Прадусар і праграмны дырэктар дзяржаўных СМІ
Антон Бяляеў працаваў на тэлеканале АНТ і на спалучаным з гэтым тэлеканалам радыё з 2002 году. Як ён сам сьцьвярджае, быў вядоўцам забаўляльных радыёпраграмаў. Паводле штатнага раскладу лічыўся выканаўчым прадусарам тэлеканалу АНТ, праграмным дырэктарам радыё АНТ (пазьней перайменаванае ў «Радыё Цэнтар»).
Бяляеў расказвае, што 14 лютага 2022 году яго затрымалі пасьля этэру ў офісе на вуліцы Камуністычнай і асудзілі на 15 дзён арышту — нібыта за фота ў тэлефоне зь бел-чырвона-белым сьцягам. Пасьля той адседкі ў сакавіку 2022 году тагачасны кіраўнік АНТ Марат Маркаў звольніў Бяляева нібыта за прагулы.
Як расказвае сам былы супрацоўнік дзяржаўных СМІ, літаральна праз 15 хвілін пасьля звальненьня з АНТ яго прынялі на працу на іншае радыё. У тым самым унутраным дворыку на вуліцы Камуністычнай месьцілася прынамсі пяць FM-радыёстанцыяў.
Затрыманьне ў 2023 годзе
У траўні 2023-га Антона Бяляева затрымалі ўжо паводле крымінальнага 342-га артыкулу. Ён расказвае, што яшчэ пасьпеў трапіць ў СІЗА на «Валадарку» — перад самым ягоным закрыцьцём. 4 жніўня адбыўся суд, Бяляеву прысудзілі тры гады «хатняй хіміі». Але ён надалей працаваў на радыё.
«У мяне быў кантракт, а калі ёсьць кантракт, нават „зэка“ нельга звольніць. І я застаўся на радыё працаваць. Некаторыя глядзелі на мяне як на прывіда: маўляў, „гэта немагчыма“. „Гэта магчыма“, — адказваў я, запальваў цыгарэту ў курылцы, а потым ішоў у этэр. Хадзіў у пастарунак адзначацца і вяртаўся зноў на працу», — апавядае Антон.
І ўсё ж — як удзельніку пратэстаў 2020 году ўдалося адпрацаваць у дзяржаўных СМІ да 2025 году?
«Фармальна я быў вядоўцам забаўляльных праграмаў. У жніўні 2020-га, пасьля таго як мы, шэсьць чалавек з плякатамі, выйшлі на пратэст насупраць будынку АНТ на Камуністычнай, нам на кароткі час дазволілі, каб навіны былі свабоднымі і аб’ектыўнымі. І можна было пачуць у навінах, што, да прыкладу, „Лукашэнка прызнаны пэрсонай „нон-грата“ ў Эўропе», або што «па праспэкце Незалежнасьці рухаюцца пратэстоўцы». Але ўжо ў верасьні ўсё гэта скончылася. У тым ліку і забаўляльны этэр моцна страціў, бо адпала шмат тэмаў, на якія можна было жартаваць. Ды нават пра колеры не пажартуеш. Шэрыя жарцікі, шэрыя этэры, гараскопчыкі…» — так апісвае сваю далейшую працу Антон.
Былы супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканалу ўспамінае, як летам 2025 году ён зразумеў, што яшчэ адну зіму на «хіміі» не перажыве. І з дапамогай службы эвакуацыі BySol у ліпені таго ж году выехаў з краіны.
Граматы, падпісаныя Лукашэнкам
Ужо ў Варшаве Антон Бяляеў даволі хутка напісаў кнігу, назваў яе «Як я правёў гэтае лета» (у арыгінале па-расейску. — РС). На вокладцы сымбаль Беларусі — сіняя валошка, але замест сьцёблаў калючы дрот. І блакітны аўтамабіль «Волга» — мара Антона. Ён захапляецца рэтра-аўтамабілямі, у Беларусі меў сваю аўтамайстэрню, дзе даводзіў да ладу старыя аўты. Ягоная «Победа» (савецкі пасьляваенны аўтамабіль. — РС) здымалася ў папулярным расейскім мюзыкле Валерыя Тадароўскага «Стылягі». Блакітная «Волга» — ягоная мара. Дарэчы, гэтая «Волга», як і іншыя старыя рэчы, яго ратавалі, цяпер з гумарам узгадвае Антон.
«Калі мяне першы раз арыштавалі на 15 дзён, прывезьлі ў майстэрню і ўчынілі там ператрус, стары прайгравальнік упаў сьледчаму на галаву. Калі павезьлі на ператрус ў кватэру маці, дзе я даўно ўжо ня жыў, але там застаўся мой пакой з старым хламам — я ж амаль 20 гадоў працаваў на „Радыё АНТ“ выканаўчым прадусарам, праграмным дырэктарам радыё — „Ну-ну, паглядзім, што ў цябе там ёсьць!“. Яны капаюцца ў паперах… А я быў ня самы храновы супрацоўнік: у пакоі процьма ўзнагародаў, граматаў, дыплёмаў. Там была і грамата, падпісаная самім Аляксандрам Рыгоравічам», — узгадвае Антон Бяляеў.
«Паска — гэта не ад Бога, паска — гэта ад дзяржавы»
Напісаная былым супрацоўнікам дзяржаўнага тэлеканала кніга хоць і пра сумныя рэчы — пра турму і «хатнюю хімію», — але прасякнутая гумарам і іроніяй.
«Калі 20 чалавек сядзяць у адной „хаце“, калі сьпіш на каменнай падлозе або на нарах з жалезнымі плянкамі без матрацаў — абвастраецца пачуцьцё гумару. Увечары „прадольны“ (супрацоўнік адміністрацыі, адказны за сітуацыю ў калідоры з камэрамі — РС) ідзе па калідоры, і тут гучыць: „Горад засынае — прачынаецца мафія“. І ўсе сьмяюцца. Мая кніга пра тое, як людзі ў складаных умовах застаюцца людзьмі і як яны дастаюць знутры сябе штосьці сьветлае і чалавечае», — разважае аўтар.
Антон Бяляеў у сваім творы ўзгадаў шмат дасьціпных момантаў за кратамі. Адзін зь іх — як ён трапіў у сумнавядомы Цэнтар ізаляцыі правапарушэньняў, што на завулку Акрэсьціна, акурат на Вялікдзень.
«Нечакана нам ў кармушку засоўваюць духмяныя, пасыпаныя глязурай велікодныя паскі. Адзін сукамэрнік узьнёсла прамаўляе: „Бачыце, Бог ёсьць!“ А жанчына-баландэрша, якая раздае ежу, кажа: „Паска — гэта не ад Бога, паска — гэта ад дзяржавы“», — расказаў Бяляеў падчас прэзэнтацыі.
Асобная частка кнігі прысьвечаная турэмнай ежы. Апісваецца «ангельскі сьняданак» зь сечкі і гарбаты. І з гумарам — ежа «замкнёнага цыклу».
На прэзэнтацыі Антон паказаў некаторыя рэчы з умоўнай валізкі, якую ён прывёз зь Беларусі. Гэта вокладка ад пашпарта — бо сам ягоны пашпарт так і застаўся ў Жодзінскім СІЗА. А таксама Чабурашка, які шмат гадоў езьдзіў з гаспадаром у машыне пад задняй шыбай.
«Гэты Чабурашка мараканец або эгіпцянін — тут ўжо спрэчкі пайшлі. Не савецкі ён, ня сымбаль расейскай агрэсіі — гэта дакладна мілая цацка. Думаю, калі б мой Чабурашка знайшоў скрыню з мандарынамі, якая ехала б у зваротны бок, ён першым бы зваліў. Але калі мытнікі на мяжы „прасьвечвалі“ маю валізку і бачылі гэтую цацку, трэба было бачыць іхныя твары!
І яшчэ я прывёз фота — гадоў 20 таму мы зь сябрамі залезьлі на дах майго дому ў Менску на Карла Маркса і зрабілі там здымак таго даху. Фота ўжо выцьвіла ад часу. Але гэта сымбаль стабільнасьці — тое, што засталося ад майго дому», — з настальгіяй узгадвае аўтар кнігі.
У вясёлай кнізе «Як я правёў гэтае лета» ёсьць адна нясьмешная 18-я частка, якая называецца «Хто вынайшаў гільятыну». Яна пра эфэкт бумэрангу і незваротнасьць пакараньня.
Кніга выйшла ў беларускім выдавецтве «RozUM Media», заснаваным у траўні 2025 году ў Познані.
Форум