мову і гісторыю, ён розны. Ёсьць запыт ад людзей, і пашырэньне мовы будзе працягвацца. Выглядае ўсё аптымістычна», — сьцьвярджае Андрэй.
У перакладзе гульняў ёсьць пэўная спэцыфіка, зазначае суразмоўца. Бывае і так, што не стае лексыкі.
«Бывае, спрабуюць выкарыстаць слова, абы толькі яно не было падобнае да расейскага. Лексіку можна браць з польскай, можна з расейскай, ня бачу розьніцы паміж палянізмамі і русізмамі. Мова — жывы арганізм, які разьвіваецца. У геймінгу ёсьць тэрміны інтэрфэйсу, якія звыкла гучаць па-расейску, нават калі гэта проста трансьлітарацыя, а па-беларуску не заўсёды зразумела. Ёсьць рэсурсы, якія намагаюцца сабраць гэтую лексіку, але інфармацыю трэба шукаць, яна не шырокавядомая. Каб знайсьці слоўнікі актуальнага беларускага слэнгу, мне спатрэбілася правесьці добрае дасьледаваньне. Іншая асаблівасьць — у гульнях тэксты падаюцца праз абмежаваныя радкі. І звычайна па-ангельску радок карацейшы, чым на славянскіх мовах. Задача — уціснуць пераклад ў пэўныя межы і пры тым нічога ня страціць у сэнсе, у стылістыцы», — называе праблемы перакладнік.
Як і многія ў сваіх прафэсіях, Андрэй выкарыстоўвае дапамогу штучнага інтэлекту. Аднак толькі ім якасна перакласьці гульню немагчыма, трэба кантроль прафэсіянала.
«Праз ШІ перакладнікам цяжэй за іншых. ШІ яшчэ ня можа якасна перакладаць самастойна. Немагчыма засунуць туды тэкст і атрымаць нармальны, чалавечы пераклад, які ня трэба будзе правіць. Аднак мы ўжо ня можам пераканаць замоўцу. Ты тлумачыш, што патрэбны апэратар, які ведае мову, ведае, як яна працуе, як людзі гавораць у натуральным жыцьці. Большасьць людзей не з такой пільнасьцю ставяцца да тэксту, могуць не заўважыць розьніцу, гэта бачна ў тым, як набіраюць ахоп згенэраваныя допісы ў сацыяльных сетках», — прыводзіць прыклад спэцыяліст.
Таксама ў перакладзе патрэбны рэдактар, бо трэба кантроль, зазначае Андрэй: кожны зможа зрабіць памылку і заўсёды ёсьць чалавечы фактар.
«Калі я выкарыстоўваю штучны інтэлект, я эканомлю час на наборы тэксту. Не магу сказаць, што рэдагаваць машынны пераклад прасьцей, чым перакладаць, але хутчэй», — тлумачыць суразмоўца.
«Сапраўдны кінэматограф»
Replaced атрымаў папулярнасьць ячшэ да афіцыйнага рэлізу дзякуючы мастацкаму балянсу, добрай якасьці выявы і гуку, заўважае Андрэй, які сам цяпер праходзіць гульню.
«Яшчэ не прайшоў, я зараз у другім разьдзеле. Ад 2D-плятформэра чакаеш зусім не такой карцінкі, а тут сапраўдны кінэматограф. Ёсьць нейкія геймплэйныя недахопы, але яны заўсёды будуць. У балянсе ўсё вельмі якасна, нездарма яны працавалі 8 гадоў над ёй», — дзеліцца ўражаньнямі перакладнік.
Гульні — вельмі добры інструмэнт пашырэньня беларускай мовы, працягвае Андрэй.
«Гульні — гэта збалянсаваны прадукт, які зьвяртаецца да спажыўца празь некалькі каналаў: гук, візуал, тэкст. Ёсьць пэўная колькасьць людзей, якія спажываюць мастацтва менавіта праз гульні — менш глядзяць кіно ці ходзяць па музэях. І гульні — спосаб дагрукацца да тых людзей, якія імі цікавяцца, але не надта знаёмыя з беларускай мовай. Прапанова тут нараджае попыт», — мяркуе перакладнік.
Replaced дасяжная ў краме гульняў Steam. Апроч беларускай, яна лякалізаваная на 16 моваў.
Форум