Аляксей Носаў працуе лекарам-траўматолягам у Валенсіі. У Гішпаніі жыве ўжо больш за 15 гадоў. Бярэ актыўны ўдзел ў жыцьці беларускай дыяпары, ганарыцца, што пры ягоным удзеле гішпанскі ўрад прызнаў сапраўднымі пратэрмінаваныя беларускія пашпарты.
Аляксей скончыў Менскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт у 2000 годзе ў спэцыяльнасьці «хірург-траўматоляг». У сярэдзіне 1990-х у Менскім мэдычным дзьве групы студэнтаў займаліся выключна па-беларуску — адна на «патоку», дзе вучыўся Аляксей Носаў, другая на курс раней. Студэнты шукалі мэдычныя кнігі на беларускай мове, якіх амаль не было, сядзелі ў бібліятэках, перакладалі мэдычныя тэрміны: «почки — ныркі».
«Не было падручнікаў, няшмат выкладчыкаў дасканала валодалі беларускай мовай — мы ўсе былі першапраходцамі. Мне пашанцавала, бо ў мяне ў школе была добрая настаўніца, і калі хтосьці казаў, што беларуская мова другая паводле мэлядычнасьці пасьля італьянскай, я верыў, бо я чуў сваю выкладчыцу!» — узгадвае суразмоўца.
Аляксей добра размаўляе па-беларуску, карыстаецца тарашкевіцай, хоць прызнаецца, што кнігі піша ўсё ж па-расейску. Першую сваю кнігу Носаў назваў «За границей мечты», па-беларуску пераклаў «Па-за межамі мроі».
«Вершы, якія там ёсьць, я сам пераклаў на беларускую. Але каб аддаць павагу роднай мове, я ў беларускі варыянт „упісаў“ асобную дзявятую частку пра „мару“ і „мрою“. У расейскім варыянце гэтага кавалачку тэксту няма», — апавядае Аляксей.
«Мроя — свабода, якая амаль ня мае межаў… Мроя — больш узьнёслае, кніжнае слова, з адценьнем недасягальнасьці, часам нават ілюзорнасьці. Каб увасобіць сваю мрою, трэба шмат працаваць над яе ажыцьцяўленьнем. У большасьці выпадкаў яна так і застаецца недасягальнай…»
«Мара — больш жывое, эмацыйнае слова, яно часьцей ужываецца ў звычайнай гаворцы. Гэта тое, што грэе душу, унутранае жаданьне, ідэал. Нешта празрыстае, чыстае, нават наіўнае. І тое, што можа зьдзейсьніцца само па сабе» — так вызначае розьніцу паміж словамі пісьменьнік. Гэтыя развагі аўтар уклаў у вусны сваіх герояў.
Беларусь 2065 году
Жанр першай кнігі Аляксея Носава — навукова-фантастычная аповесьць пра Беларусь 2065 году.
«Гэтая кніга першая, хаця пісаў я багата і да яе. Я гуляў у „Клюбе вясёлых і знаходлівых“, мы былі чэмпіёнамі Беларусі ў 2001 годзе. Каб крыху падзарабіць, бо пачынаючаму доктару тады плацілі мізэр, мы пісалі тэксты для камандаў КВЗ з Украіны, з Масквы. Адгулялі 4 сэзоны, тусаваліся і ў Сочы, і ў Піцеры. Была добрая тусоўка, вясёлая. Перасякаўся на фэстывалі ў Сочы з будучым прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, які тады быў артыстам, комікам. Мы не сябры, але пару чарачак тады кульнулі.
Андрэй Мукавозчык (адзін з заснавальнікаў беларускага аб’яднаньня КВЗ, вядоўца перадачаў КВЗ на Беларускай тэлевізіі, а цяпер праўладны прапагандыст. — РС) у 2020 годзе пра мяне „забамбіў“ на БТ разгромны сюжэт, ён „узьеўся“ на мяне тады за „Белыя халаты“ (Тэлеграм-канал, які ў 2020 годзе аб’яднаў пратэстуючых мэдыкаў — РС). З Мукавозчыка мы заўсёды сьцябаліся, бо ён быў такі „камсамольскі важак“, вельмі важны. У яго гіпэртрафічна разьдзьмутае эга, дзеля важнасьці і грошай ён гатовы на ўсё», — апавядае пра КВЗ і свае першыя літаратурныя практыкаваньні Аляксей Носаў.
Кнігу беларускі лекар пачаў пісаць больш за 10 гадоў таму. Вельмі хацеў трапіць у 2014-м у Кіеў на Майдан, але ў той час ужо жыў у Гішпаніі, пацьвярджаў свой беларускі дыплём, былі праблемы з дакумэнтамі.
«Вельмі шкадаваў тады, што ня трапіў на Майдан. І пачаў пісаць кнігу. Прыдумаў першы радок: „А арол усё ляцеў і ляцеў удалеч… часам кранаючы яйкамі далягляд“ (дарэчы, гэты радок завяршае маю кнігу). Хацеў напісаць казку — фраза была добрая і зь вялікім сэнсам. Але напісаў першы і другі разьдзелы „фэнтэзі“ і спыніўся — не было ідэяў… Потым быў перапынак да 2024 году — і тады літаральна за 2 тыдні напісаў гэтую кнігу. Знайшоў беларускага выдаўца ў Польшчы, Паўла Лягчылава, які ў траўні 2025-га заснаваў выдавецтва RozUM Media, прынцып якога — выдаваць кнігі абавязкова на дзьвюх мовах: па-расейску і па-беларуску. Хутка пераклалі кнігу і выдалі», — расказвае Аляксей.
Аўтар дадае, што «Па-за межамі мроі» — пра ідэальную Беларусь 2065 году. Зь непрадказальным фіналам: галоўны герой трапляе ў Вэнэсуэлу.
«Мае героі знаходзяцца ў Беларусі, там найлепшае зараз становішча, якое можа быць, навошта туды лезьці? Трэба было абраць якую-небудзь іншую краіну, я падумаў-падумаў і вырашыў, што гэта будзе Вэнэсуэла на той момант (на 2024 год)», — расказвае Аляксей.
Але ў пачатку 2026 году ў Вэнэсуэле адбыліся іншыя вядомыя падзеі. На пытаньне, ці будзе працяг, аўтар адказвае адмоўна.
Зараз Аляксей Носаў завяршае працу над трылёгіяй. Кажа, што першую кнігу «Па-за межамі мроі» пісаў выключна для беларусаў.
«А другая будзе ўжо для ўсіх, адразу будзем перакладаць на ангельскую. Гэта будзе навукова-фантастычны дэтэктыў з мноствам сусьветаў, гісторыяў. Першая кніга называецца „Закон ідэальнага бутэрброда“, другая — „Корань лопуху“, трэцяя “ — „Апошні аўтобус на Атлянтыду“. Гэта цыкль пра зьніклую цывілізацыю, кнігі не зьвязаныя паміж сабой. Я ўжо на трэцяй частцы. Думаю, як яе скончыць. Ёсьць тры варыянты канцоўкі. Адзін варыянт парадуе тых, хто прачытаў маю першую кнігу», — кажа Аляксей.
Як беларускі лекар апынуўся ў Гішпаніі
Пасьля заканчэньня МДМУ Аляксей працаваў у траўмапункце сталічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, падпрацоўваў у паліклініках, працаваў у трэцяй гарадзкой лякарні імя Клумава.
У 2006-м, калі былі пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і ў пратэстоўцаў адбываліся сутычкі з АМАПам, затрымалі сябра Аляксея. Пазьней, у 2007-м, сілавікі шукалі і яго.
«Я вымушаны быў зьехаць, быў экстрэмальны выезд. Спачатку хацеў кудысьці на поўнач, у Швэцыю, але выехаць атрымалася ў Гішпанію. Прабачце, гэтую эксклюзіўную гісторыю я паабяцаў расказаць адной журналістцы, якая дагэтуль у турме… За кратамі ў Беларусі зараз шмат маіх сяброў, у тым ліку вядомы сківічны хірург Андрэй Любецкі», — кажа Аляксей.
У Гішпаніі Носаў папрасіў палітычнага прытулку, але яму адмовілі, бо там на той момант амаль нічога ня ведалі ні пра Беларусь, ні пра дыктатуру, працягвае доктар.
«Яны ў мяне патрабавалі „пасьведчаньне“ якой-небудзь апазыцыйнай арганізацыі… Карацей, быў такі варыянт — застацца ў Гішпаніі паводле пратаколу „аселасьці“. Тры гады зарабляў грошы на зборах апэльсінаў, на будоўлях, рабіў масаж. Потым атрымаў дакумэнты, пацьвердзіў беларускі дыплём і стаў працаваць адпаведна спэцыяльнасьці — лекарам-траўматолягам», — узгадвае Носаў.
Што да настрыфікацыі беларускага дыплёму, Аляксею пашанцавала: тады МДМУ быў у «балёнскай» сыстэме, і дыплём ён пацьвердзіў даволі хутка. Праўда, гэта каштавала нятанна: трэба было зрабіць шмат перакладаў дакумэнтаў. Пазьней, калі беларускія ВНУ выйшлі з «балёнскай» сыстэмы, беларусам, якія пераяжджалі ў Гішпанію, стала больш праблематычна пацьвердзіць свой дыплём.
Цяпер Аляксей Носаў працуе ў Валенсіі лекарам-траўматолягам. Падчас каранавірусу давялося змагацца і з пандэміяй
Прызнаньне пратэрмінаваных пашпартоў
Акрамя працы ў прафэсіі, Аляксей яшчэ і актывіст у суполцы беларускай дыяспары ў Гішпаніі. Ганарыцца, што пры яго актыўным удзеле гішпанскі ўрад прызнаў дзейнымі пратэрмінаваныя беларускія пашпарты. Гэтую працу Носаў пачаў даўно, меў размовы і зь Сьвятланай Ціханоўскай, і зь яе былым дарадцам Данілам Гаркавым.
«Але нашы праблемы так і не вырашаліся. Мы самі дзяўблі, зарэгістравалі сваю суполку. І я пайшоў у адзін прыватны гішпанскі фонд (кшталту Чырвонага Крыжа), які падтрымлівае ўцекачоў. Дырэктарка — наша знаёмая, яна некалі дапамагала маёй сям’і легалізавацца. Расказалі ёй аб праблемах беларусаў, якія ня могуць вярнуцца ў Беларусі, а тэрмін дзеяньня пашпартоў сканчаецца. Дырэктарка фонда запрасіла адваката, патлумачыла, чаму людзі ня могуць зрабіць гэта ў Беларусі. Выйшлі на омбудсмэна, накіравалі яму шмат лістоў беларусаў. Зноў зьвязаліся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай, і яе дарадца Дзяніс Кучынскі нам добра дапамог. Калі прайшлі кансультацыі на ўзроўні гішпанскага МЗС, ён прыехаў і „замкнуў“ гэты ланцужок. І ўсё атрымалася», — з гонарам сьведчыць Аляксей.
Калі ў Аляксея Носава было больш вольнага часу, ён напісаў шмат эсэ, у тым ліку апісаў мадэль будучай дэмакратычнай Беларусі. Гэты фрагмэнт ён уключыў у кнігу «Па-за межамі мроі»:
«З падзелам, камуналкай, паліцыяй, мэдыцынай, эканомікай, сельскай гаспадаркай, адукацыяй… Я сам нічога не прыдумаў — узяў найлепшыя схемы, які існуюць у сьвеце, адаптаваў іх пад Беларусь, „сканэкціў“. Сыстэму аховы здароўя — з гішпанскай мадэлі (бо тут ужываецца сацыяльная мэдыцына, страхавая і прыватная — тры віды тут існуюць і працуюць). Працоўны падыход з нацыянальным прадуктам пазычылі ў Паўднёвай Карэі. Бюракратычную сыстэму і спосабы безбалеснага скарачэньня дзяржаўных службоўцаў — на ўзор Ісьляндыі. Адукацыя — фінская сыстэма», — пералічвае Аляксей.
А вось пра сельскую гаспадарку апавядаць ня стаў, маўляў, «пэўныя пляны патрабуюць цішыні».
«Беларусь — тая краіна, якую падняць лягчэй за ўсё. Так, трэба аўдыт правесьці, падняць яе з руінаў, перш чым пачынаць штосьці рабіць. Але я ведаю, што людзі ў Беларусі з добрым кіраўніцтвам здольныя зрабіць сваю краіну найлепшай у сьвеце. Гэта не пустыя словы. Больш крэатыўнай нацыі, чым у Беларусі, я тут, у Эўропе, ня бачыў», — шчыра прызнаецца Аляксей.
Аляксей Носаў перакананы: зь Беларусьсю будзе тое, што здолее зрабіць народ. Але найперш трэба расставіць слушныя прыярытэты і пачаць дзейнічаць. І, натуральна, павінна быць вера ў сябе — гэта вельмі важна, мяркуе ён.
«Бязь веры мы нікуды не даедзем. Хацелася б, каб беларусы зьнялі ружовыя акуляры і вярнуліся ў рэальнасьць, перасталі быць неймавернымі, а сталі б звычайнымі людзьмі, якія штосьці хочуць зрабіць для сябе і для сваёй краіны. Спачатку мы прыдумляем штосьці, потым у гэта верым, ператвараем, ажыцьцяўляем. Пра гэта мая кніга — „Па-за межамі мроі“.
Таму марце, мройце, думайце, аналізуйце — і рабіце так, каб вашы мары пераходзілі межы, рабіліся рэальнасьцю. Усе залежыць ад вас. Не прыйдзе ніякі дзядзька, ніякі супэргерой, не прыплыве труп ворага па рацэ. Я адзін з тых, хто працягвае змагацца. І заўсёды паўтараю: „Я хрэн здамся!“», — кажа Аляксей Носаў.
Форум