Гісторык Андрэй Калавур апублікаваў допіс на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Гэтай восеньню мне ўдалося пазнаёміцца з нашчадкам Фэлікса Яневіча (1762–1848) — знакамітага кампазытара з ВКЛ, які эміграваў у Ангельшчыну і зрабіў там пасьпяховую кар’еру. Джозі Дыксан, ягоная праўнучка ў чацьвертым пакаленьні, паказала мне каталёг з фатаздымкамі рэчаў Яневіча і расказала пра папулярызацыю яго творчасьці. На адным з фатаздымкаў я ўбачыў адбітак Pro Lithuania. Я паспрабаваў расказаць Джозі пра ліцьвінаў і беларусаў, але словы нібыта сыходзілі ў пустэчу: Фэлікс — польскі кампазытар.
Гэта абсалютна звычайная сытуацыя. Напрыклад, сваякі ліцьвіна Напалеона Орды спакойна перадалі яго рэчы ў Нацыянальны музэй у Кракаве. Такі ж лёс напаткаў калекцыю Тышкевічаў з Лагойску: артэфакты былі адпраўленыя ў Варшаву і перададзеныя ў дар Таварыству аховы гістарычных помнікаў.
Фонды пінскай бібліятэкі францысканскага кляштара не засталіся ў Беларусі з іншай прычыны. Адна справа, калі дзеці аддаюць калекцыю сваіх бацькоў, і зусім іншая — калі нашы каштоўнасьці проста вывозяць незаконна.
Бібліятэка-архіў пры кляштары францысканцаў у Пінску — адна з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Першыя зьвесткі пра яе датуюцца 1648 годам, а дакумэнты, якія там захоўваліся, тычыліся гісторыі Пінскага княства і ВКЛ ад XIV стагоддзя. У 1925–1932 гадах бібліятэкай-архівам апекаваўся біскуп Зыгмунт Лазінскі».
Далей гісторык тлумачыць, кудлы ж падзеліся архівы францысканцаў, іхная багатая бібліятэка.
«Тое, што адбылося з гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі ў 1939–1941 гадах, праясьняе гісторык Раіса Зянюк. З апублікаванай справы „Перапіска аб бібліятэцы Пінскай семінарыі, люты-май 1941 года“ вынікае, што бібліятэка была вывезена ў Маскву ў Цэнтральны антырэлігійны музэй (ЦАМ) без санкцыі ЦК КП (б)Б ці СНК БССР».
Вядома, што ў 1940 годзе над сыстэматызацыяй фондаў працаваў Юліюс Марголін. Ён пацьвердзіў, што яны чакалі менавіта камісію зь Менску, а не з Масквы.
«У Пінску знаходзілася адно з самых рэдкіх кнігасховішчаў Заходняй Беларусі. Мясцовае насельніцтва нават не падазравала пра гэта… У сьценах Духоўнай сэмінарыі пры касьцёле раманска-польскага стылю канца XV стагодзьдзя, акружаным масіўнай прыгоннай сьцяной, назапасілася да 50 000 старадаўніх і новых кніг», — пісаў Марголін.
У 1941 годзе Антырэлігійны музэй у Маскве адказаў беларускім уладам:
«Ц.А.М. згодна з указаньнямі т. Яраслаўскага дакладна выканае сваё абавязацельства і ўсе кнігі, якія маюць значэньне для Беларусі, верне назад».
Але гэтага не адбылося. Неўзабаве пачалася вайна, а ў 1947 годзе музэй расфармавалі.
Нескладана было выявіць, што фонды Антырэлігійнага музэю былі перавезеныя ў Дзяржаўны музэй гісторыі рэлігіі (ДМГР, Санкт-Пецярбург), адзначае Калавур.
«Першая прыкмета таго, што менавіта там захоўваюцца пінскія фонды, зьявілася ў 2022 годзе [публікацыя расейскіх дасьледніц Алены Краўцовай і Юліі Рогавай „Пергаменные грамоты XVI–XVIII вв. из архива пинского монастыря францисканцев в собрании Государственного музея истории религии“]. Тады стала вядома пра 10 дакумэнтаў, якія паходзяць з Пінску і знаходзяцца ў ДМГР. Сярод іх:
- дакумэнты Язафата Парысовіча, дзякуючы якому ў 1730 годзе быў пабудаваны мураваны пінскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі;
- грамата каралевы Боны ад 1556 году на старабеларускай мове;
- дзьве канфірмацыйныя граматы караля Ўладзіслава IV;
- папская була Клімэнта XI».
Заставалася толькі атрымаць пацьвярджэньне ад кіраўніцтва музэю. Гісторык зьвярнуўся да дырэкцыі як дасьледнік і сябра Міжнароднай рады музэяў (ICOM) з просьбай пацьвердзіць наяўнасьць калекцыі і алічбаваць яе. Ён разумеў, што пытаньнем вяртаньня такіх каштоўнасьцяў павінна займацца дзяржава.
«На працягу студзеня я атрымаў лісты ад захавальніка калекцыі рэдкіх кніг. Сапраўды, значная частка кніг і рукапісаў з нашай пінскай бібліятэкі знаходзіцца ў іх, але яны раскіданыя па розных фондах і не вылучаныя ў асобную калекцыю (ёю ніхто ніколі не займаўся!).
Толькі ў аддзеле рэдкай кнігі папярэдне было знойдзена 10 выданьняў, сьпіс якіх я атрымаў. Сярод іх: „Казаньні аб часе і сьвятых“ Бэртрана дэ Ля Тура (1501), „Думкі пра сродкі сапраўднага кіраваньня, супраць Нікола Макіявелі“ Жанціе Інасана (1578), „Вэргілій навыварат“ Поля Скарона (1752).
Як мне паведамілі, у іншых аддзелах лічбы значна большыя: у аддзеле рукапісаў больш за 50 экзэмпляраў паходзяць з Пінску, а навуковая бібліятэка яшчэ ня вызначылася з фінальнай колькасьцю. Фонды адкрытыя для дасьледаваньня і частковай алічбоўкі на месцы».
Такім чынам, высьветлілася, дзе знаходзіцца значная частка Пінскай бібліятэкі францысканцаў — наша гісторыка-культурная каштоўнасьць, якую, як спадзяецца беларускі гісторык, у спрыяльны час атрымаецца вярнуць у Беларусь.
Форум