Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніколі не сустракаўся з адмоўнай рэакцыяй». Як польскі інжынэр самастойна вывучыў беларускую мову

Томаш Блядынец, фота з прыватнага архіву
Томаш Блядынец, фота з прыватнага архіву

Паляк Томаш Блядынец самастойна вывучыў беларускую мову, каб лепш разумець беларусаў. Ён піша артыкулы для Вікіпэдыі пра Беларусь і мяркуе, што ня варта засяроджвацца на дэструкцыйным — лепш рабіць сваё.

Мы гутарым з Томашам па-беларуску. Ён валодае беларускаю моваю так добра, што падчас размовы можна забыцца, хто перад табой. Толькі зрэдку націскі на польскі лад нагадваюць, што гаворыш з палякам.

Паляк Томаш Блядынец ня мае беларускіх каранёў. Яму 43 гады. З адукацыі інжынэр. Будаваў масты, дарогі, тунэлі. Цяпер працуе ў IT. Ягоная сям’я ў некалькіх пакаленьнях жыве ў Варшаве. У юнацтве ён зацікавіўся суседнімі краінамі і самастойна вывучыў беларускую мову па песьнях і праз тагачасны мэсэнджар ICQ. Томаша сымбалічна пасьвяцілі ў сябры «Зубра». Ён піша артыкулы для беларускамоўнай Вікіпэдыі, хоць у беларускай супольнасьці вікіпэдыстаў не заўсёды ставіліся да яго з даверам.

«Каб зразумець душу беларусаў і Беларусі. Я настолькі зацікавіўся гэтай краінай, што хачу свабодна зь людзьмі размаўляць. Калі хочаш зразумець беларуса, то трэба ноччу сесьці зь ім на кухні, тады ты сапраўды зможаш даведацца, што сядзіць у яго ў душы. Я хацеў гэта рабіць менавіта па-беларуску, з пашаны», — тлумачыць ён, навошта яму беларуская мова.

Томаш каля Палацу культуры тэкстыльнікаў у Менску, 2007 год
Томаш каля Палацу культуры тэкстыльнікаў у Менску, 2007 год

Акрамя польскай і беларускай мовы, Томаш валодае ангельскай, крыху нямецкай і швэдзкай, разумее па-расейску і па-ўкраінску.

«Расейскую мову я не вывучаў. Але са мной настолькі часта на ёй гаварылі, што я пачаў яе разумець. Я па-расейску вельмі кепска гавару», — адзначае ён.

ICQ і «Басовішча»

Цікавасьць да беларускай мовы ў Томаша зьявілася яшчэ ў школе, у 16-17 гадоў. Тады, у 2000 годзе, адбылася рэвалюцыя ў тагачаснай Югаславіі.

«Мне вельмі спадабалася, што маладыя людзі зьмяняюць сваю краіну. Я хацеў удзельнічаць у нечым падобным — мяняць сьвет у лепшы бок», — кажа Томаш.

Палякі ў той час больш арыентаваліся на захад, слухалі заходнія песьні і глядзелі заходнія фільмы, хацелі ўвайсьці ў Эўразьвяз, але менш цікавіліся суседзямі з усходніх краін, часта мелі пра іх стэрэатыпнае, спрошчанае ўяўленьне, кажа суразмоўца. Ён пачаў чытаць прэсу, кнігі пра сытуацыю ў краінах Усходняй Эўропы. Паступова цікавасьць сканцэнтравалася на Беларусі.

Тады ж у Томаша зьявіўся інтэрнэт, дзе хлопец пачаў шукаць суразмоўцаў з розных краін. Яшчэ не было Facebook або «ЎКантакце». Ён карыстаўся мэсэнджарамі IRC і ICQ. У IRC можна было выбраць канал на нейкую тэму, прыкладам, «Беларусь», «Менск», у ICQ — знайсьці суразмоўцаў паводле мовы і ўзросту.

«„У нас быў кароль Ягайла. — У нас таксама быў кароль Ягайла!“ Калі я стаў размаўляць з гэтымі людзьмі, то зразумеў, што мы размаўляем пра тую самую гісторыю, успамінаем тыя самыя падзеі, бітву пад Грунвальдам. Проста яны глядзяць на гэта крыху зь іншага пункту погляду. Гэта было так цікава, што ў нас шмат супольнага, але яно можа выглядаць па-іншаму. Можна было пашырыць свой погляд: а можа, мы памыляемся, а можа, мы ня ведаем усяго. Гэта былі цікавыя дыскусіі», — кажа суразмоўца.

Томаш спачатку шукаў сярод беларусаў тых, хто ведае польскую або ангельскую мову, тых, хто цікавіўся Польшчай. Заходзіў на сайты, створаныя беларусамі, прыкладам, на сайт фэсту «Басовішча», і кантактаваў на яго форумах. Пачаў слухаць песьні па-беларуску, у тым ліку «Народны альбом», вучыць іх на памяць, сьпяваць. Потым стаў паціху сам ужываць беларускія словы.

«Польская і беларуская мовы настолькі падобныя, што калі я ня ведаў нейкага слова, я проста запаўняў гэтыя прабелы па-польску або мяняў польскія словы так, як, мне здавалася, яны могуць гучаць па-беларуску», — успамінае ён.

Томаш на магіле Васіля Быкава, 2007 год
Томаш на магіле Васіля Быкава, 2007 год

Суразмоўца адзначае, што найбольш вывучыў мову праз гутаркі зь людзьмі. Тады ён завёў добрых сяброў, зь якімі кантактуе дагэтуль.

«Беларусам вельмі падабалася, што я хачу вывучыць беларускую мову. Яны дапамагалі мне», — кажа суразмоўца.

Ён адзначае, што знайсьці беларускамоўных беларусаў не было тады складана. Паводле яго, доступ да інтэрнэту тады мела вузкае кола, у тым ліку маладыя людзі зь вялікіх гарадоў, якія былі сьвядомымі носьбітамі беларускай мовы і культуры і прынцыпова гаварылі па-беларуску.

Ён чытаў «Сьцяну» Васіля Быкава, «Горад сонца» Артура Клінава, часопіс Arche. Мае кнігу Аляксея Дзікавіцкага «Оньдэ» на палескай гаворцы. Але больш чытаў беларускай літаратуры ў перакладзе на польскую мову.

Сябра «Зубра»

Падчас выбараў 2001 году ў Беларусі, расказвае Томаш, ён знайшоў беларускую палітычную арганізацыю «Зубр», напісаў туды на e-mail з прапановай сваёй дапамогі, калі яна патрэбная.

Калі пачалася хваля эміграцыі беларусаў пасьля выбараў, да Блядынца сапраўды зьвярнуліся чальцы «Зубра», папрасілі сустрэць у Варшаве аднаго беларуса і дапамагчы яму зарыентавацца ў новай краіне. Томаш сустрэў яго і быў ягоным правадніком па Варшаве. У выніку пазнаёміўся з большай колькасьцю беларусаў у Польшчы.

Томаш у Курапатах, 2007 год
Томаш у Курапатах, 2007 год

«У канцы дня гэты калега выцягнуў з валізкі чорны значок „Зубра“ і сказаў, што ён афіцыйна лічыць мяне сябрам „Зубра“. Для мяне гэта было так важна, што яны палічылі мяне адным зь іх! Я тады вельмі мала ведаў, я проста хацеў нешта зрабіць для беларусаў. Вельмі ідэалістычна да гэтага падыходзіў. Дагэтуль гэты значок вісіць у мяне на сьцяне. Лічу, што гэта было вялікае дасягненьне», — успамінае Томаш.

У 2006 годзе Томаш яшчэ кепска гаварыў па-беларуску. Тады пасьля чарговых выбараў у Беларусі і чарговай хвалі эміграцыі беларусаў пачалася праграма Кастуся Каліноўскага для студэнтаў.

Блядынец удзельнічаў у ініцыятыве «Вольная Беларусь». Сябры ініцыятывы прапанавалі Варшаўскаму ўнівэрсытэту сябе ў ролі валянтэраў, якія дапамогуць беларускім студэнтам інтэгравацца ў польскае грамадзтва: ладзіць экскурсіі, хадзіць зь імі ў тэатры. Тады Томаш пачаў вадзіць экскурсіі па Варшаве, шмат гаварыць зь беларусамі.

«У канцы 2006 году я ўжо свабодна гаварыў па-беларуску», — адзначае ён.

Вывучыць кірыліцу

Самай складанай часткай засваеньня мовы для яго было вывучыць кірыліцу, прызнаецца суразмоўца. Ён купіў два падручнікі беларускай мовы, у іх прачытаў пра альфабэт. Таксама проста запамінаў, як выглядаюць часта ўжываныя словы, і так вучыў літары.

«Гэта бар’ер, які спыняе шмат каго, каб вывучыць беларускую або ўкраінскую мову», — думае суразмоўца.

Томаш на «лініі Сталіна» пад Менскам, 2007 год
Томаш на «лініі Сталіна» пад Менскам, 2007 год

Ён мяркуе, што палякам варта ведаць кірыліцу, бо цяпер у Польшчы шмат мігрантаў і зьявілася нямала надпісаў кірыліцай у публічнай прасторы.

«Я зараз часта кажу палякам: вывучыце кірыліцу, бо вы будзеце жыць у горадзе, дзе кірыліца застанецца. Дзякуючы гэтаму будзе лепшы кантакт паміж намі. Мы будзем ня побач, а разам. Калі я ўжо ведаў беларускую мову, то на вуліцы Менску ці Кіева не адчуваў сябе чужым», — кажа Томаш.

Ён мяркуе, што ў сьвеце ёсьць непрыязныя сілы, якія праз інтэрнэт хочуць распаліць страх, недавер, канфлікты паміж людзьмі.

«Гэта ад непаразуменьня. Калі мы будзем гаварыць адно з адным, такія правакацыі ня будуць дзейнічаць. Інакш лягчэй разгубіцца — што праўда, што няпраўда», — мяркуе ён.

Вікіпэдыст

Томаш Блядынец — вікіпэдыст. Ён кажа, што напісаў каля тысячы артыкулаў для Вікіпэдыі па-польску і па-беларуску. Большасьць зь іх пра Беларусь: пра дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускую школу ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы, беларускія азёры, архітэктуру. Таксама ён зрабіў 60 тысяч рэдагаваньняў у артыкулах Вікіпэдыі.

Ён кажа, што пісаў у польскамоўнай Вікіпэдыі на падставе беларускіх крыніц, а ў беларускамоўнай хацеў выкарыстоўваць польскія крыніцы, каб паказаць другі пункт гледжаньня на тыя ж тэмы побач з савецкім і беларускім поглядам. Аднак успамінае, што беларуская вікі-супольнасьць ставілася да яго насьцярожана, асабліва спачатку.

Томаш расказвае пра беларускую мову ў Любліне, Польшча, 2016 год
Томаш расказвае пра беларускую мову ў Любліне, Польшча, 2016 год

«Выявілася, што некаторыя тэмы настолькі эмацыйныя, што цяжка будзе такі кампраміс знайсьці. Зьявіўся нейкі паляк, якога яны ня ведаюць, гаворыць па-беларуску, выказваецца наконт беларускай Вікіпэдыі. Яны былі вельмі асьцярожныя, казалі: невядома, хто ён, для каго ён папраўдзе працуе», — успамінае вікіпэдыст.

Цяпер Томаш мяркуе, што варта было ўваходзіць у беларускамоўную Вікіпэдыю больш лагодна. Але кажа, што гэтая напружанасьць ужо ў мінулым. Ён мяркуе, што падазраваць усіх навокал у тым, што яны могуць быць шпіёнамі, шкодна і дэструкцыйна. Пазьней Томаш стаў ладзіць варштаты аб працы ў Вікіпэдыі для беларусаў у Варшаве.

Небясьпечна і непрактычна

Томаш узгадвае, што на пачатку 2000-х гадоў ягоныя бацькі ставіліся да такога захапленьня Беларусьсю з падазрэньнем, лічылі яго небясьпечным, бо добра памяталі камунізм і ваенны стан у Польшчы 1980-х гадоў. Але, зь іншага боку, ставіліся з павагай, бо бачылі, што гэта ня хобі на адзін дзень.

Настаўнікі хлопца раілі яму ня ехаць у Беларусь, бо гэта магло быць небясьпечным. Некаторыя ўважалі, што лепш было б вывучыць расейскую мову, каб лягчэй наладжваць бізнэс з краінамі Усходняй Эўропы ці Азіі.

Дзень беларускай Вікіпэдыі ў Чэхіі, выступае Томаш Блядынец, 2013 год
Дзень беларускай Вікіпэдыі ў Чэхіі, выступае Томаш Блядынец, 2013 год

«Казалі: „Навошта вывучаць беларускую мову? Шмат часу за гэтым правядзеш, а практычнай карысьці ня будзе“. Але мне нецікавы быў бізнэс зь беларусамі. Мне цікава было зразумець гэтую культуру, пазнаёміцца з гэтымі людзьмі. Некаторыя беларусы казалі: „Калі б ты ведаў расейскую мову, мы маглі б думаць, што ты тут выпадкова. Але калі ты вывучыў беларускую, значыць, ты цікавісься менавіта Беларусьсю“. Тады яны больш адкрыта са мной размаўлялі», — тлумачыць суразмоўца.

Самыя ж беларусы заўсёды ставіліся да беларускай мовы Томаша станоўча, кажа ён. Ён быў у Беларусі некалькі разоў. Апошні раз — у 2016 годзе, калі быў назіральнікам АБСЭ на выбарах. Наведваў усе абласныя гарады, акрамя Гомля. Таксама Слуцак, Полацак, Пінск.

«Я ніколі не сустрэўся з адмоўнай рэакцыяй. Усе захапляліся тым, што я гавару па-беларуску», — адзначае паляк.

Ён успамінае, што ў музэях яму прадавалі квіткі за ніжэйшую цану, як для беларусаў, а не як для іншаземцаў, за «ягоную прыгожую беларускую мову». У сувэнірных крамах адмыслова шукалі для яго сувэніры з надпісамі па-беларуску.

Хоць, заўважае ён, ня ўсе яму адказвалі па-беларуску. Ён мяркуе, што ня варта асуджаць беларусаў, якія не гавораць па-беларуску, бо на гэта могуць быць розныя прычыны. А таксама што ня варта на іх ціснуць і прымушаць гаварыць на беларускай мове, бо будзе адваротны эфэкт.

Томаш Блядынец
Томаш Блядынец

Ён бачыў ролік у TikTok, дзе жанчына скардзіцца, што дзіцяці задалі вывучыць складаны верш па-беларуску і яна сама ня можа прачытаць яго правільна. На думку Блядынца, такія рэчы ня вартыя ўвагі і часу, каб у іх разьбірацца. Да таго ж ён думае, што такія правакацыі могуць ствараць адмыслова, каб разьяднаць людзей, стварыць канфлікт.

Беларуская мова для самога Томаша асацыюецца зь еднасьцю, нагадвае яму пра падабенства двух народаў — польскага і беларускага. Ён ілюструе гэта сытуацыяй, калі на фэстывалі «Басовішча» палякі гутарылі зь беларусамі кожны на сваёй мове, але адно аднаго разумелі.

«Памятаю такую непрыемную сытуацыю. Я размаўляў па-польску. А хтосьці незнаёмы сказаў, што я беларус. А я тады кажу: „Так, я зь Беларусі. І што ты з гэтым зробіш?“ Я не бараніўся, што я не зь Беларусі, наадварот», — расказвае ён.

Ён дадае, што ніколі сярод палякаў не прыхоўвае таго, што цікавіцца Беларусьсю, сябруе зь беларусамі, валодае беларускай мовай. Мяркуе, што ў 2022 годзе палякі забыліся на пратэсты беларусаў 2020 году. Томаш кажа, што бароніць беларусаў у вачах сваіх суайчыньнікаў, тлумачыць ім сытуацыю ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG